Летам 1978, калі мы з бацькам сушылі сена ў нас у Ляхах,[2] Уліс зьявіўся ў маім жыцьці зноўку. Лістанош прынёс вестку, што прыйшла пасылка з кніжкамі, якія я выпісаў на міжнародным кніжным кірмашы ў Варшаве ў траўні, ужо будучы студэнтам першага курсу фізыкі. Я тады першы раз убачыў столькі выданьняў на ангельскай мове і крыху адключыўся ад рэальнасьці, замовіўшы каля трыццаці кніжак самага таннага англамоўнага выдавецтва Penguin Books. Кніжкі прыйшлі на пошту ў Кленіках[3] (маміна родная вёска), і за іх трэба было заплаціць 2500 злотых. Месячная студэнцкая стыпэндыя ў той час цягнула на 1200 злотых. Наступнага дня мама паехала па кніжкі роварам, а я капічыў сена, застаўшыся сам-насам зь невыносным цяжарам маўклівага бацькавага гневу. Сярод гэтых выданьняў, у асноўным раманаў Джозэфа Конрада, Уільяма Фолкнэра і Патрыка Ўайта, Уліс вылучаўся сваім большым фарматам. Акрамя таго, кніжкі мелі свой характэрны, кіславаты пах, вельмі адрозны ад паху польскіх і савецкіх выданьняў. Гэты пах заўсёды цьмяна адчуваецца мною ў водары сушанага сена.
Бальшыню з тады замоўленых кніжак я прачытаў на летніх вакацыях, рыхтуючыся да паўторных экзамэнаў у верасьні. (Наколькі памятаю, не было такіх вакацыяў, каб я не заваліў хоць аднаго экзамэну.) Такім чынам, чытаньне літаратуры, асабліва на ангельскай мове, спалучаецца ў мяне з пачуцьцём вінаватасьці і напружанасьці як умоўным рэфлексам. Уліс застаўся наастатак, калі я рыхтаваўся да самага апошняга, дыплёмнага экзамэну. Было гэта ўжо сярод іншых сьценаў і іншых галасоў, восеньню 1984 у Бельску. Жылося мне ў той час зусім безнадзейна: я штодня ўставаў а палове шостай і йшоў на цягнік, які за гадзіну і пятнаццаць хвілінаў дапаўзаў да Беластоку, дзе я вучыў ангельскай мове 300 дзяцей у пачатковай школе. Вяртаўся назад зноў у поцемках, сплючы ў запляваных і пракураных купэ. Біялягічны гадзіньнік будзіў мяне хвіліны за дзьве перад бельскім вакзалам. Дома чакала мяне заданьне вылічыць даўжыню сьпінавай хвалі, якую я ўзбудзіў у аморфным мэталічным фэрамагнэтыку падчас экспэрымэнту пры ядзерным рэактары каля Варшавы. Вынік трэба было запісаць у форме pracy magisterskiej. Я мусіў здаць свой апошні экзамен да траўня 1985, бо потым бралі мяне do wojska. Гэткія абставіны, акрамя генэтычнага ўспаміну аб часах прыгону зь іхняй адзінай магчымасьцю сацыяльнага авансу для прыгоньніка в солдатах, выклікалі ўва мне яшчэ й постфэўдальную, пралетарскую фрустрацыю. За маю настаўніцкую зарплату можна было купіць 15 бутэлек гарэлкі, калі ня браць пад увагу кошт пераездаў па маршруце Бельск-Беласток-Бельск.
Чытаньне Ўліса выратавала мяне ад апатыі і зьняверанасьці, што падсьцерагалі пасьля зьмены варшаўскага, студэнцкага жыцьця на ваўкавыйную аднастайнасьць маламестачковага гібеньня. Кніжка Джойса дазволіла адключыцца ад экзыстэнцыяльнай рэальнасьці (ці, дакладней, нерэальнасьці) і ўхапіць псыхічную раўнавагу паміж фізыкай (цьвёрдага цела) і мэтафізыкай у часе, калі я кожнай клетачкай свайго арганізму пачаў засвойваць, што свабода ёсьць усьвядомленая неабходнасьць. Я ня буду казаць, што я адразу раскусіў Уліса, стаўшы чытаць яго ў арыгінале, аднак жа першае ўражаньне было пачуцьцём захапленьня. Раман узьдзейнічаў на мяне сваім кумулятыўным літаратурным зарадам: неймаверна багатай мовай, якую, як мне наіўна ўяўлялася, я дастаткова вывучыў за 10 гадоў хай сабе нерэгулярнага і пазашкольнага, але ўсё ж настойлівага і сурёзнага падыходу; экстравагантнай фабулярнай завязкай; адмысловым стылем, сьпярэшчаным моўнымі гульнямі і надзеленым небывалай музычнасьцю; густашчыльнай сеткай літаратурных, культуралягічных, гістарычных, міталягічных, філязафічных, філялягічных, тэалягічных і іншых асацыяцый. Я не разумеў шмат чаго, але, калі пакарыстацца пэрыфразай Марсэля Пруста, бачыў цьмяна ў захапленьні.[4] Тэкст падаўся настолькі эстэтычна зладжаным, што мэлёдыя гучала нават для мяне, які ня ведаў бальшыні нотаў.
Цікава, што пасьля Ўліса мне цяжка прыгадаць хоць адно падобнае трымклівае захапленьне прозай, калі фіктыўны сьвет смакуе больш за сапраўдны. Раней, а як жа Карсан МакКалерс і Ўільям Фолкнэр, француз Патрык Мадыяно і нарвэжац Тарей Вэсас, нават ГДР-авец Эрвін Штрытматар. Магчыма, гэта зьвязана зь векам. Томас Пінчан падабаецца, але ні ў чвэрці не выклікае тае жарсьці, што выклікаў Джойс. Gravitys Rainbow is cool, кажуць амэрыканцы. Менавіта
Цікава, што пасьля Ўліса мне цяжка прыгадаць хоць адно падобнае трымклівае захапленьне прозай, калі фіктыўны сьвет смакуе больш за сапраўдны. Раней, а як жа Карсан МакКалерс і Ўільям Фолкнэр, француз Патрык Мадыяно і нарвэжац Тарей Вэсас, нават ГДР-авец Эрвін Штрытматар. Магчыма, гэта зьвязана зь векам. Томас Пінчан падабаецца, але ні ў чвэрці не выклікае тае жарсьці, што выклікаў Джойс. Gravitys Rainbow is cool, кажуць амэрыканцы. Менавіта
Апошнія некалькі гадоў я стаў зь ціхім жахам заўважаць, што бяруся чытаць кніжкі з адной толькі мэтай каб даведацца, што ў іх пішацца.
Сваю дыплёмную працу я самааддана дапісаў і пасьпеў скласьці апошні экзамэн за два дні перад адыходам у войска. Да гэтага часу я таксама здолеў перакласьці тры першыя эпізоды Ўліса. Пішучай машынкі ў мяне тады не было (о старажытная, дакампутарная часіна!), і я пісаў тушшу, сталёвымі пёрамі, паўсотні якіх закупіў яшчэ ў студэнцкую пару, калі запрагнуў вывучыць пэрсыдзкую мову. З пабочных дапаможнікаў у мяне былі пяцітомны слоўнік беларускай мовы і двухтомны ангельска-расейскі слоўнік прафэсара Гальперына.[5]
Дванаццацімесячны побыт у войску якое ў той час заўзята выконвала ролю выхавальніка патрыятычна-сацыялістычнага духу і было своеасаблівым antidotum супроць падпольнай Салідарнасьці падрыхтаваў мой мозг і душу да ўспрыняцьця Джойса так, як, мабыць, побыт у тыбэцкім кляштары рыхтуе маладога мніха да ўспрыняцьця навукі Буды і дасягненьня нірваны. Сутрамі былі палітычныя заняткі, а мантрамі выбраныя месцы з чатырох статутаў узброеных сілаў.[6] Пасьля войска я адчуў сябе агромністай парожняй судзінай, якая ў змозе ўмясьціць усё што заўгодна трапічны лівень, лад admirativus у альбанскай мове, наступнае беларускае адраджэньне, клясыфікацыю мінэралаў, вялікалітоўска-расейскі слоўнік Я. Станкевіча, шэсьць пунктаў ірляндзка-беларускага падабенства, паэзію Джона Шэйда, таўканіцу з кіслым малакам, мэлянхолію яцьвягаў ва ўрочышчах левабярэжнага Панароўя, etc., etc. Стан падобнай віртуальнай ненасытнасьці (virtual insatiability) культуроляг І. Бабкоў мадэлюе на прыкладзе цяперашняй беларускай культурнай сытуацыі, зьвязваючы яе (ненасытнасьць) як выдаецца, слушна з посткаляніяльнай дзірой незапатрабаванага патэнцыялу (postcolonial hole of unclaimed potential), перад якім часова разамкнуліся палітычна-ідэалягічныя бареры.[7] Я, на шчасьце, меў Уліса, каб упіхнуць яго ў зеўру свае неспатолі.
Праца над перакладам неяк арганізавала і надала кірунак маім штудыям у гуманітарнай сфэры, якая заставалася terra obscura на працягу доўгіх гадоў бясплённай трэніроўкі ў матэматыцы. Пасьля крышталёвых палацаў каралевы навукаў гуманістыка падалася мне разьлеглым дрыгвяністым балотам з размытымі грэблямі і багністымі астраўкамі, але іншага тут, мусіць, ня дадзена, і на іншае я не спадзяваўся. Цераз гэтыя размоклыя абшары я дайшоў да восені 1993, калі можна было здаць палову перакладу ў друк. Адзінай вядомай мне асобай, якая разьбіралася адначасова ў тарашкевіцы і ангельскай мове, быў Сяргей Шупа, які й зрэдагаваў пераклад. Дух Шупы, трэба тут выразна адцеміць, гуляе, непрыкаяны, у кніжцы. Першая частка перакладу, 400 бачынак, зь некаторымі прыгодамі выйшла пад канец 1993 г. у Беластоку ў колькасьці 1000 асобнікаў.[8]
Калі ўлічыць, што Ўліс кніжка, пра якую ўсе гавораць, але ніхто не чытае, дык яе ўспрыманьне беларускім чытачом было зусім нармальнае, у рэчышчы эўрапейскай традыцыі. Адзінай асобай, якая мне прызналася, што чытала пераклад і не адолела яго да канца, была мая мама. Ейныя засьцярогі лучылі якраз у самую сутнасьць літаратурнага скандалу, што разыграўся 75 гадоў таму, пасьля публікацыі Ўліса ў Парыжы ў 1922. Мама сказала: Непаважная кніжка. Усё едуць і едуць на тыя паховіны й даехаць ня могуць. У сваім эсэ з 1932 Карл Густаў Юнг напісаў:
Уліс гэта кніга-рака, што разьліваецца на 735 бачынках, струмень часу, што плыве 735 дзён, якія ўсе ўкладваюцца ў адзін-адзіны, бэссэнсоўны, самы звычайны і цалкавіта няважны дзень 16 чэрвеня 1904 году ў Дубліне дзень, калі, кажучы па праўдзе, нічога не здараецца. Струмень выплывае зь нічога і губляецца ў нічым. [] Бязьлітасны, бесьперапынны струмень шугае паўз нас, а ягоная быстрыня ўзрастае ажно да зьнікненьня знакаў прыпынку на апошніх 40 бачынках, каб даць самую жорсткую выяву пусткі, што займае дых і гняце, пераліваецца цераз краі і зьяўляецца невыноснай. Гэтая абсалютна безнадзейная пустка ёсьць галоўным матывам усяе кніжкі. Кніжка ня толькі пачынаецца і сканчаецца нічым, яна ўся складаецца з самой нічогасьці. [] Кожны сказ разбуджвае спадзяваньні, якія ня спраўджваюцца; урэшце, ад чыстай зьнеахвочанасьці, чытач ужо не чакае нічога больш.[9]