Сад Замкнёных Гор (зборнік) - Серж Мінскевіч 2 стр.


 Мурло! Што, мурло?! Ну і мурло! Набубнявіў мурло!

Калі я падышоў, яе вочы перакуленыя чырвоныя піялы, што невыносна піявілі мяне,  першы раз мірганулі:

 Новы, мурло?  жабалюдзіна-вартаўнік падскокнуў.

 Каморы перапоўненыя, мурло!  апусьціўся.

 Трэба, мурло,  падскокнуў.

 Выканаць прысуд, мурло!  апусьціўся.

Але больш ніякіх рухаў (ён, яна, яно) не рабіла, толькі ўверх долу, уверх долу. І дастаткова бяскрыўдна.

Я ціхутка абышоў жабалюдзіну, пасьпеў заўважыць, як вялізная пунсовая зрэнка, пільнуючы мяне, закацілася пад лоб.

Нэрвы ня вытрымалі, я пабег. Скура сьпіны, мэрам адна вялікая вушная перапонка, улоўлівала ўсе шоргаты, якія ствараліся за мной. Вартаўнік у такт маіх крокаў падскокваў з рознай амплітудай, здавалася, узьнімаўся і накіроўваў у мой бок рулю стрэльбы.

Я зразумеў, што ён кепска бачыць, але добра чуе.

 Стой, мурло!

Я наляцеў на нехлямяжа замаскаваную, звараную з жалезных прутоў сьпіральную лесьвіцу.

Хутчэй! Угору!

 Мурло! Мурло!! Прысуд! Мурло!

Шэра-зялёная невялічкая ракета пратрубіла над маёй галавой і ўваткнулася ў столь за два мэтры ад мяне. Я ўпаў на жалезныя прыступкі. Але ракета пакуль ня думала разрывацца яна думала зваліцца! Трохі павісеўшы, хіснулася і пляснулася на лесьвіцу. Дзікі выбух звон. Ракета хіснулася туды-сюды і спачатку марудна, а потым хутчэй і хутчэй забразгатала па прыступках проста на мяне. Я, нібы кот, адразу рукамі і нагамі адштурхнуўся ад сталёвых прутоў.

Ракета пакацілася далей. На ніжэйшай прыступцы яна закруцілася, плюючыся дымам, і раптам вухнула.

Жабалюдзіна апошні вартаўнік забытай дяблам і людзьмі турмы упаў галавой на падлогу. Яго накрыла хваля чорнага паветра.

Калі дым разьвеяўся, я заўважыў, што жабалюдзіна, дзіка кашляючы, перазараджае стрэльбу. Я ня стаў чакаць, калі пачвара завершыць сваю апэрацыю, і падняўся вышэй, на новы ўзровень.

ІІІ

Калідор. Прастакутная кішка!

І людзі, жыхары яе,  душы ў іх вузкія, сьлізкія і роўныя, быццам плоскія глісты.

Бэтонная шэрань на скуры, такі ж самы бэтоннанепрабівальны выраз твару. І размаўлялі, здавалася, не з дапамогай зьвязак, а схаванай у горле жалезнай арматурай.

Ж-жжжж-вібра-цыя!

Нарэшце я зь сельскай мясцовасьці трапіў у горад.

Перад адкрытай Брамай мяне з ног да галавы асьвятліў аранжавы прамень.

 Небясьпечных захворваньняў няма, грошай няма, можа працаваць,  пачулася дзесьці ў сьцяне.

Потым пачуўся працяжны позех.

Я бесьперашкодна прайшоў у горад. Места было тыповае, якраз такое, пра якое я чуў: чатыры тунэлі па прастакутным пэрымэтры, два асобныя, шырэйшыя,  пэрпэндыкулярна перакрыжоўваліся ў прасторным квадратным памяшканьні гэта была галоўная кірмашовая плошча.

Мае ўласныя біярытмы патрабавалі сну. А страўнік ежы.

Я падышоў да лаўкі.

Лысы дзядок з даўно няголенымі шчокамі і вузкім хітрым позіркам гандляваў землянымі арэхамі, якія вырошчвалі ў выбоінах бэтону ці ў плястыкавых нішах.

 Можаце прадаць жменю?

 Тры рутобы.

 Што?

 Грошы.

Я ведаў, што ў гарадах ежу даюць за нейкія круглякі, але ніколі ня бачыў іх. Там, дзе я жыў, усё было агульным, а гандлявалі толькі за гадзіны працы.

 Праца.

Па маёй гаворцы, якая вымовай адрозьнівалася ад іхнай, ён зразумеў, адкуль я.

 Добра,  сказаў ён.  Праца. Пойдзеш на той край плошчы, убачыш чорную бабу, якая таксама гандлюе арэхамі. Перакулі яе кашы патапчы. Я табе дам жменю.

 Вы несяце адказнасьць за тое, што я зраблю.

 Так, так, вядома  ён нахіліўся да мяне і зашаптаў: Яна вядзьмарка. Яе арэхі замоўленыя. У людзей ад іх пухнуць жываты. Але ўсё роўна купляюць у яе!

Я пабег, куды паказваў дзядок, хутка адшукаў старую гандлярку, не зважаючы на лямант, раскідаў яе тавар, патаптаў, пайшоў за платай. Але празь дзесяць крокаў капронавае ласо здушыла мне горла.

 Гэта ён!  вішчала чорная баба.

Два бамбізы ў карычневых каптурах зьвязалі мяне і прывалаклі ў прастакутны пакой.

Там на алюміневым, абцягнутым матэрыяй крэсьле сядзеў худы, як бамбук, дзядзька і паліў сьмярдзючую люльку.

 Што здарылася?  спытаў ён, з асалодай наліваючыся пачуцьцём улады.

 А-ааа! Паночку! Ратуй! Дапамажы! А-аа! Гэты мярзотнік усе мае арэхі, усю маю бульбу, гуркі, мой тавар сапсаваў

 Яна мела толькі арэхі І гэта ня я рабіў. Я прадаў сваю працу,  з гонарам сказаў я.

 Ты зь нізу?

 Так.

 Як клічуць?

 Даль Даляшорзах Ін-Йорм.

 І каму ты прадаўся?

 Я шчыра прадаў сваю працу старому чалавеку, які таксама гандлюе арэхамі.

Худы кіўнуў бамбізам. Яны паставілі мяне ў кут і борзда выбеглі за дзьверы.

 Ты не ў сябе дома, у нас за вашыя звычкі забіваюць,  худы праз карычневыя, як яго каптур, зубы выціснуў хмару чорнага смуроду. Кручкаваты погляд, здавалася, драпаў маю шыю.

Праз пэўны час бамбізы зьявіліся зноў.

 На рынку такімі арэхамі гандлююць яшчэ адна старая і малы хлапец. Ніхто зь іх пра дзядка ня чуў Ён хлусіць.

 Не, гэта ідыёт з самага нізу, ён хлусіць ня ўмее. А вы, спадарыня,  зьвярнуўся да чорнай бабы,  ідзеце дамоў ці гандлюйце тым, што засталося. Калі знойдзем таго дзядка, дык ён вам заплаціць. А ідыёта за тое, што ён ідыёт, мы ўстырнем.

Чорная баба, уся ў сьлязах, праклінаючы мяне, выйшла з пакою.

Я не разумеў, чаму яна на мяне ўзьелася: вінаваты быў дзядок, а ня я Я ж быў толькі яго інструмэнтам. Рыдлёўку ж ня судзяць, калі ёю ўдарылі чалавека! Калі маральныя перакананьні яе народа дазваляюць заказваць такую працу, якую прапанаваў мне дзядок, то, значыцца, я рабіў правільна.

Аднак худы ня стаў мяне слухаць. Два бамбізы адвалаклі мяне ў глухую кельлю.

Там мне прынесьлі падобную да плястыкавага пюрэ кашу. Трэба сказаць, што яна насамрэч была даволі пажыўнай.

 Паеш, каб каленкі не падкасіліся,  зарагаталі бамбізы. Мне разьвязалі лішнія вяроўкі пакінулі толькі на руках.

Замкнулі жалезныя дзьверы. Нарэшце я мог нядрэнна выспацца.

ІV

Кірмашовaя плошча была цалкам забіта натоўпам. Адчувалася агульнае ўзбуджэньне. Людзі паказвалі на мяне, большасьць з радаснымі грымасамі, але былі сярод іх і тыя, што спачувалі мне.

Пасярэдзіне плошчы ўзвышалася вялікая шыбеніца. У школе я праходзіў старажытную гісторыю і ведаў, што азначае гэткая перакладзіна. У мяне пахаладзелі лыткі. Толькі адна станоўчая думка мільганула ў галаве: «Дзякуй, што ня будуць расьсякаць».

Мяне правялі паўз жывы калідор, заштурхнулі на пастамэнт, паставілі на ўслончык. Перад маім тварам ціха хісталася пятля, тоўстая капронавая вяроўка нібы абрысоўвала вялікага дохлага апалоніка, падвешанага за хвост да алюміневай бэлькі. Агідны, ён некалькі разоў сьлізгануў па маіх пашчэнках.

За ім гуў натоўп, сярод якога можна было разгледзець шляхетных жанчын і мужчын з блакітнымі шклянымі званочкамі ў вушах. Іх мілагучнае тонкае дзынканьне выклікала ціхі экстаз у іх уладальнікаў, чым прытупляла сэнс пачутых словаў. Для мяне гэтыя зыкі паступова ператварыліся ў невыносны шмат разоў узмоцнены камарыны піск.

На пастамэнт выйшаў паліцмайстар, які дапытваў мяне ў пастарунку. Асабіста пакланіўся бургамістру і ягонай жонцы, якія ў яркіх строях сядзелі на пасярэбраных насілках. Старэйшына гораду трымаў чыста-белы плястыкавы скіпэтар з выявай крыжа ў ромбе сымбаля Зьвязу Цэнтральных Скрыжаваньняў.

 За абразу, нанесеную жыхарам нашага гораду, а тым самым і самому Вялікаму Бургамістру, Сьветлы Суд вынес вырак злачынцу, жыхару сутарэньняў Даляшорзаху ІнЙорму,  сьмяротнае пакараньне на шыбеніцы.

Натоўп ухвальна залямантаваў.

Шалёна зазьвінелі званочкі-завушніцы.

 Зараз нам трэба вызначыць ката.

Грымнуў аркестар сурмаў, дудак, трашчотак і бубнаў, што стаяў непадалёк ад аховы бургамістра.

Пад сіпата-хрыпатыя фанфары на пастамэнт выйшлі чатыры коратка падстрыжаныя дзяўчыны. Галава адной зь іх, высокай, зеленавокай, была ўвянчаная зробленай з мэталю каронай пераплеценыя чорныя ружы. Варта паднесла дзяўчатам збаночкі з алеем. Худы, які дапытваў мяне, сьвяточна прыняў ад зеленавокай мэталічны вянок. Потым усе дзяўчаты хутка зьнялі зь сябе адзеньне, нашмараваліся алеем. Некаторым дапамагала прыслуга.

Іх статныя целы матава зазьзялі пад сьвятлом белай столі.

Захапляльнымі крыкамі падтрымлівалі дзяўчат іх прыхільнікі. Кожная з прыгажунь, па чарзе, падыходзіла да краю сцэны, прадстаўлялася, паказвала сябе.

Публіка рабіла стаўкі.

Бургамістар і яго сужэнка выбралі сабе дзяўчыну, на якой дагэтуль красаваўся жалезны вянок. Варта паднесла лятарэйны латок, дзяўчаты цягнулі лёсы.

Пачаліся двубоі. Сэнс барацьбы быў зусім няхітры: дзяўчыне трэба было скінуць сваю спаборніцу з пастамэнту. Хто перамагаў выходзіў у фінал.

Натоўп вішчэў, калыхаўся, быццам водарасьці ва ўскаламучаным чопе вады, віраваў і ўсьпеньваўся, калі бачыў удалы прыём, выкананы якой-небудзь зь дзяўчын.

Назад Дальше