Гордыя, уладарныя тытулы прагучалі ў Стывэнавай памяці трыумфам медных званоў: et unam sanctum catholicam et apostolicam ecclesiam: павольны рост, высьпяваньне абрадаў і догматаў, як ягоных уласных запаветных думак, альхімія зорак. Апостальскі сымбаль у імшы папы Марцэла, галасы зьліваюцца ў адно гучнае ўсхваленьне, а пад іхні сьпеў нядрэмны анёл ваяўнічай царквы абяззбройвае ерасіярхаў і пагражае ім. Арда ерасяў у скасабочаных мітрах кідаецца наўцёкі: Фотый і кагорта насьмешнікаў, сярод якіх і Маліган, і Арый, які ўсё жыцьцё ваяваў супроць адзінасутнасьці Сына з Айцом, і Валянцін, які грэбаваў зямной існасьцю Хрыста, і хітрамудры ерасіярх з Афрыкі Савелій, паводле якога Айцец Сам быў уласным Сынам. Словы, якія толькі што выказаў Маліган, блазнуючы перад чужынцам. Пустая блазнота. Непазьбежная пустка чакае ўсіх тых, што ткуць вецер: пагрозу, абяззброеньне й разгром нясуць ім самкнутыя баявыя шыхты анёлаў царквы, Міхалава войска, якое ў часіну разладу заўсёды засланяе яе сваімі дзідамі й шчытамі. [2526]
Сам Джойс заняўся вырашэньнем падобнай галаваскрутнай праблемы ў кніжцы, надумаўшы знайсьці духоўную блізкасьць і сваяцтва духоўнае бацькоўства паміж інтэлектуалам Стывэнам і звычайным дублінцам, рэклямным агентам Леапольдам Блюмам. У Стывэна ўжо ёсьць адзінасутны бацька, Сайман Дэдал, якога чытач сустрэне ў далейшых эпізодах. Але зь ім Стывэн не адчувае тае істотнае яму духоўнае повязі духоўнага насьледаваньня якая магла б дапамагчы яму пераадолець ягоную адчужанасьць у гэтым сьвеце. Тэма пошуку духоўнага, неадзінасутнага бацькі цэнтральная для Ўліса. Яна разгортваецца Джойсам на ўсіх узроўнях аповеду. Тут яна толькі ўступна сыгналізуецца ў сваім найвышэйшым мэтафізычным варыянце. І яшчэ дробная дэталь, падобнымі да якой нашпігаваная ўся кніжка. У вышэйпададзеным урыўку ў слове ecclesiam хаваецца слова eccles. На Eccles Street жыве містэр Блюм, дублінскі Адысэй, зь якім наканавана ў гэты дзень сустрэцца Стывэну-Тэлемаху.
Як Царква, так і дзяржава трактуюцца Стывэнам як непрымальныя структуры. Ён ім служыць не зьбіраецца. Што ж тады застаецца? Застаецца мастацтва, але ірляндзкае мастацтва гэта расколатае люстэрка пакаёўкі,[21] яшчэ адна сфэра, дзе ірляндцы пацьвярджаюць свой статус прыслужнікаў. Стывэн знаходзіцца ў сытуацыі чалавека без апоры пад нагамі. Пад канец эпізоду Маліган просіць у яго ключ ад вежы, і Стывэн яму дае яго. Ён вырашае не вяртацца больш у вежу; дадому ён таксама ня можа пайсьці, з увагі на непаладкі з бацькам. Ён, як Тэлемах жаніхамі, пазбаўлены свае спадчыны Маліганам і Хэйнсам (у Джойса, зразумела, спадчына трактуецца значна шырэй за ўнасьледаваную маёмасьць). Захопнік апошняе слова эпізоду і думка Стывэна пры разьвітаньні зь ягонымі непрыяцелямі адносіцца як да аднаго, так і другога.
кашмар, ад якога я спрабую прачнуцца
Наступны эпізод пераносіць нас у школу для хлопцаў, дзе Стывэн часова працуе настаўнікам (а нехта трэці патрабуе мяне да часовых заняткаў [25]). Стывэн вядзе ўрок гісторыі, і гісторыя зьяўляецца асноўным мастацтвам, якое арганізуе дыскурс эпізоду. Прасторавы аспэкт рэчаіснасьці, які дамінаваў у першым эпізодзе, тут падмяняецца разважаньнямі над часам, над часавай пасьлядоўнасьцю падзей. Стывэн пытае вучняў пра бітву пад Аскулумам (якая ўвайшла ў гісторыю пад назвай піравай перамогі) і прыходзіць да высновы, што ўсе перамогі ў бітвах зьяўляюцца піравымі. (Над усланай трупамі раўнінай усьпёрты на капё генэрал прамаўляе з узгорка да афіцэраў. Які-колечы генэрал да якіх-колечы афіцэраў. А яны разьвесілі вушы. [29]) Стывэну прыгадваюцца словы Ўільяма Блэйка, што гісторыя гэта байкі дачок памяці, аднак жа ён адхіляе гэтую дэфініцыю як празьмернасьць. Неіснаваньне гісторыі было б раўназначнае канцу сьвету: Чую, як валяцца прасторы, трушчыцца шкло й рассыпаюцца камяні, і час займаецца сіне-барвовым полымем канца. Што ж нам тады застаецца? [28] Гістарычныя адносіны паміж сваім народам і ангельцамі ён разглядае як сытуацыю блазна пры панскім двары і ставіць пытаньне: Чаму ўсе яны выбралі гэткую ролю? Ня толькі дзеля заспакаяльнае ласкі. Для іх таксама гісторыя гэта казка, зачаста чутая, а свая краіна лямбард. [2930] На месца папярэдняй пагарды (сцэнка з малочніцай) прыходзіць нешта накшталт спагады і разуменьня, што ягоныя суродзічы служылі і служаць, магчыма, дзеля надзеі быць вольнымі. Яны не адказваюць на кліч свайго гераічнага мінулага бунтам, але і свае айчыны не пакідаюць.

Стывэнавы разважаньні аб гісторыі падсумоўвуюцца ў гэтым месцы філязофскім прызнаньнем непазьбежнасьці таго, што сталася ў прасторы незьлічоных магчымасьцяў і акрэсьленьнем гістарычнага працэсу як актуалізацыі магчымага як такога (вызначэньне Арыстотэля, чыя філязофія, нароўні з айцамі Царквы, сілкуе сьветабачаньне Стывэна).
Урок гісторыі, з увагі на незацікаўленасьць усіх прысутных, страчвае свой імпэт і пераходзіць ва ўрок літаратуры, на якім хлопец гаворыць завучаны напамяць фрагмэнт пастаральнай элегіі Джона Мілтана Лікід. Кляса ж просіць настаўніка, каб ён лепш расказаў нейкую гісторыю пра прывіды. Стывэн узамен прапануе вучням загадку, своеасаблівую гісторыю з прывідам:
Кукарэкаў дзюбаграй. Пад блакітам цэлы край. Звон у небе зазваніў, Адзінаццаць абвясьціў. Бедная душа ў нябёсы Вырушае з волі лёсу. [31]
Загадка з гатунку неразгадальных і яўна вышэй пачуцьця гумару Стывэнавых выхаванкаў, таму й ня дзіўна, што адказ ліс, які хавае сваю бабку пад вастралістам яны ўспрымаюць з расчараваньнем. На шчасьце, дзень 16 чэрвеня 1904, калі адбываюцца падзеі рамана, гэта чацьвер, і пакутлівыя для ўсіх заняткі ідуць толькі да полудня.[22] Хлопцы вышмыгваюць гуляць у хакей на школьнай пляцоўцы. Застаецца адзін зь іх, Сарджэнт, якому Стывэн павінен дапамагчы разьвязаць арытмэтычную задачку. На памяць Стывэну зноў прыходзіць ягоны прывід памерлая маці на сьмяротным ложы (водар ружовага дрэва й тленная сырасьць). Выгляд Сарджэнта нагадвае яму ўласнае дзяцінства. Сарджэнтава існаваньне (вобраз вечнага сына), сьмерць сваёй маці і ліс, які хавае сваю бабку выклікаюць надзвычай уражальны ланцужок асацыяцый:
Брыдкі й непатрэбны: худая шыя, склычаныя валасы й атрамантавая пляма, сьлед сьлімака. Але ж нехта любіў яго, вынасіў яго пад сваім сэрцам і на сваіх руках. Калі б не яна, сьвет сваім імпэтам прытаптаў бы яго й расплюшчыў пад нагой як бескасьцёвага сьлімака. А яна любіла ягоную слабую вадзяністую кроў, адсочаную зь яе ўласнай. Дык было такое сапраўды? Адзіная сапраўднасьць у жыцьці? У сьвятым сваім парыве палымяны Калумбан пераступіў церазь цела маці, якая ўпала ніцма перад ім. Яе ня стала: дрыготкі касьцяк апаленай агнём галінкі, водар ружовага дрэва й тленная сырасьць. Яна ўратавала яго, не дала растаптаць пад нагою, і адыйшла, ледзьве пабыўшы. Бедная душа ў нябёсы вырушае: а на верасовай пустэчы пад міготкімі зоркамі ліс яркія бязьлітасныя вочы, поўсьць патыхае рыжым грабежніцкім духам дзёр зямлю, прыслухоўваўся, разграбаў, прыслухоўваўся, дзёр і дзёр. [32]
Ліс ніхто іншы як Стывэн, які ўсё разграбае й разграбае сваё недалёкае мінулае, дзе ён бязьлітасна пахаваў сваю маці. Стывэн прыходзіць да думкі, што любоў маці (amor matris) адзіная сапраўднасьць у жыцьці. Наступны фрагмэнт канкрэтызуе гэты вобраз, яшчэ больш выразна падкрэсьліваючы цяперашнюю Стывэнаву самоту: