А для чаго яны, мячыкі?
Каб выхавацель мог паказваць дзіцёнку мячыкі рознага колеру, развіваючы такім чынам яго здольнасць адрозніваць колеры. Разгойдваючы шарык у розныя бакі і прыгаворваючы «наперад-назад», «угару-ўніз», «направа-налева», выхавацель знаёміць дзіця з прасторавымі ўяўленнямі. Паказваючы шарык на далоні і хаваючы яго, прыгаворваючы пры гэтым: «ёсць мячык няма мячыка», знаёміць дзіця са сцвярджэннем і адмаўленнем.
Суседка працягнула ёй невялікія мяккія ваўняныя мячыкі, пафарбаваныя ў розныя колеры чырвоны, памаранчавы, жоўты, зялёны, сіні, фіялетавы (гэта значыць колеры вясёлкі) і белы. Кожны мячык-шар на матузку.
Яшчэ з лесвіцы яна ўбачыла, што каля яе кватэры стаіць чалавек у зімовым строі рыбака са скрыняй з прыладамі і пакункам з прадуктамі. Быццам бы нічога не змянілася, усё, як запланавалі.
22 снежня 2012 годаШкола 26
Маньяк у доме «Палітпроса»
«Дом палітпроса» дом палітычнай асветы, скарочаны варыянт ад расейскага «дом политпросвещения». У часы развітога сацыялізму, якія пасля былі названыя часамі застою, кожныя два тыдні ў Гомелі нас са школы па вечарах вадзілі ў абавязковым парадку ў Дом палітпроса на лекцыі пра міжнароднае становішча. Доўгімі восеньскімі вечарамі туды ж заганялі яшчэ шмат дзяцей з іншых гарадскіх школ. Зала вялікая, крэслы чырвоныя, мяккія. Лекцыі найнуднейшыя пра сіянізм, пра амерыканскую ваеншчыну і барацьбу за мір у СССР. Чыталі лекцыі памятыя дзядзечкі з трыбуны мала што разабраць было. І слухаць нецікава тады прамовы з такім зместам ліліся з радыё, з тэлебачання, з газеты «Правда», якую нам даводзілася чытаць, рыхтуючыся да штотыднёвых палітінфармацый у класе. Быў набор словаў, які прагаворваўся як бы міма свядомасці, але відаць, трапляў у падсвядомасць. Шум, ідэалагічны шум.
І вось у Доме палітпроса завёўся маньяк. Сэксуальны вычварэнец. Педафіл, якога вабілі дзяўчаты-падлеткі. Уваход у Дом палітычнай асветы быў бясплатны і не надта кантраляваўся. І маньяк даведаўся пра такую зручную пляцоўку, дзе шмат дзяўчат без бацькоў. І пачалося Маньяк адсочваў ахвяру, ціхенька-спакойненька сядаў за спінай дзяўчынкі. І як толькі лектар пачынаў нудзець пра сіянізм і агрэсію, маньяк нахіляўся над вухам дзяўчынкі і пачынаў нашэптваць непрыстойнасці з назвамі ўсіх органаў і дзеянняў. Ахвяра сядзела ў мяккім крэсле паралізаваная ад немагчымасці нічога зрабіць. Лекцыя заканчвалася, маньяк сыходзіў. І мы ведалі, што кожны раз падчас лекцыі маньяк будзе ў зале. Паскардзіцца настаўнікам немагчыма, бо нават не ведалі, як сфармуляваць.
Маньяк быў брыдкі і даставучы. Але мы яго перамаглі. Перамога зявілася вынікам супольных дзеянняў. Не памятаю, хто прыдумаў. Але ідэя была геніяльная: абядноўвацца ў группы, глядзець на маньяка ва ўпор і абгаворваць яго, абсмейваць, перамагаючы страх. І гэтая публічнасць маньяка даканала ён не здолеў быць абектам кпінаў і знік з далягляду, прынамсі ў той дзень, калі прыходзіла на палітасвету наша школа 26.
Цяпер ніяк не магу зразумець настальгіі па СССР, асабліва ў маладых людей, якія настальгуюць па тым, чаго не ведаюць, а калі нешта памятаюць то пламбір па 20 капеек ды газіроўку па 3 капейкі. Згадваю доўгія нудныя прамовы, поўныя нянавісці да ўсяго свету, хлусню, аднастайнасць жыцця ды яшчэ шмат чаго брыдкага. Саветызацыя гэта зло, адназначна.
Ганаровая варта
На 9 Мая ў Гомелі падчас параду ветэранаў мы стаялі ў гольфах і з белымі бантамі ў ганаровай варце каля помніка Леніну на плошчы, насупраць тэатра. А на 11 верасня ў нас была варта каля помніка Дзяржынскаму, насупраць КДБ, бо наша піянерская дружына была названая ў гонар Дзяржынскага.
Аднойчы пачалася бура: дождж, вецер, галюкі з дрэваў паляцелі. А класная не ведала, што рабіць. Так мы і стаялі пад дажджом. Тады з будынка выскачыў «рыцар з гарачым сэрцам» і спрабаваў зняць нас з варты. Але мы не сышлі. Ён пабег да настаўніцы, каб паслалі наступную змену і толькі тады мы пакінулі пост. Пасля нас, мокрых, завялі ў КДБ паказалі музей, гарбатай напаілі.
Яшчэ ў Гомелі нас ставілі на «Почётный пост 1», каля Вечнага агню. На тыдзень здымалі з урокаў, выдавалі паўвайсковую форму і муляжы аўтаматаў. Кармілі ў кавярні «Залатая рыбка». Там кіраваў маёр тады яшчэ рэальны ветэран (быў 1982 год). Маёр паходзіў з Расіі і вучыў нас клятве з «оканнем»: «У Огня (націск на О) и Гранита ЮнОрмеец стОит, нет, ничто не забытО и никто не забыт! С гОлОвами пОникшими над Отцами пОгибшими станем мы» Як мы рагаталі з гэтага вымаўлення. А потым апагей: «То, что Отцы не доделали, мы дОделаем». Апошнюю фразу мы проста не маглі паўтарыць без рогату, і працэдура падрыхтоўкі прыняцця прысягі працягвалася у двары кінатэатра Калініна, за Вечным агнём. І яшчэ казалі, што выбіраюць выдатнікаў на «Почётный пост 1», а гэта была няпраўда выбіралі тых, у каго ногі доўгія і роўныя. Ваенрук ішоў, глядзеў на ногі і казаў: «Ты, ты і ты!»
А яшчэ мы верылі ў піянераў-герояў, і шмат размаўлялі пра тое, што рабіць, калі пачнецца вайна. «А ты вытрымаеш, калі табе пілой будуць пазваночнік пілаваць? А калі зорку выразаць на спіне? А рукі ў агонь?» Быць аблітым ледзяной вадой на марозе здавася літасцю ад ворага ў параўнанні з іншымі відамі катаванняў. Як іх вытрымаць? Як не выдаць таварышаў? І выйсце бачылі адно: суіцыд, каб не стаць здраднікамі пры катаваннях.
Экран непаспяховасці
Даведалася, што гомельская школа, якую я скончыла, святкуе нешта накшталт юбілею 55 гадоў. Значыць, дзверы свае для навучання школа адчыніла ў 1960 годзе. Яшчэ даведалася, што збіраюць кантакты залатых медалістаў, якія скончылі школу. Напэўна, каб запрасіць на ўрачыстасць. Паспрабавала падлічыць прыкладную колькасць медалістаў за гэты час, атрымалася дастаткова шмат больш за 300 (хаця, можа, я памыляюся, з матэматыкай заўсёды былі нелады).
У дзясятым класе я і дзве сяброўкі патрапілі на «Экран паспяховасці», а ў нашым выпадку на «Экран непаспяховасці», які меў падзагаловак «Как успевают неуспевающие».
«Успевают» у сэнсе вучацца, рухаюцца да школьнага поспеху ў належным тэмпе. «Не успевают» спазняюцца, адстаюць на шляху да мэты, гальмуюць на лесвіцы паспяховасці, выбудаванай савецкай сістэмай адукацыі.
Экран дошка насупраць настаўніцкай, каля кабінета біялогіі.
На экране непаспяховасці нашы прозвішчы зявіліся, бо ў выпускным 10-м класе мы мелі двойкі ў чвэрцях па алгебры і геаметрыі. А гэта значыла, што быў шанц скончыць школу не з атэстатам, а з «даведкай», якая закрыла б усе жыццёвыя перспектывы.
На экран «Как успевают неуспевающие» пераносіліся ўсе нашы адзнакі не толькі па тых прадметах, па якіх мы «не паспявалі», але і па ўсіх астатніх. На экране можа было пабачыць усе адзнакі, якія мы атрымлівалі штодня па ўсіх прадметах разам з фізкультурай і вайсковай падрыхтоўкай.
У чым быў сэнс экрана непаспяховасці і хто яго выдумаў? Не ведаю дагэтуль і наўрад ці даведаюся.
На юбілеі школы двоечнікаў не збіраюць, факт.
А «Дошкі ганьбы» пры СССР былі значна цікавейшымі за «Дошкі гонару» і выклікалі больш рэфлексій.
Дзіцячы працоўны лагер
У вёску Рудня Шлягіна, якая ўжо не існуе пасля чарнобыльскай катастрофы, нас везлі з Гомеля спачатку па рацэ па Сажы на ракетах «падводных крылах». Пасля на грузавіках. Калі прывезлі, патлумачылі, што ў нас быў спецрэйс, а так сюды толькі на самалётах-кукурузніках можна даляцець, таму бацькоў не варта чакаць у госці падчас працоўнага лагера.
Нам было па 13 гадоў. Мы палолі моркву. Капаніцамі капанічылі траву і выдзіралі рукамі.
Мы жылі ў былой царкве, дакладней капліцы, якая стаяла пры могілках. Справа ад царквы былі могілкі з крыжамі. На крыжах белыя вышытыя ручнікі. Яны варушыліся ўначы пад ветрам. У 1981 годзе я, страшна далёкая ад народнай культуры, была ўпэўненая (і не толькі я), што ручнікі адмыслова навязалі на крыжы, каб палохаць нас, каб страшна было ісці ў прыбіральню ноччу. А прыбіральня была, нават не ведаю як сказаць збоку, каля могілак, але яна была практычна на саміх могілках.
Каля ўвахода ў царкву была яшчэ адна асобная магілка за агароджай. Мне мясцовая дзяўчынка патлумачыла, што тут падчас вайны чалавека бомбай забіла. І так забіла, што пахаваць тое, што засталося, давялося тут, адразу на месцы. Пахавала адна добрая жанчына, якая і да гэтага часу даглядае (на момант 1981 года).
З мясцовых жыхароў я закантактавала з адной дзяўчынай, якая размаўляла быццам бы па-руску (яна так сама думала), але так, што я не ўсе словы разумела. Яна паведаміла мне ўрачыста, што ў іх школе ёсць настаўнік, які «говорыць толькі па-беларуску» і так «смешна». І, магчыма, ён нават паэт. Хто б гэта мог быць? Хто гэты беларускі паэт? Хто гэты адважны чалавек сярод балот? Падумайце вёска Рудня Шлягіна, 19811982. Хто з адраджэнцаў апошняй хвалі там настаўнічаў?
Па начах мясцовыя лезлі ў вокны царквы, як героі «Вія». Мы спрабавалі бараніцца. Пад канец працоўнай змены ўсе вокны нашай капліцы былі забіты дошкамі. Шкла не было ўжо.
Увесь гэты час з намі была класная выкладчыца ангельскай мовы. Спала яна таксама з намі ў адным памяшканні. Па начах я класную палохала: прапаноўвала ўявіць, што яе раскладушка стаіць якраз на тым месцы, дзе ў царкве ставілі труну. І, відаць, так яно і было. Класная вішчала, падскоквала і спрабавала перасунуць раскладушку. Марна.
А калі падумаць у нас маглі быць і летнія моўныя курсы. А маглі б вывучыць мову, ці нават мовы беларускую і ангельскую. Вёска Рудня Шлягіна стала ахвярай глабальнай тэхнагеннай кастрофы СССР. І ангельскую мову з нашага класа ведаюць толькі тыя, хто зехаў за мяжу. А такіх у нас шмат. Дырэктар нашай школы фізік Раальд Зянонавіч Грахоўскі памёр ад анкалогіі, вярнуўшыся пасля працоўнага дзіцячага лагера, які адбыўся адразу пасля красавіка 1986 года.