Дыплом на царства - Аркадзь Ліцьвін 3 стр.


 Абмішуляць шведы маскавітаў, не здаваўся апанэнт.  У лютым жа дамову падпісалі: асобнага міру з Рэчай Паспалітай не заключаць, ваяваць з намі да перамогі, а палонных выдаваць шведам. Гэта ж трэба такое паскудзтва ў дамову! Толькі нашчадак ардынцаў мог дадумацца выдаць палоннага іншаму ворагу! Ды за адно гэта! А яшчэ пачакай, што тыя шведы навычвараюць!

 Цар вунь адмовіўся ад правоў на Лівонію, саступіў шведам у вечнае валоданне горад Карэлу з уездам і то не жаліцца,  суцешылі гарачага.  Неблагі набытак для шведскай кароны, бо людзі пад мушкет у іх заўсёды знойдуцца. Пагадненне вядома таемнае, але чутно, на Маскве пра яго вераб'і цвіркаюць.

На суцяшэнне відавочных страт шведы паабяцалі цару крэпасці, якія ваявода СкопінШуйскі лёгка адваюе з дапамогай шведскіх жаўнераў пад камандай славутага Дэлагардзі*.

 Уліта едет, когда то будет! Так у іх, здаецца, кажуць,  пагардліва хмыкнуў недаверлівы.

Як там Уліта, а шведы сапраўды не спяшаліся. Вясною 1609 года корпусы Дэлагардзі і Эвергарда Горна* падыйшлі да Ноўгарада і 31 (10) траўня з войскам СкопінаШуйскага пайшлі на Маскву. Якуб Дэлагардзі вёў за сабою дзве тысячы коннікаў і тры пяхоты. З вышыні сваіх дваццаці сямі год паблажліва аглядаў недавучанае войска маскавітаў і яго дваццацітрох гадовага ваяводу. Ля Цверы перамаглі пана Збароўскага*, але за сотню вёрст ад сталіцы шведы адмовіліся ісці далей. Бач, плату атрымалі толькі за два месяцы замест чатырох і горад Карэлу дагэтуль не перадалі. Цар замітусіўся з пошукамі грошай і выкананнем іншых пунктаў дамовы.

«Наше царское величество вам, любительному государю Каролусу королю, за вашу любовь, дружбу, вспоможение и протори, которые вам учинились и вперед учинятся, полное воздаяние воздадим,  паспешліва пераконваў царскі ліст,  чего вы у нашего царского величества по достоинству ни попросите: города, или земли, или уезда.»

Зямель у Масковіі досыць, а Васілю Шуйскаму, асочанаму ў Маскве нібы ў пастцы, на шведах залежала больш чым на ўласным апалчэнні.

Караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта ІІІ* уваход шведскага войска ў межы Масковіі не ўзрадаваў. Менш года таму каралеўскія паслы князь Ян Друцкі-Сакалінскі* і Станіслаў Вітоўскі* падпісалі з Масквою перамір'е на чатыры гады. Можа дапамагло папярэджанне Льва Сапегі на пагрозы маскоўскіх баяраў пачаць вайну: Вайну вы пачаць можаце, але канец вайны ў руках Божых.

Так то яно так, але істінно православное воінство Бог не пакіне сваёй ласкай. Таму і ў дзень падпісання перамір'я да неверагоднасці цёмны цар Васіль вагаўся, ці не выправіцца разам са шведамі паліць Вільню. Хоць па дамове меў выпусціць палонныз з Рэчы Паспалітай, а кароль Жыгімонт адклікаць партызанаў «царэвіча» Дзьмітрыя, не ўсе палонныя атрымалі волю і прыхільнікі Дзьмітрыя таксама не паслухаліся.

Парушэнне перамір'я Масковіяй было зручнай нагодай дзеля крыжовай выправы каталікоў супраць праваслаўя. Не так моцныя ў геаграфіі, як у веры клерыкалы пераконвалі караля Жыгімонта мімабегам змяніць і веравызнанне Пэрсіі, якая недзе там блізка за Масквою!  Найяснейшы пане!  даводзілі гарачыя.  Маем неаспрэчныя сведчанні надзейнага чалавека. Айцец Францішак не мог памыляцца.

Айцец Францішак Рыкарда, езуіт, місіянэр з тытулам пасла Рэчы Паспалітай у Персіі, настойліва запэўніваў, што тамтэйшы шах гасцінна прыме хрысціян з добрым войскам. Ну а там круцыфікс у рукі і Бог бацька!

 Пачакайце, святыя айцы і нецярплівыя вашмосьці, стрымлівалі цверазейшыя.  Не ў ваду ж ад дажджу. Не так проста Масковію зваяваць, як некаму здаецца.  Бог, дух наш усюдыісны, дазваляе адным тое, што не дазваляе іншым,  пярэчылі непахісныя ў веры.  Веліч думак першых у тым, што ў іх закладзены няўхільны намер Божы.

Але і без Пэрсіі місія выглядала велічна. Жыгімонт ІІІ Ваза, выбарны кароль польскі і вялікі князь літоўскі, рускі і жамойцкі, народжаны ад шведа Яна ІІІ Вазы і Кацярыны Ягелонкі, дачкі Жыгімонта Старога*, быў апантаны прагай абсалютнай улады. Найлягчэй яе атрымаць праз cпадчынную карону свеяў, готаў і вандалаў, якую лічыў належнай яму ад маладосці. Бабуля Ягелонка зрабіла Жыгімонта выбарным манархам у Рэчы Паспалітай, а ягоная місія стварыць спадчынную дынастыю. Пратэстанцкаму Стакгольму, які не хоча мець над сабою каралякаталіка, раней ці пазней дасць рады. Cijus regio, ejus religio, чыя зямля, таго і вера! І з родным дзядзькам Карлам Судэрманскім*, які змусіў Рыксдаг здэтранізаваць сына караля Яна ІІІ, каб самому стаць рэгентам, а затым і каралём, управіцца. Скораная Масковія дапаможа сваім войскам і спрычыніцца да векапомных падзей.

 Вялікі князь Альгерд, славуты мечам і розумам, быў жанаты з маскоўскай князёўнай,  даводзіў вучоны біскуп менш вучоным панамбратам.  Кроў Рурыкавічаў ў жылах маткі Ягелонкі дае Найяснейшаму пану поўнае права на крамлёўскі пасад.

Паны-браты тым часам прыкідвалі, у што выльецца здабыццё таго пасаду і якія атрымаюць з яго карысці. Вялікія мроіліся сумненні. Тым большыя, чым слабейшы надзел меў панбрат і чым бліжэй была яго рука да шаблі ці гусарскага кап'я. Лёгка і галавой налажыць. Апроч гэтага бязлітасны наступ ваяўнічага каталіцызму на ўсіх, не ўзнаваных за братоў, супярэчыў самой сутнасці Рэчы Паспалітай як дзяржавы розных народаў і веравызнанняў і не захапляў большасці шляхты, у прыватнасці ў шматканфесійным Вялікім Княстве.

 Пачэсная місія рыцарства вярнуць шапку Манамаха яе праўнаму нашчадку, Rex a Deo coronatus, каралю ад Бога, Жыгімонту Вазу,  урачыста прамаўляў святы айцец, песцячы ў сэрцы яшчэ значнейшыя мары.

 Божа міласэрны,  думалі не надта лёгкаверныя старыя рыцары,  абарані нашых хлопцаў ад апантаных у гадзіну смутку.

Безумоўна, не ўсё, чаго хочацца, лёгкадасяжнае, хоць іншым часам здаецца, пальцам руш і атрымаеш. Як усе гэтыя кароны і вялікакняскія шапкі змясціць на адной галаве, ніхто сабе галавы не тлуміў. Урэшце можна мяняць пры нагодзе.

 Падпарадкаваўшы Масковію, Найяснейшы пан скіруе сваё і маскоўскае войска на паўночны захад,  тут святы айцец не памыляўся ў напрамку.  Дзеля апанавання ўпрагнёнай Швецыі Міласцівы пан мае падтрымку Святога Прастолу і шэрагу каталіцкіх манархаў. Нішто так не мацуе адзінства ў дзяржаве, як панаванне над іншымі народамі. Узгадайма магутны Рым!

Няблага было б прыгадаць, чым тая рымская магутнасць скончылася, але і без таго святы айцец і сам кароль не сумняваліся, што арыстакратыя Швецыі, мае кім заняць прастол і без гадаванцаў Рымскага Папы. І хаўрус з Масковіяй Стакгольм выкарыстае ў барацьбе з дынастычнымі задумамі варшаўскага летуценніка. Але знойдзецца каму даць зачэпку і ў Швецыі, каб кароль Жыгімонт мог кінуць войска на нязгодную Айчыну.  Не ўсе за ўзурпатара Карла Судэрманскага! Не ўсе супраць святой каталіцкай веры, з якой толькі і магчыма Збавенне!  упэўнена абвяшчалі правялебныя натхніцелі.

Цвярозым палітыкам скандынаўскія далягляды выглядалі не так велічна, як хімерычна. Найяснейшы пан намерваўся асесці ў Стакгольме, пакінуўшы ў Рэчы Паспалітай каранаванага пры жыцці бацькі каралевіча Уладыслава*. Правіць замест яго будзе губернатар у асобе аўстрыйскага прынца. А на нязгодную з парушэннем законаў і традыцый шляхту ўправа знойдзецца! Хоць бы з дапамогай цэсарскага войска. Шляхта падкручвала вуса і круціла галовамі. Дык дзеля ўсяго гэтага біскупы, свецкі і законны клер, апантана заклікаюць на крыжовы паход, які ператворыць ахопленую схізмай Масковію ў надзейнага і моцнага хаўрусніка?

Ішло кварцянае войска, найміты, магнацкія харугвы, шляхта са сваімі почтамі і літоўскія татары, запароскія казакі. Гналіся чароды і цягнулі абозы. І пакуль тая Масковія, жаўнерства няспынна рабавала ўласную краіну, падчышчаючы сусекі Беларусі не горш за пацукоў. А ў вялікага канцлера Княства Льва Сапегі былі свае думкі наконт усёй кампаніі, дзеля якіх патрабаваў свежых і дакладных звестак. Без іх і дасведчаны палітык мог памыліцца ў вызнаяэнні паходу: паўнавартасная вайна, авантура, ці адмысловая кампанія дзеля сціслых намераў?

Вясна 1609 года прынесла нямала бед маскавітам і без нашэсця з захаду. Тушынскі царык аблажыў Каломну і амаль канчаткова замкнуў кола вакол Масквы. Мацнейшыя галовы між дваран, пры ўсёй нянавісці да Васіля Шуйскага, ад пачатку мірыліся з ім дзеля захавання парадку. Але голад і хваробы збіралі сваё страшнае жніво. Нязгодныя з абраннем цара Васіля пакарысталіся абставінамі і зладзілі змову, але ваявода Васіль Бутурлін*, выдаў іх намеры і непарадкі не ўсчаліся.

Каб задушыць супраціў, Васіль Шуйскі, апантаны страхам шпіёнства і падшэптаў, выслаў з Масквы шмат думскіх баяраў, а розных прыхільнікаў «царэвіча» Дзьмітрыя пазбавіў тытула і саслаў у выгнанне. Не ўдалося вывесці паслухмянага Пафнуція на патрыяршы прастол. Не прайшла і асоба казанскага мітрапаліта Гермагена*, крутога ў словах і дзеях. З ім царква дапамагла б цару закілзаць непаслухмяных і няпэўных, але Свяшчэнны Сабор нарок патрыярхам Філарэта, у міры баярына Фёдара Нікіціча Раманава*. Трацячы падтрымку атачэння і пасадскага люду, цар Васіль усё больш спадзяваўся на замежных наймітаў.

Назад Дальше