ВёскаКромавічы(2 км/508) Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці
Мікалай Іванавіч Лынько, 1921 г. н. (зап. 2006 г., ВВ., Г.З. Расш. Ю.У. Зах. LTR 7685/350а):
З-пад зямлі б'ець ключ, а ўсюды ўжо бальшая рэчка. Кілометр сюды ці паўтара. Усякая рыба была.
Алена Анатольеўна Усціновіч,1961 г. н., мясцовая (зап. 2015 г., М.М.):
Мая і дзевіч'я фамілія Ўсціновіч. У маёй мамы была фамілія Чарныш. У Кромавічах цяпер нікога нет, а было хат сорак. Карэнныя фаміліі Батура, Чарныш, Скаромік, Сіняўскія. Вёска праваслаўная. Да вайны хараніліся ў Вілейцы (деревня за 3 км), а пасля ў шасцідзясятых гадах зрабілі сваё кладбішча ў Кромавічах. Купалле спраўлялі, палілі вогнішча пад лесам. Там такая паляна была. Цяпер ужо нідзе не паляць. На Троіцу пад бэлькі падтыкалі бярозкі-май. Можа, на Купалле і палілі май на вогнішчы не памятаю. Да Вялікага Поля ад нас кіламетр. Там, дзе пачынаецца Вільля, чатыры вёскі: Шыленцы, Вялікае Поле, Дзяружкі і Кромавічы; з двух старон рэчкі адна школа, магазін. Ля Шыленцаў, ля Вільлі была каплічка. Яе студэнты разграмілі, пакралі там іконы. Гэта як бульбу капалі, разграмілі гэту каплічку. Я яшчэ малая была вельмі. Гэта было можа які семсят шосты год, не помню. Анэля была, каплічку даглядала, начавала па людзям. Дажа і месца таго, дзе каплічка была, і няма ўжо, я не магу сказаць, дзе яно. Цяпер і да рэчкі не дойдзеш, бо там бабры і там балота. Еслі мы там дзецьмі купаліся ў той Віліі, там усё ў нас было чыста, то цяпер там не падысці да рэчкі нідзе. Там была глубіна і па тры, і па чатыры мэтры, было дзе купацца. Там такія віркі былі, што, ф'юць «з ручкамі», взрослыя хаваліся. Рыбы было ўсякай. У асноўным гэта былі галаўні, шчупакі, келбы і сяляўкі. Келбы былі невялікія, але смачныя. Цяпер ніякай, мусіць, рыбы няма, толькі колюшка. Мы больш шчуку лавілі, асцямі, у нас з вудачкамі ніхто не сядзеў. Усе толькі асцямі лавілі. А рукамі лавілі галаўнёў. Там цяпер адны бабры і бабровыя хаткі. Бабры гэта злодзеі, яны забалочваюць берагі. Цяпер нічога няма. Цяпер ужо чаплі завяліся, раньшэ ў нас ніколі чапель не было. А два года назад пайшла да рэчкі о-о-о-о там дзве чаплі стаяць. Цяпер і людзей няма, адны звяры. Сядзіш на лаўцы заяц пабег, ёжык пайшоў.
ВёскаВілейка(6 км/501) Докшыцкагараёна Віцебскай вобласці
Вольга Макараўна Лях,1924 г. н., мясцовая:
Усе завуць мяне Волька. У Вілейцы было 73 хаты. Нарадзілася я ў 1924 г. на футары Мядзель за 3 кілометры адсюль, у старану Хацені. У Вілейцы пашла ў першы клас у школу. Было тут многа Шынкевічаў, Ляхі былі. Дзяцей было ва ўсіх памногу па шэсць, па сем. Раку звалі Вільля. Даўней у Вільлі лавілі ракаў. Я сама баялася, а лавіла сястрычка мая. Яны, гэтыя ракі, абычна жылі там нейдзе пад берагам. Дык яны рукамі іх даставалі. Рыбу лавілі на вудачку. Усякія былі платва была. Вільля і тады не такая ж вялікая была, але чыстая. А цяпер жа гэтая бабры заглушылі яе і ўсё. І канчаецца наша рака. А такая рэчка была. А так нічаго не рабілі тут нашай рацэ ні міліарацыі, не спрамлялі.
А яшчэ мой папа сплаўляў плыты ў Вешках. Дык рэчка ж тады была шырокая. Тут у нас у Вілейцы не такая шырокая, як была ў Вешках, цяпер зарасла саўсем. Ён сплаўляў лес сколькі там паложана кілометраў, а потым далей другія людзі гналі
Нашай царкве лет чатырыста. Паначалу яна была касцёл, а патом ужо перастроілі на цэркву. У Вілейке цяпер адны праваслаўныя, католікаў ураждённых няма, ёсць адна прышлая. Пры Саветах царкву закрылі, прыйшлі немцы і зноў адкрылі. Бацюшка прыязджаў з Мільчы сюды, кілометраў за дзесяць, к нам служыў, і на прастольныя святы. Ад нашай Вілейкі ў пяці кілометрах была граніца польская, а мы былі бальшавікамі, калхознікамі, звалі гэдак. Як пры немцах адкрылася граніца, нашы людзі туды хадзілі, каб купіць што, прыабрэсці з яды. Зярно якое, голад жэ быў. Там жа аднаасобнікі былі, за Польшчай жылі, былі багацей. Ездзілі да радні і мы аж у Мядзельскі раён, там былі маміны дваюрадныя. Нашы прадзеды былі з Мядзельшчыны, купілі тут зямлю, таму футары пасёлак такі і называлі то Мядзельшчына, то Мядзель.
Спачатку мы жылі аднаасобна, а потым сталі ўсё абагуліваць у калхоз. Мне было пяць годзікаў, а запомніўся мне наш конь. Жарабок быў чорны, добра помню, а тут лысы, дык уцёк з гэнага калхозу. А мама абняла яго галаву, гэдак цалавала і плакала. А папа ўжо ўсё абагуліў: і каня, і ўсю скаціну, і прылады здаў, усё ж трэба было здаваць. Ну і папа быў такі рабацяшчы, хоць няграматны быў, звалі яго Макар Фёдаравіч Кулеш. І не змог ён быць пасля таго, не змог ён жыць у калхозе. Дык ён выйшаў, а тады ж многа раскулачывалі, хто быў багацейшы, убіралі. Заставаліся такія, такія-сякія. Але ж вось як-та не раскулачылі, і цяпер мне часта прыходзіць у галаву, якто нас не выслалі. Ён апяць купіў коніка, апяць купіў усё, што нада ў хазяйстве. Апяць. І далі зямлю самую благую, пясчаністую.
Спаліў Вілейку ў вайну карацельны атрад. Вродзе і чулі, што ёсць такі атрад, не знаю, дзе стаяў. Ну і ішоў да нас, мы пачулі стрэлы ля кладбішча. Мы тады сталі ўсе ўцякаць, маладзёж. Нашы радзіцелі папа з мамай, брацік, чатыры годзікі, і дзве мае сястрычкі. Пабеглі ў лес, пад Бягомль. А немцы з сабакамі многіх палавілі, каго, як мяне, адправілі ў Германію, а маму з малым брацікам і сястрычкай пагналі назад у Вілейку. Людзей, якія засталіся ў дзярэўні і каторых паймалі пры ўцёках, сабралі ў нашым двары, наш дом быў самы крайні ў Вілейке. І вы знаеце, хто то ж быў прэдацель тут у дзярэўні? Па спіску немцы вызывалі, фаміліі людзей, сем'і расказалі і іх тады пагналі ў пуню на самым канцы дзярэўні. Туды іх сагналі трыццаць два чалавекі там цяпер стаіць памятнік. Там іх стралялі і палілі. Нявінных. Наверна, быў той чалвек такі прадажны, у дзерэўні жыў, можа, хто што зрабіў ці сказаў яму што ці глянуў не так.
Унічтожыў тых, каго не залюбў. Некалькі старычкоў забілі, якія ніякага дачынення не мелі да партызанаў. А аднаму на лбу звязду выразалі. Ой, не магу дажэ думаць. Думаю, Госпадзі, ай-ай-ай! за што?
ВёскаВешкі(8 км/503) Бярозкаўскага с/с Докшыцкагараёна Віцебскай Вобласці
Ніна Трафімаўна Шустоўская (дзяв. Рудкоўская), 1936 г. н., мясцовая:
Хадзілі мы з маім мужам у рыбу, як ён кавалерам яшчэ быў. Лавілі, ну як называюць шчупакі, пападаліся, ну плоткі. Дзеці бегалі, дык у бучы лавілі і проста ціскалі рукамі ў траве. Цяпер ужо Вільля зарастае. Так пра Нестара Сакалоўскага знаю, і ён яшчэ родсцвеннік нам, а дзе быў дом, так не скажу, не памятаю. Плыты вязалі пад канец вёскі і лес ганялі.
Зося Кандратаўна Несцяронак (дзяв. Сакалоўская), 1934 г. н.:
Мая мама, Зося Аляксандраўна, была Нестару дваюрадная сястра, а тата мой Сакалоўскі Якаў Кандратавіч, з 1910 г. Мужык мой з Юрылава. Пяць дзяцей у нас, усе раз'ехаўшыся. Вешкі да 39 года былі ня ў Польшчу. Вільля даўней была глыбокая, усе купаліся, а я не ж ня ўмею і вады баюся. Рыбу лавілі. Шчупакі былі самыя смачныя. Карасі былі сладзенькія, але многа ў іх касцей, а так сладзенькія. Маленькую рыбу нават сын мой лавіў кошыкам. Было і рыбы і ракаў. Ракаў варылі і елі. А потым чаму тут рыбы не стала? Во тут во недалёка, там на пагурку з аміякамі былі бальшыя бочкі. Амміяк лілі гэта ўжо пры саўхозе. Спачатку тут калхоз быў, а потым саўхоз. Бочкі там палажылі, ля Вілейкі радам, але на гэтым баку, сюды да нас. Гэтыя бочкі ўзарваліся, і ўсё ж у раку пайшло. І ўсё, пасля таго няма рыбы, няма ракаў.
Мой папа быў дзясяцкі, прымаў лес. Ганялі ў Вялейку. Ганяў на плыты. І каля берагоў ішлі, гналі. У іх былі такія длінныя шасты бусакі. Бусакамі ад берага адганялі і пяшком. Гналі баланс ну гэта такія, як дровы прадаюць. Звалі моллю, як цяпер на дровы рэжуць, па 2 мэтры. Быў моль і даўжок. А даўжок гэта каторы страіцельнае дрэва. Вада была чысценька, пілі ваду людзі з ракі, а ў нас з крыніцы бралі. Вільля памялела і стала зарастаць ужо як перасталі па ёй лес ганяць, як не стала скаціны. Скаціны было поўна. Было людзей, я помню, толькі баб 45 прыходзіла ў брыгаду на работу. А цяпер засталося дзве бабы на стаканніку, адна ўжо зусім ня ходзіць, а другая на калках ходзіць, і там відаць жаўтаваты дом гэная такая, як і я.
Сакалоўскія жылі зажытачна, многа зямлі было, кароў, быкоў было. Там авечак было. І вот празднік быў, і на Вяліканне ўсе пайшлі ў цэркву. У Вялейцы была царква. Пайшлі яны ў Вілейку ў царкву. А быў іхні бацька стары. А даўна ж толькі люлькі курылі, самасадам напіхалі. А папірос не было. Самасад сеялі, крышылі. І гэты стары пайшоў есці даваць, закінуў з люлькі ў сена агню. Пакуль з царквы прыйшлі, усё згарэла. Усё згарэла, уся скаціна, усё пагарэла.
ВёскаСаланоеВілейскага раёна Мінскай вобласці
Аркадзь Фёдаравіч Кур'яновіч, 1924 г. н., мясцовы (зап. 2012 г.):
Вілья, пакуль не спрамілі, ішла за 200 мэтраў ад хат, унізу. Тады ўжо ад Саланога яна ішла на Хацень, і тады каля Хацені яна луку такую рабіла, Парфёнава лука яна называлася. Слышал я это ад таты вясной на Вільлі ставілі мужыкі ез убівалі калы і перапляталі хвояй. А ў вароты ці акно ставілі хабатню прыладу такую, плеценую з лазы. Хабатні былі длінныя 3 мэтры, спачатку рабілі большае кальцо з лазы, потым меншае, потым яшчэ меншае, і ўсе яны саедзіняліся ўздоўж дліннымі дубцамі і перапляталіся поперак, украгавую, каб трымалася канструкцыя. Шчэлкі ў хабатні былі досыць вялікія, каб вада і мелкая рыба прахадзіла свабодна. Ставілі хабатню абавязкова пад ваду, на ход рыбы, бо яна як уб'ецца, ужо назад чамусьці не ідзе, так і стаіць. Найбольш пападалі шчупакі, аж да васьмі-дзесяці за раз. Заезжэлі ці заязілі раку паміж двума вірамі «Паненкай» (шасціметроўкай) і дванаццаціметроўкай, што каля Мільчанскага маста, паміж урочышчамі Буй і Аўдзей, не даходзячы Стафалюковай лукі. Стафалюкова лука гэта бераг, дзе некалі стаяў лагер Стафалюка Батуры (Стэфана Баторыя), калі той ішоў на Маскву праз Полацк. А «паненкаў вір» ад таго, што аднойчы летам прыплылі з Мільчы на лодцы дзве паненкі, адна з іх, дачка пана, у вір, каб нарваць белых лілей. Надта пекныя былі тыя лілеі, але адарваць іх было цяжка, бо хацелі адарваць з дудачкай, каб зрабіць пацеркі, замест ланцужка выкарыстаць гэну дудачку, паламаўшы на кавалачкі. А калі проста так пацягуць, то рвецца толькі сам квет. Тады яны нахіліліся, каб узяцца за дудачку далей і глыбей ад квета, і пачалі цягнуць, а корні не пусцілі, лодка нахілілася, чарпанула і дзеўкі патапіліся. Ад таго вір пачаў называцца «паненкаў». Дык вось пачалі мужыкі выцягваць хабатню, а тая ні з месца. Пачалі ругацца там на аднаго жартаўніка: «Каб табе ў кішкі так убіла, як ты калоду ўбіў!» Думалі, што нарочна ўсадзіў бярно, але ж не выцягнулі, а там вялізны шчупак! Ды такі вялізны, што ніколі такога не відзелі. Адразу вырашылі прадаць жыдам у Даўгінава. Перакінулі поперак праз каня, прывязалі, пайшлі а галава шчупакова і хвост па зямлі цягнуцца!