Ён чалавек, сказаў Леановiч, чаго ад людзей чакаць?
Што далей? сурова спытаў Гораў.
Жанчына, відаць, не шкадавала грошай; яна ехала, наступаючы яму на пяты. Як яна магла зрабіць такую дарогу за сорак восем гадзін не ведаю. Гэта трэба быць жалезным чалавекам I ўсё ж фельдегер вырваўся з апошняй станцыі, узяўшы апошняга каня. Ён апярэдзіў яе не больш чым на дзве гадзіны
Твар Горава быў белы як палатно.
Не лічыце графа дурным, раўнадушна сказаў Леановіч Ён памаўчаў хвіліну. Гораў не мог болей вытрымаць.
Дзе той фельдегер?
Вы самі яго перавезлі праз Дняпро надвячоркам Гэты ўлан прывёз мне загад: што б там ні было затрымаць гэтую жанчыну да трох гадзін раніцы. Хопіць, каб прыняў апошнюю літасць ад папа, памаліўся апошнюю ноч і дастатковы час пагайдаўся на шворцы.
А ў яе вечныя пакуты сумлення, што спазнілася на паў гадзіны?
Магчыма, сказаў Леановіч.
Ну што ж, сказаў Гораў, я парушыў ваш план, яна ўсё ж паспее. I гэта дрэнна, тое, што вы зрабілі, гэта вельмі несумленна.
Не мне ж іх шкадаваць. Як кажуць, воўк воўку чалавек. А вы парушылі абавязак і гонар афіцэра.
Гонар у афіцэра не ў тым, каб быць катам, ускіпеў Гораў. А жанчына паспее, яна не можа не паспець.
Леановіч не слухаў яго.
Для самазаспакаення думайце, што гэты інсургент быў крыклівы карерыст, а яго жонка распусніца.
Гэта ганебна, то, што вы кажаце.
Ідзіце па трупах, дарагі Гораў, ідзіце па трупах А пакуль што
Ён пазяхнуў.
пакуль што ідзіце лепей выспіцеся Бадай што, і я пайду.
Голас і ўся яго манера былі поўныя такой усеўладнай і лянівай сілы, што Гораў адразу звяў. Неўсвядомлена, нейкімі глыбінямі душы ён разумеў, што гэты чалавек падобны на сціснутую спячую спружыну, якую лёгка выпусціць з палону, і тады яна бе да смерці. Няварта было рызыкаваць, раз апошняе дзеянне ўсё ж засталося за ім, Горавым. Юрый як мага спакойней паглядзеў у яго лянівыя вочы, поўныя жахлівай пагарды да ўсяго і пустаты, на рэзкі шнар паўз брыво.
Бадай што, ваша праўда, сказаў ён, я добра папрацаваў сёння ў тыя дзве гадзіны, што вы спалі. Трэба адпачыць.
I ён пайшоў угору, да хаткі паромшчыка, вельмі праменькі і ладны. Пора-Леановіч глядзеў яму ў плечы цяжкім, як ртуць, позіркам.
Хлапчыска, сказаў ён.
Гораў спаў да дзесяці гадзін. Калі ён, умыты, ружовы ад сну і заспакоены, выйшаў з хаты на бераг, ён убачыў Леановіча ў той самай паставе, успёртага на парэнчы паромнага прычала. Сігарка дымела ў яго тонкіх спакойных губах, быццам не гадзіны прайшлі з іх ранішняй размовы, а толькі некалькі секунд. Юрый стаў ля парэнчаў у некалькіх кроках ад яго.
Выспаліся? спытаў Гораў.
Анягож, роўным тонам, быццам нічога паміж імі не адбылося, адказаў Леановіч.
Ну вось і добра, сказаў Гораў, зараз снедаць будзем. Сымон ужо і гарэлку на стол паставіў Чаму не пагаманіць пра месца чалавека на зямлі?
Леановіч пакасіўся на яго:
Сумленне спакойнае, чаму і не пагаманіць.
Яны моўчкі стаялі амаль поруч. Леановіч паплёўваў у ваду, Гораў абдзіраў луб з ліпавага прутка.
На процілеглым беразе, над адхонам, зявілася параконная запрэжка ў лёгенькай брычцы. Фурман, асцярожна трымаючы коней за аброць, зводзіў яе да пераправы. Колы брычкі небяспечна падскоквалі па размытых байраках каляін. На заднім сядзенні сядзеў нехта ў вайсковай форме.
Трэба будзе даслаць салдат, каб падправілі спуск, абыякава сказаў Леановіч. I каго гэта яшчэ нясе?..
Зрок у Горава быў не горшы, чым у сапсана.
Учарашні ўлан едзе, сказаў ён і не ўтрымаўся: Мазалі, відаць, набіў на паўшарях, як пірагі.
Гэ-эй, пралунаў над ракою зычны голас.
Афіцэры стаялі моўчкі. Перад імі плыла імкліва-спакойная, скаламучаная плынь. Дзень раздумаў пагодзіцца, і светлаватыя хмары віселі над безжыццёвай ракой.
Гэ-эй, крычалі з таго боку два галасы, паро-ом, паром, паром!
Леановiч лянiва павярнуўся да Iвана. Iван стаяў над адхонам, свежанькi, быццам усю ноч хроп у стайнi.
I чаго наддзіраюцца? незадаволена сказаў Леановіч. Бяры, Іван, трох салдат і перавязі гэтых гарлапанаў сюды.
Хто з афіцэраў паедзе, ваша высакароддзе?
Ніхто, сказаў Леановіч.
Увесь час, пакуль паром пераплываў раку, афіцэры стаялі моўчкі. Няшчыра спакойнымі вачыма яны глядзелі, як адбітак зялёнага берага, разарваны рухам парома, ляніва калышацца ў вадзе, як дрыжачых коней узводзяць на паром, як замацоўваюць калодкамі колы, як паром павольна вырастае ў памерах, набліжаючыся да іх.
I толькі калі ўлан падышоў да іх і адказыраў, Леановіч спакойна кінуў недакурак сігаркі ў раку і адразу ж закурыў новую.
Улан стаяў перад ім моцны, як Геркулес, кучаравы («Ванька-ключнік», падумалася Гораву), з румянымі вуснамі і нахабнымі светлымі вачыма.
Паспеў? спытаў Леановіч.
Так точна.
Што новага?
Генерал Фікельмонт выказвае вам удзячнасць за дасканала выкананы загад.
Што? яшчэ нічога не разумеючы, спытаў Гораў.
Улан стаяў «струнка», але з той няўлоўнай вольнасцю, якая ўласціва фельдегерам і дазваляе думаць аб лёгкай пагардзе да «пехтуры», хоць бы і афіцэраў.
Папа клікаць не давялося, усміхнуўся ўлан, але апошні ліст напісаў.
Дзе была страта? спакойна спытаў Леановіч Стойце вольна.
Улан трошкі адставіў нагу.
За абвахтай, сказаў ён. На конскіх могілках. А палове чацвёртай.
У Горава як абарвалася нешта ўсярэдзіне. Белы як снег, ён спытаў:
Жонку бачылі?
Так точна. Спазнілася хвілін на дзесяць. Я гэта бачыў. Яна амаль да абвахты падышла, а тут на задворках як каленкор ірванулі То яна бегла, а тут пайшла, як сонная А гэты, вядома, яшчэ цёплы быў.
Плакала? спытаў Гораў.
Не, зусім не плакала. Толькі і сказала: «Божа, пакарай іх» Не шкадавала. Я б такую бабу, што мужа не шкадуе, кожны дзень лейцамі б па тым месцы, адкуль ногі растуць.
У цябе тваёй думкі не пытаюць, суха і абыякава сказаў Леановіч.
Дазвольце ісці?
Ідзі.
Фельдегер скочыў у брычку. Коні пацягнулі яе на адхон, склізгаючыся капытамі і ссоўваючы ўніз чырвоны, як кроў, глей
Потым колы заляскаталі паўз хату, па паплаўцу за ёю, па беразе старыка.
А потым вазок знік.
Леановіч нахіліўся над вадой і спакойна сплюнуў у раку недакурак сігаркі.
Тонкі нясцерпны звон напоўніў вушы Горава. Ён мацнеў, мацнеў. Адчуваючы, што прытомнасць знікае кудысь, Гораў варухнуў непаслухмянымі вуснамі. Голас, на яго здзіўленне, быў моцны і звонкі.
I тады, ступіўшы крок наперад, Гораў выразна адчаканіў:
Капітан Пора-Леановіч, вы нягоднік.
Леановіч рэзка павярнуў галаву, адарваўся ад парэнчаў. Яго халодныя вочы з цікавасцю разглядалі Горава.
Гораў, вы забыліся на туз, холадна сказаў ён.
Вы падлюга і нягоднік, сказаў Гораў.
На тры крокі іранічна сказаў Леановіч. Каб разбэшчаная знатнасць не абражала нявіннасці і чысціні.
I раптам пасурёзнеў, на гладка выгаленых шчоках набраклі каменныя жаўлакі.
Што ж, гэтым рана ці позна павінна было скончыцца. Мы занадта перашкаджалі адзін аднаму Зайдзіце ў хату, вазьміце стрэльбу і чакайце мяне на сцежцы ў Турск, ля вярбы.
Я вас даганю Раю ўлічыць: мы ідзём на сяброўскае паляванне. На качак.
I спакойна павярнуўся да Горава спінай. Нават не паглядзеў на яго, калі той накіраваўся да хаты
Яны ішлі поруч, як сябры. Ніхто, нават вартавы ля пераправы цераз старык, не мог бы падумаць, што гэта не ўчарашнія прыяцелі, а ворагі. Леановіч дружалюбна падтрымаў Горава, калі яны ішлі кладкай.
Хата паромшчыка знікла за густымі вербамі, пад якімі ляжаў старык. Хлюпаючы балотнымі ботамі, яны ішлі далей і далей у лугі. А над імі вісела шэрае нізкае неба.
Пойдзем да Камарына. Там зручней.
Камарынам зваўся другі старык, другое старое рэчышча Дняпра доўгае і вузкае возера ў лугах. Яго здалёк адзначалі цёмна-зялёныя шапкі дубоў. Гораву было ўсё адно, куды ісці, ён ведаў, што гэта яго апошняя дарога, і таму ён згодна кіўнуў галавой.
Пора-Леановіч са спакойнай усмешкай сказаў:
Біцца будзем без секундантаў. На гонар. У ваенны час за такую справу, якой мы хочам заняцца, пагражае цытадэла. Таму той, каму пашанцуе забіць другога, не павінен шматслоўна гаварыць пра дуэль, або, як казалі продкі, двабой. Забітага на інсургентаў.
Гораў прагна дыхаў вільготным паветрам, тым паветрам, якое ў дні жніўня выразна прадчувае раскошную цёплую восень.
Крычалі кнігаўкі, малілі аб вадзе, хоць яе досыць было на залітых лугах. I іхні енк аддаваўся недзе глыбока пад сэрцам.
Пі-іць, пі-ць, крычала адна, але Гораву здавалася, што гэта яна ў смяротнай скрусе плача «жы-ыць, жы-ыць».
Няўжо можна проста хадзiць па лугах, не думаючы, што чакае смерць? Вось качка ўзнялася з сiтнягоў, паказала рабое брушка. Напэўна, сэрца яе абарвалася ад жаху, калi яна ўбачыла за спiнамi людзей трубкi, што вывяргаюць полымя i смерць. Адкуль ёй было ведаць, што людзi занятыя больш важнай справай.