Па начах мясцовыя лезлі ў вокны царквы, як героі «Вія». Мы спрабавалі бараніцца. Пад канец працоўнай змены ўсе вокны нашай капліцы былі забіты дошкамі. Шкла не было ўжо.
Увесь гэты час з намі была класная выкладчыца ангельскай мовы. Спала яна таксама з намі ў адным памяшканні. Па начах я класную палохала: прапаноўвала ўявіць, што яе раскладушка стаіць якраз на тым месцы, дзе ў царкве ставілі труну. І, відаць, так яно і было. Класная вішчала, падскоквала і спрабавала перасунуць раскладушку. Марна.
А калі падумаць у нас маглі быць і летнія моўныя курсы. А маглі б вывучыць мову, ці нават мовы беларускую і ангельскую. Вёска Рудня Шлягіна стала ахвярай глабальнай тэхнагеннай кастрофы СССР. І ангельскую мову з нашага класа ведаюць толькі тыя, хто зехаў за мяжу. А такіх у нас шмат. Дырэктар нашай школы фізік Раальд Зянонавіч Грахоўскі памёр ад анкалогіі, вярнуўшыся пасля працоўнага дзіцячага лагера, які адбыўся адразу пасля красавіка 1986 года.
Навошта гэта было? Хто прыдумаў дзіцячыя працоўныя лагеры, падобныя на «хімію»? Не разумею настальгіі па СССР.
А ў інтэрнэце ў інфармацыі пра жыхароў вёскі Рудня Шлягіна напісана: «2010 год жителей нет».
Урок за зялёнай фіранкай
Лічылася, што ў школе, у якой мы вучыліся (а было гэта ў Гомелі на вуліцы Савецкай), добры матэматык.
Урок алгебры ў нас пачынаўся наступным чынам: клас дзяліўся на два варыянты, кожны варыянт атрымліваў сваю задачу. Адначасова настаўнік выклікаў двух вучняў да дошкі, яны таксама атрымлівалі ўмовы тых жа задачаў. Вучні станавіліся з двух бакоў дошкі, а настаўнік, як кулісай у тэатры, захінаў іх светла-зялёнай фіранкай.
Часам да дошкі даводзілася выходзіць і мне. Так я апыналася за зялёнай фіранкай з аркушыкам паперы з умовай задачы і белай крэйдай у руцэ. Упэўненымі рухамі з націскам запісвала ўмовы задачы на дошцы. Напрыканцы ставіла дзве паралельныя рыскі раўняецца
І ўсё. Ужо адпачатку, калі запісвала ўмовы задачы, я ведала, што мне яе не рашыць, бо зусім і абсалютна нічога не разумела ў алгебры. І ўсе гэта ведалі. Але мусіла заставацца за фіранкай і чакаць, калі выпрабаванне скончыцца.
Звонку, за фіранкай, дыхаў, перашэптваўся клас, там хтосьці ведаў, як рашыць задачу, а нехта не.
За зялёнай фіранкай, калі паглядзець угору, можна было бачыць над дошкай толькі партрэт матэматыка Лабачэўскага вельмі падобнага на паэта Блока.
Час сыходзіў, і настаўнік адшморгваў фіранку, я заставалася стаяць перад усімі з нявырашанай задачай толькі дзве рыскі пасля. Ніхто і не чакаў ад мяне іншага. Фінал быў вядомы адпачатку.
У класны журнал настаўнік ставіў мне кропку, аналаг самай нізкай адзнакі адзінкі. Меркавалася, што здольная буду выправіць кропку на іншую адзнаку.
Можна спытаць як я вучылася? Як скончыла школу? Мне дапамагла Каця сяброўка-выдатніца і шахматыстка, з якой мы сядзелі за адной партай. Гэта Каця рашала за мяне задачы ў тых выпадках, калі гэта было магчыма не за зялёнай фіранкай. На выпускных іспытах Каця зрабіла і свой, і мой варыянт кантрольнай. Толькі дзякуючы сяброўцы я атрымала атэстат і скончыла школу.
Калі віншавала Кацю з новым 2015 годам, сказала: «Жадаю паспяховага рашэння жыццёвых задач».
Як ты сфармулявала! адказала Каця.
І у прынцыпе, тэкст не толькі пра жахі школьнага жыцця, гэта аптымістычны тэкст. Бо калі сам нечага не можаш і не ведаеш, то заўсёды ёсць той, хто ведае і дапаможа.
Жыццё штодня ставіць перад намі розныя задачы. І часам здаецца, што яны невырашальныя. Але гэта не так. Кожная задача мае сваё рашэнне. Калі мы рашэння не ведаем, тое зусім не значыць, што яго не існуе.
Размаляваныя кнігі: злачынствы і пакаранні
Тата аддаў мне кнігу біяграфію Чэзарэ Бекарыа гуманіста, які ў XVIII стагоддзі абгрунтаваў абсурднасць, неэфектыўнасць і непатрэбнасць смяротнага пакарання. Разгарнула кнігу, а яна ўся ўсярэдзіне пакрэсленая алоўкам, аж да дзірак. Падумала, што кніга была набыта ў букіністыцы, але ж не тата сказаў, што кніга стала такой пасля таго, як ён даваў яе студэнтцы, якая пісала дыплом па Бекарыа (даўно-даўно, калі інтэрнэту яшчэ не было). Як можна не баяцца пакрэсліць кнігу, якую даў выкладчык, і вярнуць яму ў такім выглядзе? Зразумець не магу. Адважныя і нахабныя палескія студэнткі былі ў часы позняга СССР.
Дарэчы, праца Бекарыа называецца «Пра злачынствы і пакаранні». Размаляваная кніга засталася злачынствам без пакарання.
Дарэчы, праца Бекарыа называецца «Пра злачынствы і пакаранні». Размаляваная кніга засталася злачынствам без пакарання.
У 1975 годзе, калі я вучылася ў 1 «Б» класе сярэдняй школы 26 г. Гомеля, у аднаго вучня ў хрэстаматыі для чытання настаўніца знайшла размаляваную выяву маленькага Леніна Валодзі Ульянава. У маленькага Валодзі-анёльчыка былі намаляваныя чорныя рогі, барада і асліныя вушы. Настаўніца пачала правяраць кнігі ўсяго класа і жах-жах-жах знайшліся яшчэ чатыры кнігі, у якіх маленькі Ленін быў з рагамі. Кнігі былі не бібліятэчныя у першы клас мы пайшлі з падручнікамі, набытымі асабіста. Наша першая настаўніца вельмі добры педагог і чалавек. Ветэран Другой сусветнай вайны, на правай руцэ мела татуіроўку «Жэня» з росчыркам я як цяпер памятаю гэтую руку, якая ставіць мне ў дзённік адзнаку. Настаўніца выходзіла часам з урока, каб пакурыць «Беламор» у прыбіральні для дзяўчынак малодшых класаў. Але ці можна было ў той час заплюшчыць вочы на сапсаваныя чытанкі і апаганенага Леніна? Нельга. І тут такая сітуацыя у першым класе апаганілі Леніна. Была створаная міні-следчая камісія, выкліканы дырэктар. Вінаватыя плакалі, а іх пыталі: хто першым пачаў, хто навучыў размалёўваць маленькага Леніна, маляваць рогі? Увесь клас быў сведкам разбіральніцтва. І цяпер памятаю прозвішча таго, хто першым намаляваў Леніну рогі ў нашым класе, ён прызнаўся. Чаму размаляваў менавіта Леніна засталося невядома. Не памятаю, якім было пакаранне. Але кнігі больш не размалёўвалі.
Нядаўна маладая сяброўка-сацыёлаг сказала, што не ўспрымае кнігу як прадмет, як каштоўнасць, а толькі як тэкст. Шмат думаю апошнім часам, што кніга як рэч усё адно застанецца, але як прадмет раскошы.
Камсамольскі білет і красоўкі
У 1983 годзе ў Гомелі на вуліцы Кожара ў доўгім доме, які называлі «Кітайская сцяна», адчынілі новую краму спартыўныя тавары. Падчас адкрыцця я праходзіла побач; ішла ў кінатэатр «Юбілейны», зайшла ў новую краму, і цуд там прадавалі красоўкі! Бела- чырвоныя. Купіць красоўкі было рэальна, але грошай з сабою не мела. Пасля фільма зайшла дахаты узяла грошы ў бацькоў, прыйшла ў краму красовак ужо не было. У мяне характар такі, што ўвесь час на нешта нерэальнае спадзяюся на працягу года хадзіла ў тую краму, чакала, што зноў будуць красоўкі. Марна.
У 1984 годзе тата паехаў на працу ў Славакію ў горад Нітру. На вясновыя канікулы мы з мамай сабраліся да яго ў госці. Мне аформлі замежны пашпарт, савецкі здалі ў АВІР. І перад самым адездам даведаліся: камсамольскі білет трэба таксама пакінуць на тэрыторыі СССР, здаць яго ў Гомельскі абкам камсамола, у сейф. У абкамаўскім кабінеце з сейфам высветлілася, што камсамольскі білет нельга здаць так проста: няма пячаткі адзнакі пра сплачаныя ўнёскі. Унёскі па 2 капейкі, плацілі іх кожны месяц, але пячаткі ставілі звычайна пасля, адразу за некалькі месяцаў. А ўжо вечар. Мы тэлефанавалі ў школу. Сейф з пячаткай пра выплату ўнёскаў знаходзіўся ў піянерскім пакоі. Выклікалі школьную піянерважатую, штампавалі білет, я зноў бегла ў абкам камсамола і здавала камсамольскі білет з пячаткамі. Камсамольскі білет зачынілі ў сейфе, а мы паехалі ў Славакію.
Ехалі праз Чоп. Памятаю дэталі начнога пераезду праз мяжу таямнічая малазразумелая змена колаў у вагонах. Мне здавалася вельмі важным адчуць сам пераход з адной рэальнасці ў другую, той момант, калі заканчваецца нашая краіна і пачынаецца іншая. Іншая краіна як іншая планета. Зыркія пражэктары, узараная зямля на нейтральнай паласе. І вось наш вагон на новых колах коціцца праз цемру, але цемра гэта ўжо не нашая іншая. Замежжа.
Нітра ўразіла замкам, апельсінавым сокам, касцёлам, дзе стаялі на каленях людзі. І крамай, у якой мне адразу купілі дзве пары красовак без чаргі ды блату.
Не памятаю, як вярталі камсамольскі білет пасля прыезду. Эпізод сцёрты з памяці, але вярнулі факт.
У лютым 1991 года ў Вільні каля будынка парламента пабачыла слуп, на якім цвікамі былі прыбітыя камсамольскія і партыйныя білеты так людзі развітваліся з важнымі дакументамі савецкага часу, з савецкім мінулым. У Вільні мы былі ў камадзіроўцы працавалі ў архіве, жылі недалёка ад парламента. Некалькі дзён падыходзіла да гэтага слупа, думала, ці не прыбіць і свой камсамольскі білет ён быў са мною. Вырашыла не прыбіваць, пачакаць, зрабіць гэта ў Беларусі, калі прыйдзе час. Час прыйшоў, не было такога слупа. Камсамольскі білет дагэтуль у мяне.