Плытагонаў па розных прычынах жыхары берагоў Віліі не вельмі любілі, як ў ХІХ ст., так і і ў ХХ ст. дражнячы і называючы іх не толькі «штырнікамі», але і «засёрамі» па сведчанні Мамая Фаміча 1924 г.р. з в. Трапалава (зап. у 2010 г.), які да вайны 19411945 гг. сам быў плытагонам. У Пільцах, па словах Ядвігі Антонаўны Дзябрэй (Пілць), 1924 г.н., плытагонаў дражнілі жартаўлівай прыпеўкай: «Плытнічкі з вадою, з вадою, а за вамі чорт з дудою, дудою».
Падчас паходаў, а потым сплаваў-экспедыцый мне з прычыны прыроднай цікаўнасці даводзілася размаўляць з многімі мясцовымі жыхарамі. У першы раз на простых гумавых лодках з сябрамі-студэнтамі (Ул. Крушэўскім, С. Сербянковым, Ю. Канкаловічам і інш.) сплавіўся да Міхалішак у 1977 г. Тэмы былі розныя, але кожнаму сустрэчнаму мясцоваму жыхару з вёсак і мястэчак, размешчаных на берагах Віліі, я задаваў пытанні на тэмы: «Якая ж самая смачная рыба?», «Якую ты самую вялікую рыбіну злавіў? Ці сарвалася? Ці бачыў?», «Якія выкарыстоўваеце снасці для лоўлі?», «Як тут святкавалі Купалле?». Ніжэй будуць прыведзеныя адказы, якія датычаць толькі рыбалоўства.
Пра густы не спрачаюцца, у цяперашні час рыба з Вяллі надзвычай рэдка сустракаецца ў рацыёне жыхароў прыбярэжных вёсак, але памяць яшчэ захоўвае яе смак. Так, жыхары самага вярхоўя Віліі, ля вытокаў, лічылі самымі смачнымі ментуза, келбу, шчупака, ліня, яльца, ляшча і нават сяляўку (верхаводка або ўкляя).
Каля ўпадзення ў Вілію Сэрвача жыхары прыбярэжных да Віліі вёсак лічаць самымі смачнымі судака, акуня, вялікага ляшча, жэраха, шчупака, келбу (печкура). У Вялейцы судака, ментуза, ляшча. Таксама старажылы адзначаюць далікатны смак цырты, вусача, келбы, яльца. Ніжэй за Вілейку, аж да р. Нарачанкі, жыхары самымі смачнымі называлі вусача, вугра, ментуза, сома, цырту, і ўжо згадваецца ласось.
У раёне Смаргоні, Данюшава перавага аддавалася вусачу, вугру, ментузу, сому, цырце, ласосю. У населеных пунктах Астравецкага раёна (у Дубку, Рымшынентах, Міхалішках, Свіранах, Быстрыцы), як і ніжэй, у Літве, жанчыны больш успаміналі пра смак ласося, вугра, цырты, сома. Але паўсюдна жыхары як «каменнай» часткі Вяллі, так і «балотнай» адзначалі выдатны смак печкура (мясц. келба, калбун, келбун, курмель), якога тут раней вялося багата.
Апавяданні і ўспаміны жахыроў Павілля пра рыбалку і рыбу, пра Вілію і яе берагі, пра звычаі прыводжу на рэгіянальнай мове або «трасянцы» так, як іх запісаў. Прыкладам для мяне ў гэтым служыць кніга літоўскага прафесара Вікінтаса Вайткевічуса, з якім давялося сплаўляцца і размаўляць падчас міжнароднай экспедыцыі «Вілія-Нярыс» у 2007 г. (Vykintas Vaitkevičius Neris. 2007 metų ekspedicija. Vilnius: Mintis, 2010). Прычым нельга не заўважыць паралель: чым старэйшы чалавек, тым чысцейшая ў яго родная мова, як і чысцейшая калісьці была вада ў Віліі.
ВёскаВялікае ПолеБярозкаўскага с/с Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці
Марыя Казіміраўна Гінтаўт (дзяв. Воўк-Ланеўская), 1935 г. н., родам з в. Дзяружкі:Вільля пачынаецца тут. Сёлета Вільля перасохла зусім. Яна начынаецца, гэта Вільля, во туды, прайсці ў тую сторану. Там будзе горка. Горка. І туды, там быў некалі мосцік, усё. Там была, некалі грэбля, там пачынаецца Вільля. Там на гарэ жыў нейкі пан багаты, унізу было балота, з якога пачыналася рака. Пан Харастовіч. Мельніца тут на Вільлі была у Шыленцах. У Вільлі мы некалі купаліся, глыбокая была. А даўней такая глыбокая была, што караблі па ёй хадзілі. Нават пры маёй памяці яшчэ рака была, цяпер жа нічога не стала.
Тут у Вільлі найбольш была шчука, рыба харошая. Там вірок быў адразу за Вялікім Полем, у канцу. Там быў вір, і там вадзіліся шчукі. Вот сынок у мяне, як быў падросшы, з 55-га года, дык нейкімі асцямі лавіў такіх шчупакоў і такіх прыносіў. А тады нейкі чудак нашоўся на нейкай лодцы праехаў, нейкая там электра, нейкае там нешта, і прапала шчука. Была яшчэ нейкая рыбка, звалі мянькі. Галава ў іх была таўстая, а хвост вузкі. В'юн нейкая была рыбка. І былі тут у нас ракі.
Я знаю, як папасці да сасны Куліны, але цяпер да яе дарогі няма, дайсці можна толькі пешшу. Тут было турыстаў, во нядаўна, гэткія маленькія, усякія, Божа, Божа. Дык сын быў дома, дык ён знаець гэты лес, усе хады, так сказаў, была дарога на Куліну, на Доўгае, там пераезд, там капцы, там і Куліна недалёка. Адсюль кілометраў васямнаццаць. І да Сцепкамяня таксама, ён там блізка, радам. Яно там на адным поле. Яна, ну не знаю, нейкая быль. Панясла жонка мужыку есці. А ён араў, тый Сцяпан, ну, на валах. Ну і нешта там яна зазлавала і кажа: каб ты каменем стаў. А ён на яе: каб ты сасной. Яна недалёка адышлася, і гэта. Ну тая сасна была дзіўная некалі, дык рукі веткі. Веткі былі якраз як рукі, і сама такая страшная, тоўстая тая сасна. Куліна стаяла пры дарозе на Доўгае, капцы і паварот на Баяры. Ну, а Сцёп-камень на полі, ну як раньшэ, дык казалі, былі камяні, пахожыя на валы. А цяпер яны, мусіць, ураслі, застаўся адін Сцеп-камень, як чалавек, хто яго ведаець.
Тут карэнныя былі па фаміліі Дабышы. Праваслаўныя. Я сама з Дзяружак, там за Шыленцамі. За гэтага Гінтаўта пайшла. Ну, фамілія нейкая вродзе як фрыцкая, нямецкая, але бацька быў католікам. І мой бацька быў католікам. Мае бацькі некалі яшчэ былі дваране. Мелі футар Загіссе. Яны былі дваране і дзве фаміліі насілі: Воўк і Ланеўскі. Але ж тады прадзеда выслалі і дзеда майго выслалі, а бацьку майго забралі. Хараніліся мае ў Мнішаве, пры касцёле.
Ля мастка на тым баку Вільлі, дзе Шыленцы, стаяла каплічка. За мастом, справа як ісці з Вялікага поля. У якім гаду ўжо не помню, прыехалі сюды студзенты. З Віцебскага інсцітута. На трэцім курсе яны былі. І вот яны разламалі гэту каплічку. Гэта каплічка, абразы такія, і іконы харошыя, і ўзялі пакідалі па дарозе і па полі. Былі два студзенцікі ну такія харошыя, на кварціры. Яны нікуды не хадзілі. А тут у саседняй хаце былі нейкія пяць хлопцаў. І адзін быў фамілія Барада. Бараду во гэткую насіў. І ён дзе-та быў. Ну, памагалі саўхозу, ну і разламалі каплічку і нашлі там вялікі клад. І тут яны разламалі капліцу, і тут яны шукалі клад. І там вось, як ехаць гэтай дарогай на Шклянцы, кладбішча было якое, яго ніхто не помніць. І там яны раскопвалі, каменні падымалі. Цяпер такіх завуць чорныя капацелі. І там былі захаронены людзі седзючы, косці стаялі. Нічога там яны не знайшлі. І пры гэтай капліцы была бабка, Анеля, і нічога і ў яе не знайшлі. Жыла яна тут за рэчкай, на пагурачку стаяў дом. Раскулачылі яе бацькоў. Потым вайна была ніхто не ведае, дзе яна тады была, і усё. После вайны яна явілася. Хаты яе не было, там ужо цяляты стаялі, там авечкі і ягняткі, калхоз ужо там быў. Ну яна, гэта Анеля, далася ў веру, у касцёл, каталічка была. У чым хадзіла, у тым і ляжа, што на ёй было. Такое пальцішка чорненькае было. Начавала па хатах. Дужа малілася Богу. Іконы прадавала. І яна нідзе нічога, і някага ў яе багацця не было. А ў гэту каплічку яна малілася, там абразы былі, дык людзі прыносілі капейкі калі. Кінулі там каля дваццаці капеек. Капеек трыццаць ахвяроўваліся. Вот. І яна была настолькі набожная, некалі знайшла святы камень, а я ішла замуж. Тут, за рэчкай, быў першы дом на перакростку, ну, яго ўжо няма, на тую сторану. Свякроў жа была, мужык быў, і вот Анеля як мяне палюбіла ну і прышла да мяне, каб я ёй нейкія бліны спякла. Ну, я буду пячы тыя бліны, а для чаго яны, ужо за нейкі камень. Найшла нейкі камень у Вільлі след анёла. Сабралася мужчын, выкапала гэты камень, выцягнула з ракі, і мужчыны ўкацілі ў гэту каплічку. На камяні быў нейкі слядочак, нешто было. Яна так яго засцілала, так прыкланялася яму, малілася і ўсё, гэта Анеля. А мне тыя гэтыя бліны даліся, гэта ж не цяпер, а тады! Я тут нейкіх яблыкаў нарэзала нескалька штучак, нейкага цеста развяла, ды развяла рэдзінька, ну што у печы. Божа, кажу, мама, на свякроў, дзе ж гэткія бліны зраблю? Во якая работа. І ніхто не знае, дзе пасля разгрому капліцы дзелася Анеля, дзе яна пахаронена. Перастала хадзіць па хатах.(зап.2007 г)
ВёскаШыленцыДокшыцкагараёна Віцебскай вобласці
Зінаіда Разумееўна Мікульская, 1934 г. н., родам з в. Бярозкі:Вільля во якая стала: я падыду і ўжо транту якую не папаласкаю. Дзе мосцік праз раку па берагі вады было. І рыба была ўсякая. А цепер не падысці, усё заплыло, зялёнае. Палавінкі няма. І бабры тут былі, закапалі ўсё. Пачыналася во з гэтага балота.
У Вільлі лавілі шчуку, ведаю такую рыбу. Каплічка стаяла, тут, ля дарогі, пасля як разбурылі і каменне цяпер пасцягвалі трактарамі, места гэта парасло травой. Я праваслаўная, каплічка была каталічная.
ВёскаКромавічы(2 км/508) Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці
Мікалай Іванавіч Лынько, 1921 г. н. (зап. 2006 г., ВВ., Г.З. Расш. Ю.У. Зах. LTR 7685/350а):
З-пад зямлі б'ець ключ, а ўсюды ўжо бальшая рэчка. Кілометр сюды ці паўтара. Усякая рыба была.
Алена Анатольеўна Усціновіч,1961 г. н., мясцовая (зап. 2015 г., М.М.):
Мая і дзевіч'я фамілія Ўсціновіч. У маёй мамы была фамілія Чарныш. У Кромавічах цяпер нікога нет, а было хат сорак. Карэнныя фаміліі Батура, Чарныш, Скаромік, Сіняўскія. Вёска праваслаўная. Да вайны хараніліся ў Вілейцы (деревня за 3 км), а пасля ў шасцідзясятых гадах зрабілі сваё кладбішча ў Кромавічах. Купалле спраўлялі, палілі вогнішча пад лесам. Там такая паляна была. Цяпер ужо нідзе не паляць. На Троіцу пад бэлькі падтыкалі бярозкі-май. Можа, на Купалле і палілі май на вогнішчы не памятаю. Да Вялікага Поля ад нас кіламетр. Там, дзе пачынаецца Вільля, чатыры вёскі: Шыленцы, Вялікае Поле, Дзяружкі і Кромавічы; з двух старон рэчкі адна школа, магазін. Ля Шыленцаў, ля Вільлі была каплічка. Яе студэнты разграмілі, пакралі там іконы. Гэта як бульбу капалі, разграмілі гэту каплічку. Я яшчэ малая была вельмі. Гэта было можа які семсят шосты год, не помню. Анэля была, каплічку даглядала, начавала па людзям. Дажа і месца таго, дзе каплічка была, і няма ўжо, я не магу сказаць, дзе яно. Цяпер і да рэчкі не дойдзеш, бо там бабры і там балота. Еслі мы там дзецьмі купаліся ў той Віліі, там усё ў нас было чыста, то цяпер там не падысці да рэчкі нідзе. Там была глубіна і па тры, і па чатыры мэтры, было дзе купацца. Там такія віркі былі, што, ф'юць «з ручкамі», взрослыя хаваліся. Рыбы было ўсякай. У асноўным гэта былі галаўні, шчупакі, келбы і сяляўкі. Келбы былі невялікія, але смачныя. Цяпер ніякай, мусіць, рыбы няма, толькі колюшка. Мы больш шчуку лавілі, асцямі, у нас з вудачкамі ніхто не сядзеў. Усе толькі асцямі лавілі. А рукамі лавілі галаўнёў. Там цяпер адны бабры і бабровыя хаткі. Бабры гэта злодзеі, яны забалочваюць берагі. Цяпер нічога няма. Цяпер ужо чаплі завяліся, раньшэ ў нас ніколі чапель не было. А два года назад пайшла да рэчкі о-о-о-о там дзве чаплі стаяць. Цяпер і людзей няма, адны звяры. Сядзіш на лаўцы заяц пабег, ёжык пайшоў.