ВёскаСцешыцы, Спас(55 км/455) Вілейскагараёна Мінскай вобласці
Віторыя Мікалаеўна Пякарская (Клемантовіч). Баба Вікця нарадзілася ў 1937 г.:
А якая самая смачная рыба з Вяллі?
Рака тут недалёка, самая смачная рыба шчупак і мянтуз. У плоткі касцей многа. Самы рыбак у Сцешыцах, Шчэрба Казімір, жыве туды, пад Даўгінава.
ВёскаКумельшчына(61 км/449) Вілейскага раёна Мінскай вобласці
Алена Станіславаўна Гурыновіч, 1933 г. н.:
Перш у Кумельшчыне не было калодзесяў, з ракі ваду і пілі, і адзежу мылі. Прорубка праб'ецца, і набярэш вады. Вада была чысценькая, фільтравалася праз пясочак. І ніхто не хварэў, і нічога не рабілася. А цяпер п'ём з калодзежаў, а ўсе гнілыя. Ракі ў нас у рацэ былі. Але ж даўней гэдак у раку нічога не кідалі і не злівалі. Карацей, даўней не гэдак было, бо цяпер болей, чым што, рака засорана. Тады рыбу лавілі кошыкамі. Пойдзеш, кошык заставіш і гатова, поўны сяляўкі ці каўбуноў. А зараз і ракаў не стала, і рыба памянялася. Усё памянялася: і свет, і рака памянялася. Мужык мой не любіў рыбу лавіць, а страх як любіў грыбы збіраць. А вось сын любіў рыбу лавіць. Мне з рыбы найсмачней акунь. Мянтуз тожа смачная рыба, але акунь смачней. Лешч сухі, многа касцей, а як малы, дык адны косці. А яшчэ была даўней смачная рыба, такая круглая і даўгая, як мая ляска, каторая пішчэла. Піскун, мусіць, і звалася. Лавілі ў старарэчышчы. Але як прынясуць і вытрасуць з торбы, то крыку было! Бо яны страшныя, як гадзюкі. Не ўсе людзі піскуноў маглі есці. Плотка смачная, але таксама многа касцей. Але сына ўжо няма, і бучоў не захавалася.
Іван Святоха, 1939 г. н.:
Самая смачная рыба ў Вільлі судак. Цяпер яго ёсць, як вадахранілішча зрабілі. Найбольшага шчупака, што я злавіў, на 8 кіль. У сеткі. Лавілі з дзвюх лодак сеткай, якая ў нас завецца волак. Шчас волаком ніхто не ловіць. Перасталі пасля запрэту на лоўлю рыбы. Рака і даўней у Кумельшчыне была не глыбокая, толькі вось даўней ямы былі глыбокія, а цяпер ям зусім няма. Перш ідзеш па берагу, відзіш рыбу, сейчас і рыбы няма, і не відаць дна ў рацэ. Перш хадзілі на лучніцу з васцямі, усё было відаць. Восці былі вялікія, можа на дванаццаць зубоў. І зімой хадзілі з доўбнямі лёд жа быў чысты, а сейчас лёд такі, што нічога не відаць.
Доўбнямі білі і шчупака, і яльцаў, і ментуза. Яльцаў перш колькі было. Лавілі іх на вуду зверху на машку. Машка такая была, звалася таўкала. Яна над ракой лётае. Калі на дрэва сядзе, то знімеш і на кручок. Калі яльца засаліць, то смачней, чым селядзец. Рыба быстра на таўкалу брала. Брала таксама і жучка-грачаніка, але не так. Лавілі язя на майскага жука і што меншы быў, палавінны. На ўсе вёскі быў самы галаўны рыбак і паляўнічы Фаня з Кастык. Адна рука была ў яго паврэждзена, што нічуць не перашкадала яму быць самым лепшым. Але ён даўна памёр. Фаня як язя лавіў, бродзіў. Усе месцы знаў. Ездзіў за язём пад Караліна, там вялікай рыбы больш было. І тут рыбы было шмат, што шапкамі лавілі. Знімеш з галавы, раз і ёсць, яе, яльцы. Яны жырныя, і касцей меней, чым у платвы. Лавілі рыбу бучамі, сакам, таптухай з кулём. У таптуху добра лезла. Наставіш ля ціны, абтопчыш кругом, а рыба ўся ў куль. У затоках і старыцах цягалі невад. Дзе многа ціны ў затоцы, невад не працягнеш, трэба, каб чыста было. На лодке закінеш вяроўкі на другі бераг, а тады ужо з берага і цягнеш удваіх, потым саедзіняешся і ўсё. Пападала ў невад многа, бо займаеш бальшую плошчадзь, і куль быў вялікі. На нэраст лёгка біць судака васьцямі ён блізка да берагу падыходзіць. Там, дзе завадзі. А лешч, як нарастуе, аж вада кіпіць. І што цікава, увесь лешч пад адзін размер. Было многа і піскуноў, але я іх выкідваў на бераг, баяўся. Утраіх лавілі палазамі, удваіх цягнуць, а трэці зваўся дзед. Палазамі больш лавілі па затоках. Каля дна вядзеш, але сільна не нажымаеш, каб гразі не забрала, а то і падняць ад гразі няможна.
Ставілі і трыгубіцы, ці, як у нас звалі, путаніцы дзве рэдзі, а пасярэдзіне сетка. Рыба ў путаніцы, нават добра не ўчапіўшыся жабрамі, не ўхадзіла, бо не давала, путала рэдзь. Хто бывае, дык ставіў рэдзь толькі з адной стараны на палатно, але з двух старон лепей. Рыба і адтуль, і адтуль можа папасці.
ВёскаЧапельшчына(62 км/448) Вілейскага раёна Мінскай вобласці
Канстанцін Пятровіч Чараповіч, 1921 г. н. (зап. 2007 г., ВВ., Л.С., Ю.У. Расш. Ю.У. Зах. LTR7686/78):
ВёскаЧапельшчына(62 км/448) Вілейскага раёна Мінскай вобласці
Канстанцін Пятровіч Чараповіч, 1921 г. н. (зап. 2007 г., ВВ., Л.С., Ю.У. Расш. Ю.У. Зах. LTR7686/78):
Рыбы даўней было крэпка многа. Раней дык гэта наша гордасць была тут. А рэчка цяпер і рыбы саўсім не відаць нідзе. Мутнае ўсё, забалочанае. Гэта ж мора зрабілі. А чысценькае, светленькае ідзеш па беразе. Ну рыбы многа было.
Ну а чым лавілі рыбу?
Ну, як на эна ўрэмя, цяпер снасць саўсем другая. Удачку, сак такі, волак на двух жордках. Самі вязалі, самі бабы, жэншчыны, пралі, ткалі. Усё ж гэта ўручную. Бродзень быў. На паясах такіх тожа сетка. Два палазы такія загнёныя. Па затоках, ну дзе і па рацэ дзе ціхае месца. Ну і невад быў. Венцер у нас не асоба распрастранёны. Венцер, дык гэта з лазы. Бучы мы звалі. Дык, бываіць, сам мянтуз туды ўлезіць. Так устроена. Туды, а назад не.
А якія рыбы тут былі, як называлася рыба тут?
Акунь, шчупак, ясь, карась, галавень. Ну вот такія. Кялбы былі. Помню, у дзецтве малы, цэлы дзень кялбы надта браліся. Такія невялікія, але ўкусныя надта.
А якая самая смачная рыба?
Як мне, дык мянтуз. Пад гадзюку такі. Цёмны такі, чорны. Нада кожу знімаць з яго. Але ж рыба.
А што з рыбай рабілі?
Ну што? Жарылі, тушылі, хто, бываіць, і пасоліць.
А ц капцлі?
Пазней ужо. Пазней пачалі. То і цяпер не ўсе рыбу копцяць. Надта не было калі раней і лавіць яе. Жылі на зямлі, дык нада было на полі.. Можна было і рыбы было болей так. Але врэмя нада ж на гэта. А трэба ж ісці жаць, трэба ісці касіць, толька як свабоднае врэмя калі якое. Ну і то ж нада прыспасабленія. Ну дык пойдзеш, торбу зловіш рыбы.
Канстанцін Пятровіч Чараповіч, 1921 г. н., і Аляксандр Сяргеевіч Савінскі, 1940 г. н. (зап. 2013 г., М.М.):
Самая смачная рыба ў Вільлі мянтуз і лінь. Смак у рыбы быў не такі, як зараз: даўней не было солі, каб рыбу саліць, і не было алею, каб яе смажыць. Рыба не свіння на патэльню кавалак так не кінеш. Дык гатавалі рыбу ў гаршках у сваім саку ў печы. Соль была дарагая, саліць у бочкі рыбу было шкода, і свіны жыр таксама быў дарагі, і летам жыру ўжо не было. Тушыць у печы ў гаршку было сама проста і танна, амаль нічога не трэба, кропу ці траў якіх, ягад дабавіць і ўсё. Алей быў толькі льняны і канапляны, і на ім рыбу не пяклі. Цяпер па-другому гатуюць, таму і смак у рыбы другі. Не сказаць, што са спецыямі і спечаная на патэльні на алеі лепей, бо ежа, згатаваная ў печы, тая ж груца ці капуста, або той жа хлеб, выпечаны ў печы, непараўнальна смачней, чым на газавай пліце. Таксама рыбу ў печы сушылі.
Вільля памялела пасля вайны, як лясы пачалі рэзаць. Зараз гэта не рака, а нейкае непаразуменне. Вышэй Пагоста яна канава. Зрабілі канавамі Сластоўку, Кабылянку і ўсе малыя рэчкі, што даўней неслі ваду ў Вільлю. Балоты паасушалі, і няма ніякага адстойніка, каб дзе муць садзілася. Уся гэта муць ідзе адразу з поля ў Віллю. Нават ракаў не стала ў рацэ. Першы раз ракаў вывелі, як прыйшлі Саветы і сталі моллю ці як тутэйшыя казалі быдлам, а не плытамі сплаўляць лес. Не любілі яны(ракі) кару, іх тады знішчылі. У нас платагонаў звалі штырнікі. А после як перасталі моллю слаўляць лес, у 60-70-х ракі паявіліся ў Віллі зноў, не то што многа іх было, як даўней, але ўжо пападаліся. А як зрабілі вадахранілішча, то ўсё, ракі зніклі зусім. Самую вялікую рыбіну злавілі ў Кастыках гадоў 75 назад. Рака была перагарожана бомаю, якраз вышэй царквы, напроць Яўгеля, сабралася бярвенне, затор. І вось людзі заўважылі, што адным месцам бярвенне стала падымацца, як хто боўтаеца і кратае знізу. Сказалі рыбаку аднаму, ён пабяжаў па бярвеннях і ломам ці бусаком і забіў тую рыбіну. Рыбіна была страшэнная, калі нёс на плячах, то цягнулася па зямле: больш чым паўтара метра. Тая рыбіна была тут невядомая, з мора прыйшла.
Леску і нават сеткі вязалі з воласа конскага хваста. Найлепш калі конь быў белы, тады волас быў без колеру, у вадзе нявідзімы для рыбы, так у нас на Чапельшчыну была толькі адна белая кабыла, усе за хлапцы ёй ганяліся. Гаспадар шкадаваў кабылу, рабіўся шалёным згледзіўшы, як хто рваў валасок з хваста, мог і адмясіць як не ўцячэш, і ўжо так злосна лаяўся і кляў, калі хто даносіў на якога хлапца. Такім чынам мы змалку па своему зразумелі, чаму Пільсудскі, ці іншыя маршалы і магутныя уладары краін паважалі і любілі выязжаць на парады менавіта на конях белай масці
Самае вялікае і страшнае разводдзе было ў 1931 гаду. На тым берагу Віллі, напроць цэрквы была леснічоўка усадзьба лесніка. І за ноч так паднялася вада, што яны на страсе ратаваліся. І скаціну на страху ўсцягнуў. Пачаў страляць з ружжа, і тады людзі з вёскі пачулі, агледзеліся і на лодках пачалі ратаваць.