Пра Вяллю, рыбу і рыбалку. Нататкі вандроўніка з Вілейкі - Міхась Міхалевіч 10 стр.


Самае вялікае і страшнае разводдзе было ў 1931 гаду. На тым берагу Віллі, напроць цэрквы была леснічоўка усадзьба лесніка. І за ноч так паднялася вада, што яны на страсе ратаваліся. І скаціну на страху ўсцягнуў. Пачаў страляць з ружжа, і тады людзі з вёскі пачулі, агледзеліся і на лодках пачалі ратаваць.


ВёскаКастыкі(64 км/446) Вілейскага раёна Мінскай вобласці

Мікалай Мікалаевч Заяц, 1937 г. н. (зап. 2007 г., В.В., С., Ю.У. Расш. Ю.У. Зах):

Усякай рыбы. Не было вудакоў. Адзін чалавек толькі на ўсю вёску. Сто дваццаць двароў у нас вёска была. Дык адзін чалавек толька ў нас. Пойдзіць там, пяць-дзесяць мінут пасядзіць і любой вядро наловіш. А цяпер дзе ж табе рыба? Электравуды, сеткі, во машын панаязджае у Мінску на базары нямашака гэтулькі машын, сколькі на Вілле. Дык дзе ж рыбы будзець? Ды гэтыя браканьераў поўна.

 А якая рыба вадзілася?

Шчука, ляшчы, язі, платва, бялюга. А цяпер усё вывелася, нямашака, адны яршы, платва. Па грам семсот, трыста. Шчупачок. Усё павыводзілі. А цяпер мора як зрабілі яшчэ гэта Вялейска. Дык ужо вада начынаець псавацца. Усё і саляркі, і з машын, з усяга лятуць. Дык гэту рыбу гадка есці.

Віктар Іванавіч Яўгель, 1955 г. н., мясцовы:

Вялізную рыбу з мора злавілі ў Кастыках, можа, у якім 1910 гаду. А стронга лавілася ў сеткі яшчэ да 1965 года. Найчасцей яна пападалася, калі валакавалі, восенню. На дзвюх лодках. Два ўперадзе з вёсламі, такімі лапатамі, а ззаду з канцом сеткі, валакуюць. Пачыналі ад Каменя ці Сцешыц, на конях ці машыне лодкі завязуць і ўніз валакуць. Пападалася вясной бялюга, ці свіння, але яна вельмі кастлявая. А яшчэ лавілі цырту. Менець рыбы стала ў сямідзясятых. Я калі школу канчаў у 1972 годзе, мы прайшлі ад Сцешыц да Суток і толькі аднаго шчупака залавілі на паўтара кілаграма, і па нулям. Ваабшчэ рыбы не было. Хацелі злавіць на выпускны вечар. І рака была той год была мелкая-мелкая, брылі да Суток. А як стала вадахранілішча, рыбы стала столькі многа, як ніколі. Першыя гады. А потым усё меньшэ, меньшэ. Так было і на вадахранілішчы. Даўней лавілі людзі з Кастык і на лучніцу. Пад цячэнне лучыць было лягчэй. А ўжо лепш, чым Ліліі Іванаўны Мойскай, яго «панок» звалі, ніхто не біў васцямі рыбу. Ён так умеў. Еслі гразь пад нізам, мяккае дно очэнь эта трудно забіць. А ён так: цюк-цюк, рэзка ўперад і назад, і рыба ўжо не сходзіла. Мы з ім езділі на лучніцу, калі яму было пад 80 гадоў. Кажам, шчупак стаіць. А ён дзе-дзе, знаеш, ужо возраст, не так бачыць, і як пабачыў, адразу забіў, не прамазаў, і лодку станавіць не трэба было. Ён, Мойскі, да дзевяноста гадоў не хадзіў, а шустра бегаў так, чух-чух, з бярозавай вудачкай на шчупака, сам невысокі, заўсёды ў гумовых ботах. Глядзіш туда пабег, і ўжо пабег па берагу разам з цячэннем. Усё на жыўца лавіў. Берага былі тагда харошыя, можна было да вады падысці, асака толькі ў вадзе расла.

Цяпер самая смачная рыба судак, а як даўней, то мне кялбы. Хоць малыя, але іх многа, як нажарыш! І ментузы. Мянтуз летам пад каменем стаіць. Пайшоў, вілку узяў, да палкі прывязаў і тыц пад галаву. А найбольш на нераст у бучы лавіліся ментузы. Нерастуюць яны тут вось у двух месцах, зімой у дзекабрэ. І калі рака не замерзшы, то зімой вада чыстая, відаць добра, то грашылі, і ноччу васьцямі лавілі ментузоў.


ВёскаСутокі

Канстанцін Тышкевіч (нарадзіўся 5 лютага 1806 г. у Лaгойску):

«Казённая вёска Сутокі!» гучна закрычаў стырнавы, калі судна праплывала паўз вялікую вёску на правым беразе Віліі. Я заўважыў, што мясцовыя жыхары павінны былі займацца рыбалоўствам, бо, плывучы па рацэ, шматразова бачыў расстаўленыя на шчупака прынады, на якіх плотка, як нявінная ахвяра людской хітрасці, прыцягвала пражэрлівага шчупака. У пакутах на жалезных кручках з апошніх сіл круцілася. Каманда майго судна заўважыла на рацэ вялікага шчупака ў неўласцівым для гэтай рыбы здранцвенні. Узялі яе трызубцам і пераканаліся, што гэты вялікі шчупак быў падмануты хітрыкамі рыбака, праглынуў кручок і, раздзіраны балючымі пакутамі, шукаў месца, дзе мог спакойна сканаць, не падазраючы, што гэтым месцам стане для яго лодка вандроўніка, які плыве па Віліі. У гэты дзень яшчэ да захаду сонца мы прысталі да берага ў Сосенцы». 1857 г.

(З кнігі «Вілія і яе берагі»)

Казімір Мікалаевіч Ярашонак, 1928 г. н., родам з в. Сосенкі (зап. 2013 г.):

У Сутоках было многа хат, якіх дванаццаць-трынаццаць, усіх зняслі, як будавалі водаховішча. Ладная вёсачка была каля ракі самай.

(З кнігі «Вілія і яе берагі»)

Казімір Мікалаевіч Ярашонак, 1928 г. н., родам з в. Сосенкі (зап. 2013 г.):

У Сутоках было многа хат, якіх дванаццаць-трынаццаць, усіх зняслі, як будавалі водаховішча. Ладная вёсачка была каля ракі самай.


ВёскаСосенка(78 км/432) Вілейскага раёна Мінскай вобласці

Януш Андрыеўскі, 1939 г. н.:

Самая смачная рыба судак і шчупак.

Міхаіл Голуб, 1939 г., мясцовы (зап. 2013 г.):

Я не рыбак, рыбу толькі на лучніцу лавіў, васцямі. Спераду каза называлася.

 А вот у Асіповічах гэта прылада завецца накра.

 У нас называецца каза. Агонь раскладаеш, смалякі нада. Смаляк у лесе з карчоў дабывалі. Я на трактары рабіў. Тросам выцягнеш корч, бывае каторы сарвецца, вярхушка. Прывязеш дадому. Паколеш. Што на дровы, што на смалякі. Загатовіш тых смалякоў дзве вярсты. Вярста мера такая, гэта зложаныя ў паленніцу смалякі вышынёй мэтра паўтара і дліной 5 мэтраў. Само палена дліной паўмэтра. И за восень усе спальвалі. Пачыналі ў самую восень, у глухую восень. Каб цёмныя ночы, і тады палучаецца. І каб не было ветра, калі такі вецер, ужо не паедзеш. Панімаеш, вада каб была чыста, не рабіла. Спічку запаліш правяраеш, спічка гарыць прама, як свечка, і ўсё, паехалі. Нагружаеш лодку. А лодкі былі пласкадонкі. Адзін стаіць уперадзе. Ну, як называецца, на адну крывульку, у лодцы, як лічылі, прымерна пяць рагацін, ці крывулек. Ён на першай, ну і заднюю не закладаеш. А так што пасярэдзіне накладаеш смалякоў і паехалі. Ён, каторы б'ець,  уперадзі, канчаецца гарэць раз, падкінець. Мы ездзілі і па вадзе, і пад ваду. Лепі ехаць спачатку пад ваду, у Сутокі. Бо туды едзеш сілы ж болей, а так на ніз спусцішся, а тады дуй, і дуй выдахнешся. Лодка усё ж гружоная, праедзеш кіломераў пяць, а тады абратна, вярніся ты. Часы тры-чатыры, во так. Пачыналі з самага вечара, каб толькі цёмна стала і ўсё, паехалі. І прадстаў: едзеш во на такой глыбіне, як да стала (1.5 м)  кажды каменьчык відаць. Асвяшчала, а дзе глубіна вышэй роста, то там не так, калі рыбіна бальшая то відаць. Білі ў аснаўном з глыбіні да двух мэтраў. Я лічна забіў найбольшую рыбіну на 7 кіль, а хлопцы на 19 кіль. Самая смачная рыба ў Віллі мянтуз, а тады вансач. Цяпер ёсць смачная рыба сазан. Нічога на смак жэрэх, ці балень. Але даўней сазана не было. Вансачы стаяць на мелкай вадзе, хаця самі былі ў сярэднім па 45 кіль. Слухай, адзін раз быў случай: стаіць рыбіна на гэты стол. Я лодку гнаў, і быў са мной Ігнась. Ён пытаецца: «Што рабіць? Восці парве!» Я кажу: «Бог з імі, бій». Ну, ён за такое растаяніе ўдарыў за галавой ніжэй. Бах! І восці пусціў, каб рыбіна спачатку памучылась. Тут як плесканула, аж лодка задрыжала. Ручка (з сухой елки, каб лягчэй) знікла ў вадзе. Восці ў нас рабілі на 5 зубоў. Ну лодка і праехала гэту рыбіну, далей яма была, шаста не хапае, пакуль я аб'ехаў яміну, развярнуўся, глядзім ручка васцей тырчыць з вады, паднялі, а там вансач усяго на 4 кілі. Яны, відаць, нескалька стаялі хвост у хвост ці галава ў галаву, а мы думалі, што рыбіна вялікая. Ям было многа, самая глыбокая, дзе вада круцілася, звалася «тонь», была глыбінёй больш 5 мэтраў і другая яміна, дзе зараз остраў, звалася «цёмная бухта». И то гэта ўжо калі Вілля стала мялець. А мялець стала, як пачалі пасля вайны надта лясы выразаць.

Баба Вікця і Рычард:

Я яшчэ малая была. Прачнулася раніцай, выйшла з хаты, чую гвалт стаіць. Гляджу уся, чуць не ўся Сосенка сабралася на беразе Віліі. Бабы хто хрэсціцца, хто моліцца, хто лямантуе, бо па рэчцы носіцца ці то цмок, ці то чорт. Тады адзін рыбак схапіў восці, у лодку і забіў. А гэта ў сома вялікі каршун спікіраваў, усадзіў кіпцюры і заграз. А сом пачаў тапіць яго. Як забілі тога сома, то на 45 кіль быў.

Казімір Мікалаевіч Ярашонак (Казік), 1928 г. н., мясцовы (зап. 2013 г.):

У Сосенцы даўней былі Андрыеўскія, Голубы, Ярашонкі. Ярэзаў было многа.

У Сосенцы на гэтай старане жылі каталікі, на тую старану найбольш яўрэі. З камення мураваная будыніна там засталася дагэтуль, кузня. Там рабіў каваль Ярашонак. Ён з'ехаў у Польшч. Мост праз Вілію прастаяў усю вайну, спалілі партызаны за месяц, як нашы прыйшлі. Мусіць, не пускалі Красную армію. Добры мост быў, зроблены ледарэзы сперадзі. Купалля ў нас не было, ведзьму не палілі. Самая смачная рыба гэта мянтуз. Судака да вадахранілішча ваабшчэ не было. Ну, на вудачку, каўбункі зваліся. Усякія рыбы смачныя. Усач быў, сільва была харошая. Яе зловіш і на жыўца шчупака лавілі. Ракаў было. Казаў бацька, яшчэ пры Польшчы, адзін тут каня заводзіў праз раку і брыў назад, а ён праходзіў, сом. Дык ён на яго аброць накінуў і лег на яго. І ён яго ўцягнуў да маста. Сюды, глыбака было. І ён астанавіўся. Дык вёскай усёй агні рабілі, лавілі, тры пуды быў. Забілі асцямі тады. А яшчэ бацька расказваў: ездзіў па Сутокі, там была яма, Цёмная бухта. Глядзім: стаіць рыба, і крылля. Дык гэны пытаецца: біць будзем ці не? Ну, так рашылі біць. Ну забілі. Дык, аказваецца, быў шчупак, ён казаў на колькі кілаграм, а я забыў, стаяў нейдзе пад вярхом, і каршун у яго когці ўпусціў, а ён забіў каршуна і з каршуном хадзіў, як цмок які. Так спужаліся.

Назад Дальше