Чаго ты так ляцеў? запытаўся Фрыц, калі я сцішыў каня, каб ён змог мяне нагнаць.
Хацеў мінуць гэтыя дрэвы, пакуль не сцямнела, адказаў я. Каб каня не пужаць.
А я думаў, чаго гэта ты нясешся, схапіўшы яго за шыю, адзначыў ён. Усё каб супакоіць.
Я змаўчаў. Але заўважыў, што Фрыц таксама апрануўся фарсіста. Насамрэч я абыходзіў яго кашуляй і ботамі, але на ім быў шэры гарнітур, а штаны ён заправіў у шкарпэткі. Да таго ж ён меў насоўку, якую, выхваляючыся, выцягваў з кішэні ўжо колькі разоў.
Канечне, зайздросціць такім, як Фрыц Прэторыюс, не ў маіх правілах. Але мяне злавала сама думка, што ён выстаўляе сябе поўным пасмешышчам, беручы на вечарынку такую заморскую прыдумку, як насоўка.
Мы прыехалі да дому Вілема Прынсла. У вельдзе[34] стаяла столькі павозак для валоў, што гэта нагадвала сапраўдны абаронены павозкамі лагер. Прынсла сустрэў нас ля дзвярэй.
Праходзьце сюды, kêrels,[35] сказаў ён. Танцы ў пярэднім пакоі. А персікавы брэндзі на кухні.
Хаця пярэдні пакой быў вялікі, сюды набілася столькі народу, што танчыць было амаль немагчыма. Але ўсё ж не так шмат, як на кухні. Ды і музыка ў пярэднім пакоі некалькі чалавек гралі на гітарах і канцэрцінах[36] была не такой гучнай, як музыка на кухні, дзе ніхто не граў, затое кожны нешта сам сабе напяваў.
І па ўсім гэтым мы здагадаліся: вечарынка была што трэба.
Прабавіўшы з паўгадзіны на кухні, я вырашыў, што варта схадзіць у пярэдні пакой. Дарога туды з кухні падалася мне цяпер няблізкай, а таму некалькі разоў даводзілася абапірацца аб сцяну, каб крыху падумаць. Я мінуў яшчэ некалькі чалавек, што таксама абаперліся аб сцяну ў развагах. Адзін нават вырашыў, што лепш за ўсё думаецца седзячы на падлозе і абхапіўшы галаву рукамі.
Як можна пераканацца, Вілем Прынсла рабіў проста выдатны персікавы брэндзі.
А потым я пабачыў Фрыца Прэторыюса і вокамгненна прыйшоў у сябе. Ён бесклапотна памахваў сваёй белай насоўкай у такт музыцы і размаўляў з дзяўчынай, што ўсміхалася яму сваімі яснымі вачыма, чырвонымі вуснамі і белымі зубамі.
Я адразу зразумеў: гэта Грыта.
Яна была высокай, зграбнай і вельмі пекнай, а яе чорныя валасы ўпрыгожваў вянок з белых ружаў, сабраных, як можна было здагадацца, гэтым ранкам у Зэйрусце. Да таго ж яна зусім не выглядала на тую, у чыёй прысутнасці трэба выдаваць сябе за чалавека разумнага і адукаванага. Насамрэч я адразу ж адчуў, што мне зусім не спатрэбіцца табліца множання, якую я вырваў з канца школьнага сшытка і засунуў у кішэню пінжака перад самым выхадам з дому.
Уявіце, як цяжка мне было загаварыць з Грытай, пакуль тут круціцца Фрыц. Але нарэшце гэта ўдалося, і, ведучы з ёй размову, я з задавальненнем прасачыў краем вока, куды накіраваўся Фрыц. Ён пайшоў на кухню, памахваючы за сабой насоўкай. На кухню, поўную смеху, спеваў, і персікавага брэндзі Вілема Прынсла.
Я сказаў Грыце, што я Схалк Лоўрэнс.
Ага, я чула пра цябе, адказала яна, ад Фрыца Прэторыюса.
Я ведаў, што гэта значыла. А таму расказаў ёй, што Фрыц славіцца сваёй хлуснёй на ўвесь Марыка. Ды парасказваў і іншага пра яго. Праз дзесяць хвілін, калі я ўсё яшчэ расказваў пра Фрыца, Грыта ўсміхнулася і сказала, што скончыць аповед пра яго я магу неяк іншым разам.
Але ж адну рэч я мушу расказаць табе цяпер, настойваў я. Калі Фрыц даведаўся, што ты будзеш на танцах, ён пачаў рабіць хатняе заданне.
Я расказаў ёй пра грыфельную дошку і прыклады, і Грыта ціха засмяялася. Мяне зноўку ўразіла, якая ж яна прыгожая. Яе вочы блішчэлі ў святле свечак. Ружы здаваліся яшчэ бялейшымі ў яе цёмных валасах. І ўвесь гэты час вакол нас кружлялі танцоры, музыкі гралі вясёлыя матывы, а з кухні даляталі дзікаватыя трыюмфальныя воклічы.
Астатняе адбылося вельмі хутка.
Я нават не памятаю, як. Але я ведаю дакладна, што калі мы стаялі на вуліцы пад высачэзнымі дрэвамі і зоркі свяцілі з вышыні, я з лёгкасцю мог паверыць, што Грыта была зусім не дзяўчынай, а адной з тых абятэрскапскіх ведзьмаў, што плялі свае дзівосныя чары.
Але калі б нехта пачуў мяне, то ніколі б не здагадаўся пра тыя дзікія, страшныя пачуцці, што бурлілі ў маім сэрцы.
Я расказваў Грыце і пра леташнюю засуху, і пра тое, як цяжка засцерагчы дзверы і рамы ад тэрмітаў, і пра тое, як мае новыя карычневыя боты здзерлі скуру з пальцаў на нагах, калі я хутка крочыў.
Пасля я падышоў да яе вельмі блізка.
Грыта, прамовіў я, беручы яе за руку, Грыта, я хачу табе нешта сказаць.
Грыта, прамовіў я, беручы яе за руку, Грыта, я хачу табе нешта сказаць.
Яна вызваліла сваю руку. Але зрабіла гэта вельмі мякка. Амаль шкадуючы.
Я ведаю, што ты хочаш сказаць, адказала яна.
Я здзівіўся.
Адкуль ты ведаеш, Грыта? запытаўся я.
О, я шмат чаго ведаю, зноў засмяялася яна, не дарма ж я вучылася ў пансіёне шляхетных дзяўчат.
Ды не пра тое, я адразу ж запярэчыў, я не хачу гаварыць пра правапіс ці арыфметыку. Я хацеў сказаць табе, што
Калі ласка, не трэба гэтага казаць, Схалк, перабіла мяне Грыта. Я я не ведаю, ці вартая я таго, каб пачуць такое. Я нават не ведаю
Але ты такая мілая! усклікнуў я. Я мушу табе сказаць, якая ты мілая!
І ў той самы момант, калі я зрабіў крок да яе, яна адступіла, каб ухіліцца. Я не мог зразумець, як яна так добра ўсё пралічыла. Бо як бы я ні намагаўся, я не мог злавіць яе. Яна з лёгкасцю і грацыёзнасцю хутка пакрочыла між дрэваў, а я штосілы прыпусціў за ёй.
Аднак стрымлівала мяне не толькі прага ведаў, а і мае новыя боты. І персікавы брэндзі Вілема Прынсла. І яшчэ аглобля воза яе ніжні край, што хаваўся ў траве.
Але грымнуўся я не моцна. Трава там была даўгая і густая. І нават калі ўпаў, вялізным шчасцем напоўнілася маё сэрца. І больш нічога ў свеце мне было не патрэбна.
Грыта спынілася. Павярнулася. Раптам яе цела, зграбнае і цёмнае сярод ценяў, хіснулася ў мой бок, а рука слізганула ў валасы. Яе пальцы крануліся вянку. І наступнае, што я помню, маленькая белая ружа, да якой я змог дацягнуцца.
Я заўжды буду памятаць захапленне, з якім я падняў ружу, трымценне, з якім прышпіліў яе да свайго капелюша. Я заўжды буду памятаць шуміху, што ўсчалася, калі я ўвайшоў на кухню. Усе кінулі піць, каб толькі паглядзець на ружу на маім капелюшы. Маладыя адпускалі жарты. Старэйшыя хітра падміргвалі і паляпвалі па спіне.
Хаця Фрыца Прэторыюса і не было на кухні, каб стаць сведкам маёй перамогі, я ведаў, што ён усё роўна неяк пра гэта пачуе. І зразумее, што такому хлопцу, як ён, цягацца са мной, Схалкам Лоўрэнсам, поўнае нахабства.
Рэшту ночы я быў героем.
Мужчыны на кухні пасадзілі мяне на стол. Яны ўсё частавалі мяне брэндзі і пілі за маё здароўе. І пасля, калі тузін іх павалок мяне на двор, каб пакласці на павозку на свежым паветры, яны заваліліся толькі адзін раз.
На світанні я ляжаў усё на той жа павозцы.
Калі я прачнуўся, то адчуў моцную млосць, пакуль не ўспомніў пра Грыціну ружу. Тая белая ружа дагэтуль была на маім капелюшы, каб увесь свет ведаў, што Грыта Прынсла з усіх мужчынаў абрала менавіта мяне.
Але што я не хацеў, каб свет ведаў, дык гэта тое, што я спаў у павозцы нават тады, калі ўсе госці ўжо разышліся. А таму я паскакаў вельмі ціха, задаволены, што яшчэ ніхто не прачнуўся і мяне не пабачыў.
Галава ў мяне круцілася, але ў душы я адчуваў узмахі зялёных крыльцаў. І хоць стаяў ужо дзень, у траве шапацеў той самы лёгкі ветрык, што быў тады, калі Грыта, стоячы пад зорамі, кінула мне ружу.
Я павольна ехаў між дрэваў па схіле Абятэрскапа і ўжо наблізіўся да месца, дзе сцяжына зноў паварочвала на поўдзень, калі пабачыў штосьці, што прымусіла мяне зразумець: у гэтых модных пансіёнах дзяўчат вучаць не надта добра.
Спачатку я пабачыў на ўзбочыне каня Фрыца Прэторыюса.
Потым я пабачыў самога Фрыца. Ён сядзеў, прыхінуўшыся да акацыі, абапёршыся шчакой на калені. Выглядаў ён бледным і хворым. Але што яшчэ больш прымусіла мяне задумацца пра пансіён шляхетных дзяўчат, дык гэта Фрыцаў капялюш, які валяўся на зямлі крыху наводдаль ад гаспадара, і маленькая белая ружа на ім.
З ангельскай мовы пераклала Юля ЦімафееваМафекінгская дарога
Калі людзі пытаюць мяне (сціпла пачаў дзядзька Схалк Лоўрэнс) а робяць яны гэта часта, як у мяне атрымліваецца расказваць найлепшыя ў Трансваалі гісторыі, я тлумачу, што вучуся рабіць гэта, проста назіраючы, як абыходзіцца з мужчынамі і жанчынамі жыццё. Калі я так кажу, яны з разумным выглядам ківаюць галовамі, маўляў, зразумела, і я таксама ківаю галавой з разумным выглядам, і здаецца, іх усё задавальняе. Але гэта, безумоўна, хлусня.
Бо з такога гісторыя не вырастае. Мае значэнне тое, як ты яе расказваеш. Самае важнае гэта ведаць, што менавіта цяпер ты мусіш выбіць люльку на свой вельдскун[37] і што менавіта на гэтым павароце гісторыі самы час згадаць пра школьную камісію ў Драгефлеі. Яшчэ адна неабходная рэч ведаць, якую частку гісторыі варта апусціць.