Зоркі над вельдам (зборнік) - Коллектив авторов 2 стр.


 Ну, значыць, лорд.  сказаў ён,  Я крыху гавару на вашай мове і мяркую, што хутка буду гаварыць яшчэ лепей. Я збіраюся тут пасяліцца і спадзяюся, што мы будзем сябрамі.

Ён падышоў да кожнага з нас, але ўсе адвярнуліся і адмовіліся паціскаць яму руку. Да мяне ён падышоў апошнім, і мне было сорамна перад ім, бо, хаця яго народ абышоўся з маім несправядліва і я сам страціў абодвух сваіх дзяцей у канцэнтрацыйным лагеры, менавіта гэты ангелец не быў тут надта вінаваты. Гэта была віна ангельскага ўраду, які хацеў нашых залатых руднікоў. Яшчэ гэта была віна каралевы Вікторыі, якой не падабаўся дзядзька Пол Кругер:[18] казалі, што калі ён быў у Лондане, то пагаварыў з ёй толькі аднойчы, усяго некалькі хвілін. Дзядзька Пол Кругер апраўдваўся, што ён жанаты чалавек і баіцца ўдоваў.

Калі ангелец на імя Вэбер вярнуўся да павозкі, мы з Косам Стэйнам пайшлі разам з ім. Ангелец сказаў, што набыў ферму побач з Герардусам Гробеларам, што мала чаго ведае пра авечак, быдла і маіс, але здабыў колькі кніг пра фермерскую справу і збіраецца вывучыць іх уздоўж і ўпоперак. Потым ён спытаў мяне, з чаго б гэта я адвярнуўся ад яго ў бок перавалу. Але я проста не хацеў, каб ён бачыў, як я смяюся. Кос Стэйн адрэагаваў зусім іначай.

 А ну дай мне зірнуць на гэтыя кнігі, сказаў ён.

Вэбер адкрыў скрыню на самым версе павозкі і дастаў адтуль шэсць кніг у зялёнай вокладцы.

 Так, гэта вельмі добрыя кнігі, сказаў Кос Стэйн.  Ага, проста цудоўныя. Для тэрмітаў. Тэрміты злопаюць іх ночы за дзве.

Як я ўжо казаў, Кос Стэйн быў вясёлым хлопцам, і калі ён так казаў, утрымацца ад смеху было немагчыма.

Тады былі не найлепшыя часы. Пачалася засуха, і мы не маглі садзіць кукурузу. Высахлі ставы, і вельд быў пакрыты хіба што леташняй травой. Тыдзень за тыднем нам даводзілася пампаваць ваду са свідравінаў. Але потым пачаліся дажджы, і некаторы час справы ішлі нядрэнна.

Час ад часу я бачыў Вэбера. З таго, што я пра яго чуў, я разумеў, што працуе ён шмат. Але вядома, што чырвоныя каркі не здольныя жыць з фермерства, калі толькі ім кожны месяц не высылаюць з Англіі грошы. А Вэбер, як мы даведаліся, амаль усе грошы патраціў на тое, каб набыць ферму. Ён заўсёды чытаў гэтыя свае зялёныя кнігі, каб зразумець, што рабіць далей. Якое шчасце, што яны напісаныя па-ангельску, а таму буры не могуць іх чытаць! Іначай штогод разаралася б нашмат больш фермераў. Калі яго быдла захворвала на каўдрыёз,[19] ці авечкі на катаральную ліхаманку,[20] ці ў кукурузе заводзіўся азімы чарвяк або вусень бурыльнага малатка,[21] Вэбер тут жа лез у свае кнігі. Калі б яго авечак скралі кафры, думаю, ён таксама палез бы ў кнігі.

Тым не менш, Кос Стэйн дапамагаў Вэберу і вучыў яго многім рэчам, а таму справы ў ангельца ішлі ўсё ж не так кепска, як маглі б, калі б ён дзейнічаў у поўнай адпаведнасці з напісанай у зялёных кнігах дурасцю. Вэбер вельмі пасябраваў з Косам Стэйнам. За некалькі тыдняў да прыезду Вэбера жонка Коса Стэйна акурат нарадзіла дзіця. Гэта было іх першае дзіця пасля сямігадовага шлюбу, і яны вельмі ганарыліся немаўляткам. У іх была дзяўчынка. Кос казаў, што яму, канечне, хацелася б хлопчыка, але ў любым разе дзяўчынка лепш, чым увогуле ніхто. Вэбер ад пачатку вельмі палюбіў дзяўчынку, названую ў гонар маці Джэмімай. Калі я праходзіў міма дома Коса Стэйна, я часта бачыў ангельца, што сядзеў на верандзе з дзіцем на каленях.

У той жа час многіх суседзяў раздражняла сяброўства Коса Стэйна з чырвоным каркам. Яны называлі яго паражэнцам і здраднікам радзімы. Ён зблізіўся з чалавекам, які судзейнічаў падзенню афрыканерскай нацыі. Але называць Коса Стэйна паражэнцам было несправядліва. Калі пачалася вайна, Кос жыў у акрузе Граф-Рэйнет,[22] а таму ён быў капскім бурам і не мусіў ісці на вайну.[23] Тым не менш ён далучыўся да фрыстэйцкага каманда і ваяваў ажно да самага заключэння міру. Калі б ангельцы ўзялі яго ў палон, то маглі б расстраляць як паўстанца як расстралялі Схеперса[24] і многіх іншых.

Аднойчы, калі мы сабраліся на пошце ў Вілема Одэндала, пра гэта загаварыў Герардус Гробелар:

 Ты робіш няправільна,  сказаў ён.  Буры і ангельцы ворагі яшчэ з часоў Слагтэрснэкскага паўстання.[25] Гэтую вайну мы прайгралі, але аднойчы мы ўсё адно іх пераможам. Гэты абавязак мы перадамо дзецям нашых дзяцей змагацца супраць чырвоных каркаў. Успомні хаця б канцэнтрацыйныя лагеры.

Мне падалося, што ў словах Герардуса было шмат праўды.

 Але цяпер ангельцы побач з намі, і нам трэба неяк з імі жыць,  адказаў Кос.  Можа, калі мы зразумеем адно аднаго, нам больш не давядзецца ваяваць. Гэты Вэбер, ён ужо добра гаворыць на афрыкаанс і калі-небудзь ён можа зрабіцца адным з нас. Адзінае, чаго я не магу зразумець,  гэта навошта ён кожнага ранку прымае ванну. Але калі ён перастане гэта рабіць і не будзе больш чысціць зубы, то вы наўрад ці адрозніце яго ад бура.

Хаця ён і паспрабаваў аджартавацца, мне падумалася, што ў словах Коса таксама шмат праўды.

Тады, праз год пасля засухі, акурат успыхнула эпідэмія сібірскай язвы. Здавалася, што хвароба хаваецца ў траве вельда, у вадзе ставоў і нават у паветры, якім дыхала свойская жывёла. Паўсюль мы знаходзілі трупы кароў і авечак. Мы ўсе хадзілі прыгнечаныя. Амаль усе мы, жыхары гэтай часткі Марыка, пачалі ўсё з нуля дзякуючы дапамозе ўраду. Цяпер, пасля мору скаціны, у нас не засталося нічога. Спачатку засуха вярнула нас да таго стану, у якім мы былі, калі толькі прыйшлі сюды. Цяпер праз сібірскую язву мы страцілі нават надзею. Мы не маглі пасеяць кукурузу, бо пасля паморку ў нас не было валоў, каб узараць зямлю. Людзі пагаворвалі пра тое, што самы час прадаваць маёмасць і ісці шукаць працы на залатых рудніках. Мы даслалі ўраду петыцыю, але карысці з гэтага не было.

І вось тады хтосьці прапанаваў перасяліцца ў іншае месца. Некалькі дзён мы ні пра што іншае не гаварылі. Пытанне ў тым, куды перасяляцца. У Радэзію[26] нас не пусцяць, баючыся, што мы прынясем з сабой сібірскую язву. Ісці ў іншую частку Трансвааля таксама не мела сэнсу. Хтосьці згадаў пра нямецкія раёны Заходняй Афрыкі. Ніхто з нас не быў там раней, і менавіта таму, думаю, мы ўрэшце вырашылі адправіцца туды.

 Англія прынесла ў Паўднёвую Афрыку толькі спусташэнне,  сказаў Герардус Гробелар.  Застацца тут значыць памерці. Трэба ісці туды, дзе няма ангельскага сцяга.

Мы падрыхтаваліся за некалькі тыдняў. Планавалася перасячы Калахары і дайсці да нямецкіх тэрыторыяў. Мы сабралі ўсё, што ў нас было. Наперадзе гналі скаціну, за ёй ехалі павозкі. Усяго ішло пяць семяў: Стэйны, Гробелары, Одэндалы, Ферэйры і я. Вэбер таксама пайшоў. Думаю, не таму, што баяўся застацца адзін, а хутчэй таму, што яны з Косам Стэйнам вельмі прывязаліся адзін да аднаго, і ангелец не захацеў пакідаць яго сямю.

Самай маленькай сярод нас была дачка Коса Джэміма ёй споўнілася тады ўсяго васямнаццаць месяцаў. Дзіцятка было нашай агульнай улюбёнкай.

Вэбер прадаў сваю павозку і ішоў разам з сямёй Стэйнаў.

Калі да канца першага дня мы на многія мілі прасунуліся ў глыб пратэктарата Бечуаналэнд, мы былі вельмі радыя, што пакінулі Трансвааль, дзе нам так не шанцавала. Пратэктарат быў, безумоўна, таксама брытанскай тэрыторыяй, але тут мы ўсё адно адчувалі сябе лепш, чым на сваёй зямлі. Цяпер мы бачылі Вэбера кожны дзень, і нягледзячы на тое, што ён заставаўся чужаком, іншаземцам, і застанецца ім да самай смерці, нашая варожасць да яго, чырвонага карка, зменшылася.

У першую нядзелю мы дайшлі да Малапалоле.[27] Гэты рэгіён моцна нагадваў бушвельд тут расло тое самае калючае кустоўе, што і ў Марыка. Але чым больш мы паглыбляліся ў Калахары, тым радзей яно сустракалася. Пяску было ўсё больш і больш, а калі мы дайшлі да Малапалоле, навокал ужо ляжала пустэльня. Хаця асобныя хмызы ўсё яшчэ сустракаліся. Нядзелю мы прысвяцілі багаслужбе. Герардус Гробелар прачытаў урывак з Бібліі і ўзнёс малітву. Мы праспявалі некалькі псалмоў, пасля чаго Герардус зноў памаліўся. Я назаўсёды запомніў гэтую нядзелю і тое, як мы сядзелі на зямлі ля адной з павозак, слухаючы Герардуса. Гэта была апошняя нядзеля, якую мы правялі разам.

Ангелец сядзеў побач з Косам Стэйнам, і ля яго ляжала маленькая Джэміма. Яна гуляла з пальцамі Вэбера і спрабавала іх укусіць. Было смешна назіраць за ёй. Час ад часу Вэбер глядзеў на яе і ўсміхаўся. Яшчэ тады я падумаў: хай сабе Вэбер і не адзін з нас але Джэміма пра гэта пакуль не ведае. Можа, у такіх рэчах дзеці мудрэйшыя ад нас. Для яе не мае ніякага значэння тое, што чалавек, чые пальцы яна цяпер кусае, нарадзіўся ў іншай краіне і не ведае мовы, на якой тут гавораць.

Я шмат чаго помню пра тое падарожжа ў Калахары. Але здзіўляе мяне толькі адно: як так сталася, што з самага першага дня мы абралі сваім кіраўніком Герардуса Гробелара. Здавалася, мы рабілі ўсё, што ён скажа, нават асабліва не абмяркоўваючы гэта. Мы нібыта думалі: калі так хоча Герардус, значыць, так яно і трэба. Не проста таму, што мы ведалі: Бог з Герардусам (а гэта мы ведалі),  а таму, што мы верылі ў Герардуса гэтак жа, як верылі ў Бога. Але калі б нават Герардус быў бязбожнікам, мы ўсё адно пайшлі б за ім так, як пайшлі тады. Бо калі ты ў пустэльні, калі няма вады, а дарога яшчэ вельмі далёкая, ты разумееш, што ісці побач з моцным чалавекам, які не чытае Бібліі, нашмат лепш, чым ісці з добрым вернікам, які не вельмі ўяўляе, колькі гадзінаў яшчэ крочыць і дзе спыніцца на начлег.

Назад Дальше