Und so weiter, und so fort. Падобны нігілістычны падыход да рамана дамінаваў у 20-тыя і 30-тыя гады сярод тых крытыкаў, якія хоць і прызнавалі за Ўлісам пэўныя літаратурныя вартасьці, але ў цэлым лічылі раман пякельным плодам вывіхнутага (паводле Юнга шызафрэнічнага) інтэлекту. Невыпадкова, відаць, пісьменьнікі былі першымі, хто ўгледзеў у кніжцы геніяльнасьць і прызнаў, неахвотна, але без маладушнасьці што Джойс сваім раманам пахаваў літаратуру XIX-га стагодзьдзя.
Адам Глёбус сказаў мне, што тры першыя эпізоды (разьдзелы) Уліса бадай, самыя важныя ў рамане і ключавыя для яго разуменьня. З гэтым мне пагадзіцца ня хочацца, але, з другога боку, не магу не прызнаць, што ў іх, у адмыслова згушчанай і зародкавай форме, утрымліваюцца шмат якія філязафічныя і літаратурныя лейтматывы ды тэхнічныя асаблівасьці кніжкі. Гэты момант сам па сабе мог бы паслужыць штуршком і апраўданьнем для напісаньня дадзенага эсэ аб завязцы Ўліса.
Ёсьць і другая прычына гэтага тэксту, больш агульнага пляну. Беларуская літаратура, якая ўвесь час шукала спажывы на могільніку расейскай літаратурнай традыцыі, у постсавецкі час апынулася ў постмадэрнісцкай сытуацыі без свайго мадэрнізму ды ў глыбокім сьветапоглядным каляпсе. Здаецца, нібыта выйсьця няма, і мазгі ўсім прапалошча хваля галівудзкіх баевікоў. У такія часы варта, па-мойму, прыгледзецца да досьведу іншых культурных фармацый і пабачыць, як яны рэагавалі на крызавае становішча. Джойса можна, безумоўна, разглядаць як ірляндца, але зразумець толькі як эўрапейца часу зьмярканьня Захаду (Освальд Шпэнглер). Заходнеэўрапейская культурная традыцыя (ня толькі, дарэчы, ХХ стагодзьдзя) амаль поўнасьцю праігнараваная беларускім культурастваральным патэнцыялам. Яна наогул не ўспрымаецца і не разумеецца (а нярэдка яна папросту невядомая). Уліс Джойса ўяўляе сабою ўнікальны сплаў заходнеэўрапейскай культурнай традыцыі і небанальную магчымасьць ўбачыць гэтую традыцыю ў дзеяньні, у якасьці жыватворнай асновы для літаратуры. Такім чынам, у нашай сытуацыі прачытаньне Ўліса сягоньня можа мець яшчэ й чыста практычны сэнс.
Гэты першы, сьціплы, самакрытычны падмурак пад беларускую джойсалёгію я прысьвячаю Сяргею Шупу, чый скептыцызм паўстрымаў мяне ад распаўсюджваньня першай часткі перакладу поўнасьцю і значна аслабіў тэмпы працы над другой.[10]
Гамэраўскія паралелі (Тэлемахія)
Незвычайнасьць Уліса для чытача бярэцца перш за ўсё з таго, што раман разгортваецца адразу і пасьлядоўна на чатырох узроўнях: міталягічным (гамэраўскім), натуралістычным (фабулярным), сымбалічным (рэканструкцыя чалавечага арганізму структурай кніжкі; паралелі з Боскай камэдыяй Дантэ; біблейскія матывы) і паэтычным (мадуляцыя тону апавяданьня і стылю ў залежнасьці ад пары дня, месца, тэмы і прысутных пэрсанажаў). Усе гэтыя ўзроўні ўзаемна пранікаюцца і дапаўняюцца зь небывалым у літаратуры размахам, у матэрыяле карпатліва ўшчыльненым незьлічонымі літаратурнымі лейтматывамі і асацыяцыямі, мудрагелістымі стылістычнымі прыёмамі, моўнымі гульнямі. У беларускай літаратуры няма нічога падобнага да Ўліса хоць бы ў сотай дзельцы. Наша проза, нават тая дабротная, ад Максіма Гарэцкага праз Івана Пташнікава да Сакрата Яновіча сутаргава трымаецца натуралізму, зрэдзьчасу толькі зьвяртаючыся да агульнага сымбалізму, добра яшчэ, калі без аскомнага дыдактызму.[11]
Паколькі Гамэрава Адысэя не належыць да чытацкага канону сучаснай сярэдняй школы, дарэчы будзе бегма нагадаць падзеі і калізіі гэтага антычнага эпасу, каб займець пэўны ўгляд у міталягічную аснову Джойсава твору. Абмяжуемся амаль выключна чатырма пачатковымі песьнямі, гэтак званай Тэлемахіяй.
Адысэя распавядае аб прыгодах караля маленькай грэцкай выспы Ітакі, які пасьля здабыцьця Троі грэкамі дзесяць гадоў вяртаўся дадому, да жонкі Пэнэлёпы і сына Тэлемаха. Большасьць ягоных прыгодаў падаецца ў Гамэра ў рэтраспэктыве; сучасныя падзеі ў паэме расьцягваюцца ўсяго на паўтара месяца. Аднак перш чым сустрэцца з Адысэем, чытач знаёміцца зь ягоным сынам Тэлемахам.
Песьня першая: Тэлемах перажывае нялёгкую часіну. Шматлікія князі-жаніхі з навакольных выспаў балююць у Адысэевым палацы і растрачваюць ягонае дабро, дамагаючыся ад Пэнэлёпы як лічаць усе, удавіцы каб яна ўрэшце выбрала аднаго зь іх сабе за мужа. Пэнэлёпа да апошняга часу адцягвала рашэньне, паабяцаўшы даць адказ жаніхам, як толькі вытча сьмяротны саван для Ляэрта, Адысэевага бацькі. Тое, што выткала днём, Пэнэлёпа распускала ўначы. Але гэтая штучка адкрываецца ў самым пачатку паэмы, і ёй трэба даць адказ неадкладна. Самы верагодны спадкаемец Ітакі Антыной якраз і найбольш ненавісны Тэлемаху. Тэлемаху зьяўляецца багіня Атэна, якая раіць наведаць герояў траянскай вайны, Нэстара ў Пілясе і Мэнэлая ў Лякедэмоне, каб выведаць ад іх аб бацькавым лёсе.
Адысэя распавядае аб прыгодах караля маленькай грэцкай выспы Ітакі, які пасьля здабыцьця Троі грэкамі дзесяць гадоў вяртаўся дадому, да жонкі Пэнэлёпы і сына Тэлемаха. Большасьць ягоных прыгодаў падаецца ў Гамэра ў рэтраспэктыве; сучасныя падзеі ў паэме расьцягваюцца ўсяго на паўтара месяца. Аднак перш чым сустрэцца з Адысэем, чытач знаёміцца зь ягоным сынам Тэлемахам.
Песьня першая: Тэлемах перажывае нялёгкую часіну. Шматлікія князі-жаніхі з навакольных выспаў балююць у Адысэевым палацы і растрачваюць ягонае дабро, дамагаючыся ад Пэнэлёпы як лічаць усе, удавіцы каб яна ўрэшце выбрала аднаго зь іх сабе за мужа. Пэнэлёпа да апошняга часу адцягвала рашэньне, паабяцаўшы даць адказ жаніхам, як толькі вытча сьмяротны саван для Ляэрта, Адысэевага бацькі. Тое, што выткала днём, Пэнэлёпа распускала ўначы. Але гэтая штучка адкрываецца ў самым пачатку паэмы, і ёй трэба даць адказ неадкладна. Самы верагодны спадкаемец Ітакі Антыной якраз і найбольш ненавісны Тэлемаху. Тэлемаху зьяўляецца багіня Атэна, якая раіць наведаць герояў траянскай вайны, Нэстара ў Пілясе і Мэнэлая ў Лякедэмоне, каб выведаць ад іх аб бацькавым лёсе.
Песьня другая: Тэлемах, падбадзёраны Атэнай, склікае народны сход, дзе патрабуе выгнаньня жаніхоў. Атэна дапамагае яму дастаць карабель і прыпасы, і Тэлемах вырушае на пошукі бацькі.
Песьня трэцяя: Нэстар у Пілясе распавядае Тэлемаху аб подзьвігах бацькі пад Трояй, але ня ў змозе сказаць, які быў далейшы бацькаў лёс. Раіць наведаць Мэнэлая і Галену ў Спарце.
Песьня чацьвертая: Каралеўская пара апавядае Адысэеваму сыну пра ўдзел бацькі ў здабыцьці Троі, а потым Мэнэлай гаворыць аб сваім змаганьні з марскім богам Пратэем, які, пераможаны, адкрыў яму будучыню некаторых ягоных таварышаў. Адысэй, паводле Пратэя, цяпер знаходзіцца ў палоне ў німфы Каліпса на ейным востраве. Тым часам жаніхі, даведаўшыся аб падарожжы Тэлемаха, падстройваюць на яго засаду на моры. На гэтым Тэлемахія канчаецца, і Гамэр пераходзіць да ўласьцівай Адысэі.
Джойсаўская Тэлемахія разгортваецца крыху інакш, чымся гамэраўская.
Эпізод першы (Telemachus): Тэлемах (Стывэн Дэдал) знаходзіцца ў цяжкай сытуацыі. Ягоная маці памерла, а ён сам пакінуў дом свайго бацькі і пасяліўся з двума таварышамі ў вежы. Адзін зь іх чужынец, прадстаўнік нацыі, якая паняволіла ягонае каралеўства і народ; другі ягоны суродзіч, які безупынна кпінкуе зь яго, дамагаецца ягоных грошай і нават ключа ад вежы. Пакінуўшы ключ, Тэлемах вырашае не вяртацца больш у вежу.
Эпізод другі (Nestor): Спатканьне з Нэстарам (дырэктарам пачатковай школы) не дае Тэлемаху аніякай карыснай інфармацыі наконт таго, як яму вярнуць свае правы ўладальніка і гаспадара ды што рабіць далей.
Эпізод трэці (Proteus): Тэлемах (не Мэнэлай) змагаецца са зьменлівым богам Пратэем (сымбалізаваным няўлоўнай субстанцыяй ягоных Тэлемахавых думак), але так і не адольвае яго. Пэўныя знакі паказваюць на патрэбу займець духовага бацьку як заменьніка для біялягічнага, зь якім сын не адчувае блізкасьці, але Тэлемах вырушае ў далейшае падарожжа па Дублінскім моры, не падрыхтаваны да сустрэчы з Адысэем (рэклямным аквізытарам Леапольдам Блюмам).
я слуга двух паноў
Адна з найбольш славутых кніжак ХХ стагодзьдзя пачынаецца зь лёгкага блюзьнерства. Самавіты, пульхны Бык Маліган ідзе на вяршыню абарончай вежы пагаліцца з брытвай, люстэркам і мыльнай пенай у руках, падымае ўсё гэта як сьвятар дараносіцу і прамаўляе першай фразай каталіцкай імшы. Гэтую сцэнку ён адыгрывае перад вачыма толькі што прабуджанага Стывэна Дэдала, у недалёкім мінулым гадунца езуіцкага каледжу і выпускніка каталіцкага ўнівэрсытэту ў Дубліне. Маліган працягвае блазнаваць у літургічна-эўхарыстычным кірунку:
Бык Маліган зіркнуў пад люстэрка й хуценька прыкрыў ім місачку.
Назад у казарму! строга выгукнуў ён. І тонам прапаведніка дадаў:
Бо гэта, о любасныя, ёсьць праўдзівая Эвахрысьця: цела й душа, кроў і вава. Павольную музыку, калі ласка. Прашу заплюшчыць вочы, спадары. Адну хвілінку. Маленькі клопат з гэтымі белымі крупінкамі. Усе змоўкніце.
Ён скоса паглянуў угору й даў нізкі поклічны сьвіст, а потым хвілю якую чакаў у шчасным засяроджаньні. Ягоныя роўныя белыя зубы сям-там паблісквалі залацістымі кропкамі. Залатавусны. [7][12]