Добрая сцежка якая, сказаў Андрэй. Вось так бы й пайсці па ёй, каб вялікі груз быў на тваіх плячах, а маленькі на плячах другой.
Адам і Ева? прыўзняла яна зламаныя бровы. Але ж яны пакінулі рай даўно.
Нічога, сказаў Андрэй, шлях яшчэ цягнецца. I невядома яшчэ, куды ён прывядзе іх.
Галіна Іванаўна ўбачыла вузкую стужку рачулкі і паляпала ў шкло да шафёра:
Спыніцеся, Косця. Пабудзем тут хвілін дваццаць.
Бачыце, сказала Горава, вашы жаданні збываюцца.
Толькі Евы няма, збянтэжана сказаў Андрэй, засаромеўшыся яшчэ больш, і з нейкай ненатуральнай фацэтнасцю прыбавіў: Прысутнасць Еў робіць норавы больш мяккімі і высакароднымі.
Яна засмяялася:
Божа, як велягурыста! Нельга ж дазволіць, каб чалавек, ды яшчэ паэт, гібеў у жорсткім і невысакародным стане.
Аўтобус спыніўся. Хлопцы і дзяўчаты рассыпаліся па беразе. Хто смяяўся, хто спяваў, хто проста шпурляў у ваду каменне.
Баранаўскас з энергіяй, вартай лепшага ўжывання, адразу залез на бярозу і крычаў нешта дурнаватым голасам.
Баранаўскас, злазце адтуль, хвалявалася Галіна Іванаўна, хто вы такі, нарэшце?
Снежны чалавек. Баранаўскас сеў на галіну, звесіўшы ногі. Я аднойчы выказаў меркаванне, што снежны чалавек гэта здзічэлы вясковы настаўнік. Чамусьці ніхто гэтым асабліва не захапіўся.
Горава засмяялася, ідучы поплавам да невысокага ўзгорка на беразе. Андрэй пайшоў поруч з ёю. Яны раз-пораз нахіляліся: ён, ірвучы кветкі, яна вузкія лёзы светла-зялёнага шчаўя.
Сцежка ўзбегла на пагорак, з яго адкрыліся выгібы рачулкі, а за ёю замрэяныя, зажураныя, бясконцыя лясы.
Ветрык адтуль варушыў растрапаныя пасмачкі на скронях жанчыны.
Глядзіце, крумкач, сказаў Андрэй.
Крумкач сядзеў непадалёку, у траве, згорбіўшыся і схіліўшы галаву з невідушчымі вачыма, змрочна-панылы, вугальна-чорны і вялізны, як птэрадактыль. Гарбатая, з нарасцямі ад доўгіх год, дзюба была ўнурана ў зямлю.
Старажытны які, задумліва сказала яна, як вы мяркуеце, Андрэй, аб чым ён думае?
Гм бадай што, і скажу Учора быў дзень яго анёла.
Яму мінула чатырыста год.
Чаго ж ён такі сумны? З пахмелу?
Не, ён проста думае, што слабеюць птушкі на зямлі, што не дажыць яму да мафусаілавых год бацькі, які бачыў май пяцьсот разоў.
Бог ты мой, сказала яна, колькі разоў з тае пары плакала і зноў смяялася зямля. І колькі людзей адышло ў нябыт Крумкачову бацьку, пэўна, добра было жыць у тыя гады. Людзі толькі яшчэ прыходзілі з Чарнігаўшчыны, з Кіева, з вашага Прыдняпроўя. Галадалі і паміралі.
I ўсё ж ішлі. А што вы думаеце, усходнеславянскі мужык гэта рэч Але хіба толькі пасля перасялення паміралі тут людзі? З другога боку таксама якая страшная сіла ішла
Тут на Сіці нашы людзі навалам ляжалі: продку гэтай пачвары хапала, пэўна, і вачэй, неакрытых забралам.
Крумкач павольна распасцёр адно крыло і застаўся сядзець.
Што мне ў галаву прыйшло, нявесела ўсміхнуўся Андрэй, а што, калі гэта бацька нашага крумкача прынёс на вежу да княгіні Агафі руку забітага мужа?.. Жылаватую, з залатым пярсцёнкам
Вядома, ён, сказала жанчына. І галасіла ж, пэўна, бедная.
Андрэй заўважыў сум у вачах спадарожніцы і са злосцю шпурнуў у крумкача камлыгай зямлі.
Той узляцеў над зямлёю чорным касым крыжам, зрэдку завальваючыся то на адзін, то на другі бок, быццам не мог трымаць раўнавагі.
Нічога, сказаў Андрэй, яны пайшлі ад нас, добра зрабіўшы сваю справу.
Нашто вы яго так? з дакорам спытала яна.
Ён ад загібелі. А вы жывая. Вы вельмі жывая. I каля вас не павінна быць нічога цёмнага, нічога ад смерці. Гэта вы памятайце.
З прасветленымі вачыма яна павярнулася да яго і сказала:
Добра, спадзяюся, што гэта так. Хадзем. Нас клічуць.
Ад аўтобуса ўжо сапраўды махалі рукамі сябры, запрашаючы ехаць.
Уладзімір адкрыўся вачам неяк зусім нечакана. Толькі што змяілася пад нагамі шэрая дарога, толькі што ківалі галовамі наўздагон машыне кветкі, толькі што яна частавала яго шчаўем і вось ужо зявіліся ўдалечыні белыя, як трошкі запылены цукар, Уладзімірскія саборы.
Хлопчык сядзеў, задзёршы кашульку, ля канавы. Закінуў у яе нітку на лазінцы: вудзіў. Па манамахавым вале гуляла фана бэрыстая каза. Вочы яе, зялёныя, дябальскія, з прамакутнымі вузкімі зрэнкамі, глядзелі на людзей, як на істот ніжэйшай пароды, а выгляд быў на дзіва разбэшчаны і пыхлівы.
Як калялітаратурная дама, сказала Горава, і абое засмяяліся, быццам сапраўды было сказана нешта разумнае.
Вецер гнаў праз Залатую Браму лёгкі пыл, гладзіў расплаўленыя купалы сабораў, гуляў з манетамі абдуванчыкаў у траве.
Усё было добра. I Клязьма, і абшар зарэчча, і дзівосныя муры Успенскага сабора. Але, вядома, лепей за ўсё былі фрэскі Рублёва: іхнія вялікія вочы з роздумам, з такім глыбокім спакоем, з такой трывогаю на дне.
I ранішняе ззянне вакол іхніх галоў. I заглушана-сіні, падобны на ваду ў канцы жніўня, сум, што залёг у складках іхніх хітонаў.
Андрэй амаль не чуў, што гаварыла яна. Ён толькі ведаў, што гэта вельмі добра, што гэта значна, ды яшчэ адчуў, калі яна скончыла, што яна вельмі хвалюецца, што яе плячо, павернутае да яго, дрыжыць злёгку, ці то ад знобкасці, ці то ад узбуджэння.
I тады, шкадуючы яе, ён паказаў ёй вачыма на тое месца, куды глядзелі вочы праведнікаў.
I яна зразумела яго. Удзячна ўсміхнулася.
На тым месцы леў, падобны на горнага аўчара, ляжаў поруч з гарбатым, занураным мядзведзем.
Леў быў сапраўды смешны.
Лаяўся мастак, пэўна, сказаў Андрэй. Адкуль яму было таго льва бачыць?
Горава аж жахнулася, узмахнула рукой:
Што вы, што вы. Рублёў быў манах. Яны да жывапісу істава падыходзілі.
Не веру, сказаў Андрэй. Не-е, такога дзіва не чакайце. Гэта каб наш чалавек ды не лаяўся. Няхай ён нават манахам-разманахам будзе.
Памаўчаў. Прыбавіў:
Але ж глядзіце, як гэты мой цёзка добра ведаў, што толькі два звяры ў свеце ходзяць спачатку дзвюма правымі нагамі, а потым дзвюма левымі.
Што за звяры?
Конь-інаходзец і мядзведзь Так і намаляваў.
Ого. А я заўсёды думала, што гэта ўмоўнасць або памылка.
Дзіўна, але Андрэй амаль бачыў, як Рублёў пісаў гэта. Ясна, ледзь не да галюцынацый.
Грынкевіч ведаў: такі стан, як у яго цяпер, будзе ўвесь час абвастрацца. Ён будзе да болю выразна бачыць усё тое, аб чым будуць размаўляць людзі вакол. Гэтыя праявы будуць яскравець, будуць усё больш набываць крыві і плоці, ператворацца з думак у жывыя карціны, нават у сны.
А потым прыйдзе цяга да вершаў, такая непераадольная, што ён кіне ўсё і будзе пісаць з тым самым болем і неспраможнасцю думаць аб іншым, як жанчына, якая нараджае
Рублёў стаяў на рыштаваннях, сухі, зарослы лёгкай каштанавай барадой. Валасы ў яго былі падхопленыя раменьчыкам. А вочы былі вельмі маладыя.
За мурамі сабора дагарала на купалах сонца, круціліся вакол іх у ружовым вячэрнім паветры стрыжы, а ў саборы цямнела, гусцелі і наплывалі цені.
У Рублёва балелі стомленыя вочы, балела шыя, пальцы зводзіла сутаргай. Святла было мала, і працаваць было нельга. Але ён не мог не працаваць. I не таму, што сохнуў тынк. Проста нельга было адкінуць шалёную прагу работы.
I тады пальцы рукi, што трымала кiсць, успыхнулi ад гэтага жадання i асветлiлi фрэску мяккiм, як апошнiя промні на купалах, святлом.
I вось гэтае святло засталося на скляпеннях і застанецца ў векі вякоў
Андрэй, кранула яго за рукаў Ірына Сяргееўна.
Ведаеце, сказаў Грынкевіч, мне здаецца, я яго бачыў.
Я пачынаю вас баяцца, сурёзна сказала яна.
Аўтобус зноў памчаў усю кампанію. На гэты раз па гасцінцы. Да палаца князя Андрэя ў вёску Багалюбава.
Шанцуе мне сёння на цёзак, смяяўся Грынкевіч.
Вы не смейцеся, сказала яна, зараз будзе вам, бадай што, страшнавата з вашай уразлівасцю.
Чаго гэта, спытаў Андрэй, тут восемсот год таму было весела ветразі падалі на захадзе, лёталі цюкі з шоўкам, бачонкі з сонечным віном. Людзі сабе ў лугах лебедзяў стралялі. Чаго ім было не жыць?
Куды ўжо весялей, iранiчна сказала яна, крамола, нашэсцi, мячы. Татары пад мурамi.
Падумала.
I ўсё ж нічога. Яны тады толькі пачыналі думаць, і ім гэта, напэўна, падабалася.
Яны, мне здаецца, шырэйшымі былі па натуры, больш памяркоўнымі. А потым пачалася татаршчына і ламанне хрыбтоў.
Ну, ламання хрыбтоў і тады было досыць I заўсёды. Багалюбава страшнае не гэтым. Справа ў тым, што тут усё ў мінулым. I яшчэ тое страшна, што тут мастацтва гарэла цьмяна, жудасным нейкім святлом.
Чаму? спытаў Вайвадс.
Таму што фарбы не размешваюць на крыві, вось што, сказала яна. Дзе пачынаюць забіваць людзей, там бывай мастацтва і бывай чысціня.
Яны выйшлі з аўтобуса. Нехта пайшоў па вартаўніка, які павінен быў адамкнуць палац. Ад палаца засталася толькі вежа ды яшчэ галерэя да старой царквы. Зеляніна палыну, быццам кранутая марозам, горка і сумна ліла свой пах у вокны белых палат.