Ох, гэты водар канца лета! Усё аддадзена, спакой, арабіны яшчэ не чырвоныя, а каралавыя, на палёх спакой і мір, і першая павуцінка на вяршыні цяжарнай яблыні часам трапеча, як доўгі белы вымпел.
Машына была адкрытая, і таму валасы Алёнкі аж ляцелі па ветры. Поўніла ветрам рот, раздзьмухвала шчокі.
I Андрэй адчуваў, што любiць усё на свеце. Нават каменне, якое траплялася часам наўсцяж дарогi i нагадвала парсюкоў, што зарылiся ў траву, нават сухую, астрыжаную патылiцу старога ваякi, якi сядзеў за рулём.
Машына пайшла ўніз, мільганула таблічка з надпісам: «Рака Бобр».
Андрэй і раней ведаў гэта месца, бадай што, самае прыгожае на шашы Мінск Масква. Але цяпер ён з нейкім новым, цёплым замілаваннем аглядаў нешырокую рэчку, паплавец над ёю, стромыя берагі, сосны над адхонам і з правага боку каламутна-сінія занураныя шаты лясоў.
Іван Століч павярнуўся да іх:
Ну як, дзеці? Хораша?
Хораша, адным уздыхам адказалі абое.
Іван адкінуўся на спінку сядзення, зажмурыў вочы, з насалодаю ўдыхаючы па-жнівеньску сыты, цёплы вецер.
Мы сабе некалі пабудуем тут маленькую хату, шапнула Алёна Андрэю, са звычайных дошак. Каб летам заўжды быць удваіх.
Ён моўчкі хітнуў галавою на знак згоды.
Аўтамабіль рынуў угору і зноў вырваўся на дарогу, сціснутую з двух бакоў сценамі разамрэлага пад сонцам невысокага лесу. У адным месцы, справа, гэты лес падступаў да самай шашы. Сэрца імчала яму насустрач.
I тут Андрэй убачыў, як наперадзе літаральна ў дваццацёх кроках выкаціўся на шашу, напярэймы іхняй машыне, вялізны зялёны грузавік. Андрэй толькі паспеў убачыць доўгі радыятар і доўгі кузаў.
«ГАЗ, недарэчна адзначыў мозг, і яшчэ: Чорт, хоча праскочыць, ды яшчэ на такой хуткасці. Пяны, ці што?»
Гэта думка прамільгнула за нейкую долю секунды. Потым проста перад вачыма развярнуўся і ўздыбіўся бок зялёнай пачвары. Узвылі тармазы.
У наступны момант, пасля жахлівага, сакрушальнага ўдару, неба з трэскам разарвалася ў вачах Андрэя, і цемра запаланіла ўвесь свет. Ён не чуў, як штосьці выдрала яго з машыны і кінула цераз кювет проста галавою ў жвір.
Апрытомнеўшы, ён убачыў вачыма, яшчэ замглёнымі ад болю, што неба калышацца перад ім, бы ў спякотны дзень. З цяжкасцю прыўзняўся і пабачыў асколкі шкла на асфальце, змятыя ў гармонік радыятары дзвюх машын і зыркі дымны агонь, які абдымаў кабіну грузавіка і радыятар іхняй машыны.
Быў страшны боль у левым плячы Андрэй ледзь не крычаў ад яго, і ўсё ж ён кінуўся да машыны, перш за ўсё да грузавіка, таму што мозг з дзівоснай яснасцю адмеціў гэта ягоная кабіна ўся ў агні.
Таргануў дзверцы. Кулём вываліўся на рукі непрытомны шафёр. Андрэй аднёс яго за кювет.
«Зусім яшчэ хлапчыска, білася ў галаве думка. Перавысіў хуткасць пры выездзе на галоўную магістраль Сабака сучы»
Шкляное паветра калыхалася над радыятарамі. Цягнучы праз борт сухое, падабранае цела Івана Століча, Андрэй заўважыў, як праз ружовы туман, хлопчыка-веласіпедыста, які спыніўся наводдаль і глядзеў на катастрофу вачыма, поўнымі цікавасці і жаху.
У вёску катай! крыкнуў яму Андрэй.
А дзядзечка, кроў! нема залямантаваў той.
Андрэй і сам адчуваў, што па лбе плыве нешта цёплае, але пра гэта не было часу думаць.
Гані па дапамогу! зароў ён.
Хлапчыска зразумеў хутка пакаціў кудысь. Вецер надзімаў на яго спіне ружовую кашулю.
Божа, яшчэ толькі двое ляжаць за кюветам. Андрэй адчуваў, што ў яго падломваюцца ногі Цяпер трэба ўзяць нешта лёгкае Алёну. Каб хоць трошкі адпачыць. Але ён адразу злавіў сябе на думцы, што гэта не таму, што Алёна лёгкая. I ён да таго ж убачыў, што полымя дабіраецца ўжо да рук палкоўніка, што застыгнулі на абаранцы руля, да лысай галавы, якою той схіліўся на рукі.
Адцягнуўшы Алёнку на якіх пяць крокаў, каб не так было небяспечна ў выпадку выбуху, Андрэй кінуўся да палкоўніка, таргануў дзверцу яе заклінавала, выбіў яе, літаральна асатанеўшы ад раптоўнага вострага болю ў плячы, пацягнуў чалавека на сябе.
Палкоўніку спляскала рулём грудзі. Андрэй цягнуў яго, адціскаючы ўбок баранку, бачачы, што ўсяго ў якіх дзесяці сантыметрах ад вачэй бруднымі рагамі плыве ў кабіну пакарабачаная, расплаўленая фарба. Стогнучы ад напругі, адчуваючы, што валасы, бровы і веі трашчаць ад жару, ён цягнуў і цягнуў.
I нарэшце выдраў чалавека з жалезных абдымкаў.
Ён цягнуў яго з апошніх сіл і з жахам бачыў, што ў палкоўніка пачала выступаць на губах ружовая пена. Але ён не мог яму дапамагчы: не ведаў чым, дый Алёнка ляжала зусім блізка ад машыны, перад якое палаў, як паходня.
I нарэшце выдраў чалавека з жалезных абдымкаў.
Ён цягнуў яго з апошніх сіл і з жахам бачыў, што ў палкоўніка пачала выступаць на губах ружовая пена. Але ён не мог яму дапамагчы: не ведаў чым, дый Алёнка ляжала зусім блізка ад машыны, перад якое палаў, як паходня.
Хістаючыся, як пяны, Андрэй на карачках пералез кювет, з цяжкасцю выпрастаўся.
Алёнка ляжала бледная і зусім нерухомая. Толькі грудзі ці, можа, гэта здалося яму? ледзь уздымаліся. I Андрэй з нечаканай лёгкасцю ўзняў на рукі яе лёгенькае, абвіслае ў руках і нагах цельца.
Штохвілінна дзьмухаючы ёй у закрытыя вочы, а можа, будзе лягчэй, ён пайшоў да кювета, стараючыся не хістацца. Дзве-тры кроплі крыві ўпалі з яго галавы ёй на грудзі.
«Дзякуй, Божа, цьмяна падумаў ён, гэта мая кроў. У яе нідзе не відаць крыві».
Калі ён пералазіў кювет, ззаду грымнула. Нехта як быццам падштурхнуў Грынкевіча ў спіну, і ён упаў на Алёну, у апошні момант перакруціўшыся на спіну, як маці, калі яна падае ў галалёд з дзіцёнкам на руках.
Прытомнасць зяўлялася і зноў знікала хвалямі, то крывавымі, то чорнымі. I ўсё ж Андрэй дацягнуў дзяўчыну і паклаў яе трохі наводдаль ад трох нерухомых. Пачакаўшы хвіліну, пакуль праяснела ў галаве, ён пачаў думаць, як дапамагчы ўсім.
Іван Століч ляжаў з заплюшчанымі вачыма і ціха стагнаў. Дзіўна, ён жа сядзеў на месцы, якое шафёры завуць «смяротным». Шафёр і палкоўнік ляжалі нерухома, але Андрэй чамусьці не непакоіўся надта ўжо спакойна яны ляжалі.
Затое супакой Алёны здаўся яму падазроным. Амаль адразу. Ён апусціўся каля яе на калені.
Занадта спакойная Нязручна павернутая галава Кроў на грудзях гэта мая кроў.
Але ўсё ж ён увесь міжвольна халадзеў, пачынаючы аднекуль з пальцаў, ад страшнай здагадкі, якая ўсё больш авалодвала ім. А потым ён узяў галаву Алёнкі ў далоні, павярнуў і пабачыў на скроні, на левай скроні, невялічкую ранку.
Тады здагадка стала ўсёмагутнай, запаланіла ўвесь свет.
Андрэй закрычаў.
А потым ён ужо не чуў, як зусім поруч жахлівым, стальным голасам узвыў гудок машыны «хуткай дапамогі».
Шафёр і палкоўнік сканалі ў бальніцы адзін праз дзве, другі праз чатыры гадзіны. Століч абышоўся лёгкім зрушэннем мазгоў. У Андрэя была рассечана скура на галаве і выбіта ў плячы рука.
Так і скончылася гэта кароткае лета.
Дзіўна, але Андрэй, апрытомнеўшы ад таго, што здарылася, стаў мала падобны сам на сябе. Людзі пачалі заўважаць, што ён амаль не мяняецца вонкава. У дваццаць год яму давалі дваццаць чатыры, у дваццаць восем усё тыя самыя дваццаць чатыры. Ён як быццам застыў у сваім шчасці і горы.
З чужога погляду ён жыў гэтыя дзесяць год звычайным жыццём звычайнага чалавека. Вучыўся, скончыў універсітэт, працаваў, пісаў вершы, дабіўся некаторых поспехаў і толькі знаёмыя, блізкія сябры маглі бачыць, што вочы яго часам робяцца нясцерпна разумныя і ўсё расце і расце ў іх тая пустэча і незадаволенасць сабой.
Мучыў успамін. Як тады, у той пусты верасень, ён, Андрэй, сеў на замшэлы валун і раптам падумаў, што дрозд, які вось тут, перад вачыма, у захапленні цалуе чырвоны куст каліны, значна шчаслівейшы за яго, чалавека.
Былі і дзяўчаты. Многім падабаўся ён, некаторыя падабаліся яму, а дрозд на каліне быў усё ж шчаслівейшы, хоць не ведаў ні працы, ні думак, ні пазнання.
I што дзяўчаты? Была на зямлі адна. Адспявала сваю каратусенькую, бы ў ластаўкі, песню, вырвалася ў неба, як залатая мушка з лілеі, і адляцела кудысь у зеніт, куды яму, бяскрыламу цяпер, няма дарогі.
Раздзел IV
Рэзкі гук даляцеў аднекуль з цемры праз расчыненую фортачку: недзе далёка загрукатаў, вырваўшыся з начнога завулка, запознены трамвай.
Грынкевіч здрыгануўся ад нечаканасці і, глыбока ўздыхнуўшы, пацягнуўся замлелай спінай. Адклаўшы ручку, паглядзеў у акно.
Масква засынала. Згасалі бліскаўкі начных агнёў, радзейшым і больш гучным стаў шолах тралейбусаў пад вокнамі. I, як заўсёды ўначы, стала сумна і захацелася кудысьці ехаць, каб крычаў цягнік і пасмы пары засноўвалі мільгаценне зор.
Гудзіць ад стомы цела. З учарашняй ночы ані хвіліны спакою.
Спачатку вестка аб нараджэнні сына ў Вайвадса, потым доўгі расказ аб тым, што адбылося дзесяць год таму, потым, раніцай, гадзіна адпачынку ў крэсле. А ўдзень дыскусія аб паэзіі, на якой ён, Андрэй, зрэзаўся амаль з усімі галоўнымі спрачальнікамі. Нават з Янісам трошкі.
А потым, у край знерваваны, хоць, як заўжды, вонкава спакойны, ён прыйшоў да сябе, сеў і восем гадзін не ўставаў з месца, імкнучыся самой сутнасцю, самой формай верша давесці супраціўнікам, што праўда ўсё ж на яго баку.