Леаніды не вернуцца да Зямлі - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч 21 стр.


 Саскія штурхнула Рэмбранта на той шлях, па якім ён пайшоў пасля яе смерці. Да гэтага пералому яго любілі ўсе, ён ледзь спраўляўся з заказамі, у яго было трыццаць вучняў Але толькі ў апошнія гады жыцця з ёю, а асабліва пасля яе смерці ён зразумеў, што бюргеры хочуць золата і мармуровых калон, хочуць карцін, якія прыемна казычуць нервы, а перад ім другі шлях выяўленне ўнутранага жыцця чалавека. I на гэтым шляху ён адзін Прымірэння не было.

Андрэй раптам убачыў, што яна ўзяла нешта з сумачкі, паднесла да вуснаў і глытнула. Потым, пасля паўзы, казала далей голасам, які стаў трохі больш глухім:

 Спыніцца на шляху ён не мог. I з гэтай хвіліны карцінам яго было суджана заставацца з ім да смерці I гэта пасля славы.

Яніс, які ўсё яшчэ не мог забыць крыўды, нахіліўся да вуха Андрэя:

 Гэта пра цябе,  зедліва сказаў ён.  Вершы застануцца з табой.

 Сціхні, бандыт,  сказаў Андрэй.

 I першай з гэтых новых карцін стаў «Начны дазор». Ні сучаснікі, ні мы не здолелі зразумець, што малюе на ёй мастак.

Проста на Андрэя рухаўся знаёмы з дзяцінства натоўп. I сярод гэтага натоўпу схілялася светлая фігура дзяўчынкі з пеўнем у руках.

 Гэта трывожнае пачуццё чагосьці, што вось-вось можа адбыцца. I людзі ідуць змагацца з гэтым «чымсьці» ў імгле і цемры. Яшчэ поўныя сілы, а праз гадзіну, магчыма, аддадзеныя невядомаму.

Андрэй разумеў усё, што яна кажа, нейкімі падсвядомымі глыбінямі, і ўсё гэта было блізкае яму.

 Няўжо Рэмбрант зявіўся адзін? Няўжо ніхто не шукаў разам з ім? Не Не маглі ўзняцца да яго, але шукалі. Вось Вермеер з Дэлфта. Прасцей і натуральней нельга выявіць чалавека. Але яго цікавіў толькі гэты, толькі адзін чалавек, а Рэмбрант агульначалавечы, як кожны геній.

I боль Рэмбранта быў знаёмы многім. Але ў іх гэта быў проста безвыходны боль, а ў Рэмбранта туга па еднасці чалавечай, туга па тым, як цяжка, мудра і нясцерпна жыць кожнаму на зямлі.

Глядзіце, вось «Яўрэйскія клады» Ройсдала.

Яна сціхла на хвіліну. Андрэй бачыў, як ускінулася на светлы прамакутнік экрана яе тонкая рука. Адбіткі дыяпазітыва клаліся і на яе, і праз гэтую руку з плоці і крыві, тонкую белую руку, здавалася, бачна было тое, што на экране. Рука была празрыстай.

 У Бахчысараі, поруч з Чуфут-Кале,  казаў далей голас,  ёсць даліна смерці, могілкі, на якіх хаваюць караімаў з усяго свету. Нашы клады не прыгнятаюць, а гэтае будзе сніцца як кашмар. Нагрувашчанне каменных грабніц, паміж якімі часта нельга праціснуцца. Усё гэта пераплецена гліцыніямі, якія чапляюць вас за ногі і адзенне. А на грабніцах адно імя, без прозвішча і года. Быццам чалавек не варты іншай памяці. Глядзіце, хіба не такія могілкі тут, перад вамі?.. Ніжэй апусціцца нельга. А Рэмбрант добра ведаў цану чалавека, нават у безвыходным адчаі. Ён ведаў: дрэнных няма. I адзінае, што можа ўзняць чалавека, які апусціўся, гэта мастацтва. Мастацтвам гуляць нельга. Гэта не заказ і не гульня ў бірулькі, гэта сумленне зямлі Вось «Давід перад Савулам». Хлопчык, што сам здзівіўся дзіву, якое адбываецца пад яго пальцамі. I Савул, які забіваў і атручваў, азірнуўся на жыццё, і яму стала страшна і шкада сябе.

 Бог ты мой,  сказаў ціха Андрэй,  гэта тое самае, што я думаў.

 Значыць, ты не памыляўся,  шапнуў Яніс.

 Ён ведаў, яму будзе цяжка. Ён ведаў, яму не даруюць трывогі, яму не даруюць «Асура, Амана і Эсфіра». Ён ведаў, нельга бяскарна ўзрошчваць у сабе такое. Але праўда пачуццяў была вышэй золата у яго няма вучняў, імёны яго і Хендрыке абліваюць брудам, ён не патрэбен сябрам. У яго адбіраюць усё, акрамя карцін карціны нікому не патрэбны, нават крэдыторам. Паміраюць усе, каго ён любіць. I ўрэшце памірае ён сам, пакінуўшы няскончаным «Вяртанне блуднага сына»

Голас гучаў такой глыбінёй і страсцю, што Андрэй адчуў, як яму перахапіла подых

 Ён пераможаны, але ён перамог. Таму што нават у апошняй сваёй карціне давёў, што мастацтва можа быць такім жа складаным, як жыццё I нават нечым больш, чым яно. Блудны сын прайшоў усе стадыі прыніжэння, ён не можа нават прыпасці да рук бацькі, бо развучыўся любіць. I ў сыне, галаву якога зядае парша, мы часам угадваем саміх сябе, калі нам цяжка і патрэбна рука, што можа апусціцца на тваю галаву. Нам неабходна гэта.

Рука Янісава дакранулася да Андрэевага пляча.

Калі запалілі святло, Грынкевічу здалося, што з пачатку гэтай лекцыі прайшлі, пэўна, стагоддзі і што тая вясна, якая шуміць за акном, зусім іншая вясна, а сам ён глядзіць на яе другімі вачыма.

Ён устаў, адчуў са здзіўленнем, што злёгку хістаецца на нагах, і падышоў да яе стала.

Людзі паступова пакідалі аўдыторыю. Урэшце яны засталіся адны. Ён стаяў і глядзеў на яе бязважкую фігурку, на шэрыя вочы пад зламанымі бровамі, безабаронныя і насцярожаныя вочы.

 Дзякуй вам, Ірына Сяргееўна,  чамусьці ціха сказаў ён.

 Вам спадабалася? Я рада гэтаму. Вельмі.

 «Спадабалася» не тое слова. Разумееце, у кожнага бываюць свае сполахі. I часам прыходзіць хвіліна, калі здаецца, што ты нічога больш не можаш, што хоць пяро зеш, атрымаецца лухта I гэта, сапраўды, пасля вялікіх страт.

Ён бачыў яе апушчаныя павекі з цёмнымі веямі. Яна сказала:

 Не шкадуйце аб гэтым. Пакуль вы не давядзеце адварот нага, усе людзі будуць ведаць, што вы на пераломе, і будуць чакаць. Старое не вяртаецца. Пэўна, вы сапраўды на парозе чагосьці новага I не пакутуйце: часам гэта цягнецца вельмі доўга і надта балюча. А ў сапраўдных паэтаў праз вялікую тугу, праз абавязковую страту чагосьці вельмі дарагога.

Эпідыяскоп падзяляў іх: маленькая чорная гармата, накіраваная ў сцяну.

 Такое са мною было.

 Ведаю,  проста сказала яна,  я чытала вашу «Смерць на світанні». Але вы пакуль не знайшлі сябе. Значыцца, гэта ўсё яшчэ прыйдзе.

 Я адшукаю гэту дарогу,  сказаў Андрэй,  магчыма, дзякуючы вашаму Рэмбранту.

 Ну, гэта занадта,  сказала яна,  вы з тых, што знаходзяць дарогу самі.

Яна прыўзняла жоўтую сумачку і дадала:

 Толькі не бойцеся, калі на вас будуць шыпець. Ва ўсіх вас ёсць толькі адзін жорсткі суд суд над сабою.

 Ну, яшчэ раз дзякуй,  сказаў Андрэй,  вы добры чалавек, вас радасна слухаць.

Ён выйшаў на калідор. Вясна глядзелася ў вокны празрыста-зялёнымі шатамі дрэў. Ля акна стаяў бялявы Яніс і глядзеў уніз, на кветнік.

 Ты чаго там затрымаўся, падонак?  спытаў ён.  Унь з Марыйкай Крат ледзь праз цябе радзімчык не стаўся.

 А чаго ёй злавацца?  неўразумела спытаў Андрэй.  Што, я забіў кагосьці на яе вачах?.. Дзе яна?

 Там за рагом стаіць.

Грынкевiч пацiснуў плячыма i накiраваўся за рог. Марыя стаяла там, успёршыся на падваконне, i твар яе здаваўся зеленаватым i зменлiвым ад празрыстага ценю веснiх дрэў i цяпер, пакуль яна не бачыла яго, нават добрым. Ва ўсiх астатнiх выпадках Андрэй ведаў толькi тры выразы на яе твары: раздражнення, насцярожанага чакання i яшчэ млявай пяшчоты.

Ён падышоў да яе і стаў поруч.

 Вясна, родная. Добра жыць, праўда?

Яна не адказала. Твар адразу стаў напружаным, абцягнуліся скурай і пачырванелі скулы.

 Што з табой?  спытаў Андрэй.  Сарока пярсцёнак украла?

 Ты ведаеш, што са мной.

 Дальбог, не. Я ж не чараўнік. Зноў нейкае глупства.

 На гэты раз не глупства. Ты хутка пакінеш мяне.

 Вядома. Паеду на канікулы. Калі толькі ты не запросіш мяне да сябе.

 Не запрашу.

 Што ж, тваё права. Тады паедзем да мяне.

 Шлюха да цябе паедзе, вось хто. Iх запрашай.

Андрэй усміхнуўся. Яму ні на каго не хацелася злавацца:

 Ты, аднак, і лаяцца можаш. Гэта я ад цябе ўпершыню чую.

 I не тое пачуеш.

Грынкевіч узяў Марыю за руку.

 Слухай,  сурёзна сказаў ён,  што, уласна, сталася?

 Ты закахаўся ў гэтую там, на лекцыі, тон Марыі быў невымоўна гідлівы.

Андрэя як быццам хтосьці ўдарыў па галаве. Ён стаяў аслупянелы ад гэтай дзікай думкі, не верыў сваім вушам.

 У Гораву?  спытаў ён нарэшце голасам, што прарваўся аднекуль знутры.

 Не вымаўляй яе iмя пры мне.

Тэатральная фраза вярнула Андрэю раўнавагу і здольнасць жартаваць:

 I якія ж гэта прыкметы, што я такі закаханы? Ты растлумач, а то я нешта не бачу.

 Ты пачаў хадзіць на ўсе яе лекцыі.

 Што ж, гэта святы абавязак савецкага слухача,  сказаў ён.

 Глядзіш на яе сабачымі вачыма, гатовы мастом перад ёю расцягнуцца.

Голас лектара, яе спагада, яе словы аб Рэмбранце, нарэшце, тое, што, магчыма, яе продак быў там, на пароме, патрабавалі неадкладнага адказу. Гэтай дарэмшчыны нельга было вытрымаць, нават калі б гэта сказала маці.

 Слухай, такімі словамі не кідаюцца. Гэта ўсё адно як гноем кідаць.

 Я кахаю, таму і кідаю,  плечы яе затрэсліся.

Андрэй, як заўжды, не вытрымаў. Шкадаванне да гэтай жанчыны рабіла яго вельмі слабым, і яна гэта ведала.

 Марыя,  сказаў ён,  гэтак жа ж нельга. Нельга так крыўдзіць людзей. Мяне і яе. Я вельмі яе паважаю. Яна цудоўны лектар і надзвычай добры чалавек. Але гэта ўсё.

Назад Дальше