Дзікае паляванне ліхалецця (зборнік) - Віктар Казько 8 стр.


Такім чынам Пракуратар. Пракуратар, таму што будзе яшчэ і Куратар. Хай яны так і ідуць у адной звязцы і з вялікай літары. Дзве асобы, дзве постаці адной зявы. Тое, што ён вялікі дэмакрат і не менш вялікі эстэт, змагар за галоснасць і перабудову, вынікала з яго выступлення. Ён з першых слоў абвінаваціў залу ў невыкананні прынцыпу дэмакратычнасці: адвыклі чуць і слухаць адваротны бок. Гэта сапраўды было, і не варта гэта адмаўляць, адмаўляць тым больш памятаючы, як самі пракуратары, авангард наш, пільна прыслухоўваліся да гэтай пары да слоў, плачу і енку таго ж адваротнага боку. А да ўсяго ж слухаць дэмагогію на самай справе было брыдка. З яго слоў вынікала: не сунь, маўляў, носа не ў сваё проса, ахвярамі сталінізму займаецца той, каму трэба займацца. Зноў жа яны, авангард. У рэспубліцы створана спецыяльная камісія на чале з Цэнтральным камітэтам партыі. I не трэба нам аніякай грамадскасці і мартыралога. Трэба вучыцца слухаць адваротны бок. Пракуратарскае слухаць было тоесна: будзьце ласкавы слухацца.

Другое, тое, што Пракуратар яшчэ і эстэт, высветлілася з кароткай рэплікі ў адказ яму рэжысёра тэлебачання. Вялікі дэмакрат і змагар за галоснасць, перабудову і плюралізм, як прагучала, арыштаваў, забараніў паказваць з экранаў тэлебачання яе фільм аб ахвярах сталінізму, людзях, расстраляных у 19371939 гадах на ўскраіне Мінска, у Курапатах, злачынстве сталінскай адміністрацыі, якое было выкрыта іменна грамадскасцю, абнародавана кандыдатам гістарычных навук Зянонам Пазняком. Грамадскасць і настояла, прымусіла пракуратуру ўзбудзіць крымінальную справу, правесці следства. А ў той дзень у Красным касцёле з вуснаў Пракуратара, з яго заключэння на тэлефільм: чэрапы на экране тэлевізара гэта зусім-зусім не эстэтычна, трэба ашчаджаць пачуцці народа.

Вось так, калі бацька ўсіх народаў вывеў на паляванне за чалавекам сваю стальную раць, таксама, пэўна, ашчаджалі пачуцці свае і народа, стралялі больш у патыліцу, каб не зазірнуць адно аднаму ў вочы. I той ашчаднасцю давялі народ да такога вандалізму, пра які сёння невыносна і гаварыць: вечарам быў стрэл у патыліцу, а ноччу мясцовыя падлеткі павыцягвалі забітых з ям, пасадзілі іх пад хвоі, сунулі ў зубы па цыгарцы, далі ў рукі гэтага што-небудзь больш жудаснае і жахлівае. I, ох, ці не прэлюдыя да газеты. Гэта з таго ж артыкула Зянона Пазняка. Ці ёсць на свеце пасля нашых сённяшніх дзён?

Наступны, хто паказаў свой твар, зняў маску, быў чалавек, шмат каму ў зале знаёмы, амаль што свой, некалі перакідваўся ў шахматы з самім Аркадзем Куляшовым паэтам, лаўрэатам, дэпутатам, сябрам Аляксандра Твардоўскага. Куратар, адзін з куратараў, несуноў культуры ў масы. Куратарскае крэсла яго на той момант было не вельмі трывалым: ва ўстанове, да якой ён належаў, ішло скарачэнне штатаў. I, па ўсім, ён прыйшоў у гэтую залу з яўным заданнем клана культурыстаў і куратараў рэспублікі паказаць, што яны неабходныя, не дапусціць стварэння ніякага самадзейнага таварыства. Гэта было відавочна на той ахвярнай самаадданасці, закланнасці, з якой кідаўся ён грудзьмі на трыбуну-дот, амбразуры мікрафонаў. Кідаўся дэманстратыўна недарэчна і не да месца; у час нават працэдуры галасавання: не прымусіць слухацца, не спыніць ход гісторыі, перабудовы і галоснасці, дык хоць на імгненне затрымаць, паказаць уменне і падрыхтаванасць трымаць і не пушчаць.

Складаныя і супярэчлівыя пачуцці выклікала гэта ахвярнасць і закланнасць. Усё ж, што б там ні казалі, гэта быў учынак. I чалавек ён быў шчыры, неблагі, як, дарэчы, кожны сярод іх, вось такіх куратараў. Усе яны шчырыя, неблагія і разумныя людзі. Толькі, толькі далучэнне да куратарства і пракуратарства не праходзіць беспакарана. I ці яго віна, што, выпраўляючы на подзвіг, яго не здолелі ўсім кланам прыстойна абмундзіраваць, зрабілі наадварот, распранулі дагала. Сапрэлі, пэўна, у сталінскіх скрынях старыя мундзіры, сатлелі ў прах, як і колькі ні нацягвай іх на сябе усё роўна застанешся голым. Тут ужо і самы адмысловы касцюмер не дапаможа. А мінскія шаўцы ніколі сваім мастацтвам не вылучаліся. «Бурда» ды не тая, дамарослая, што проста бурда. I перабудова гэта відавочна выкрыла, спачатку пахіснула, а потым і ў друз, ушчэнт разбілі міф аб стабільнасці становішча рэспублікі, міф аб самай дабранадзейнай рэспубліцы ў краіне. Прасвятленне, набыццё зроку заўсёды балюча і страшна, але ж некалі трэба прызнавацца ў гэтым. Чалавецтва павінна з усмешкай развітвацца са сваім мінулым. Класіка. Але ж то, пэўна, усё чалавецтва. Чалавецтва ў гісторыі. А чалавек і ў тую хвіліну, калі адбываецца гэта развітанне? Ці да гумару, ці да ўсмешкі?! I яшчэ, што такое кожнаму з нас мінулае? Якое ж яно, мінулае, калі гэта сёння? Калі ты ўрос у гэта сёння, прысмактаўся да яго, зросся з ім, як тая царэўна-жаба з брыдкай, але сваёй скурай. I няма нідзе Івана-царэвіча, які б здагадаўся з рашучаю ўсмешкай спаліць тую скуру. Усе лапяць і лапяць яе. А скура ўсё роўна жабіна. Вось ужо і нітак не хапае, вось ужо і латак няма, і голкі паламаліся, дый лапіць няма чаго. А зачараваны царэвіч усё цыруе і цыруе. Народ ужо кончыў плакаць па тым сваім жабіным плацейку і смяецца, грозна і папераджальна, а ён шчыруе і шчыруе. Голасць караля была бачна не толькі прастадушнаму воку дзіцяці, усім, хто знаходзіўся ў зале, хто пажадаў і здолеў у апошнія гады набыць зрок. Са сваімі доказамі і аргументаванасцю ён толькі працягваў усеагульны рэспубліканскі духоўны стрыптыз і спачуванне да яго і абурэнне тымі, хто вымусіў яго зявіцца сюды, запасіліся, выспявалі ў душы, таму што голасць гэта год-два назад была ўласціва багата каму, калі не ўсім, хто сядзеў цяпер у зале. Што тут казаць, чаму радавацца, не толькі адзін перад адным на ўвесь свет выхваляліся, выстаўляліся сваёй галізной. I сорам мімаволі чырванню ахопліваў твар. Большай дыскрэдытацыі той установы, якую прадстаўляў той Куратар, пры ўсім жаданні немагчыма было ўявіць, папрасі ворага і той не здолеў бы. Сапраўды, няма ў нас ворага больш вялікага, чымсьці самі мы. I яшчэ. Гэта ўжо спакон веку, каралі і каралькі ўсіх рангаў і званняў, куратары, пракуратары і шэрыя кардыналы баяцца свежага паветра: як хутка яны ліняюць да страты чалавечай вартасці і годнасці, калі іх выцягнуць на святло, пачаць гаварыць з імі на нармальнай чалавечай мове, не ідыялагічнымі прапагандысцкімі блокамі, а відавочнасцю, рэальнасцю, пазбавіць іх звыклых абставін, саноўнага крэсла, тэлефонаў-вяртушак, сакратарак, мэблі пад арэх ці чырвонае дрэва, парадных падездаў і лесвіц пад мармур. Без усяго гэтага, без падтрымкі, без хлопчыкаў-павадыроў, як хадзілі некалі сляпыя жабракі, яны таксама сляпыя. Ніколькі не велічныя, не проста бездапаможныя, а недарэчныя і бязглуздыя, як можа быць недарэчным чалавек з сапсаванай каардынацыяй руху. Таму, як казаў славуты расійскі дзядуля Крылоў, мы шмат у гісторыі прыкладаў ведаем. Недарэчныя і бязглуздыя ў нармальных чалавечых зносінах, адносінах і сувязях. Недарэчныя ў прамовах, учынках, дзеянні. О, наша шматпакутнае жыццё і гісторыя апошніх гадоў, ты ўсё такое выпрабаванне на бязглуздасць і бязглуздасцю. Яны лжывыя, таму што ўжо не здольныя быць самімі сабой, а толькі пад Імітацыя праўды, імітацыя жыцця, улады, пэўна, таксама. Жахліва, жудасна, таму што мы таксама пад, пад імі. Мы, сляпыя хлапчукі, павадыры сляпых. I ніколі па сваёй добрай волі яны нас не выпусцяць з-пад гэтага пад, калі мы не здолеем вызваліцца самі, не станем відушчымі і адмовімся быць іх павадырамі.

I падобна на тое, што людзі, якія сабраліся ў Красным касцёле, упершыню разам моладзь і творчая інтэлігенцыя Мінска, пачыналі выходзіць на тую дарогу вызвалення і прасвятлення:

 Хто за тое, каб прыняць нашу сумесную рэзалюцыю за аснову,  як звычайна прапанаваў старшыня сходу,  прашу падняць рукі. Зала, за выключэннем людзей ніадкуль, ускінула рукі. У той жа час падхапіўся са свайго месца Куратар, які да гэтага ўжо выступаў, але так нічога пэўнага і не сказаў. Яго не сагналі з трыбуны толькі дзякуючы яшчэ аўтарытэту і высокасці той установы, ад імя якой ён тут зявіўся, веданню яго ў мінулым як чалавека неблагога і памяркоўнага, заскарузлай, старой цярплівасці прысутных. Цяпер ён зноў памкнуў да мікрафона. Памкненне гэта параўнальнае толькі з адчаем лагерніка як хутка ў наш час мяняюцца ролі, лагерніка, які кідаецца на калючы пад напружаннем дрот. Але старшыня, імкнучыся закончыць галасаванне, аберуч абхапіў трыбуну і не дапусціў яго да мікрафона. Маленькі, у акулярах, толькі што пасля інфаркту, немаладзён ужо, ён не дазволіў выпхнуць сябе з-за трыбуны, не пусціў да мікрафона. Пачалася доўгая і даволі зневажальная тузаніна і спрэчка. Барацьба за ўладу, мікрафон, галоснасць і чалавечую вартасць Двое хлопцаў-распарадчыкаў з нарукаўнымі павязкамі наблізіліся і сталі па абодва бакі Куратара. Пазней часопіс «Политический собеседник»,  1, 1989 г., напіша, што яго сілаю сцягнулі з трыбуны, вывалаклі з залы і амаль пабілі. Сведчу: ніхто пальцам да яго не дакрануўся. А сам факт такой публікацыі дадатковае і яскравае сведчанне размеркавання сіл. Рэспубліканская незалежная і плюралістычная прэса, за выключэннем «ЛіМа»,  іхняя. Выступленне, крык Янкі Брыля ў «Советской Белоруссии» эпізод, адчуванне старой гвардыяй таго, што перабралі, хапілі праз край.

 Дэмакратыі. Дэмакратыі і галоснасці, скандзіравалі, як стралялі, людзі ніадкуль.  Дайце яму слова, няхай гаворыць.

 Ён ужо гаварыў, а мы слухалі, адказвала зала.  Няхай не перашкаджае працэдуры галасавання.

 Дэ-ма-кра-ты-і, га-ло-сна-сці, білі адзіночнымі і чэргамі згуртаваныя ананімы. Пацяшалася, рагатала зала. Але ў таго-сяго з той залы вочы пайшлі ўбок, у падлогу, цела у крэсла, а галава у плечы. У тых, хто захаваў у сабе адчуванне сораму і жалю. Было сорамна і крыўдна да слёз, чалавек жа, што спіхваў другога чалавека з трыбуны, сутаргава і недарэчна цягнуўся да мікрафона, быў прадстаўніком культуры добранадзейнай і стабільнай рэспублікі.

 А загадчыка, свайго сакратара, ён таксама здольны ў час галасавання перапыніць, сагнаць з трыбуны?..

Угнуўся за сталом прэзідыума, нібы жадаючы праваліцца скрозь падлогу, пайшоў плямамі, глыбока і цяжка задыхаў Васіль Быкаў. Прыкмета характэрная і грозная, каму даводзілася бачыць яго. Прыкмета адчайнага гневу, грэблівасці, гранічнай сабранасці і рашучасці. Нешта вельмі і вельмі беларускае, як яго талент, безвыходнае і таму небяспечнае. Гэта адчулі ўсе, як, пэўна, адчуваў у яго, Быкава, маладыя гады там, на перадавой, накрываючы іх палёт варожага снарада. Вось таксама некалькі гадоў назад на нарадзе пісьменнікаў-франтавікоў у Мінску ён угнуўся і наструніўся за трыбунай, як у тым жа акопчыку на перадавой, у прысутнасці членаў урада і першага сакратара ЦК рэспублікі, гаворачы аб зачынальніках франтавой літаратуры. Па-сялянску ўгнуўся і кінуў у залу і прэзідыуму: Віктар Някрасаў. Цішыня тады ў зале ўстанавілася неймаверная. I ў той цішыні выразна і гулка чуліся крокі першага сакратара, што пакінуў прэзідыум і залу. I цяпер такая ж неймаверная цішыня ўсталявалася ў зале яшчэ да таго, як падняўся са свайго месца Васіль Быкаў. Гэту цішыню таксама, пэўна, трэба назваць прадчуваннем залпа, прадчуваннем таго палявання, у прамым сэнсе палявання і адстрэлу, што пачаліся праз два тыдні. Ці ведаў, прадбачыў, ці мог гэта прадбачыць Васіль Быкаў, хутчэй за ўсё так, хаця і не ў поўнай мо меры. Той сакратар, што ў адзіноце і моўчкі пакінуў прэзідыум, Пётр Міронавіч, Машэраў, пайшоў. Пайшоў назаўсёды пад несуцешны плач народа, хоць і ён быў не без папроку. Толькі папрок той быў як бы і самім сабе. А тыя, што прыйшлі на змену яму, прэзідыумаў не прывыклі пакідаць: біцеся тут хоць галавой, а я сваё зраблю і скажу. Не прывыклі пакідаць прэзідыумаў, таму што ім і ў галаву не магло прыйсці такое. На такую думку і ўчынак не хапала ім галавы. I час, час крута памяняўся: пойдзеш, адразу ж зойме тваё месца нехта іншы і скажа маё. Бессаромны і пазбаўлены прыстойнасці і вартасці сам час. Бяры, хапай, што паспееш, так, пэўна, распадалася і рымская імперыя. Вось чаму, так трывушча трымаўся за трыбуну Куратар. Голы кароль-то голы, але, як правіла, калі здымаецца апратка, памірае і сорам. Сорамна адно толькі імгненне, а пераступіў праз яго, пайшло нармальнае жыццё, натуральнае становішча, калі, аднойчы схлусіўшы, не хочаш, а мусіш хлусіць і хлусіш ужо не дзеля зорак і чыноў, кареры, дабрабыту. Мастацтва дзеля мастацтва. I асабліва захапляе гэта мастацтва, калі творчасць калектыўная, калі адчуваеш цвёрды і цёплы локцік другога творцы. Прагнеш адчуць сябе ўжо і салаўём. Дастаткова толькі згадаць «Салаўёў пад Прыпяццю», нарыс увогуле сумленнага аўтара ў цэнтральнай газеце, пасля чарнобыльскай трагедыі. Раней тых салаўёў ніхто там і не чуў. А тут гахнуў атамны рэактар, і на ўсю краіну голас: салаўі над Палессем спяваюць.

Назад Дальше