Ці то сапраўды быў намер вялікага канцлера Сапегі, ці шмат іншых можных прыклала свае старанні, але карысці з уваскрэслага царэвіча атрымалася вобмаль. На світанні 27 (17) траўня 1606 года ў Маскве выбухнула паўстанне і ледзь не надоечы каранаваны Дзьмітрый страціў жыццё. Колішні прыхільнік Грышкі Атрэп'ева няблага прыклаўся да змовы супраць Самазванца і, пакінуўшы чудаўскую келлю, як новаменаваны мітрапаліт круціцкі Пафнуцій заняўся палітыкай. Не пуставаць жа святому месцу: нарок на царства імянітага баярына Васіля Шуйскага* і з нагоды ўрачыстасці адслужыў малебен. Цырымонія па праву належала старэйшым іерархам наўгародскаму ці растоўскаму мітрапалітам, але ад пэўнага часу на Масковіі ўсё з'іначвалася.
Можа таму ў ліпені 1607 года, асоба грубых і брыдкіх звычаяў адразу назвалася не царэвічам, а царом Дзьмітрыем, Божай ласкай ацалеўшым не толькі ў маскоўскай разні, але і падчас крывавага паўстання. Чаму ж не паверыць чарговаму цуду, калі і люд і баяры з дваранамі толькі ад цара чакаюць усялякіх даброт і прыбытку? А найперш спакою і абароненасці. Толькі не бачылася ні таго, ні другога, ні трэцяга з чацвертым.
«С царства Бориса было всё в разорении и в кровопролитии, не бывало покоя тринадцать лет, но всегда плач и слёзы», адзначыў пазней летапісец і меў рацыю.
Вось і лес, і цішыня, толькі птушкі цвіркаюць. Знаёмая вузкая сцежка між густога хмызняку была бітая, конь пайшоў добрай рыссю і нечакана для чалавека скочыў. Звярыным чуццём адчуў небяспеку, але замаскаваная яма была даўгою, заднія ногі праваліліся, зламаўшы тонкія жэрдкі прысыпанага зямлёй насцілу, а вершнік з размаху пляснуўся на шыю каня. Паспеў выхапіць ногі са страмёнаў і шчупаком кінуцца пад бліжэйшы куст, перш чым дзве ці тры прызначаныя яму стралы прашамацелі ў лістоце. Пара наступных фуркнула з зараснікаў і спыніла пакуты каня, які яшчэ тузаўся, спрабуючы выкараскацца з ямы, а на сцежку выскачылі людзі. Малады, па панску апрануты, сярдзіта падганяў: Хапай! Плачу за жывога ці мёртвага! Драмалі, халера на вас!
Трое з трэскам уламаліся ў густы падлесак, адзін старанна распраўляў колцы так і не ўжытага аркана.
Кінь свой пастронак! пагардліва рыкнуў правадыр. Гані да коней! Туды ж пабег!
Сцежка крутым выгінам мінала палянку і ўцякач вылецеў на яе, ломячыся напрасткі. На бягу выхапіў кароткі корд і секануў вартавога, не чакаўшага нападу. Не выбіраючы, ірвануў повад першага з краю каня і ўзляцеў у сядло. Конь закруціўся, паспрабаваў узбрыкнуць, але, пачаставаны шпорамі, пагнаў сцежкай, роўнай тут, як стрэліў. «Добра, што не спудзілі вартавога, мільганула думка. А каб з мушкетаў ці пісталетаў»
Як адказ, ляснуў запознены стрэл і ганец міжволі прыгнуўся. Кланяюся не гэтай кулі, а наступнай, закпіў са свайго міжвольнага страху, разумеючы, што і наступная пойдзе ўвослеп. Пераслед нібы не замарудзіў, але нападнікі разумелі, што шанцаў не маюць.
Мала, што такога шчупака ўпусцілі, дык і каня не ўсцераглі! злаваўся правадыр, сцёбаючы плёткай па кустах у бяссільнай злосці. Такога каня!
Гэта не шчупак, пане, а чысты ўюн, нясмела запярэчыў чалавек з лукам. Зпад мае стралы выслізнуў. Хіба толькі плячук і пацярпеў замест шыі.
Глядзі, каб зза гэтага твая шыя замест плячэй не пацярпела, злосна азваўся правадыр.
Шчасце не мінула смелага, але гнаў пакуль конь не пачаў выдыхацца. Запаволіў, па нейкім часе спыніўся. Хвілінку паслухаўшы, вырашыў не збочваць. Каб падрыхтаваць такую пастку, патрэбен час, значыць ведалі, якім шляхам паедзе і калі. Не падумаюць, што памкнецца ўцякаць той жа сцяжынай. «Уратаваў, верны косю! Не лётаць больш разам! Зямля табе пухам, калі гэта не блюзнерства», пашкадаваў надзейнага таварыша вандровак. «Вартавы! пырхнуў пагардліва. Хто дрэмле на варце, сам вінаваты. Каб іншым часам, то і парку коней льга было б прыхапіць. Усё ж нейкі грош!»
Але пара было гэтаму даць адпачынак, заадно і сабе. Саскочыў, паслабіў сядзельную папругу, раскілзаў, каб пашчыпаў крыху чэзлай травы. Папаіць, нажаль, нічога не трапілася. Гарачка ўцёкаў паволі саступала месца ўсведамленню перажытай небяспекі. Зашмат давялося бачыць забітых, каб захаваць юнацкую веру ва ўласную несмяротнасць. Каб не конь і ўласны спрыт, ніхто і не ўведаў бы, дзе і калі знік. Але трэба спадзявацца на свой досвед, на шанец, на ўдачу. Дзеля адзінай істоты, якой на ягоным ацаленні сапраўды залежала. Беражыся, родны, упрошвала на апошняе развітанне. Апроч цябе нікога не маю Памятай пра гэта Не бойся, Гануся, нічога са мною не здарыцца, супакойваў як мог. Ведаў, што можа здарыцца. Слухайся пана Кіпрыяна, і ўсё будзе добра, прыкрыў горыч няўдалым жартам.
Яна мужна не паддавалася роспачы і прасіла, каб не рызыкаваў на злом галавы, каб памятаў, дзеля каго павінен берагчыся.
Пан Кіпрыян для мяне і брат, і бацька, але ж кожнаму хочацца мець некага роднага, прамовіла ціха, як для сябе самой. Хто жывым вяртаецца «Ці не яе малітвы абераглі?» падумаў шчаслівец.
Але не час быў разжалобіцца. Агледзеў здабычу. Жарабец гнядой масці быў здатны, сядло і збруя нічога сабе. Толькі страмёны высакавата, папусьціць путлішчы і будзе самраз. Аніякіх гербавых ці іншых знакаў нідзе не заўважыў. Найбольш узрадавалі пісталеты ў абодвух ольстрах. Парахаўнічка і зарады, на шчасце, з ім, так што са зброяй не найгорш. Праверыў, ці надзейна заціснуты крамяні, падсыпаў драбнюткага пораху на палічкі, асцярожна прыціснуў покрыўкі. Можа так здарыцца, што і выхапіць не паспееш, але да стрэлу зброя павінна быць заўжды гатова.
Пашныпарыў па торбах і сярод рознай драбязы знайшоў падчарсцвелы, але прыдатны хлеб, пляшку слабой гарэлкі і крыху вяндліны. У малой берасцянцы соль. Нават крэсіва з губою, так што меў іх зараз два, бо сваё заўсёды трымаў у кішэні. Пашкадаваў страчанае. Палярына ў скрутку ля задняй лукі, пісталеты ля пярэдняй. У торбах запас ежы, прылады дзеля нагляду за канём. Конь і ўсё пры сядле былі яго гаспадаркай, бо іншай не меў. І зноў збірайнабывай.
Перахапіўшы, што мелася, можна было рушыць далей. Едучы, раз-пораз спыняўся, прыслухоўваўся і не мог пазбавіцца ад думкі, хто ж спрабаваў яго ўпаляваць? Шмат непрыяцеляў у яснепана Льва Сапегі*. І тут, на Масковіі, і дома, у Вялікім Княстве, у Кароне. Вялікі канцлер Княства не залічаў сябе да апазіцыі каралю і ягонай «каморнай радзе», але заўжды хадзіў уласнымі сцежкамі.
Хоць бы тымі, калі ў руках вялікага канцлера апынуўся лёс трох краін, Масковіі, Кароны Польскай і Вялікага Княства. Ён жа разумеў, што падпісанне Вечнага міру патрабуе ад маскавітаў неверагоднага глупства альбо выключнай дальнабачнасці. Ні першага ні другога не спадзяваўся. Хіба цуд здзейсніць такі подпіс. Бо замест простага міру вялікі канцлер двума дзесяткамі артыкулаў прапанаваў абяднанне трох краін у адну. На Варшаўскім Сойме караняжы ўбачылі ў гэтым жаданне вырваць ад іх лакомае Вялікае Княства, ладны кавалак якога яны ўжо адхапілі на Украіне. Да таго ж з Вечным мірам каронныя палітыкі трацілі пужала, якім звыклі ціснуць на Вільню і украінскіх паслоў. Кінуліся даводзіць, што Рэч Паспалітая не такая слабая, каб выпрошваць мір у маскавітаў. Але вялікі канцлер не збіраўся саступаць і складваць рукі.
Не раз чулася, як даводзіў падначаленым, што ўсё, што аджыло свой век, не прызнае паразы, пакуль не адпомсціць таму, што прыходзіць яму на змену. А помста часта сляпая і б'е па служылай драбноце і б'е балюча, часам смяротна. Усім прыдаліся б паперы з торбы даверанага ганца. А разгадаць самыя хітрыя характэры людзі ўсюды знойдуцца. А яшчэ ж і шведы! Мала з імі клопату ў Інфлянтах, каб і тут лезлі? Але ж шныпараць, халера на іх! Усплыла ў памяці размова ў канцылярыі вялікага канцлера.
Пакуль даедзеш, то і шведы свой гон распачнуць, спачувальна прамовіў сакратар, падаючы старанна запакаваныя паперы.
Нацерпіцца цар Васіль з гэтымі шведамі падаў голас пісар, адарваўшы вочы ад паперы, каб замяніць пяро. Нібыта ўпарта адмаўляўся ад прапанаванай Карлам ІХ дапамогі, аж вось маем: не хтонебудзь, а СкопінШуйскі*, царскі пляменнік, перамаўляецца з пасланцом шведскага караля!
Cакратары, пісары і драбнейшыя службоўцы асалоджвалі нудоту корпання ў паперах цікавымі звесткамі з жыцця саноўных і яшчэ больш саноўных асоб.
Ну не дурань жа цар, каб не бачыць, як хітры швед то нацкоўвае яго на Рэч Паспалітую, то шле ганцоў да Тушына, а сам цягне лапы да Капор'я, Івангораду, Нотэбургу, да іншых крэпасцяў Масковіі, каб адгарадзіць яе ад Балтыйскага мора.
Яшчэ калі яснепан Леў Сапега насцярожваў Найяснейшага пана, што швед можа схаўрусіцца з Масковіяй і тады Рэч Паспалітая апынецца між двух агнёў! усклікнуў шчыры прыхільнік таленту вялікага канцлера. Усё так, пагаджаўся сакратар, як больш дасведчаны, бо набліжаны, але як давядзеш сваю рацыю крамлёўскаму ўладару, хоць і той мае пэўную долю розуму. Ды ці варта яго ўсведамляць, маючы на думцы карысць уласнага гаспадарства?
Абмішуляць шведы маскавітаў, не здаваўся апанэнт. У лютым жа дамову падпісалі: асобнага міру з Рэчай Паспалітай не заключаць, ваяваць з намі да перамогі, а палонных выдаваць шведам. Гэта ж трэба такое паскудзтва ў дамову! Толькі нашчадак ардынцаў мог дадумацца выдаць палоннага іншаму ворагу! Ды за адно гэта! А яшчэ пачакай, што тыя шведы навычвараюць!