За акном Юрый з трывогай сачыў за гэтым хмары пачалі наплываць аднекуль і зацягваць неба. Яны накіпалі з амаль неверагоднай хуткасцю, грувасціліся адна на адну, відавочна пасоўваючыся туды, да Дняпра, у бок горада, дзе вісела яшчэ бялёсая смуга на невялічкім лапіку блакітнага неба.
Задуха стала нясцерпнай. I нясцерпным стала чаканне. Толькі Леановіч, здавалася, не адчуваў нічога. Яго нахабныя і страшныя вочы гарэлі вясёлым шаленствам. I Гораў, успомніўшы яго сённяшнюю забаўку, зразумеў, што чалавек, які сядзіць насупраць яго, страшны чалавек, вельмі небяспечны чалавек, драпежнік, у якога, пэўна, зусім няма ў душы месца для так званых пакут сумлення.
Леановіч торкнуў пальцам у адзін з лубкоў.
Мы вось як гэтыя тры татарыны. Адзін татарын Філька (так ён зваў генерала Фікельмонта), другі татарын я, а трэці вы, вельмі шаноўны Юрый Аляксандравіч Дзелім цноту прыдняпроўскай зямлі. Занятак з сэнсам. Таму што яна пад каго толькі не клалася. I выяўляецца, што ўсё гэта па меншай меры непатрэбна-с.
I тут пачалося. За акном раптам сцямнела. Шалёная віхура праляцела дваром, задзёрла шынель на галаву вартавому, схіліла на страху стайні чорную вольху, і тая затрапятала, сагнуўшыся ў дугу.
Шаленства пераднавальнічнага ветру не скончылася на гэтым. Ён вырашыў, відаць, наведацца ў госці да людзей у хаце. Раптоўна грукнулі дзверы, страшэнная пройма пацягнула да печы, дзьмухнула ў чалеснікі, задзёрла па дарозе абрус, ледзь не сарвала яго са стала разам з наедкам і вылецела ў комін, сказаўшы выразным фальцэтам:
Аоў.
Гораў убачыў у акно, як гэты парыў проймы выкінуў з напаўразбуранага коміна галчынае гняздо і пагнаў яго, як кола, па пыльнай траве.
Сымон, чортаў сын, крыкнуў Гораў, каглу забыў зачыніць.
I сам кінуўся да печы, зачыніў каглу, падторкнуў яе анучай. Сымон скочыў у хату як апантаны, паправіў абрус, зачыніў дзверы, шуснуў у бакоўку і борздзенька выскачыў адтуль з запаленай свечкай.
Гораў убачыў, што Леановiч сядзiць, успёршыся скронню на кулак, вельмi бледны, з заплюшчанымi вачыма. Вусны яго варухнулiся. Не раскрываючы вачэй, ён сказаў:
Стаiць певень над кручаю,
Заторкнута с анучаю.
I растлумачыў:
Разгадка гэтай загадкі «кагла». Катэхізіс народнай мудрасці ўвесь складаецца з такіх выслоўяў.
Гораў убачыў, што Сымон задаволена хмыкнуў.
Iдзiце, Сымон, сказаў ён, гледзячы ў акно.
Сымон выйшаў. Гораў павярнуўся да субяседніка і з дакорам сказаў:
Як вам не сорамна. Пры салдаце паказалі сябе дурнейшым за яго. Аблаялі народ. Вы ж беларус. Старога роду.
Па шчоках Леановіча папаўзлі чырвоныя плямы. I раптам ён зацікаўлена спытаў у Горава:
Што мне, есці гэта? I што такое, наогул, беларус? Каго тут не было? Немцы былі, палякі былі, літва была. I раптам бе-ла-рус. Сеў сабе з дурной мордай і сікась-накась пальцам у носе калупае
Пры апошнiх словах зрэнкi Леановiча папаўзлi да пераносся. Твар стаў такi дурны, што Гораў са сваiм легкаважным i вясёлым характарам не вытрымаў, засмяяўся.
Няма нічога смешнага, вызверыўся Леановіч. I ў вас і ў нас адна хвароба. Усю сваю гісторыю мы задніцай думалі. I наконт будучага ў гэтым сэнсе я аптымістам быць не магу Чаго ад нас чакаць? Брат на брата, сват на свата. Святаслаў забі Яраслава, Яраслаў забі Ізяслава, Ізяслаў забі Святаполка, а Святаполк коцнуў Барыса ды яшчэ і Глеба туды ж яго матары.
А тыя да пакутніцкага скону ўходалі двух братоў і трох сватоў і за гэта хрысталюбівай Праваслаўнай Царквою прылічаны да хеўры святых
Верабіная ноч за акном ужо ўступіла ў свае правы. Неяк вельмі хутка. Дождж сцябаў так, што, здавалася, паветра было менш, чым вады. Маланкі крэслілі неба. Так часта, што жоўты агеньчык свечкі стаў зусім няпоўным і непатрэбным. У сінім агні бліскавіц Гораў бачыў мярцвяны твар, пакрыты кропелькамі поту.
I заўсёды на наш вялікі народ палка знойдзецца, часцей за ўсё чужая. Цар, псар гэта нам усё адно, абы кумпякі магутныя былі, ды барада венікам, ды вусы пажахлівей. I ўжо тут мы ў вернападданасці сваёй усяго яго абліжам, аж да цяжкага гузна. Іх вялікасць у ложы сядзяць, гімн, створаны вялікім паэтам, яму спяваюць, а бараны ў лікаванні да яго ўсім натоўпам кідаюцца А блакітныя мундзіры іх па мордзе, па мордзе: «Сядзіце на нумарных месцах. Чорт вас ведае, а раптам у вас гармата ў каго ў кішэні» А ў тых па мордах і юшка цячэ, і слёзы замілавання. I не разбярэш, чаго яны галосяць ці ад болю, ці ад захаплення А назаўтра «За цара, за веру, з намі Бог! Бязбожныя французікі караля свайго да смерці забілі. Бі іх, пакуль смяротнай ікаўкай не загікаюць». Патрыятызм.
Юрыю і шкада было гэтага чалавека, і абурэнне разбірала. I ўсё ж згадзіцца з ім было нельга. Гэта азначала, што ўвесь ягоны свет: універсітэт, дзе прафесары чыталі пра чалавечы мікракосм, Nadine, якая захапляецца Тургеневым, чынны, велічны, дзяржаўны спакой Неўскай набярэжнай, маці, якая просіць аб веры для сына і хрысціцца з любоўю на крыж Міколы на Курыных ножках, усё мана, усё міраж.
Казаць Леановічу аб гэтых няўлоўных прыкметах, бадай што, і няварта было. Ён, просталінейны, мог і не зразумець. Таму Гораў даволі бездапаможна ён і сам адчуў гэта і пачырванеў сказаў яму:
Вы дваранiн, капiтан Леановiч, вы павiнны паважаць традыцыi
Леановіч ускіпеў:
А адкуль маё дваранства ідзе, вы ведаеце? Чаму ў мяне да прозвішча прыдомак «Пора», ці, па-простаму, «Пара»?
Не, не ведаю.
Таму што ад бандзюкоў паходзiм, мiл-свет Юрый Аляксандравiч У цараванне, здаецца, цара-цяляцi горад Магiлёў аддаўся ва ўладу баганоснага маскоўскага воiнства. Заўважце, сам. Ну, на знак удзячнасцi жыхароў уганорылi трымаць гарнiзон коштам самога ж вялiкага града. I сталi тут нашы лабiдуды думу думацi. «Гэта каб яшчэ батагамi, дык згода была б усё жыццё з-пад батагоў не вылазiм. А грошыкi тут ужо не. Дудкi».
Стук у дзверы прымусіў Леановіча змоўкнуць. I Гораў сказаў холадна:
Заходзь.
Увайшоў Іван, той самы, з якім Гораў размаўляў на пароме. Грубы, чырвоны твар Івана, твар сапраўднага салдафона, быў мокры. З-пад салдацкай бесказыркі спадала пасма рэдкіх засівелых валасоў. I нягледзячы на тое, што ён быў мокры, хоць выціскай, што з шыняля капала на падлогу вада, кожны пазнаў бы ў ім старога, бывалага салдата. Выраз твару казаў сам за сябе, выраз афіцыйнай адданасці і пачцівасці, праз які відавочна праглядала лёгкая пагарда і свая, незамаскаваная, думка аб усім.
Чаго табе? спытаў Леановіч.
Ваша высакароддзе, вада прыбывае. Рака пайшла старыкам.
Гораў мог бы пабажыцца, што на твары Леановіча, працягам кароткага імгнення, мільганула радасць.
Брашы больш, з недапушчальнай фамільярнасцю сказаў капітан. Што ж, за гадзіну залівені магло так раку наліць?
Пэўна, у вярхоўях некалькі гадзін ліло, ваша высакароддзе. Вадамерная рэйка напалову пад вадой.
Ну і што з таго?
Праз паўгадзіны яна схаваецца ўся. Старыцу залье. Будзем на востраве.
Ну і добра. Дні два можам не чакаць мяцежнікаў Ідзі да дябла.
I, пабачыўшы, што салдат усё яшчэ стаіць, спытаў:
Ну, чаго табе яшчэ?
Прахожыя могуць сунуцца ў ваду на звычайным пераездзе цераз старык Дазвольце мне каравул паставіць Могуць патопнуць.
Твая якая справа? спытаў капітан. Няхай не соваюцца ў ваду, няхай вяртаюцца ў Збароў і там начуюць Ніякіх каравулаў.
Слухаюся ніякіх каравулаў, сказаў Іван і выйшаў.
Леановіч яшчэ хвіліну маўчаў, гледзячы за акно, дзе ў сінім святле маланак буйна скакалі па зямлі густыя вадзяныя бізуны. Потым казаў далей:
I вырашылі рэзаць кроўных братоў. Калі ваш продак сярод іх быў, дык я яму не пазайздрошчу. Таму што некалькі тысяч іх было, і ніхто не ўцёк Пачалося з таго, што нехта са стральцоў на кірмашы пірог у бабы ўхапіў. I тут мой продак, як хрысціянін, не вытрымаў, выбег з ратушы з крыкам «Пара!..».
Увесь Мікалаеўскі спуск касцямі закідалі адсюль і пайшла новая назва: Касцярня Колькі стральчыхі па іх пагаласілі, колькі дзеці! Нічога не зробіш, любоў да брата А чаму? З-за пірага ўсё, родненькі, з-за пірага
З пірага і дваранства наша пачалося. Кароль польскі бац, прывілей: даць Леановічам прыдомак «пара», а як на іхняй мове гэта дрэнна гучыць, то перарабіць яго на «пора». Весяліся, Марцэля! А потым у горад польскае войска, ды кожнага дваццатага жыхара на слуп: няма чаго зламысныя змовы з Масквою заводзіць. Э-ех, павесяліліся.
У вас ёсць народ, ціха сказаў Гораў. Ёсць павага да чалавека, любоў да яго. Хіба гэтага мала? Я ведаю, многа дрэннага рабілі і робяць улады, але ж людзі не вінны.
Мы вельмі любім народ, сказаў Леановіч, усміхаючыся кутком прыгожых губ. Каб зручней залазіць яму ў кішэнь Не-е, вы, Юрый Аляксандравіч, з вашай слінявай вераю ў чалавека ідзіце ведаеце куды? Гэта быдла па галаве трэба біць. I ваша, і наша, і польскае, і ўсякае. Іншага яны не варты Шкадаваць? Каго? За што? За тое, што яны мэкаюць і бобам сыплюць? За тое, што ў іх спіна прыстасавана для сядла? За тое, што іхнія зады самі пэндаляў просяць?.. Не-е, Юрый Аляксандравіч, будзем шчырымі Ёсць мой мозг і мая рука, што кожнага здолее ўзяць за глотку. Я іду! Хіліся!.. I нікога не шкадуй для сваёй мэты Пакуль у сілачку не ўвабешся, маўчы, падпарадкоўвайся і паступова прывучай усіх баяцца цябе А там не шкадуй. Ні жанчын, ні дзяцей. Ідзі па трупах, і добра табе будзе. З людзьмі ўсякія сродкі добрыя. Здрада, атрута, данос, а пасля нож, бізун, турма I не трэба саромецца.