Слынны жалезны сэйф Глёбуса, у якім сабраныя звыш 100 тамоў тварэньняў фірмы Глёбус & Сo, стаў легендаю менскага літаратурнага асяродзьдзя. Мяркую, што ня толькі дачка Скарлет са Зьнесеных ветрам, але і яе ўнучка патрапілі ў новыя вэрсіі кніжных лёсаў з-пад пяра, так бы мовіць, калектыўнай беларускай Маргарэт Мітчэл. Ігар Бабкоў, менскі паэт і празаік, гэтак выказаўся пра ўсюдыіснасць свайго сябра Адама Глёбуса на постсавецкім выдавецкім рынку: Калі я бачу новую заходнюю назву на паліцы менскай кнігарні, дык маё першае памкненьне патэлефанаваць Адаму і запытацца, ці гэта кніга ягоная, ці нейкага рэальнага замежнага аўтара (з выступу на літаратурным сэмінары Бязьмежжа ў Гайнаўцы ў 1996 г.). Несумненна, у гэтай дзейнасьці ня ўсё ў парадку з аўтарскімі правамі, але ў мяне не ўздымаецца пяро, каб напісаць хоць слова асуджэньня на адрас Глёбуса і ягонай фірмы. Бо апроч масавай прадукцыі Глёбус займаецца і сапраўднай літаратурай, а яго фірма дае сталы заробак добраму гурту менскіх літаратараў, якія ў іншым выпадку мусілі б зарабляць сабе на жыцьцё значна далейшымі ад літаратуры заняткамі.
Згаданая непрыхільная (і адзіная) рэакцыя менскага штотыднёвіка Літаратура і мастацтва на Дамавікамэрон тлумачылася, як падаецца, дзвюма асноўнымі прычынамі. Першая зь іх звязана з успадкаваным ад савецкай эпохі суцэльным табу на эротыку і сэкс у літаратуры. Другая палягае ў неадэкватным прачытаньні пасланьня кнігі і прыпісваньні аўтару інтэнцыяў, якіх ён у сапраўднасьці ня меў.
Відавочна, Дамавікамэрон выкарыстоўвае эратычна-сэксуальныя матывы настолькі шчыра і непасрэдна, што можа вымагаць пэўных агаворак ня толькі ў беларускага чытача, які ня меў ніякага ўзору такой літаратуры на сваёй мове, але і ў польскага, які мае багаты выбар літаратуры на гэтую тэму, як у перакладах, гэтак і ў айчынным пісьменстве. Прынцып, што ў Савецкім Саюзе сэксу няма, які ўмацоўваўся дзесяцігодзьдзямі, падрыхтаваў грунт для аўтаматычнай грамадзкай рэакцыі ў Беларусі: закрананьне сэксуальнай тэматыкі, ня зьвязанай з натуральнай рэпрадукцыяй, зьяўляецца праявай маральнага разлажэньня, калі не парнаграфіі. Гэта набыты ўмоўны рэфлекс, які выступае незалежна ад розуму.
Я перакананы, што нельга сурёзна абгрунтаваць і тэзу, быццам мэта аўтара ў Дамавікамэроне была выклікаць сэксуальнае ўзбуджэньне ў чытача, інакш кажучы, пад літаратурнай шыльдай працягнуць парнаграфію. У такім сэнсе нашмат больш парнаграфічнымі будуць жаночыя раманы, нягледзячы на тое, што тэхналёгія іхнай вытворчасьці выключае выкарыстаньне пэўных даслоўнасьцяў і сцэнаў тыпу hard core. Але інтэнцыі soft-coreавых жаночых раманаў несумненна больш непрыстойныя, чым даслоўнасьці Глёбуса.
Глёбус ступіў у зону, якой раней не наведваў ніводзін зь беларускіх пісьменьнікаў, і падрабязна апісаў сваё падарожжа. Здаецца, апісаньне тутака дакладнае слова, бо людзі, што ў курсе справы, без усялякіх сумненьняў сьцьвярджаюць, што ня менш за 80 працэнтаў гісторый, апаведзеных у Дамавікамэроне, здарыліся на самай справе з удзелам ці то аўтара, ці то яго знаёмых, якія пасьля апавялі яму пра свае прыгоды (натуральна, калі выжылі). (Астатнія 20 працэнтаў гісторый адносяцца да такіх выпадкаў, у якіх ніводзін сведка ня выжыў.)
Вартая адзначэньня яшчэ адна вонкавая прыкмета прозы Глёбуса: тапаграфія месцаў апісаных падзей пададзена з абсалютнай дакладнасьцю. З Дамавікамэронам можна зьведаць Менск значна лепш, чым з афіцыйным плянам гораду, які застаўся наўмысна скажоны, каб заблытаць арыентацыю заходніх разьведчыкаў у беларускай сталіцы.
Сэкс зьяўляецца інтымным заняткам, у якім чалавек акрамя вопраткі скідае таксама ўсялякія іншыя маскі, дазваляе сабе пабыць дэманам пажады. У таталітарным грамадзтве ён быў той сфэрай свабоды і натуральнасьці, над якой дзяржава ня мела кантролю, а таму спрабавала асудзіць яе на неіснаваньне, выкрасьліць з грамадзкай свядомасьці. Глёбусу ўдалося ўвайсьці ў яе, зазірнуць пад штодзённую афіцыёзную маску homo sovieticusa і паказаць глыбока схаваную чалавечнасьць у яе прыродных камічна-жаласна-ўзьнёслых разнавіднасьцях і сытуацыях. Паказаць з суперажываннем. Магчыма, акурат з гэтай прычыны ў кароткіх апавяданьнях Адама Глёбуса найрэльефней з усёй беларускай літаратуры спаўняюцца рэалістычныя пастуляты. Усе гісторыі ня толькі адпавядаюць жыцьцёвай праўдзе (як мы вызначылі, усе яны маюць сваёй крыніцай рэальныя падзеі), але і літаратурнай праўдзе, г. зн. ствараюць пэўную літаратурную рэальнасьць, у якой часткі і цэлае не супярэчаць, і якая фармуе літаратурна замкнёны і самадастатковы свет. Гэта адна з асноўных характарыстык добрага пісьменства.
Вартая адзначэньня яшчэ адна вонкавая прыкмета прозы Глёбуса: тапаграфія месцаў апісаных падзей пададзена з абсалютнай дакладнасьцю. З Дамавікамэронам можна зьведаць Менск значна лепш, чым з афіцыйным плянам гораду, які застаўся наўмысна скажоны, каб заблытаць арыентацыю заходніх разьведчыкаў у беларускай сталіцы.
Сэкс зьяўляецца інтымным заняткам, у якім чалавек акрамя вопраткі скідае таксама ўсялякія іншыя маскі, дазваляе сабе пабыць дэманам пажады. У таталітарным грамадзтве ён быў той сфэрай свабоды і натуральнасьці, над якой дзяржава ня мела кантролю, а таму спрабавала асудзіць яе на неіснаваньне, выкрасьліць з грамадзкай свядомасьці. Глёбусу ўдалося ўвайсьці ў яе, зазірнуць пад штодзённую афіцыёзную маску homo sovieticusa і паказаць глыбока схаваную чалавечнасьць у яе прыродных камічна-жаласна-ўзьнёслых разнавіднасьцях і сытуацыях. Паказаць з суперажываннем. Магчыма, акурат з гэтай прычыны ў кароткіх апавяданьнях Адама Глёбуса найрэльефней з усёй беларускай літаратуры спаўняюцца рэалістычныя пастуляты. Усе гісторыі ня толькі адпавядаюць жыцьцёвай праўдзе (як мы вызначылі, усе яны маюць сваёй крыніцай рэальныя падзеі), але і літаратурнай праўдзе, г. зн. ствараюць пэўную літаратурную рэальнасьць, у якой часткі і цэлае не супярэчаць, і якая фармуе літаратурна замкнёны і самадастатковы свет. Гэта адна з асноўных характарыстык добрага пісьменства.
Уключэньне ў кантэкст менскіх эратычна-сэксуальных гісторый (дый ня толькі такіх) цэлага легіёну беларускіх дэманаў, дяблаў і русалак некаму можа падацца залішне адвольным і штучным, арыентаваным на дасягненьне сумнеўных эстэтычных мэтаў. Хачу рашуча запярэчыць. Няма нічога больш літаратурна і жыццёва апраўданага, чым такое намаганьне ў стасунку да Менску. Бо Менск той горад, дзе genius loci не ўвасобіўся ні ў Големa, ні ў Цмока Вавэльскага. Ён быў заселены зборышчам лесавікоў, палевікоў, хутаў, вупыроў, русалак і кадукоў з балатоў, азёраў, лугоў, рэк, бароў, урочышчаў і гаёў блакітнавокай Беларусі. Уся гэтая чартаўшчына асела ў горадзе разам з перасяленцамі зь вёсак, якія прынесьлі ў сталіцу свой напалову паганскі светапогляд разам зь сялянскімі забабонамі, прымхамі і страхамі. З пачатку 60-х да пачатку 90-х насельніцтва Менску павялічылася амаль на мільён жыхароў. І перадусім міграцыя зь вёскі, а не якісьці ўсплёск нараджальнасьці, абумовілі натуральны рост сталіцы. Дык вось, сэкс для тых перасяленцаў быў адной з праяваў дэманічных сілаў прыроды, якіх належала хутчэй засьцерагацца, чым шанаваць. Таму дэманічная мэтафара Глёбуса ў адносінах да беларускага эратызму ёсьць трапнай і адэкватнай.
У Дамавікамэроне Адам Глобус паддае беларускага чытача двайному выпрабаваньню ня толькі правярае ягоныя маральна-звычаёвыя ўстоі, але й прымушае яго пры чытаньні кнігі прызвычаіцца да сэксуальна-эратычнай лексыкі, якой карыстаецца аўтар. З гэтага пункту гледжаньня Глёбус амаль піянэр у беларускім пісьменстве. Пераклад на польскую мову[39] не сустрэў вялікіх цяжкасьцяў яна ўжо вывучыла і пайменавала сэксуальна-эратычную сфэру крыху далей і шырэй. Зь беларускай мовай горш. Досыць нагадаць, што два ключавыя словы для вырашэньня мастацкай задумы Глёбус мусіў папросту прыдумаць, каб пазьбегнуць выкарыстаньня агульнавядомых у славянскіх мовах вульгарызмаў, мэдычных тэрмінаў ці эўфэмізмаў, запазычаных з мовы добра выхаваных дзяцей. А шмат якія іншыя словы і выразы ў пэўных кантэкстах упершыню зьявіліся толькі на старонках кнігі Глёбуса. Мяркую, што гэтыя моўныя экспэрымэнты аказаліся бясспрэчным посьпехам аўтара.
Наапошку варта абмовіцца параю словаў пра назву кнігі Адама Глёбуса, якая ўзыходзіць, бясспрэчна, да Дэкамэрону Джавані Бакача. У Дамавікамэроне ня толькі актыўна выкарыстоўваюцца эратычныя матывы ў якасці рухаючай сілы апавяданьняў, ён мае таксама значна больш істотнае падабенства да неўміручай кнігі вялікага тасканца. Як і Бакача, Глёбус ахапіў сваёй увагай шырокую галерэю самых розных грамадзкіх постацяў і тыпаў. Дамавікамэрон, як і Дэкамэрон, гэта спроба выявіць сугучную свайму часу чалавечую камэдыю. Твор тасканца адзначыў канец Сярэднявечча і пачатак Рэнэсансу ў Італіі. Аповеды Глёбуса, будзем спадзявацца, адзначылі канец панурай эпохі homo sovieticusа і пачатак нацыянальнага рэнэсансу ў Беларусі.
Кніга, як было згадана, прайшла незаўважанай у Беларусі. Магчыма таму, што зьявілася ня ў лепшы час для літаратуры наогул, калі большасць людзей заклапочана эканамічнай, а не літаратурнай, рэчаіснасьцю. А магчыма таму, што зьявілася ў беларускай літаратуры заўчасна, спрабуючы як мага хутчэй скрышыць бастыёны эстэтычных схільнасьцяў мінулай эпохі. У любым разе, толькі ў адным месцы беларускай віртуальнай культурнай прасторы кнігу Глёбуса прынялі з энтузіязмам і задавальненьнем: якраз у Беластоку, дзе кніга друкавалася пабеларуску, а цяпер выходзіць у перакладзе на польскую мову. Некаторыя выразы з Дамавікамэрону сталі чымсьці накшталт своеасаблівых пароляў, якія выклікаюць культуралягічныя і этналінгвістычныя асацыяцыі, а таксама выбухі дэкамэронаўскага сьмеху сярод беластоцкіх беларусаў (тых, зразумела, хто яшчэ ў стане чытаць па-беларуску). Іх група нешматлікая, але затое заўзятая. Доказам гэтае выданьне.