Каліноўскі,здагадаўся Андрэй.
Так, і амаль у тым узросце, што і на тваім дагератыпе. А гэта твой прадзед, мой дзед. У Пецярбурзе зроблена.
Шкада, што аблiчча разгледзець нельга. Маці расчыніла медальён.
Сапраўды, шкада. Добра, што хаця мініяцюры з часам не псуюцца. Хіба на сонечным святле. Але ў медальёне гэта ім не пагражае. Глядзі, гэта прадзед і прабабка.
У прадзеда быў звычайны, даволі мужны твар. Каштанавыя валасы, жаўтаваты колер скуры, уладная складка ля вуснаў. I недзе, толькі ў зморшчынках ля вачэй, дабрыня.
Затое на прабабку Андрэй глядзеў на поўныя вочы. Крылатыя цёмныя бровы над агромністымі цёмнымі вачыма, маленькі рот, магчыма, занадта доўгая бо так тады любілі маляваць мастакі шыя, прамы невялічкі нос. Мастаку добра ўдалося перадаць нейкую мяккую жаночую пакорлівасць у спалучэнні са сціплай, але ўладнай цвёрдасцю.
Бог ты мой, якая жанчына! уздыхнуў Андрэй. I падумаць толькі, што я атрымаўся гэткай пачварай.
Ён яшчэ паглядзеў на партрэт, прыўзняў вейкі на маці:
Ты падобная на яе трошкі А я не.
Ты хутчэй на прадзеда падобны, сказала маці, але скардзіцца табе няма на што У цябе зусім яе вочы. I веі таксама яе. Толькі ў прабабкі вочы былі цёмныя.
Маці і сын моўчкі глядзелі на партрэты ў медальёне
Урэшце, добра, што ты аддала ўсё гэта Марцэлі, сказаў ён, усё іншае пагарэла разам з домам Нічога не шкадую, толькі карцін і кніг шкада.
Маці засмуцілася:
А мне не гэтага. Мне Джэка шкада. Бацька, перад тым як у партызаны ісці, сцягнуў з гары яму ўсе шынкі: піруй, брат.
Меркавалі яшчэ вярнуцца па яго, ды не атрымалася. Так, пэўна, і згарэў з хатай.
Так, сабакі дом, які палае, не пакідаюць.
Маці пакруціла галавой, быццам адганяючы думкі.
Глядзі, вось пярсцёнак. З ланцужнага звяна катаржнік скуў для бабкі. Яе там вельмі любілі, на пасяленні. Яна была вельмі харошы чалавек.
А гэта што? Андрэй паказаў на рукапіс.
А гэта самае галоўнае: успаміны бабкі пра паўстанне і Сібір. Прачытай зараз. Акрамя вельмі своеасаблівага стылю, мне здаецца, яна магла б быць надзвычай цікавым пісьменнікам, там шмат звестак аб людзях і паўстанні. I зусім не так, як у кнігах. Шчыра.
Яна развязала рукапіс:
Асабліва прыглядзіся да парома ў верабіную ноч. Сапраўдны трагізм.
Тонкая рука маці прыкрыла вочы:
Можа б, ты зеў чаго перад абедам?
Не, не хочацца нешта.
То тады ідзі Чытай Трэба ж табе, урэшце, ведаць гэта падрабязна.
I яна зноў патэпала да крэсла, да штодзённых панчох.
Увечары Андрэй спусціўся ў галоўны пакой узрушаны, з чырвонымі павекамі. Рукапіс ён пакінуў у сябе, перачытаць уначы.
Маці толькі што прымусіла бацьку легчы адпачыць. Сядзела з кнігаю пад лямпаю. Мяккі жаўтаваты круг падаў на старонкі, на вузкую руку, на пасму калісьці цёмных, а цяпер напалову пасівелых валасоў.
Прыўзняла на сына цёмныя, зусім яшчэ маладыя вочы.
Прачытаў?
Так, Андрэй моўчкі сеў у другое крэсла, гэта жахліва, ма.
Што ж, яны ведалі, на што ідуць.
I я іх вельмі люблю за гэта, глуха сказаў Андрэй.
Мне здаецца, не слухаючы яго, сказала маці, усё гэта ад хворага сумлення. I я вельмі баюся за цябе. Ты занадта іхні. I зусім не стрыманы. Бацькавай сілы ў цябе няма. Ты знойдзеш нешта. Яму можна будзе аддаць частку сваёй душы. А ты аддасі ўсяго сябе. Да канца Усё адно, што гэта будзе: справа, вершы. А можа, жанчына.
Не трэба, сказаў Андрэй. Алёнка ўсё ж была калісь. Маці маўчала.
Ты тады быў амаль хлопчыкам, сказала яна, а цяпер ты мужчына. I гэта значна больш складана.
У мяне былі другія, сказаў Андрэй.
Ведаю. Але ты нікога не кахаў. Ты сілком затрымаў сябе. I цяпер, калі гэта выбухне, будзе вялікі пажар. Дай бог толькі, каб гэта была дзяўчына, вартая кахання. Толькі гэтага і прашу ў жыцця Часам я думаю, што добра было б, каб ты ўсё жыццё кахаў тую бедную дзяўчынку. Знайшоў бы сабе дзяўчыну друга, якая паважала б тваю памяць пра яе, і спакойна пражыў бы з ёю век.
У адным кутку яе рота зявілася раптам зморшчынка: цень лёгкай усмешкі.
Але потым я ўспамінаю, што лёс даў мне такое няшчасце, як сына-паэта. I я разумею, што ўсё гэта марныя думкі.
Андрэй і маці сядзелі моўчкі. Вецер, што ўзняўся надвячоркам, цяпер ужо добра свістаў і роў за сцяною. Было чуваць, як пепінка, сілячыся ўцячы ад яго пякуча-халодных абдоймаў, часам ціха скрабалася ў акно, у марнай надзеі схавацца ад зімы, счакаць на вясну, адчуць, як той самы вецер стане пяшчотным і мяккім.
Ма, перарваў маўчанне Андрэй, можа быць наша Горава нашчадкам таго чалавека на пароме?
Наўрад ці, абазвалася пасля паўзы маці. Цёзак па прозвішчы шмат Да таго ж, нават калі гэта так, яна не можа памятаць гэтага.
Чаму?
Мімалётная сустрэча на пароме, магчыма, нават цень кахання пра гэта не распавядаюць дзецям Мы запомнілі таму, што для нас гэта было як абвал. Ён разбурыў усё наша жыццё, аддаў майго бацьку ў чужы дом, дом ворага. Ты ведаеш, у бацькоў-паўстанцаў адбіралі дзяцей.
Маці памаўчала.
Не, вядома ж, не памятае, сказала яна.
Раздзел VII
Вясна зявiлася ў Маскву зусiм нечакана. Здавалася, яшчэ нiчога не было, толькi цяклi струменьчыкi бруднай вады з-пад наздраватых куп снегу на газонах, ды цяплейшы стаў адбiтак вячэрняга сонца на мурах дамоў. Усе гэтыя няўлоўныя прыкметы магло заўважыць толькi чуйнае вуха ды вiдушчае вока: больш звонкi, чым зiмой, стук дзявочых абцасiкаў па асфальце, блакiтнае сонейка, якое павiсла на вострым кончыку ледзюка, прамянi, якiя пачалi грэць праз шкло вокан.
А потым пайшло.
Зіма не адступала тут павольна, як у вёсцы, у размераным чаргаванні сонечных дзён і марозных начэй. У горадзе з зімою вялася жорсткая, злая, па-гарадскому, вайна.
Зіму скідвалі з дахаў, як з муроў крэпасці. Яна ляцела ўніз і цяжка ляскалася аб каменне. Яе тленныя рэшткі грузілі на самазвалы і вывозілі прэч, ачышчаючы поле пабоішча.
Яе воіны грувасціліся ўжо за горадам, але зіма, подых яе, усё яшчэ існаваў, усё яшчэ гуляў вуліцамі, усё яшчэ наступаў белымі палямі на гарадскія прадмесці.
I раптам
дзяўчынка ў зацішку, за рагом дома, пачала гуляць у «класікі», скакаць на адной ножцы па клетках, накрэсленых крэйдай.
Мак-мак-мак дурак.
Чамусьці ўсе дзеці з першым подыхам абнаўлення гуляюць у «класы». Дзяўчынка скакала па клетках, і каленкі ў яе былі голыя.
Гэта і была вясна.
А потым пачалася падземная вайна. Сапёры-карані вялі падкопы, каб захапіць абшар для жыцця.
I аднойчы выбухнуў мільёнамі салатных пупышак Цвярскі бульвар. Нават тут, у гэтай цёмнай аўдыторыі, Андрэй адчуваў, як за парцьерамі, што завесілі вокны, сваволіць і бяжыць між дрэў, уздымаючы лёгкі зялёны пылок, гарэзлівы вецер.
Вельмі хацелася кудысьці ў пушчу, дзе блакітам сінеюць беларускія пралескі, дзе ў нетрах такуюць цецерукі. Сядзенне ў аўдыторыі было б зусім нясцерпным, каб не Яніс, які соп поруч, з некаторым здзіўленнем разглядаючы «Данаю» Рэмбранта, ды не мяккі грудны голас, які гучаў у цемры.
Пасля таго, аб чым ён даведаўся ў маці, Андрэю было неяк асабліва добра слухаць гэты голас. I зусім не хацелася ні аб чым пытаць Гораву а раптам яна нічога не ведае, а раптам гэта толькі супадзенне. Няхай сабе нічога не ведае.
Яна зусім не падабалася яму як жанчына. Але аднойчы ён на хвіліну даў сабе волю і спытаў, а што б ён, Андрэй, адчуў, каб яна знікла. I шчыра адказаў сам сабе, што гэта было б дрэн на. Неўпрыкмет ён проста прызвычаіўся, што кожны тыдзень будзе бачыць яе, чуць яе голас, сачыць за ходам яе думкі, смяяцца з яе жартаў.
Ён разумеў, што яе лекцыі не проста лекцыі, што гэта яшчэ і нейкі новы, пакуль мала зразумелы для яго, погляд на жыццё, на яго колеры і гукі, на чалавечыя пачуцці, на мастака і мастацтва.
I яму зусім не хацелася згубіць гэтую крыніцу. Ён ведаў, што кожнага чалавека, які сустрэўся з табою па дарозе і ідзе ў той самы бок, што і ты, трэба вельмі-вельмі берагчы і не губляць з вачэй.
Ты аб чым задумаўся, штурхнуў яго Яніс і пажартаваў: Слухай, пра генія размова ідзе. Пра цябе.
Цiпун табе на язык, шапнуў Андрэй, я пакуль мошчамi быць не збiраюся.
Голас у цемры стаў іранічным:
Зноў магутна прадстаўленая Беларусь размовы вядзе?
Прабачце, сказаў Андрэй, Янiс кажа, што «Цыганка» Халса вельмi падобная на яго жонку.
Адчувальны штуршок пад рэбры:
Свіння.
Зайздрошчу, сказала яна, і вы, Вайвадс, з самага пачатку лекцыі думаеце пра гэта?
Ён хлусіць, забурчаў Яніс, ён проста сказаў, што не хоча быць геніем.
Супакойцеся, сказала яна, гэта небяспека, здаецца, нікому з вас не пагражае.
Зеў? спытаў шэптам Вайвадс.
А голас гучаў зноў. I Андрэй паступова зноў забываў аб вясне, паглыбляючыся ў яго мяккія хвалі.
Саскія штурхнула Рэмбранта на той шлях, па якім ён пайшоў пасля яе смерці. Да гэтага пералому яго любілі ўсе, ён ледзь спраўляўся з заказамі, у яго было трыццаць вучняў Але толькі ў апошнія гады жыцця з ёю, а асабліва пасля яе смерці ён зразумеў, што бюргеры хочуць золата і мармуровых калон, хочуць карцін, якія прыемна казычуць нервы, а перад ім другі шлях выяўленне ўнутранага жыцця чалавека. I на гэтым шляху ён адзін Прымірэння не было.