Леаніды не вернуцца да Зямлі - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч 13 стр.


Дзіўна, але хлопец, у мінулым пяшчотны і ласкавы, як дзяўчынка, не баяўся ні сірэн, ні бамбёжак. Ён стаў вельмі строгі, і на шчоках, зусім не па-дзіцячы, выявіліся падсохлыя ад суровасці мускулы.

Ён думаў, што яго бацькі забітыя. Пасля Масквы была эвакуацыя з дзіцячым інтэрнатам. Сіні ад снягоў паўночны Урал. Андрэй ехаў туды з непахісным рашэннем уцячы пры першай магчымасці. Ён не хацеў быць з іншымі, ён быў партызан, сірата, ён быў сам па сабе.

Словам, гэта быў лёс многіх дзяцей яго пакалення.

Толькі сам ён зусім не быў дзіцём і таму не хацеў дзяліць іхні лёс, не хацеў быць падобным да іх. Хутка гэта выявілася.

Знайшліся людзі, што і ў інтэрнаце паспрабавалі абкрадваць давераных ім дзяцей. Большасць з «давераных», напэўна, абмежавалася б бурчаннем пазавуголлю. I ўсё ж у інтэрнаце ўспыхнуў бунт, на чале якога стаяў былы мамчын сынок і «цюця» Андрэй Грынкевіч.

Бунт, вядома, быў задушаны лёгка. Перад начальнікам інтэрната стаяў чалавек, не па гадах развінены хлапчыска, маленькае ваўчаня, сэрца якога жадала толькі аднаго: справядлівасці. I за гэтую справядлівасць прымітыўна, па-дзіцячы і, значыць, адзіна правільна зразуметую, ваўчаня гатова было біцца да зубоў і кіпцяў. Гэта было так лёгка і так па-чалавечы проста зразумець. I начальнік «зразумеў».

Андрэя пакінулі на два дні без абеду ён не ўзяў нават хлеба і вады. Не ўзяў і на трэці дзень. На чацвёрты дзень яму далі падвойную норму ён не ўзяў нічога, ён не хацеў хлеба з нячыстых рук.

Яму пагражала калонія, і таму ён уцёк. Ён уцякаў на фронт двойчы, і аднойчы яго вярнулі з-пад самай Рузы. У адной са сваіх эскапад ён наеўся жыта, якое ляжала ў адкрытай платформе і ўкрылася ўжо зялёным кілімам парасткаў. Страшэнны панос ледзь не адправіў яго на той свет.

Калі яго другі раз вярнулі ў інтэрнат, ён даведаўся, што яго бацькі жывыя, што іх таксама перакінулі праз фронт, што яны жывуць у Орску. Моцны, загартаваны падлетак, які нават біцца прывучыўся моўчкі, па-мужчынску, раптам зразумеў, заўчасна пасталеўшы, што дарогі на фронт яму, па маладосці год, заказаны, і змірыўся. Гэтаму ўзрадаваліся ўсе, усе, хто дрэнна яго ведаў.

Два месяцы ён сумленна і моўчкі працаваў і вучыўся, а потым, падрыхтаваўшыся, уцёк, на гэты раз назаўсёды.

Без дакументаў, без пропуску ён схітрыўся дабрацца да Кунгура (татары, што везлі яго праз тайгу, узялі за гэта бохан хлеба палову яго запасаў), а потым, праз Чалябінск і Свярдлоўск, даехаць да Орска. I толькі тут, калі маці пасля ўсіх здзіўленняў і пацалункаў пайшла гатаваць яму нешта на вячэру, ён не стрымаў адзінай за паўтара года пякучай, цалкам мужчынскай слязы.

А маці, як кожная маці, зноў з самага пачатку, пачала рабіць сваю вечную справу: лячыць скалечаную душу сына, зноў прывучаць тую душу да дабра і разумення чалавечнага на зямлі.

Аб астатнiм доўга i цяжка распавядаць. Рээвакуацыя. Ушчэнт разбураны горад у заходняй Беларусi, куды яны часова прыехалi. Банды, якія лютуюць вакол. I сямнаццацiгадовы хлопец стаў камандзiрам аддзялення ў камсамольскай «дружыне абароны».

І тут ён застаўся без першага друга, якому раздзёрла жывот гранатным асколкам. Тут ён сам упершыню забіў чалавека.

I чамусьці больш за потную, нягледзячы на холад, галаву друга на каленях (машыну страшэнна кідала па замёрзлых без снегу камлыгах гразі) Андрэй запомніў здзіўлены і ўтароплены ў неба позірк ворага, які хацеў забіць яго, Андрэя, і якога замест таго забіў ён сам.

У сорак шостым годзе Грынкевічы вярнуліся ў родны гарадок, які ўжо сяк-так залячыў першыя раны вайны. I ў той самы год Андрэй паступіў ва ўніверсітэт.

I тут настала тое, што можна было назваць маральным ператамленнем. Маці, відаць, не да канца вылекавала яго душу. За пяць год хлопец стаміўся жыць напружаннем і нянавісцю.

Стаміўся, але не мог, не ведаў, як жыць іначай. Прамы да рэзкасці, ён забываўся, што такое далікатнасць, пяшчотнасць, пяшчотнае нежаданне прыносіць людзям боль, асцярожная ўвага да няўлоўных рухаў і выгібаў чалавечай душы.

У дзевятнаццаць год ён нікога яшчэ не кахаў. Былі, вядома, дзяўчаты, танцы, развітанні недзе ля ўскраіннай хаты, на мосце цераз ручай, але ўсё гэта рабілася таму, што сорамна было адставаць ад равеснікаў. Але ён яшчэ не кахаў як мужчына, з усёй паўнатою першай страсці, з усім усведамленнем таго, якая яна па-жаночы дарагая і блізкая, тая, што поруч з табой.

А між тым у родны гарадок прыйшла вясна, і пасля крыві, пасля галадовак і бруду, вочы ў Андрэя як быццам упершыню раскрыліся на прыгажосць зямлі, быццам ён зноў нарадзіўся, быццам толькі тут свет набыў усё мноства сваіх фарбаў.

I з непатоленай прагай цягнулася, ляцела да гэтага свету гвалтоўна затрыманая калісь у сваіх імкненнях, усхваляваная і шырокая душа.

Дастаткова было штуршка, каб тое, сапраўднае, рынула на Грынкевіча, як ураган, і сам ён у пошуках паратунку кінуўся да яго, як да прыстані.

I нарэшце прыйшоў дзень.

На раённым фізкультурным свяце Андрэй толькі што адстраляўся і, адышоўшы ўбок, абыякава слухаў нараканні трэнера:

 Душа ты цёмная. Колькі можна парадаў не слухаць, у цябе ж залатое вока. Трошкі стараннасці і сёння быў бы першы разрад. А там, праз год, з тваімі дадзенымі стаў бы майстрам.

Андрэй абняў трэнера, каб той не крыўдаваў. Самому яму было ўсё адно. Пасля таго што здарылася ў Заходняй, ён не любіў страляць, хіба што на паляванні. Яму значна больш балела тое, што на беразе Дняпра, у Прароўскай затоцы, ён павінен быў праз якую гадзіну скакаць з вышкі.

З вышкі ўсё і пачалося.

Гамарня натоўпу, газетныя капелюшы, ляск апладысментаў, якія падбадзёрваюць. I імпэтная страла вышкі, узнесеная над затокай, над зеленаватым Дняпром, над дубамі, што шырока растрэслі на процілеглым баку свае зялёныя шапкі.

На гэтай страле раптоўна зявілася танюткая, таксама ўзнесеная ў неба, дзявочая постаць, і гурт раптоўна сціхнуў у адным імкненні да таго, што яна збіралася зрабіць.

Яна адарвалася ад апоры, зрабіла паўкола ў паветры, быццам яшчэ думала, дзе лепей у зіхатлівым майскім небе ці ў таемных глыбінях вады,  і потым плаўна, з той лёгкасцю, якая прымушае людзей верыць у палёт, памкнулася ўніз.

Рукі ластаўчыны крылы, прыгожы выгіб ног сімвал палёту.

Дзяўчына ляцела над ракой.

Дома Андрэй доўгі час сядзеў у кветніку, не ў змозе забыць гэтай дзівоснай зявы. I ён амаль не здзівіўся, калі нехта адчыніў веснічкі. Куртаты Джэк ускінуўся быў брахаць, але адразу стаў і з цікавасцю пачаў разглядаць цемнавокую асмужаную дзяўчыну, якая стаяла на сцежцы.

 Прабачце, гэта дом Грынкевічавых?

 Калі гэтая халупка дом, то так, гэта дом Грынкевічавых.

 Гэта не халупка, гэта вельмі прыемны сціплы домік. Хоць, вядома, ваш даваенны, на Замкавай быў большы.

 Праходзьце Адкуль вы ведаеце дом на Замкавай?

 Андрэй вы мяне не пазнаяцё?

 Н-не,  пачырванеў Андрэй,  хіба што толькі мне здаецца, гэта вы сёння ляцелі ў паветры.

 Ну,  засаромелася яна,  не будзем параўноўваць ваш скачок з маім. Я таму і прыйшла, што пасля гэтага спытала пра ваша імя.

 Прабачце,  умольна сказаў Андрэй,  хто вы?

 Я Алёна Століч.

 А Алёна, Бож-жа мой! Маці! Маці! Глядзі, хто да нас прыйшоў. Алёна, вы зусім непадобная да той.

 Дый вы таксама.

Яна была сапраўды зусім не тая. I калі параўноўваць людзей з іншымі істотамі, дык першае ўражанне было праўдзівым: ластаўка. Цемнавокая, уся неяк выгнутая туды, уперад, высокімі грудзьмі і злёгку закінутым тварыкам. Маленькія цвёрдыя далоні, светлыя буяныя валасы пры цёмных вачах. Агульнае ўражанне чагосьці дзёрзкага, імпэтнага, смелага не па сіле.

Увечары яны ўцяклі ад кампаніі, з якой прыйшлі ў парк. Недзе далёка ўздыхалі за плячыма і паступова паміралі ў цемры трубы гарадскога аркестра. Шапталі ледзь апераныя майскія шаты дрэў.

Далей. Далей. Усё далей.

Горад застаўся ззаду. Злёгку плёскала ў сне рака. I аднекуль з-за ракі, разам з маленькім язычком вогнішча далятала тонкая, бы ўздых, песня некалькіх галасоў:

Зялёны дубочак
На ель пахіліўся.

I ў гэтым страсным юнацкім голасе гучалі цяга, і журба, і шырокі смутак душы, узгадаванай на гэтых паплавах.

 Чорт,  сказаў Андрэй,  уласна кажучы, не вельмі разумныя словы, а слухаеш і сорам бярэ за сябе, за свае вершы. Так усё бездапаможна, так бяздушна.

 Прачытай што-небудзь адпаведнае,  сказала яна.

 Добра.

Андрэй павольна ішоў поруч з ёю па ўбітай сцежцы. Было халаднавата, парывамі дыхаў лёгкі ветрык, але дубы не хацелі дрыжэць, не хацелі шалахцець нованароджаным лісцем зашмат было гонару.

Усплыў месяц над сiнiм Дунаем.
Празрысты зялёны рог,
I ценi ад хмар набягаюць
На вербы наўсцяж дарог.
Цiшыня над сiнiм Дунаем.
Сцiхлi шолахi ўсе:
«Каханая, дарагая,
Ногі твае ў расе».

Ён змоўк і потым з халоднай жорсткасцю сказаў:

 Дрэнна.

 I сапраўды, слаба,  з уздыхам сказала яна,  не кладзецца на ноты ракі, ночы, песні. Нешта ва ўсім гэтым не тое.

Яму спадабалася яе шчырасць.

 I што толькі рабіць, не ведаю,  сказаў ён.

Назад Дальше