Таварыства кнігалюбаў - Андрэй Лазар 2 стр.


Я пашкандыбаў дахаты так павольна, што, напэўна, і смоўж абагнаў бы мяне. Нечаканыя падзеі затлумілі галаву, нічога не хацелася, таму настрою працаваць не было. Дома я паглядзеў фільм пад нумарам 100 са спісу найлепшых кінашэдэўраў ХХІ стагоддзя. Фільм быў настолькі цікавы, што я пад яго сумленна заснуў.

Назаўтра мяне з нейкага перапуду панесла праверыць, як справы ў храме ведаў. Чаго ж не зробіш, каб адкласці напісанне дысертацыі на заўтра.

Перад бібліятэкай мітусілася яшчэ большая, нават непраходная чарга. Над дзвярыма вісела вялізная абява: «Уваход у бібліятэку 10 умоўных адзінак за гадзіну». «Нічога сабе! Такога я не чакаў!» эмоцыі ваявалі з розумам. Праз колькі хвілін на сваім мабільным прыстасаванні я прачытаў, што дырэктары бібліятэк «вымушаны ўвесці плату за карыстанне бібліятэкай у сувязі з наплывам наведвальнікаў і для паляпшэння іх абслугоўвання». Людзі ўпарта не разыходзіліся. Я зразумеў, што сёння папрацаваць у чытальнай зале не давядзецца. Праз Валянціну, знаёмага менеджара па прыбіранні пакояў, бо да астатніх супрацоўнікаў не мажліва было дабіцца, я даволі хутка зайшоў у бібліятэку праз службовы ўваход, дамовіўся аб падоўжаным тэрміне карыстання кнігай «П.Р.», а таксама ўзяў дадому такую-сякую літаратуру.

Пакуль мне неслі кнігі, я, як звычайна, пачаў у навуковай чытальнай зале гартаць слоўнік, які стаяў у вольным доступе. На адной старонцы я заўважыў купюру наміналам 100 умоўных адзінак не паверыў сваім вачам і хутка загарнуў гэтае выданне. Прынеслі патрэбныя кнігі. Я паклаў «заможны» слоўнік на стол, адвярнуўся, выбраў неабходную літаратуру. Тут мне падумалася: «А можа, трэба было б тыя 100 адзінак узяць сабе, раз выпаў такі шанец?» Раптам падышоў чалавек, моцна паціснуў мне руку і выйшаў. Што гэта было, я зразумеў потым, калі ў слоўніку не знайшоў сваіх грошай.

Я прыйшоў дадому, сеў за стол, але праца не ішла. З галавы не вылазіў гэты чэк, гэтыя кнігі, гэтыя людзі Крыху раззлаваны, я палез у інтэрнэт. Усе навіны былі забітыя «жартам мільярдэра». Чаго тут толькі не лупцавалі! Рэпартажы, версіі, аналітыка, чуткі Пісалі, што мільярдэр проста робіць сабе рэкламу, таму адмаўляецца ад любых каментароў. Што бібліятэкары проста нахабна зарабляюць грошы на бедных людзях, бо ўночы, і гэта бачыла мноства людзей, яны перабралі фонды, знайшлі грошы, але вырашылі прытрымаць іх, каб людзі ішлі ў бібліятэкі. Што такая падзея павінна паўплываць на развіццё кніг. Што на чэк палююць розныя структуры і арганізацыі. Што людзі бяруць выхадныя, каб пайсці ў бібліятэку. Што зявіліся неверагодныя чэргі, у якіх адбываюцца махінацыі. Што чэка няма Вечарам апублікавалі вялізны артыкул пра эканамічны эфект ад «чэка ў бібліятэках». У сацыяльных сетках хваліліся, хто колькі грошай і ў якой бібліятэцы знайшоў. Некаторыя пісалі, што нават прачыталі тую шчаслівую кнігу, дзе іх чакаў грашовы прыз. Эканамісты падлічылі, што за два дні ў «кнігасховішчах» знайшлі каля мільярда. З гэтай нагоды сурёзныя аналітыкі сталі сцвярджаць, што бібліятэкары самі падкладваюць грошы, каб зацікавіць людзей. Паказвалі першыя падробкі ўсімі жаданага чэка Карацей, інтэрнэт і разам з ім увесь свет шумелі, ды і тэлебачанне не адставала. Адметная навіна завітала ў кожны дом. Некаторыя эксперты нават прагназавалі нашэсце турыстаў з нагоды «чэкавай ліхаманкі». Пакуль я ўсё гэта перачытаў, надышла ноч. Мой графік работы над дысертацыяй падказваў, што я яго крыўджу і не выконваю. Таму праз «не хачу» на стол былі-такі выкладзены кнігі.

Я доўга глядзеў на «фаліянты» і змагаўся з жаданнем пайсці спаць. І тут мне кінулася ў вочы, што кніга «П.Р.» нядаўна была падклеена. Неверагодныя думкі ўлезлі ў маю ачмураную навінамі галаву. А раптам там чэк? Яго ж маглі схаваць не на старонках, а, як у старажытнасці, у пераплёт. Як той вандал, я разрэзаў стары пераплёт унікальнай кнігі. І знайшоў там чэк. Стары чэк на прадяўляльніка на суму адзін мільярд умоўных адзінак! Я ледзь не пасівеў.

Я хацеў адразу кінуцца ў банк, каму-небудзь патэлефанаваць, крычаць пра ўдачу на цэлы свет, але Праз хвілін пятнаццаць эйфарыя прайшла і на мяне напалі высакародныя думкі. Я падумаў, што, калі зараз паведаміць каму-небудзь аб знаходцы, людзі зноў адвернуцца ад бібліятэк, ад кніг, ад таго, што дорага душы і сэрцу, таго, за што я ціха і без надзеі на перамогу змагаўся палову свайго жыцця. Вось гэтая ўзнёслая і нікому не патрэбная сентыментальнасць ці натхнёнасць прымусіла мяне не паказваць чэк нікому. Хаця б тры дні А ўпартасці і сілы волі там, дзе яе выяўляць не абавязкова, мне заўсёды хапала.

Праз тры дні я сядзеў дома і разважаў, што рабіць далей. Дысертацыя сумна паглядала на мяне і амаль што плакала. Думкамі апанаваў чэк, мроілася пра маю ролю ў свеце, наляталі развагі пра лёс, фантастычныя планы і шмат чаго яшчэ. І толькі цяпер мяне нешта насцярожыла ў чэку. Ён быў нейкі стараваты з выгляду, але астатнія акалічнасці не пакідалі сумненняў дакумент сапраўдны. За тры дні пра эканамічныя варункі і не толькі можна даведацца вельмі шмат. Чым я, між іншым, таксама займаўся, калі крыху адключаў летуценне. Таму я не надаў належнай увагі цвярозым назіранням, а палічыў іх выбрыкамі свядомасці і ператамленнем ад эмоцый.

Тым часам па тэлебачанні казалі, што розныя арганізацыі шукаюць сляды чэка. Што невядомыя рабуюць дамы людзей, якія бралі «на рукі» якую-небудзь літаратуру з якіх-кольвек бібліятэк. Што натоўп людзей у бібліятэках стаў трохі меншым. Што некаторыя зарабілі на «дасціпнай акцыі мільярдэра». Што стала адраджацца хоць нейкая цікавасць да кніг. Выданні наперабой друкавалі рэйтынгі самых шчаслівых бібліятэк і кніг горада, дзе людзі знаходзілі якія-небудзь грошы, але як і кім гэтыя рэйтынгі складаліся, заставалася загадкай.

Я быў, так бы мовіць, на ростанях. Вакол маёй хаты швэндаліся падазроныя людзі, чаго раней не заўважалася. Час ішоў. І гэта магло скончыцца не вельмі добра. Трэба было нешта вырашаць, таму я палічыў, што мая павольнасць выканала сваю справу. Людзі зноў гавораць пра літаратуру, няхай і ў дзіўным святле. Але хай так але гавораць. Час падумаць пра свой лёс. Я яшчэ раз паглядзеў на чэк, памацаў яго, злупіў нейкую чорную плямку, якая замінала воку: праз гэта нешта шчоўкнула на электроннай частцы дакумента, але я не звярнуў на гэта ўвагі.

Мяне ніхто не турбаваў. Патэлефанавала толькі калега. Яна вельмі добры спецыяліст у літаратуры, надзвычай захапляецца ёй. Праўда, калега калі-некалі мне тэлефанавала, пісала, часам нават спаміла, а яшчэ часта раілася са мной як з больш вопытным спецыялістам, бо я ажно на чатыры гады старэйшы і маю больш пераканаўчы стаж працы. Маладая дзяўчына спыталася, дзе я падзеўся, чаму не заходжу ва ўніверсітэт. Набівалася ў госці. Я амаль згадзіўся. Яе настойлівасць, ды і сама яна, заварожвалі. Гэта трэба прызнаць нават з навуковага боку. Але ж выпаў, як гаворыцца, не той момант. Я папрасіў яе зайсці пазней. Акурат па абедзе я выйшаў з хаты, каб рушыць у банк. Незнаёмец, які трэці дзень з васьмі раніцы да дзевяці вечара сядзеў разам з кампютарам пад маім акном, паглядзеў на мяне са здзіўленнем, устаў і нібыта пакрочыў па справах. А пераходзячы дарогу, я напаткаў яе, маю калегу. Яна ішла да мяне.

 Прывітанне, Усяслаў!  павіталася яна.  Як справы?

 Прывітанне! Справы добра!  бадзёра, на мой погляд, сказаў я.  А ў цябе?

 І ў мяне добра. Я хацела з табой пагаварыць. Але па тэлефоне нязручна было. Давай сядзем дзе-небудзь у парку.

 Давай!

Мы завярнулі ў парк, знайшлі вольную лаву, на якой ніхто не мог нас пачуць. У глыбіні душы я чакаў амаль інтымную размову, што было ўпершыню за час нашых стасункаў, ды справа пайшла крыху ў іншым кірунку. Не скажу, што гэтая калега мне зусім не падабалася. Нават цалкам наадварот, але годным яе я сябе ніколі не адчуваў, не расцэньваў і лічыў, што навука павінна быць на першым месцы. Я не дазваляў сабе пачуццяў, бо гэта бывае небяспечна.

 Ведаеш,  пачала яна,  ты мне заўсёды падабаўся. Я даўно хацела табе прызнацца, але неяк не выпадала. Але цягнуць няма куды. Нічога зараз не кажы, проста паслухай і вырашы для сябе ўсё. Учора да мяне прыходзілі невядомыя людзі і распытвалі пра цябе, твае заняткі, якімі бібліятэкамі ты карыстаешся. Я хацела цябе папярэдзіць. Калі што-небудзь зрабілася, скажы мне. Я гатовая для цябе на ўсё!

Гэтыя словы мяне здзівілі і ўзрадавалі, з аднаго боку, ды напужалі з іншага. Я вырашыў заняць нейтральную пазіцыю, нічога нікому не расказваць і не падганяць падзеі.

 Дзякуй за спагаду! Я да цябе таксама вельмі прыязна стаўлюся,  як мага спакайней адказаў я.  Але зараз у мяне ўсё выдатна. Працую над дысертацыяй дома, бо ў бібліятэках сама ведаеш, што творыцца. Калі мне трэба будзе твая дапамога, я абавязкова звярнуся.

 Добра,  сказала яна і нечакана абняла.  Я пабегла, бо ўжо спазняюся. Да сустрэчы на сходзе! Ён будзе заўтра. Прысутнасць абавязковая.

 Да сустрэчы!  сказаў я, а сам падумаў: «Што гэта робіцца?!»

Я рашуча накіраваўся ў банк, нягледзячы на тое, што мая душэўная раўнавага была добра атакаваная. Мне хацелася скончыць гэту неверагодную гісторыю простым паходам у патрэбны банк, адным махам вырашыць усе свае праблемы, сапраўдныя і ўяўныя. А там можна і ў асабістым жыцці на што якое рызыкнуць. З мільярдам нашмат прасцей усё будзе. І кніжку адну сярэднявечную купіць атрымаецца: яшчэ з дзяцінства хацеў набыць арыгінал «CdB», але ж ён каштуе не дзве ўмоўныя адзінкі

Назад Дальше