Дэмакратыі. Дэмакратыі і галоснасці, скандзіравалі, як стралялі, людзі ніадкуль. Дайце яму слова, няхай гаворыць.
Ён ужо гаварыў, а мы слухалі, адказвала зала. Няхай не перашкаджае працэдуры галасавання.
Дэ-ма-кра-ты-і, га-ло-сна-сці, білі адзіночнымі і чэргамі згуртаваныя ананімы. Пацяшалася, рагатала зала. Але ў таго-сяго з той залы вочы пайшлі ўбок, у падлогу, цела у крэсла, а галава у плечы. У тых, хто захаваў у сабе адчуванне сораму і жалю. Было сорамна і крыўдна да слёз, чалавек жа, што спіхваў другога чалавека з трыбуны, сутаргава і недарэчна цягнуўся да мікрафона, быў прадстаўніком культуры добранадзейнай і стабільнай рэспублікі.
А загадчыка, свайго сакратара, ён таксама здольны ў час галасавання перапыніць, сагнаць з трыбуны?..
Угнуўся за сталом прэзідыума, нібы жадаючы праваліцца скрозь падлогу, пайшоў плямамі, глыбока і цяжка задыхаў Васіль Быкаў. Прыкмета характэрная і грозная, каму даводзілася бачыць яго. Прыкмета адчайнага гневу, грэблівасці, гранічнай сабранасці і рашучасці. Нешта вельмі і вельмі беларускае, як яго талент, безвыходнае і таму небяспечнае. Гэта адчулі ўсе, як, пэўна, адчуваў у яго, Быкава, маладыя гады там, на перадавой, накрываючы іх палёт варожага снарада. Вось таксама некалькі гадоў назад на нарадзе пісьменнікаў-франтавікоў у Мінску ён угнуўся і наструніўся за трыбунай, як у тым жа акопчыку на перадавой, у прысутнасці членаў урада і першага сакратара ЦК рэспублікі, гаворачы аб зачынальніках франтавой літаратуры. Па-сялянску ўгнуўся і кінуў у залу і прэзідыуму: Віктар Някрасаў. Цішыня тады ў зале ўстанавілася неймаверная. I ў той цішыні выразна і гулка чуліся крокі першага сакратара, што пакінуў прэзідыум і залу. I цяпер такая ж неймаверная цішыня ўсталявалася ў зале яшчэ да таго, як падняўся са свайго месца Васіль Быкаў. Гэту цішыню таксама, пэўна, трэба назваць прадчуваннем залпа, прадчуваннем таго палявання, у прамым сэнсе палявання і адстрэлу, што пачаліся праз два тыдні. Ці ведаў, прадбачыў, ці мог гэта прадбачыць Васіль Быкаў, хутчэй за ўсё так, хаця і не ў поўнай мо меры. Той сакратар, што ў адзіноце і моўчкі пакінуў прэзідыум, Пётр Міронавіч, Машэраў, пайшоў. Пайшоў назаўсёды пад несуцешны плач народа, хоць і ён быў не без папроку. Толькі папрок той быў як бы і самім сабе. А тыя, што прыйшлі на змену яму, прэзідыумаў не прывыклі пакідаць: біцеся тут хоць галавой, а я сваё зраблю і скажу. Не прывыклі пакідаць прэзідыумаў, таму што ім і ў галаву не магло прыйсці такое. На такую думку і ўчынак не хапала ім галавы. I час, час крута памяняўся: пойдзеш, адразу ж зойме тваё месца нехта іншы і скажа маё. Бессаромны і пазбаўлены прыстойнасці і вартасці сам час. Бяры, хапай, што паспееш, так, пэўна, распадалася і рымская імперыя. Вось чаму, так трывушча трымаўся за трыбуну Куратар. Голы кароль-то голы, але, як правіла, калі здымаецца апратка, памірае і сорам. Сорамна адно толькі імгненне, а пераступіў праз яго, пайшло нармальнае жыццё, натуральнае становішча, калі, аднойчы схлусіўшы, не хочаш, а мусіш хлусіць і хлусіш ужо не дзеля зорак і чыноў, кареры, дабрабыту. Мастацтва дзеля мастацтва. I асабліва захапляе гэта мастацтва, калі творчасць калектыўная, калі адчуваеш цвёрды і цёплы локцік другога творцы. Прагнеш адчуць сябе ўжо і салаўём. Дастаткова толькі згадаць «Салаўёў пад Прыпяццю», нарыс увогуле сумленнага аўтара ў цэнтральнай газеце, пасля чарнобыльскай трагедыі. Раней тых салаўёў ніхто там і не чуў. А тут гахнуў атамны рэактар, і на ўсю краіну голас: салаўі над Палессем спяваюць.
Тое ж самае і тут. Куратар з падачы рэспубліканскай прэсы і пасля франтальнай атакі ўсіх іншых аголеных апаратчыкаў зрабіўся пазней героем дня. У сане пакутніка, але пры крэсле, пайшоў на павышэнне. А Быкаў у тую хвіліну вымавіў усяго некалькі слоў:
Што тут адбываецца? Што гэта нам нагадвае?.. Мы толькі што прагаласавалі: хто за рэзалюцыю? Ставім на галасаванне: хто супраць рэзалюцыі? Прагаласавалі.
Супраць стварэння гісторыка-асветніцкага таварыства ахвяр сталінізму і Куратар з Пракуратарам, і тая ж дружная каманда ніадкуль. Потым, крыху пазней, яны перавернуцца, перакруцяцца: пасля тэлеграмы М. С. Гарбачова падобнаму ж таварыству ў Маскве будуць «за» святая ж справа. Але тады яна яшчэ не была зверху асвячона, і яны, зразумела, катэгарычна супраць. Усё, што зверху не дазволена забаронена.
Вось і ўсё, сказаў Васіль Быкаў, звяртаючыся да Куратара. Цяпер гаварыце, што вы маеце сказаць.
Што тут адбываецца? Што гэта нам нагадвае?.. Мы толькі што прагаласавалі: хто за рэзалюцыю? Ставім на галасаванне: хто супраць рэзалюцыі? Прагаласавалі.
Супраць стварэння гісторыка-асветніцкага таварыства ахвяр сталінізму і Куратар з Пракуратарам, і тая ж дружная каманда ніадкуль. Потым, крыху пазней, яны перавернуцца, перакруцяцца: пасля тэлеграмы М. С. Гарбачова падобнаму ж таварыству ў Маскве будуць «за» святая ж справа. Але тады яна яшчэ не была зверху асвячона, і яны, зразумела, катэгарычна супраць. Усё, што зверху не дазволена забаронена.
Вось і ўсё, сказаў Васіль Быкаў, звяртаючыся да Куратара. Цяпер гаварыце, што вы маеце сказаць.
Эпізод гэты доўжыўся мінуту.
З Куратара нібы выпусцілі пару. Ён набыў тое, чаго дамагаўся галоснасць, дэмакратыю і свабодны доступ да мікрафона. I, здаецца, разгубіўся: трымаць і не пушчаць не было каго, слухацца яго не сталі. А казаць яму не надта было што, акрамя як паўтарыць казанае Пракуратарам.
I гэта дэмакратыя? Гэта дэмакратыя? Гэта анархія, а не дэмакратыя! некалькі разоў паўтарыў ён, стоячы за трыбунай, як не маючы сіл развітацца з ёй.
Але паўтарэнне тое было грознае. У ім ужо было чутно бразганне паляўнічых стрэльбаў, крокі ботаў батальёнаў міліцыі і войск спецыяльнага прызначэння, посвіст гумавых дубінак, рык матораў машын-вадамётаў, згаладалых «чорных варанкоў».
Паляванне, паляванне, паляванне. Супраць каго? Наіўнае пытанне: каго можа сёння ўпаляваць афіцыйна зарэгістраваны паляўнічы. Звера і птушкі не так ужо шмат: меліяратары, мінвадгас лепшыя на свеце паляўнічыя. А тое, што засталося, ацалела пасля іх, адстрэлена, пазначана адным чарнобыльскім залпам. I ў першы ж паляўнічы сезон пасля таго залпа паляванне ў Беларусі, у прыватнасці на пералётных птушак, было забаронена. Цяжка, праўда, меркаваць, чаго ў той забароне было больш: міласэрнасці ці жорсткасці. Паляўнічая здабыча, у асноўным качкі з прыпяцкай поймы, цягнула за межы рэспублікі, несучы радыяцыю. Паляўнічая раць па-за Беларуссю ўзбурліла: чаму выпускаеце заразную птушку за межы рэспублікі? Ім адказалі: калі вы такія апекуны і прыхільнікі чысціні расы, станавіцеся на мяжы і адстрэльвайце, не пускайце заразу.
Сітуацыя хоць і чыста паляўнічая, але вельмі сімптаматычная той, што адбылася трыццатага кастрычніка 1988 года ў горадзе Мінску: тады не хацелі, каб радыеактыўная зараза распаўзлася па краіне. Паляванне ж трыццатага кастрычніка было скіравана на выкараненне заразы, што паступала ў рэспубліку звонку з Прыбалтыкі, дзе арганізаваўся Народны фронт, дый з Масквы, адкуль набягалі хвалі перабудовы і галоснасці, куды быў выціснуты, выгнаны Алесь Адамовіч. Трэба было захоўваць стабільнасць устояў антыперабудовачнай Вандэі. Аб гэтым прама і ў адкрытую гаварылася пазней ужо з усіх трыбун: вы што хочаце, каб і ў Беларусі было, як і ў Прыбалтыцы. Праўда, пры гэтым заставалася па-за ўвагаю: чаго ж хочуць самі беларусы. Ці на самай справе прагнуць яны зрабіцца паляўнічымі-вартаўнікамі, арганізавацца ў казацкія сотні і дзікія дывізіі, ці падыходзіць такая роля беларускаму народу. Але гэта ўжо, канечне, дробязі
З дня чарнобыльскага залпу і з той нагоды прапушчанага восеньскага палявання мінулі два гады. Загоншчыкі дзікага палявання караля Стаха здолелі пераразмеркавацца, узброіцца і стальной згуртаванай раццю выстраіцца ў цэнтры, у сталіцы рэспублікі. Праўда, шмат чаго і ў рэспубліцы змянілася за гэты час. I час, абставіны палявання памяняліся. Больш нецярплівым, але і больш гуманным, міласэрным да чалавека і звера зрабіўся час. I не толькі птушка, чалавек і звер гэта адчулі. Акрыялі, пачалі прагнуць жыцця і дрэвы.
На тым жа, родным паэтэсе-ластаўцы Палессі ў апошнія гады невядома чаму высахла, памерла шмат дубоў. Стаялі стагоддзямі, стаялі вечна. А тут як жыццё самагубствам вырашылі кончыць. Вясна, адна, другая, усё ў рост, усё квітнее: вольха, асіна, бяроза, нават ясень. А дуб не распускаецца. Праўда, у тыя апошнія гады былі вялікія і доўгія паводкі. Нават не паводкі. Па заліўных сенажацях рэчак Ясельда, Случ, Бобрык, Пціч, па прыбярэжных прыпяцкіх ацалелых дубровах доўга стаяла і не сыходзіла вада, застойная, іржавая, па мохам зарослую бараду дуба. Мо ў той застойнай вадзе і затхнулася цар-дрэва, адмерла ў ім штосьці. I наканавана яму ўжо была печ на дровы, калі не жадае квітнець. Інакшай карысці ад вас няма. Толькі сум насылаеце, пужаеце і ўдзень, і ўночы мярцвячынай жывое вока.