1990-я гады, якія прынесьлі істотныя зьмены ў агульным грамадзка-палітычным і культурным раскладзе беларускай энэргіі на Беласточчыне, не далі нічога такога ў літаратуры, што можна было б назваць падзеяй. Парадаксальна, 1990-я сталі часам даволі добрага фінансавага забесьпячэньня беларускамоўнай літаратуры. Дзяржаўная датацыя дазволіла выдаць амаль усё, што надавалася для выдаваньня. Але выдавецкая дзейнасьць Белавежы была скіраваная перш за ўсё на тое, каб нагнаць мінулыя нішчымныя дэкады й замацаваць той вобраз літаратуры, які выразна абрысаваўся ўжо ў 1960-х. Не адбылося нейкага яскравага й цікавага літаратурнага дэбюту. Зваротная сувязь у трыядзе аўтар-чытач-крытык не ўстанавілася. У грамадзкім вымярэньні беларускае прыгожае пісьменства засталося зьявай маргінальнай і элітарнай.
Той згустак нацыянальнай энэргіі, што назьбіраўся ў беларускім студэнцкім асяродзьдзі 1980-х, разрадзіўся ў палітычнай дзейнасьці пачатку 1990-х і ў пазьнейшых грамадзка-культурных мерапрыемствах, якія, дарэчы, салідна падкарэктавалі вобраз беларускай меншыні ў вачах палякаў. Але замест новай паэзіі ці прозы, у 1990-х мы сталі сьведкамі звышпрадукцыі беларускайгістарыяграфіі.
Можна было б на заканчэньне наважыцца выказаць здогад, чаму ж гэта на нашых беластоцкіх гонях ня высьпелілася хоць каліўца нечага літаратурна падобнага ці паралельнага да мурожных разлогаў Тутэйшых і прыдарожных быльнягоў Бумбамліту. Адной з прычынаў гэткага стану можа быць наша колькасная нешматлікасьць. Для ўзгадаваньня нечага якасна новага трэба, відаць, каб грамадзтва было большае за пэўную крытычную масу, ніжэй якой яно перастае функцыянаваць як нармальны нацыянальны арганізм і працягвае існаваньне адно як рарытэт у батанічным садзе або як цікавінка ў этнаграфічным запаведніку. Магчыма, сёньняшняя наша маса ўжо ўпала ніжэй такой крытычнай адзнакі. Другая прычына, якую я лічу больш верагоднай, можа ляжаць у нашым унутраным неўспрыманьні гораду як асноўнага habitatу беларускага этнасу адсюль назаўжды. Мы не асвоілі гораду ў такой ступені, як гэта зрабілі нашы менскія суродзічы. А горад жа стварае ня толькі ўраджайную глебу для прадбачваньняў (Н. Артымовіч), але й высьпельвае цудоўныя кветкі сумневу й самоты.
Беласток, чэрвень 1997Прыручэньне дэманаў
Дамавікамэрон Адама Глёбуса выйшаў у 1994 годзе ў
Але, сапраўды, дзе ён выйшаў? Калі браць фармальна у Беластоку, бо там быў надрукаваны. Хаця напісаны быў у Менску, а адрэдагаваны ў Вільні. Гэтыя тры месты пазначаныя ў выходных зьвестках выданьня. Але яго цяжка прыпісаць да нейкага пэўнага месца ў традыцыйным сэнсе. У духу канца стагодзьдзя і тысячагодзьдзя, аплеценага павуціньнем Iнтэрнэту, можна было б сказаць, што кніга зьявілася на сэрвэры беларуская літаратура, назвы ж трох гарадоў выступаюць тут толькі ў якасьці тэхнічных дадзеных, нечага накшталт кампутарнага адрасу.
Казус з кнігай Адама Глёбуса яшчэ раз пераканаўча сьведчыць пра тое, якая сытуацыя склалася ў беларускай літаратуры і культуры, паказвае яе віртуальны адрас у часапрасторы, не прыпісаны да пэўнага абжытага месца. Бо няма такога фізычнага месца, дзе беларуская літаратура адчувала б сябе паўнавартасным гаспадаром ці жыхаром. Акрамя беларускай мовы, зразумела. Аднак мова не фізычная прастора. Але яна ня ёсьць і проста інструмэнтам. Нішто не цэментуе сучаснай беларускай нацыі мацней і не зьяўляецца найважнейшай яе асновай, як мова, нават калі большасьць беларусаў усё яшчэ не ўсьведамляе гэтага факту і застаецца ў атамізаваным і аморфным стане homo sovietiсusaў. Мова ўсё яшчэ дае беларусам шанец знайсьці шлях да ўласнай тоеснасьці, наноў стацца гаспадарамі шэрых загонаў нічыйнай зямлі, якія сёньня завуцца Рэспублікай Беларусь. Ніякія іншыя нацыянальныя чыньнікі ня могуць і блізка споўніць гэтую ролю.
Пакаленьне Адама Глёбуса, выхаванае ў расейскамоўных гарадах Савецкай Беларусі, сярод чужых галасоў і чужых сьцен, адшукала шлях да ўласнага дому акурат дзякуючы роднай мове. Расейская мова, нягледзячы на тое, што ёю ў Беларусі карыстаюцца як дома, так і ў публічным жыцці, для нацыянальнай культуры ўсё яшчэ застаецца мёртвай мовай. Гэта правінцыйны, другасны від расейскай мовы, адарваны ад жывых народных гаворак і таму асуджаны на неаўтэнтычнасьць і маргінальнасьць насуперак высілкам тутэйшых русыфікатараў. Расейскамоўная літаратура, што ствараецца ў Беларусі, гэта прадукцыя другога і трэцяга гатунку не толькі ў імпэрскім маштабе, але і ў лякальным, посткаланіяльным, вымярэньні. Так было цягам цэлага пэрыяду беларускай савецкай літаратуры, калі рэй у ёй вялі Максім Танк, Янка Брыль, Уладзімер Караткевіч і Васіль Быкаў, якія пісалі па-беларуску. Тое самае назіраем і цяпер, калі на першыя месцы заступілі Алесь Разанаў і Уладзімер Арлоў ды маладзейшыя Ігар Бабкоў і Адам Глёбус.
Адам Глёбус (у рэчаіснасьці Ўладзімер Адамчык) нарадзіўся ў 1958 годзе ў мястэчку Койданава (у савецкай рэчаіснасьці Дзяржынск) каля Менску. Пра сваё паходжаньне сам ён кажа наступным чынам: У мяне клясычная біяграфія пісьменьніка ў другім пакаленьні. Мой бацька нарадзіўся ў вёсцы пад Наваградкам, які на той час быў пад Польшчай. Стаў клясыкам беларускай літаратуры. Усюды ў нас знаны і паважаны. Мая ж маці бібліятэкарка. Таму нарадзіўся я ў тыповым літаратурным клімаце. Выхоўваўся ў сяброўстве з шырока вядомымі беларускімі літаратарамі, зрэшты ня толькі зь імі, але і расейскімі, казахскімі і наагул савецкімі, бо ў свой час бацька вучыўся на вышэйшых літаратурных курсах у Маскве. Рос у літаратурным асяродзьдзі, аж пакуль нарэшце сам ня стаў пісьменьнікам (Kartki 1/97, Беласток). Удакладнім, што бацька Адама Глёбуса празаік Вячаслаў Адамчык, аўтар, як і належыцца клясыку, тэтралёгіі, у якой разгортваецца шырокая панарама падзеяў у Заходняй Беларусі напярэдадні і падчас Другой сусьветнай вайны. Брат Адама таксама бавіцца літаратурай, ён напісаў пару цікавых тэатральных песаў ды празаічных твораў на мяжы дэтэктыўнага і прыгодніцкага жанраў.
Перш чым стаць аўтарам Дамавікамэрону, Адам Глёбус скончыў Менскі тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Беларуская акадэмія мастацтваў) па спэцыяльнасьці, што тады называлася манумэнтальная графіка. А ў 1988 годзе зьявілася дэбютная кніга 30-гадовага аўтара: паэтычны томік Парк. Потым у менскіх дзяржаўных выдавецтвах выйшлі яшчэ дзьве кніжкі яго апавяданьняў: Адзінота на стадыёне (1989) і Сьмерць-мужчына (1992). Пачынаючы са зборніка паэзіі Скрыжаваньне (1993) Глёбус пачаў выдаваць свае кнігі ў недзяржаўных выдавецтвах і наогул за свае грошы. Тады ўжо ён мог сабе гэта дазволіць фінансава.
Першыя кніжкі Адама Глёбуса выклікалі ўмераную зацікаўленасць крытыкі і чытачоў. Вядома, пісьменьніка добра ведалі ў Менску, але хутчэй праз бацьку, чым праз уласную творчасьць. Выданьне Дамавікамэрону, на нашу думку, адной з найцікавейшых зьяваў у беларускай прозе 1990-х, таксама прайшло амаль незаўважаным. Толькі тагачасны орган Саюзу Пісьменнікаў Беларусі, штотыднёвік Літаратура і мастацтва, назваў кнігу агіднай, а самога аўтара аднёс да каршуноў, якія жыруюць на найпадлейшых інстынктах постсавецкай публікі, што прагне чарнухі і парнухі пасля доўгага прымусовага чытацкага посту.
Больш несправядлівую ацэнку Дамавікамэрону і Глёбуса беларускамоўнага пісьменьніка і прыдумаць цяжка. Бо цяжка жыраваць у Беларусі на чым-колечы, што зьвязанае зь беларускай мовай. Наклад кнігі ў 1994 годзе не перасягнуў 1000 асобнікаў, але няма сумневу, што яшчэ й сёньня ў аўтара ў хаце знайшлося б досыць нераспакаваных пачкаў з Дамавікамэронам. Рэч у тым, што ў пасьляваенны пэрыяд беларуская справа ў Савецкай Беларусі павярнулася на 180 градусаў і абясцэнілася літаральна на вачах. Ад беларускай мовы якую ў 60-х скрозь лічылі ганебным кляймом мужыцкага (калгаснага) паходжаньня на працягу наступных двух дзесяцігодзьдзяў масава адмаўляліся як у публічным, так і ў прыватным жыцьці. Выжыла мова адно ў артыстычных ды інтэлектуальных асяродках. Сёньня выкарыстаньне беларускай мовы ў Менску зьяўляецца самай пэўнай адзнакай, што адрозьнівае інтэлектуальную эліту ад плебсу. Эліта вымагае элітарнай літаратуры, і Глёбус ня можа ня ведаць пра гэта. Таму што дакладна ведае, што чытае плебс.
Бо ж Адам Глёбус ці не найбуйнейшы вытворца масавай літаратуры на абшары былога Савецкага Саюзу. На расейскай мове, зразумела. Попыт на гэткага роду літаратуру не абмінуў і Польшчы, а таксама многіх іншых краінаў былога сацыялістычнага лягеру. Насуперак чаканьням, не эротыка і не парнаграфія завалодалі ўяўленьнямі і сэрцамі мільёнаў кнігалюбаў на тэрыторыях толькі што здабытай выдавецкай і чытацкай свабоды, а Hollywood-made dreams, увасобленыя ў безлічы harlequin-аў, romanceаў, judith-kranzаў i danielle-steeleаў. На постсавецкай прасторы, апроч таго, неверагоднай папулярнасьцю карысталіся бразыльскія тэлесэрыялы. Напачатку Глёбус працаваў сам, пішучы працягі папулярных літаратурных хітоў ды штампуючы раманы паводле тэлесэрыялаў, што дэманстраваліся на расейскім тэлебачаньні. Іх наклады сягалі мільёну асобнікаў. Рынак і попыт расьлі, таму Глёбус стварыў нешта накшталт цэху менскіх пісараў, якія заняліся перанясеньнем на паперу тэлевізійных гісторыяў і пісаньнем працягаў самых розных заходніх бестсэлераў. Гэты працэс быў пастаўлены на шырокую нагу і даваў добрыя грошы. Пры даволі напружаных выдавецкіх тэрмінах (тэлесэрыялы ўвогуле паказвалі пару разоў на тыдзень) даводзілася карыстацца дыктафонамі і наймаць спэцыяльных курераў, якія апэратыўна дастаўлялі стужкі з запісамі ў маскоўскае выдавецтва.