Быццам адказваючы яму, адзін з салдатаў уздыхнуў:
Залье нас сёння. Як вясной, будзем куваць на востраве.
Процілеглы бераг быў нізкі, толькі на ўзвозе, дзе стаяла хатка паромшчыка і адрына, быў высакаваты пясчаны ўзгорак, упрыгожаны дзвюма хвоямі і дзясяткам чорных вольх. Туды вада не даставала.
Іван, спытаў салдата Гораў, ты тут пяты год служыш. Што, шалее ў навальніцу Дняпро?
Рака з характарам. Твар у салдата быў чырвоны, абліты сонцам. У палавень залье ўсю пойму, толькі верхавіны над вадою дрыжаць. I так вёрст на сем. Несаабразнае месца для парома, пане, вось што я вам скажу. Тут і ў верабіную ноч дрэнна. Усе старыкі на пойме вадой залье унь той клін адхопіць. Перапраўляцца нават і не думай. Канцы.
Паром торкнуўся ў бераг, і адразу лаза на беразе, якая дагэтуль плыла перад вачыма, спынілася, замерла.
Салдаты з вясёлым гоманам пацягнулі на ўзвоз чорны мораны дуб, прывезены на паліва.
Капітан уздыхнуў. Яму на хвіліну стала зайздросна. Быць такім шчыра вясёлым, такім неўтаймавана жыццярадасным гэтага ён не мог, для гэтага трэба было быць істотай іншай пароды.
Усё тое ж самае. Трохі не месяц вочы бачаць той самы абрыдлы кардон, хатку паромшчыка, у якой філасофствуе за гарэлкай Пора-Леановіч, адрыну і вялізную стайню, дзе размясціліся салдаты, паласатую будку вартавога, асклізлы паромны канат.
Адзін паратунак Дняпро. Дый той ляжыць цяпер пад свінцова-цяжкімі прамянямі сонца, трывожны і немы.
А ў Маскве цяпер цішыня. Масква толькі пачынае ажываць. Пусцеюць дачы і маёнткі. На ліпах Няскучнага саду першыя жоўтыя лісцікі; з багатых, па-асенняму, рынкаў даносіць пахам «валовых мордачак» (улюбёныя яблыкі маменькі). Маменька, пэўна, паехала цяпер у манастыр маліцца за здравіе воіна Юрыя і за дараванне яму веры. Едзе паўз Круціцкае падворе ў сваім нехлямяжым, падобным на гарбуз вазку. Фурман Сідар з вялізным на трох задам крычыць на сустрэчных страшным голасам: «Адыдзі, сцеражыся!» А ў блакітным небе сляпуча блішчаць купалы сабораў, і плыве бязважкі контур Круціцкага церамка.
А вось і сам ён, Юрый, выходзіць з парадных дзвярэй, праходзіць дарожкай пад ліпамі, з насалодаю дыхаючы празрыстым і ўжо схаладнелым паветрам. Ванька ў армяку з дзіркай пад пахай трасецца на козлах.
Гэй, Ванька!
I вось ляціць, ляціць вазок. Спачатку па Цвярской, потым бульварам, потым на Арбат. I радуецца, захлынаецца ў грудзях ад радасці сэрца. Так, вайна скончана, вайны ніколі больш не будзе. I ліпы! I Арбат! I цудоўныя асабнячкі I Nadine ўстае яму насустрач у сваёй белай сукенцы
Гэта вы? Божа мой, як я рада!
I зноў занадта паспешліва апускае да вышывання нявінныя, цёмна-сінія, дзівосныя вочы. Што з таго, што яны толькі двойчы абмяняліся парай нязначных слоў, што яны амаль незнаёмыя. Усё адно гэта Масква, і сонца, і дзень без крыві і стрэлаў. I Масква гэта, і ёсць Nadine, Надзенька, Надзейка, як кажуць тут. Што з таго, што ён цэлы год не бачыў яе, што яны малазнаёмыя. Вось ён бачыць яе валасы колеру ржавых кляновых лісцяў, такія пушыстыя, мяккія, лягусенькія, падзеленыя белым радком, яе рот з прыпухлай ніжняй губкай.
Надзенька, каб вы толькі ведалі, як я сумаваў па вас, як нясцерпна мне было без вас на гэтай зямлі, што стаптана капытамі конных палкоў.
Яна ўсміхаецца. I цішыня. Недзе ўдарыў і змоўк у шкляным паветры далёкі звон. Шчасце! Масква! I цішыня, цішыня ў шатах ліп. Цішыня.
Стрэл.
Гораў ад неспадзяванасці спатыкнуўся аб корань, які дябал ведае нашто выпер акурат на дарозе. I адразу пачуў за плотам распанелы грудны голас:
Сымон, давай карту.
Вернуты стрэлам і гэтым голасам на зямлю, Юрый глыбока і цяжка ўздыхнуў і амаль з нянавісцю агледзеў страшны ў чаканні невядомага Дняпро.
Бровы маладога чалавека задрыжэлі. Але ўжо ў наступны момант ён справіўся нездарма яго паважалі за шалёную храбрасць, хоць толькі ён ведаў, як цяжка яна яму даставалася, і цвёрдай хадою накіраваўся ў двор, гэты сумны двор, выбіты, як ток, акружаны паламаным плотам.
Сярод двара, тварам да забітай брамы, стаялі два чалавекі: салдат-дзяншчык і афіцэр. Салдат трымаў скрынку з пісталетамі і распачатую калоду карт. Афіцэр браў са скрынкі пісталеты і, амаль не цэлячыся, страляў у браму, у маленькі белы чатырохкутнічак, прыбіты да шулы.
Афiцэр стрэлiў апошнi раз i павярнуўся:
А-а, камрад Да зброі, вісусы-гусары
Горава ў які ўжо раз уразіў яго сухі прыгожы твар, белыя валасы і бакенбарды і, галоўнае, страшнаватыя блакітныя вочы з выразам пустаты і пагарды да ўсяго. I яшчэ рэзкі шнар паўз брыво і левую скронь.
Калі пры першай сустрэчы ён запытаўся ў Пора-Леановіча наконт паходжання гэтай адмеціны, той неахвотна буркнуў:
Шпагаю тут адзін падурэў. Штафедрон.
Ну і што? спытаў тады Гораў.
Паспадзяваўся занадта на французскую школу, з жахлівай іроніяй сказаў Леановіч, у славутага, бачыце, Мерсье вучыўся.
Гораў ведаў, што чалавек, з якім звёў яго лёс, карыстаецца славаю першага ў палку і не толькі ў палку брэцёра, што ён ужывае толькі дуэльныя пісталеты, але за такім заняткам, як сёння, заставаў Леановіча ўпершыню.
Руку набіваў, сказаў Пора-Леановіч з паблажлівай ласкавасцю, адвучвацца нельга.
Сымон, быццам жадаючы пахваліцца поспехамі пана, аддзёр ад шулы карту і здалёк паказаў яе Юрыю.
Ат, глупства, пагардліва сказаў Леановіч.
Нічога не разумею, сказаў Гораў, звычайны туз Жалудовы.
А вы паглядзіце лепей, раўнадушна сказаў капітан. Гораў падышоў, схіліўся над картай і мімаволі пацягнуў ротам паветра.
Туз быў віновы. Тры кулі, пасаджаныя амаль адна ў адну.
Капітан, сказаў Гораў, гэта лепшае, што я калі-небудзь бачыў.
Лухта, сказаў капітан, хадзем лепей выпем
Гэта была звычайная вясковая хата, толькі што з бакоўкаю. Ды яшчэ палілі яе «па-беламу», так што хоць у гэтым сэнсе афіцэрам пашанцавала. Вялізны, даўно негабляваны стол, шырокія лавы, цемнаваты «Спас» у куце.
На вокнах у гаршках «алёнчыны слёзы». Сухія слёзы, бо зямля ўся ў тытунёвым попеле. Аж шэрая.
Адзінай украсай пацямнелых сцен былі два лубкі. На адным Святы Елісей з тварам хітрага ідыёта, насылаў на отракаў мядзведзіцу. Фарба ад німба расплылася ў Елісея па галаве, і невядома было, чаму ён з такой раскошнай шавялюрай пакрыўдзіўся на мянушку «лысы».
На другім лубку тры татарыны дзялілі палон.
Пакуль Сымон ставіў на стол гарэлку, гуркі ў смятане, міску з варанымі кіяхамі і патэльню, на якой клекаталі ў кіпячым масле смажаныя гусцёркі, Пора-Леановіч сядзеў на лаве ля акна, чысціў пісталеты і размаўляў сам з сабою:
Зброю, міл-свет Юрый Аляксандравіч, трэба даглядаць толькі самому. Гэта адзіная машына, годная двараніна. Масла для зброі арыстакрат сярод маслаў для ўсіх машын Толькі самому. Мой сябра аднойчы загінуў з-за таго, што крэмень у дуэльным пісталеце быў тлусты Нават не брудны, проста тлусты, ад пальцаў.
Гораў глядзеў, як пальцы Пора-Леановіча з незвычайнай пяшчотай мацалі сталь, і здзіўляўся, чаму нешматслоўны, заўсёды іранічны калега сягоння такі гаваркі, быццам баіцца пакінуць язык хоць на хвіліну без працы.
А Леановіч ужо скончыў з пісталетамі, паклаў іх у футляр і сеў да засланага стала.
Сёння я напюся, вельмі сурёзна сказаў ён.
Юрый сеў за стол з другога боку. Ён толькі прыгубіў першую чарку: піць не хацелася.
Спякота за акном стала, відаць, зусім нясцерпнай. Грозны Дняпро ледзь рухаў у разамлелых берагах цяжкія, як расплаўленае волава, плыні. Пярун бурчаў ужо зусім блізка, замрэяна, амаль без перапынку.
Гэта чаканне жахлівага, разлітае ў млявай прыродзе, гняло нервы. Кроў здавалася густой і цяжкай, як ртуць. Яна цякла павольна, нараджаючы панура-злосныя, амаль ліхаманкавыя думкі. I Леановіч да таго ж ляскаў чарку за чаркай, як быццам жадаў што б там ні было выканаць свой добры намер: напіцца да моцы божай.
Уважаючы на сённяшні настрой Леановіча, ад гэтай «моцы божай» можна было чакаць чагось цікавага. I таму Гораў бадай не здзівіўся, калі Пора-Леановіч раптам адсунуў чарку.
Вайна называецца, з лютай весялосцю сказаў ён. Сумна, Юрачка. Мне б тады ваяваць, калі рабавалі, за косы валілі пад сябе дзяўчат. А тут замест усяго гэтага капеечны віст і бацькоўскае пасячэнне пейзанаў. Абас мы з расійскай гісторыяй.
Проста перад сабою, на фоне акна, Гораў бачыў яго сілуэт, рэзкі, прыгожы профіль з прамым носам і ссунутымі бровамі.
Ты кажаш «людзі», сказаў Леановіч, хоць Гораў нічога не казаў. Вось калі не ўходаюць цябе мае суайчыннікі і ты дажывеш да нейкага там часу, ты ўбачыш дажджы Леанід. Гэта зорны дождж. Зямля пападае ў яго кожныя трыццаць тры гады. I тады лятуць Леаніды. Зялёныя. Фасфарычныя. Быццам Пан Бог, здзяцінеўшы, шморгае тысячамі запалак і глядзіць, ці ўсё яшчэ людзі льюць кроў Так яны лятуць тысячагоддзі. I кожны раз, як прылятаюць, бачаць на зямлі тое самае: пюць кроў, гвалцяць, круцяць хвастом добрыя людзі.
За акном Юрый з трывогай сачыў за гэтым хмары пачалі наплываць аднекуль і зацягваць неба. Яны накіпалі з амаль неверагоднай хуткасцю, грувасціліся адна на адну, відавочна пасоўваючыся туды, да Дняпра, у бок горада, дзе вісела яшчэ бялёсая смуга на невялічкім лапіку блакітнага неба.