Словы ў голым полі. Беларуская літаратура 1990-х y снах, успамінах і фотаздымках (зборнік) - Ян Максімюк 6 стр.


Ліс ніхто іншы як Стывэн, які ўсё разграбае й разграбае сваё недалёкае мінулае, дзе ён бязьлітасна пахаваў сваю маці. Стывэн прыходзіць да думкі, што любоў маці (amor matris) адзіная сапраўднасьць у жыцьці. Наступны фрагмэнт канкрэтызуе гэты вобраз, яшчэ больш выразна падкрэсьліваючы цяперашнюю Стывэнаву самоту:

Маруднымі, няўпэўненымі рухамі пяра Сарджэнт перапісваў дадзеныя. Усё яшчэ спадзеючыся на слова дапамогі, ягоная рука старанна ставіла крывыя значкі, праз матавую скуру шчокаў прабіваўся слабы пробліск сораму. Amor matris: родны склон субекту й абекту. Яна выкарміла яго сваёй слабой крывёй ды абрызглым малаком і хавала ад чужых вачэй ягоныя пялёнкі.

Такі як ён быў і я, такія ж самыя спадзістыя плечы, такая ж самая нехлямяжасьць. Маё дзяцінства хіліцца каля мяне. Задалёкае, каб крануцца яго хоць раз, ці зьлёгку. Маё далёкае, а ягонае таямнічае, як нашы позіркі. Таямніцы, маўкліва застыглыя ў цёмных палацах двух нашых сэрцаў: таямніцы, стомленыя сваёй тыраніяй: тыраны, што прагнуць быць зрынутымі. [33]

Інтэлектуальная ўскладнёнасьць паэтычных вобразаў не дазваляе прозе Джойса апусьціцца ў сьлязьлівы сэнтымэнталізм ці пустую экзальтацыю (хіба што дзеля сатырычнае мэты, калі стылем нарацыі стаецца імітацыя і пародыя стылю іншых).[23]

Урэшце надыходзіць момант, калі Тэлемах спатыкаецца з Нэстарам (гамэраўскі загаловак гэтага эпізоду Нэстар). Ролю Нэстара выконвае містэр Гэрэт Дызі, кіраўнік школы. Гэта стары, бурклівы, самаўпэўнены і кансэрватыўны чалавек. Ён Стывэнаў працадаўца, які якраз сёньня выплочвае Стывэну ягоны заробак: тры фунты дванаццаць шылінгаў (зь якіх адзін фунт Стывэн паабяцаў Малігану на выпіўку). Містэр Дызі адзін з тых ірляндцаў, якія служаць сваім заваёўнікам рупліва і аддана. На сьценах ягонага кабінэта партрэт прынца Валіі (пазьнейшага караля Эдуарда VII) і фатаграфіі скакавых коней ангельскіх арыстакратаў; ён зьбіральнік манэтаў з эпохі Сьцюартаў і марскіх ракавінаў. Ён захапляецца ангельскім падыходам да жыцьця (Я заплаціў за сваё. Я нікому не вінаваты), а Шэксьпір для яго асацыюецца з фразай Яга ў Атэла: Грошы кладзі ў каліту.[24] Джойс прадстаўляе яго ў іранічным сьвятле ня толькі як мудрага Нэстара, але і як карэннага ірляндца:

 У маіх жылах таксама бунтарская кроў, прызнаўся містэр Дызі. Па жаночай лініі. А па мужчынскай лініі я выводжу свой род ад сэра Джона Блэквуда, які галасаваў за унію.[25] Усе мы ірляндцы, усе нашчадкі каралёў.

 На жаль,  сказаў Стывэн.

 Per vias rectas,  цьвёрда вымавіў містэр Дызі, было ягоным дэвізам. Ён галасаваў за унію й дзеля гэтага абуў батфорты ды паехаў у Дублін з Ардсу ў графстве Даўн.

Містэр Дызі, згодна з Гэгелем, лічыць, што ўся гісторыя імкнецца да аднае вялікае мэты выяўленьня Бога. Гэта боская трактоўка гістарычнага працэсу. Прыгадаем, што ў першым эпізодзе Хэйнс, гаворачы аб несправядлівых адносінах ангельцаў да ірляндцаў, звальвае віну на гісторыю, трактуючы яе як нейкую дэманічную сілу. Ні адно, ні другое не адпавядае Стывенаваму разуменьню гісторыі ці, лепш сказаць, ягоным адносінам да яе наступстваў. Ён ня хоча прызнаць уладу гісторыі над сваёй асобай. Калі хлопцы на пляцоўцы забіваюць гол і чуваць іхнія вокрыкі, ён кажа містэру Дызі: Вось Бог. () Крык на вуліцы. Стывэн іранічна атаясамлівае выяўленьне Бога з голам на пляцоўцы (неперакладальная гульня словаў, у якой слова goal раз значыць мэта, а раз проста гол). Ён успрымае гісторыю як кашмар, ад якога я спрабую прачнуцца [39] і хоча жыць сёньняшнім днём. У дзявятым эпізодзе Стывэн фармулюе гэты погляд explicite: Трымайся за тут і цяпер, празь якія ўся будучыня апускаецца ў мінулае. [193]

Містэр Дызі ўслаўляе гісторыю, гэтым самым ухваляючы сваю сёньняшнюю ролю слугі і паклоньніка ангельскай дзяржаўнай магутнасьці. Гісторыя для яго выява боскай справядлівасьці, да якой ён залічвае і антысэмітызм (яны саграшылі супроць сьвятла). Ён называе сябе змагаром за слушную справу і цытуе антыірляндзкі заклік:

Ольстэр пойдзе ў слушны бой, Вольным будзе Ольстэр мой. [40]

Уся мудрасьць містэра Дызі, якую Стывэн выведаў у гэтым эпізодзе, сыходзіцца клінам на тым, што трэба зьбіраць грошы і падпарадкавацца шляхам Творцы. Стывэн наўрад ці ёю пакарыстаецца. Грошы яму служаць для выдаваньня, а не запасаньня, а што тычыцца шляхоў Творцы, яны часта вядуць у кашмар.

Пад канец эпізоду Стывэн пагаджаецца зрабіць містэру Дызі малую паслугу занесьці ў рэдакцыі дзьвюх газэтаў ягоны допіс пра эпідэмію яшчуру (заразнай хваробы рагатай жывёлы і коней) і прапанову лячэньня хваробы (Аднак дапамагу яму ў ягоным змаганьні. Маліган прыклеіць мне новы тытул: быкамбратэрскі[26]). [4041] Заключны акорд спатканьня Стывэна-Тэлемаха з Дызі-Нэстарам гучыць зьдзеклівай нотай: Праз шахматны ўзор лістоты сонца рассыпала на ягоныя [містэра Дызі Я.М.] мудрыя плечы бліскоткі, танцуючыя манэты. [41]

нюхам юху юрляндца чую

Найбольш славутай наратарскай тэхнікай Уліса зьяўляецца ўнутраны маналёг (interior monologue)  спосаб адлюстраваньня струменя сьвядомасьці (stream of consciousness) герояў. Акрэсьленьні ўнутраны маналёг і струмень сьвядомасьці зьвязваюцца з Джойсам нават для тых, хто Ўліса ўвогуле не чытаў. Джойс, па сутнасьці, ня быў вынаходнікам тэхнікі ўнутранага маналёгу, аднак жа пакарыстаўся ёю ў такі спосаб і з так дасканалым вынікам, што яго можна лічыць першапраходнікам.[27]

Асноўны стыль Уліса, які мы можам назіраць у шасьці пачатковых эпізодах і у розных камбінацыях у некалькіх іншых, ёсьць мяшанкай трох складнікаў: унутранага маналёгу, абектывізаванага апісаньня падзей і месцаў у трэцяй асобе, натуралістычнага дыялёгу. Аднак жа ўвага засяроджана на тым, хто маналягуе (у трох першых на Стывэне, у трох наступных на Блюме). З чыста тэхнічнага гледзішча, у струмені сьвядомасьці адсутнічаюць такія традыцыйныя фразы, як ён сказаў, яна падумала і г.п. Зьмена невялікая, але яна дазваляе пазбыцца пасярэдніка паміж літаратурным героем і чытачом (звычайна пасярэднікам зьяўляецца аўтар або створаны аўтарам фіктыўны наратар). Ствараецца ілюзія блізкасьці і непасрэднасьці кантакту паміж чытачом і фіктыўнымі постацямі, як быццам чытач падслухоўваў іх. Гэткі ход у сваю чаргу дазваляе паслабіць лінгвістычную норму (граматыку) і маральную цэнзуру. Сынтаксіс можа быць не зусім правільным, традыцыйная лёгіка ўступае месца лёгіцы асацыятыўна-псыхалягічнай, фраза стаецца фрагмэнтарнай. У чытача ствараецца ілюзія (нашмат больш уражальная, чымся ў традыцыйнай нарацыі) прысутнасьці пры мэнтальным працэсе героя. Гэта, вядома, яшчэ адна ўмоўнасьць, паколькі вэрбальны ўнутраны маналёг ўсяго толькі сымбалічна імітуе па сутнасьці перадвэрбальную плынь чалавечай сьвядомасьці і ня можа быць разгляданы як нейкая ізаморфная функцыя псыхалягічнага стану. Другой умоўнасьцю ёсьць стварэньне ўражаньня адсутнасьці цэнзара ў нарацыі аўтар як быццам занатоўвае струмень сьвядомасьці ў ягоным аголеным выглядзе, без уключанага маральнага фільтра. Безумоўна, Джойс зрабіў шмат, каб пашырыць дыяпазон чалавечага думаньня тэмамі, якія да Уліса лічыліся табуізаванымі для літаратуры. Аднак варта ўвесь час мець на ўвеце, што таямніца вялікай літаратуры палягае перш за ўсё ў строгім выбары і арганізацыі матэрыялу, нават калі аўтарская задача, як ва Ўлісе, прадставіць хаос жыцьця зь ягонымі непрыгляднымі, нелітаратурнымі праявамі.

Трэці эпізод, Пратэй, зьяўляецца амаль поўнасьцю ўнутраным маналёгам Стывэна. Вонкавыя падзеі ў ім вельмі ўбогія: Стывэн пасьля заняткаў у школе ідзе берагам мора, якое якраз пачынае прыліваць, раздумвае, прысядае на скале, складае чатырохрадкоўнік. Здалёк бачыць дзьвюх жанчын, потым мінаецца з парай зьбіральнікаў малюскаў ды іхнім сабакам. Эпізод уключае ўсяго адзін радок дыялёгу, калі ўласьнік сабакі кліча яго да сябе. Чытач амаль увесь час знаходзіцца ў хуткаплынным і зьменлівым рэчышчы Стывэнавых думак. Мэтафарай эпізоду ёсьць Стывэнава змаганьне з богам Пратэем сымбалем зьмены і рэлятывізму з мэтай ухапіць трывалы і абектыўны кшталт рэчаіснасьці, уключна з саматоеснасьцю героя.[28] Пратэй прыклад вялікага моўнага майстэрства і першая нагода для чытача сутыкнуцца з тым, што называюць цяжкім Джойсам.

Непазьбежная мадальнасьць бачнага: сама менш тое, калі ня болей, маёй думкай кіруюць мае вочы. Подпісы ўсіх рэчаў, што я прыйшоў сюды прачытаць, рыбамалеча й водарасьліны, набліжэньне прыліву, той парудзелы бот. Смаркатазялёнае, срэбнасіняе, рудое: каляровыя знакі. Межы празрыстасьці. Але ён дадае: у целах. Значыць, іх цялеснасьць ён усьвядоміў раней, чымсьці іх каляровасьць. Як? Ляснуўшыся аб іх мазгаўнёю, няйначай. Асьцярожна. Ён быў лысы й мільянэр, maestro di color che sanno. Мяжа празрыстасьці ў. Чаму у? Празрыстасьць, непразрыстасьць. Калі можна прасунуць праз тое пяцярню, гэта весьніцы, калі не, дзьверы. Заплюшчы вочы й глядзі.

Назад Дальше