Пра Вяллю, рыбу і рыбалку. Нататкі вандроўніка з Вілейкі - Міхась Міхалевіч 11 стр.


ВёскаРыбчынанар. Ілія пры ўпадзенні ў Вілію, (знікшая, зараз на дне Вілейскага вадасховішча).

Піліп Адамавіч Гаўрылік, 1923 г. н., мясцовы (зап. 2012 г.):

Рыбчына да вайны была вялікай вёскай, болі чым 120 двароў. Рыбчына была праваслаўна-евангелісцкая вёска, мусіць самая старынная на Вілейшчыне. У асноўным праваслаўныя і бабтысты, толькі адзін каталік быў. Рыбчанскія мужыкі былі адмысловымі плытагонамі. А пры Польшчы ганялі плыты і жанчыны. Рыбу спецыяльна для ежы плытагоны не лавілі, толькі калі задавіць якую, а так на лоў часу не было: работа ёсць работа.

Самая смачная ў Рыбчына рыба гэта мянтуз, бо мяккі. Яны бальшынство ў норах жылі. Мая хата над берагам была, пайшоў я аднаго разу купацца. І ў беразе нура там. Дык туды руку і выцягнуў вось такога ментуза. Чуць выцягнуў я яго з нары. Каля метра быў. Я не рыбак, але бродзень меў, усё ж пры рацэ жыў, і як да свята якога, мы з пляменнікам шлі па вазерам, па старыцам. Дык там і карасі, і шчупакі, але невялікія. Я адзін раз на карася наступіў, брод брыдучы, ну такі карась, во што лапаць. Дзяржу пад нагой, тады сагнуся, боўць і дастаў.

Раіса Канстанцінаўна Соніч (Рудась):

Часам дзеці самі забяспечвалі сябе абедам. Два чалавекі трымалі за ражкі вялікую хустку, а трэці заганяў у хустку рыбу. Больш за ўсё любілі яльца. Потым смажылі яго ў лазні на керагазе. Мы жылі дружна, хваляваліся адзін за аднаго, суперажывалі. Не было ніякай зайздрасці. Можа, таму, што зайздросціць не было каму.

Мікалай Філіпавіч Яцыновіч, 1944 г. н., мясцовы (зап. 2011 г.):

Рыбу загатаўлялі пад восень у ваду ўжо не залезеш, дык на лодках. Лодка, лодка і ведзея такая. Лавілі на Віллі ведзеяй. Што злавілі, раз і ў бочку. Пад гнёт. Кішкі не выпускалі, луску не абчышчалі, груз наверх і ўсё. А смак быў такі, што німа з чым параўнаць: і цяпер хочацца.

Дык вось дед мне расказаў пра вялікую рыбіну. Прыгналі скаціну на вадапой. Жара, лета. Гэта часоў у дванаццаць; скаціна заходзе ў раку і да двух часоў у вадзе стаіць. А тут сом. Ён да авечкі сунуўся і застраў. Тут людзі яго вілкамі запаролі. Дык дзед казаў, што мусілі калёсы распускаць. І то хвост яшчэ па зямле цягнуўся. Болі чым чатыры метры быў той сом, калі везлі, то хвост па зямлі цягнуўся.

Яшчо скажу такое. Да вайны і ў 1936 годзе наша гарэла вёска. Рыбчына. 38 дамоў ураз згарэла, а было 110 дамоў, а у 1946 гаду 30 дамоў згарэла. Зайшоў вецер как раз, як падняўся віхор, бура за кіламетр адносіла броўны. Такі віхор падняўся. Іскра і пайшла. Мама расцяралася, а мой дзед, бацькін бацька, узяў мяне на рукі і пайшоў у поле. Ну, мы не згарэлі. І вот тады гвалт, гвалт, і ўсё. Пасля гэтага праз год у Слабадзе шум такі і гвалт чуваць. На Віліі. А там рыбіна ішла праз мост. Там брод быў ужо пры мне малому ў пояс. Там ніхто пешшу праз Віллю не ішоў, а пераязджалі ці на лодках, ці на калёсах, конь ужо ішоў. Там рыбіна такая ішла, усе паднялі шум. Нашы падумалі: Слабада гарыць! Такі гвалт стаў. Пахапалі хто вёдры, хто бусакі і паляцелі на помач. Білі тую рыбіну, білі, ды не забілі. Восці і вілы ламаліся. Ад Слабады да усця, дзе наша Ільянка ўпадае, ну, метраў 800. Гналіся за ёй. Тая рыбіна туды шах, а там вір і канцы ў воду. Ніхто пасля той рыбіны не відзеў.


ВёскаСлабада(зніклая, зараз на дне Вілейскага вадасховішча).

Распавядае Страшынская (Клемянок) Алла Леанідаўна 1961, Маладзеча.

Мой тата быў са Слабады, таму кожнае лета, пакуль не знеслі веску і не было вадосховішча я ездзіла да майго дзядулі Антона Дзімітравіча і бабулі Алёне Мікалаеўны. Алена Мікалаеўна была з роду Баслыкоў. Веска была досыць вялікая. Болей чым 30 хат, стаяла на правым берагу Віллі. Гэта была веска старавераў, татараў і беларусаў, у кожнай хаце была свая лодка, а ў нас аж дзве. Рыба была адным з асноўных прадуктаў харчавання, яе загатаўлялі многа і захоўвалі ў глыбокіх мураваных скляпах лядоўнях, так сама было многа вяленай рыбы. Лёд гатвалі пад час крыгаходу кавалак вялікай крыгі зацягвалі канём з берага да склепа. Лед ляжаў аж пакуль не паспявалі траскалкі, мы у летняю спякоту часта лазілі у склеп каб ахладзіцца. Рыба у лядоўні захоўвалася і так проста і падсоленая ў вялікіх бочках. Мая бабуля Алена найчасцей гатавала нам з рыбы, калі вынутай з той бочкі, а калі і так з вяленай, густы як пюрэ суп, нашклат поліўкі. Перш варылася рыба, пакуль мяса не адставала ад касцей. Косці і галовы вымаліся. Потым яна прыпраўляла адвар з юшкі расчыненай ржаной мукой, узбіваючы калатушкай, калінікалі троху прыбелевала малаком. У Слабадзе тутэйшыя рыбу лавілі сеткамі альбо рукамі і калі каго бачылі з вудай то было здалёк відаць прышлага, не мясцовага чалавека. Мой тата і мяне навучыў лавіць рыбу рукамі ў карчах і пад камянямі. А мужчыны лавілі з нагоды рыбу у дзве лодкі, ведзяёй. На рыбалку шлі рана, на золку, піхаючы прысам лодкі супраць цячэння, уверх, у потым нацягнуўшы сетку паміж дзвух лодак сплаўляліся да Слабады. Рыбы прыносілі многа, усялякай, не менш трыдцаті шчупакоў. Я вельмі любіла есці мянтузоў і невялікіх шчупачкоў.

ВёскаРабуньВілейскага раёна Мінскай вобласці

Вера Сцяпанаўна Галко (в. Пахомава, зніклая, зараз на дне Вілейскага вадасховішча), 1935 г. н.:

У Рабуні раней была адна рака Арпянка, яна на лузе ў Віллю ўпадала. Да Віллі цягнўся красівы луг. Было надта добра. Колькі было да Віллі не скажу, але калі разлівалася вада, рака даходзіла да самай вёскі. Дзеці лёталі купацца да ракі. А ў рыбу мой мужык не хадзіў, пакуль мора не зрабілі, не было надта лодак у Рабуні, людзей. Тады ўжо ўсе пачалі рыбу лавіць.

Cудніковіч:

Наліма, ці ментуза, мы звалі калека, бо ён быў без лускі, нейкі мядліцельны.

Уладзімір Іванавіч Ляшкевіч, 1941 г. н., родам з в. Баяры, калісь вучань сярэдняй школы у в. Рабунь, настаўнік біялогіі г. Вілейка, зараз пенсіянер:

Я з Баяр, праз Пахомава хадзіў у Рабунь, у школу. Праз Вілію ці раздзеўся, ці любы ў лодку бярэ. Пахомаўцы лодкі мелі. Крыкнеш і абязацельна перавязуць. Рабуньскіх хлапцоў дразнілі, заводзілі перад бойкай «Братцы рабунцы, Слабада гарыць!» І звалі іх, рабуньскіх, усе вароны. Былі таксама «Паняцічкія шнарукі», «Рэдзькаўскія худэркі» так тады празывалі людзей з іншых вёсак.

У Рабуні была рэчка Арпянка, прыток Віліі, надта ў ёй было яльцоў. Есць такая рэка Грэзніца, упадала ў Вілію ля Сосенкі, там млын стаяў. Так вот мы пачынаючы адтуль якая там таптушка невялічкая, і насцёбаем, пака ўпадзе ў вусце, там затока такая была, па торбе рыбы зловім. Мы ж карміліся з гэтага. Я ў Кавалі прыходжу да друга, маці ставіць гаршок у печы кажа хлопцы, а варыць то няма чаго, пасля вайны, ляціце за рыбай на раку. Пака закіпіць вада, мы ўжо злётаем і зловім рыбы. Яльцоў і шчупакоў. Толькі плоткі не лавіліся ў гэнай рэчцы.

Тады надта келбоў было ў Віліі. Я пакуль з Рабуні, са школы прыду дамоў пешшу, а праз Вілію пераходзіў ля Пахомава, ад келбоў аж дно чорна, дык хлопцы лавілі такой штучкай-волакам іншую рыбу, так яны зацягнуць і мне адразу цэлы кош наловяць і я з ім дамоў іду. Асноўная сетка ў нас была яльцоўка, ачко на два санціметры. Але сеткі тады рэдка ў каго былі. Вясной, як нераст ідзе, іх у асноўным ставілі. А так у народа асноўная прылада была сак-таптуха. У жніўні месяцы тады рыба ідзе да берага, у траву. Ну вот адзін застаўляе, а другі траву топча. А ў аснаўном рукамі лавілі. Яна не баіцца. У траве, у дубах я сам во гэткіх мянтузоў даставаў. Сямідырка гэта была мінога. Яны ёсць буйныя марскія або рачныя і дробныя ручавыя. Мінога рачная ішла табунамі на нераст з Віліі ў левы прыток у раку Ілія да 1968 года, у раёне Баяр. Ну яны после нераста гінуць, сплывалі дохлыя ўніз па цячэнню. Іх лічынкі грамжы белыя, іх як насадку на рыбу капалі, на шнуры і донкі. Сямідырку, тую што якая вялікая, мала якія людзі ужывалі ў ежу, толькі тыя хто ведаў і не гідзіўся, тыя хто быў за Польшай на заробках у Латвіі. У многіх сялян пры Польшы хлеба было толькі да Каляд, і тады мусілі падавацца ў заробкі, ў Латвію, як тады казалі даіць кароў. Адтуль да нас прынеслі на яе моду. Астатнія гідзіліся бо сямдырка сама формай як вужака. Так і вангораў і уюноў-піскуноў не кожны наш чалавек можа есці. У рацэ Ілле не было цырты, ёй нада чыстая, чыстая вада, а была свінка, ці падуст.

У Віліі ёсць руччавая фарэль-стронга, а ласось прахадная рыба. У Сосанцы, казалі людзі, што вясной паяўляўся ён (ласось). Ну цяпер не паявіцца. Перакрылі Вілію. Ну, пра ласося гаварылі адразу пасля вайны, у шасцідзесятыя гады ўжо перасталі. Справа ўся ў тым, што там лёд рвалі, каб мост захаваць у ледаход. Сапёры кідалі ўзрыўчатку. Так вот там ласосі трохі. вродзе паяўляліся, пасля выбухаў усплывалі. Ну я сам не відзеў, так чуў.

Мы ў аснаўном на Віліі лавілі рыбу рукамі. Мой швагра і сын. Вот тут раней, каля стройдеталей за час цэлаю выварку акунёў накідаем і мянтузоў во гэткіх во. Тут дубы былі такія. Мной апісаны ўсе ўрочышчы ад Сцешыц да Гліннага і тыя, што ўжо схаваліся ў вадасховішчы, заплылі вадой, усё я прайшоў гэта. «Тубершчына», «Алены», «Селякова», «Падмлынок», тут «Крапіўніца» была. «Паташня», «Норт» гэта дзе зараз вадазброс, дзе былі Вольшына і Лазырцы. «Ляшнае». Вельмі глыбокае месца было ў Віліі пад Пахомавым. Усё гэта мной было апісана, усе прытокі абышоў, рэчку Кабылянку, такую знаменітую. Высокі пахомаўскі бераг і зараз відаць з дарогі, праз вадасховішча, напроць Рабуні. А там было Пахомава, дванаццаць, можа, хат, а была царква і самы бальшы фэст на Спаса з усіх вялікіх вёсак з'язджаліся, з усяго наваколля. Хадзілі крэсным ходам.

Назад Дальше