Леаніды не вернуцца да Зямлі - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч 14 стр.


 Дрэнна.

 I сапраўды, слаба,  з уздыхам сказала яна,  не кладзецца на ноты ракі, ночы, песні. Нешта ва ўсім гэтым не тое.

Яму спадабалася яе шчырасць.

 I што толькі рабіць, не ведаю,  сказаў ён.

Нічога, навучышся. У твае гады і Някрасаў, бадай што, не лепей пісаў. Ты перачакай ноч, а потым усё-ўсё будзе добра. Ведаеш, часам лілеі выплывуць з вады насустрач сонцу, раскрыюцца, а адтуль вылятае ў весняе неба мушка. Папалася ўвечары і начавала пад вадой, у шчыльна сціснутых пялёстках.

Памаўчала.

 I ляцiць яна ў шлях, уся залатая, з пылком на лапках

Мне думаецца, так i паэту трэба, вельмi трэба, каб сонца i вецер. Ноч не для яго

I раптам ускрыкнула:

 Ану, даганяй.

Ссунулася з адхону, ляцела, ледзь дакранаючыся нагамі да зямлі. Ён бег за ёю, бачыў яе развеяныя валасы і раптам яна кінулася ўбок, затрымалася, учапіўшыся рукамі ў малады дубок. Андрэй не стрымаўся і па інерцыі пакаціўся далей, пад адхон, уздымаючы нагамі пясок.

Унізе ён пахіснуўся, упаў і застаўся нерухомы.

Устрывожаная, яна спусцілася да яго, села над ім на кукішкі, паклала далонь на каштанавы чуб.

 Андрэй, Андрэй. Даруй за гэты дурны жарт. Андрэй! Што з табой?

Ён раптам ускінуўся і злавіў яе за запясці.

 Н-ну,  прагрымеў ён,  якое пакаранне прыдумаць паненцы за гэта?

Але Алёнка зноў стала ранейшай. Яна спрытна крутанула пруцікі запясцяў паміж вялікім і ўказальным пальцамі яго рук, вырвалася адным рыўцом і, адскочыўшы на сажань убок, зедліва сказала:

 Няхай пан у якасці пакарання прачытае пару ўласных вершаў.

Андрэй з жартоўным iльвiным рыкам кiнуўся за ёю

Назад яны ішлі ўжо больш сурёзныя.

 Вось,  казаў Андрэй,  заўтра ў сталіцу. Праз якія два тыдні скончу другі курс. А каб я ведаў, куды мне ісці, хто я, на што здатны гэтага няма. I невядома, калі будзе.

 Што такое?  Яна ўзняла на яго смелыя дзіцячыя вочы.

 Разумееш, мне цяжка прызнацца, але я неяк выломліваюся з асяроддзя. I з вялікім болем Разумееш, скажам, я вельмі люблю Ясеніна, Буніна. А іх замоўчваюць. Мяне ледзь з універсітэта не папёрлі за тое, што я іх чытаў.

 Пэўна, на лекцыях чытаў?  спытала яна.

 На лекцыі. Надта ўжо сумная была.

 Ну й дурненькі, з усмешкай сказала яна,  іх трэба чытаць удомку. Няўжо ты думаеш, што ніхто іх не чытаў. Усе чыталі, але моўчкі.

 Вось і рэктар мне так сказаў. Пад дзвярыма студэнты слухаюць, а ён мне гэта сказаў, а потым павярнуўся да акна, а сам як пачаў мяне перыць ды голасна так. А сам усміхаецца.

Потым адчыніў дзверы, наліўся крывёй,  аж страшна,  і крычыць: у наступны раз я вас выганю. Або на Волга-Дон, або надоўга вон!!! І дзвярыма за мною ляснуў.

 Харошы чалавек,  сказала яна.

 А нё ж не. Самы лепшы. Але ж і ён хлусіў. Несумленна хлусіць, вось што

 Ну, а далей. Хіба толькі ў Буніне справа?

 Вядома, не. Бачу, скажам, што ў курсавых сакратарах не Янка ходзіць, добры, разумны і, галоўнае, чысты, а нейкі Ігнат Каўтуновіч, палена няструганае, баязлівец, падлюга і падхалім. А я гляджу ў яго вочы і ведаю, што ён першы ўцёк бы, калі б на нас, камсамольцаў, банда пад Ракшанамі навалілася. А ён гучныя словы гаворыць, а я ведаю: словы гэтыя хлусня і здзек. А доказаў няма.

Андрэй аж здрыгануўся ўвесь. Потым змоўк.

Пад адхонам шаптала рака, звінела ніцымі галінкамі вярбы.

 Ведаеш, Алёна,  ціха сказаў Андрэй,  мяне гэта вельмі мучыць. Бачу, напрыклад, што ў многіх калгасах робіцца. І мне цяжка. Я баюся, каб з мяне не атрымаўся контррэвалюцыянер.

Яна рыўцом павярнулася да яго:

 Ф-фу, дурань які! Не з таго ты, Андрэйка, матарялу зроблены. Ты чысты.

 Хлусню ненавіджу,  кінуў рэзка ён.

 Нічога,  сказала Алёна,  усё павінна змяніцца. У няшчырасці нядоўгі век. Памятаеш, у цара Саламона на пярсцёнку быў надпіс: «Усё праходзіць».

Так, усё праходзіць. Прайшла і тая вясна. Як прайшло потым і лета.

А тады здавалася, што гэтаму не будзе канца.

Неяк вечарам, якраз калі чэрвень увабраўся ў сілу, у рэдкую не па леце маладзіковую ноч, яны, тры хлопцы і чатыры дзяўчыны паехалі на чаўне за Дняпро, лавіць рыбу.

Не да рыбы, вядома, там было. Але затое, калі зніклі за дзясяткам лукавін агні горада,  колькі там было жартаў і смеху, розыгрышаў!

I ноч. Гэта была такая ноч, якіх не бывае.

Едзе Ноч над зямлёю на чорным кані. Плашч у Ночы чорны, кудлы чорныя. I твар у Ночы таксама чорны. Бязгучна вару шыць у паветры капытамі стомлены чорны конь.

Потым, калі яны сядзелі на беразе ля зыркага вогнішча, закрытыя ад астатняга свету густой сцяною лазы, нехта папрасіў, як маленькі:

 Андрэй, казку

Грынкевіч пачаў. Ён умеў распавядаць казкі. А гэтая, таемная, як абшары лясоў над межытокамі, асабліва добра клалася на ноч, вогнішча, месяц над вадой.

Можа, асабліва добра таму, што поруч была Алёна. Гэта была народная легенда пра вужыную каралеву. Ноч, пратокі, човен, заплецены белымі гарлачыкамі, браты, што катуюць дзяцей сястры, дапытваючыся, дзе іхні бацька. Сухая вярба над затокай. Ляжыць пад вадою юнак у залатым каптане.

Калі жыў ты, калі чуеш ты,
Як заву цябе, змарнелая,
Пырсні, пырсні з вадзяных глыбінь,
Расплывіся, пена белая.

Калі ж вочы твае любыя
Не глядзяць на свет, яскравыя,
Пырсні, пырсні з вадзяных глыбінь,
Пена алая, крывавая.

Цішыня. Месяц, прабіўшыся праз лістоту лазы, кінуў на пясок тысячы срэбных месячыкаў-адбіткаў

Алёнка асцярожна зайшла ў ваду і паплыла. Плыла брасам, прыўзняўшы над паверхняю закінутую галоўку. Ён плыў поруч, бачыў, як рукі і ногі яе размерана рухаюцца, блакітна серабрацца пад вадой.

Калі яны выйшлі на бераг, ён працягнуў ёй руку, і яна раптам сказала яму:

 Ты дарагі.

Андрэй скора заснуў на пяску, наўздалёк ад вогнішча, і прачнуўся таму, што добра прыпякло высакаватае сонца у вачах кругі хадзілі, і яшчэ таму, што на грудзі ўпала некалькі сцюдзёных кропель вады. Гэта Алёнка нахілілася над ім у мокрым блакітным купальніку.

 Уставай, глуптасю, напячэшся. А ён сказаў ёй:

 Ты каханая.

I пайшлі дні, поўныя толькі Алёнкай, сонцам, вершамі і вадой. У адзін з такіх дзён, праўдзівей, вечароў, Андрэй вельмі раззлаваўся на дзяўчыну: яна зусім без тармазоў скацілася на веласіпедзе са стромай Лешчыцкай гары, узязджаючы на якую дзядзькі падкладалі пад колы вазоў калодкі.

З Андрэя быў дрэнны яздок, але тут ён, забыўшыся, што сам неадменна разабецца там, дзе гэтае малое чарцяня праскочыць без усякай шкоды, ляцеў за ёю і не мог дагнаць. А яна, ластаўка, ляцела так, што валасы і сукенка аж пялёскаліся на вятры, і спявала нешта, і рагатала рагатала.

Нарэшце яна, зусім ужо ўнізе, на падёме, збочыла і звалілася ад смеху ў куст ядлоўцу ля дарогі. Устала, усё яшчэ смеючыся, і пабачыла яго страшны, збялелы ад гневу і жаху за яе, твар.

 Дурная,  сіпата крыкнуў ён і моўчкі таргануў веласіпед з яе рук.

Так яны і йшлі моўчкі ён каціў два веласіпеды да самага горада. А там, калі ён паставіў свой і яе веласіпед у сенцах хаты сябра, яна вінавата сказала:

Ну прабач Пойдзем зараз на Дняпро Паходзім.

Ён усё яшчэ быў раззлаваны, калі яны прыцемкам выйшлі на адхон і паселі на траву ў бярозавым гаі.

 Дурная. Ты нават не ведаеш, што ты для мяне.

I прыцягнуў да сябе. Яна прыціхла. Сядзелі моўчкі.

 Вось,  сказаў ён пасля паўзы,  я за цябе ўвесь час так дрыжэць буду. Таму выходзь ты лепей за мяне замуж.

Яна хацела была, як заўсёды, пажартаваць, але адчула, як грозна і палка стукае яго сэрца. I таму, закрыўшы вочы, ціха сказала:

 Добра. Я не буду мучыць цябе. Добра, дарагі. Восенню, у верасні, калі хочаш.

Прылегшы галавою да яго каленяў, казала бы праз сон:

 Божа, які ты добры. Зусім-зусім непрыгожы. Спіна няладная, шыя, дрэнны падбародак, нос. Але затое якія бровы і вочы. І рукі, рукі паэта. Я, здаецца, памёрла б, цалуючы іх Як анёл са старой фрэскі. Толькі крылляў няма.

Яму было няёмка слухаць такое. Таму ён схіліўся і прынік да яе вуснаў.

У цемры, блізка-блізка, ён бачыў замест двух вачэй адно вока, вялізнае, чорнае ў цемры, строга-спакойнае, аблямаванае чорнымі веямі

У жніўні, незадоўга да вяселля, яны зездзілі да бацькоў Алёнкі, у Мінск. Адтуль іх, разам з Алёнчыным бацькам, узяўся падкінуць дамоў стары палкоўнік, друг бацькі. Іван Століч сядзеў поруч з палкоўнікам, які кіраваў. Алёна і Андрэй на заднім сядзенні.

Неўзабаве іх чакаў вялізны тлум: вяселле ў хаце Андрэя, перазоў гасцей да цёткі, у якой часта гасцявала і жыла гэтае лета Алёнка, потым зноў дарога ў Мінск, зноў вяселле, зноў перазовы. Але Андрэя, хоць яму і хацелася быць толькі разам з Алёнкай, гэты тлум не палохаў, а захапляў. Гэта ўсё быў шлях да яе.

Якое шчасце сядзець поруч з ёю ў загсе, якое шчасце ехаць адтуль, якое шчасце, калі крычаць «горка!».

I якое шчасце, што цяпер так бліскавічна ляціць насустрач дарога, так мільгаюць дрэвы, знікаючы з вачэй, так пругка бе ў твар цёплы, напоены пахам чабору, палыну, верасоў і яшчэ чагосьці, ветрык!

Назад Дальше