Сэрца мармуровага анёла (зборнік) - Людміла Іванаўна Рублеўская 5 стр.


Антось азірнуўся на сябрукоў, што ішлі за ім па засыпанай жоўтай лістотай дарожцы між каменных помнікаў, быццам па асушаным марскім дне з рэшткамі разбітых караблёў. У чарнявага, худога, як біч, Цыпрыяна адзін нос тырчыць з-пад расколатага напалам казырка дарэвалюцыйнай студэнцкай фуражкі; за ім уразвалку, нячутнай хадой паляўнічага ступае каржакаваты Міхась у бравэрцы з паднятым каўняром. Міхась самы паважны з іх, бо амаль скончыў універсітэт і нават там жа, на першых курсах, выкладае. Нізенькі шчуплы Рыгорка з вечнай рахманай усмешкай і іранічны прыгажун Янук, як і ён, пачынаючыя паэты, разжыліся аднолькавымі шарачковымі пінжакамі у педтэхнікуме давалі дапамогу дзецям беднаты. Прычым Рыгоркавы рукі хаваюцца ў рукавах цалкам, а Януковы вызіраюць ледзь не да локцяў. Нарэшце, ён сам у бацькавай куртачцы, зацыраванай на локцях А які фантастычны абутак ва ўсіх! Адразу пазнаеш ваяроў, што замахваюцца вырашаць лёс краіны. Але хіба фландрскія гёзы ці чэшскія гусіты апраналіся больш самавіта і былі меншымі рамантыкамі, паўстаючы супраць магутных імперыі?

Адна Марыля Гудзевіч, зеленавокая прыгажуня Марылька, якая ўжо скончыла педтэхнікум, бо была на два гады за яго, Антося, старэйшая, у сваім плюшавым пінжачку выглядае па-сапраўднаму элегантна. Вось толькі дарэмна яна ўвязалася за імі

 Сядайма тут,  скамандаваў Цыпрыян і першым апусціўся на каменную лаўку пад маладой таполяй.

Ля яго сеў Міхал. Астатнія прымасціліся, хто як мог. Антось падумаў быў сагнаць Цыпрыяна, каб пасадзіць Марылю. Але ж яна пакрыўдзіцца знайшоў карункавую паненку! Вунь, калючая і прыўкрасная, як шыпшына, незалежна прысела на масіўны чорны ланцуг, што звісае між слупкамі па краях нечае магілы, і пагойдваецца, адштурхоўваючыся ножкамі ў старэнькіх чаравіках ад прэлай могілкавай зямлі Каркаюць вароны Пазвоньвае ланцуг Развяваюцца русыя пасмачкі валасоў на скроні Поўны дэкаданс! А злева з дзяўчыны не зводзіць сініх, напэўна, яшчэ сінейшых, чым у яго, Антося, вачэй прыгажун Янук. Куды ўжо Антосю з ягонай правінцыйнай нехлямяжасцю

Лірычныя думкі перарваў Рыгорка:

 Чулі, што Дзям'ян Стасевіч больш не рэктар універсітэта?

 А яго за што?  недаўменна паціснуў плячыма Янук.  Крышталёва чысты перад савецкай уладай чалавек. За палякамі сядзеў як рэвалюцынер.

 А цяпер беларускі нацыяналіст,  зазначыў Рыгорка без заўсёднай усмешкі. Як Шпадарук, як Антось Злыкун Як Севачка

 Як усе мы,  падрахаваў Антось.

 Я не нацыяналіст, я патрыёт!  ускочыў з месца Цыпрыян і смешна замахаў доўгімі рукамі. Калі я каго пакрыўдзіў з іншага народу пагардай да чагось ягонага? Навучыліся паняцці падмяняць! Люблю рускае патрыёт-інтэрнацыяналіст. А калі сваё не даказваю, заўважце, што яно, маё, лепшае або адзіна вартае, не Толькі паважаю за не горшае, вартае любові і права на жыццё Тады я нацыяналіст! Вораг!

 Сядзь!  тузануў прамоўцу за крысо Міхась.  Пра гэта мы ўсе неаднойчы выказаліся. Таму і прыйшлі сюды.

Ён нетаропка дастаў з глыбокай кішэні паперы, акуратна загорнутыя ў хустачку. Павярнуўся да Антося, пільна паглядзеў у ягоныя сінія вочы, памаўчаў. Усе стаіліся.

Нарэшце загаварыў важка і цвёрда:

 Я праверыў. Да якіх крыніц толькі змог дабрацца. Нават з'ездзіў у твой Старавежск. Перагартаў гару дакументаў. На жаль, я не так добра ведаю старажытнагрэчаскую, як латынь. Але асабліва складаныя мясціны мне дапамог перакласці сам Сахнут-Бічэўскі. Вядома, я не тлумачыў, для чаго. Да таго ж прафесар лічыць мяне як бы магчымым пераемнікам у навуцы. Так што я ў ягонай хатняй бібліятэцы як у сваёй. Вось і скарыстаўся напоўніцу, да нахабства. І цяпер магу сказаць Вельмі верагодна заўважце, я не сцвярджаю адназначна,  але вельмі, вельмі верагодна, што ты, Антось, з'яўляешся нашчадкам візантыйскіх імператараў Палеалогаў, дакладней, апошняга з іх, Канстанціна ХІ Палеалога.

 Жыве Каралеўства Беларусь!  ускочыў Цыпрыян са сваёй лаўкі.

Астатнія падхапілі яго вокліч, і вароны з абураным карканнем паўзляталі з таполяў, абрынуўшы на магільныя камяні і сцяжынкі залаты дождж лістоты.

Антося кінула ў жар.

 Ты ўпэўнены? Няўжо сямейныя паданні праўда?

 Глядзі!  Міхась сагнаў з лаўкі Цыпрыяна і на вольным месцы расклаў паперы. Усе згрувасціліся вакол галава да галавы.  Вось Гэта нават неспецыяліст зразумее. Малюнак твайго пярсцёнка. А тут павялічаны фрагмент партрэта візантыйскага імператара другой паловы ХІІІ стагоддзя Міхаіла УІІІ, заснавальніка дынастыі. Бачыце? Такі самы пярсцёнак! Роўнаканцовы крыж, па краях грэчаскія літары Ніякіх камянёў, просты метал. А гэта выпіска з тэстамента падкаморага Юрася Дарбута, складзенага ў 1453 годзе. Адразу пасля таго, як у Еўропу дайшлі весткі пра смерць апошняга візантыйскага імператара загінуў у бойцы з туркамі, абраняючы свой горад. Падкаморы меў траіх дзяцей. Старэйшага сына, Канстанціна,  ад нядоўгага шлюбу з Агнай Чагноўскай, дачкой старавежскага ваяводы, і яшчэ дзвюх дачок ад другога шлюбу. Вось ад гэтага Канстанціна (звярніце ўвагу на імя радавое імя Палеалогаў!) і пачынаецца твой радавод. У пятнаццатым стагоддзі ў Княстве Літоўскім пры падзеле спадчыны карысталіся правілам, замацаваным потым ва ўсіх статутах: пры наяўнасці сыноў дочкі не наследавалі нерухомых маёнткаў бацькі, а атрымлівалі толькі адну чацвёртую частку кошту маёмасці. Між тым Канстанцін не ўспадчыніў нічога з тае нерухомасці, усё дасталося сёстрам. Хаця я нідзе не знайшоў, каб бацька абвяшчаў яго незаконным сынам. Далей Нарадзіўся праз сем месяцаў пасля шлюбу. За два месяцы перад тым у Старавежску затрымаўся праездам візантыйскі каралевіч адкрылася старая рана.

 Дзе Старавежск, а дзе Канстанцінопаль Як сын візантыйскага імператара туды патрапіў?  не вытрымаў Рыгорка.

Міхась паблажліва зірнуў на сумніўцу.

 Вядома ж, выправіўся ён не для таго, каб у нашым мястэчку пагасцяваць. Тады ад Візантыйскай імперыі мала што засталося. Фактычна, адзін Канстанцінопаль. Туркі-сельджукі з аднаго боку, крыжаносцы з другога Стары імператар, бацька старавежскага госця, у адчаі спрабаваў дабіцца дапамогі ў Еўропе, гатовы быў нават на рэлігійныя кампрамісы. І сына адаслаў і для таго, каб уберагчы ад небяспекі: надта баявіты быў. І дзеля наладжвання гэтых сувязяў Папросту кажучы высватаць прынцэсу з магутнай дзяржавы. Магчыма, са Швецыі. А праз нашу краіну, каб ты ведаў, здаўна праходзіў славуты шлях «з варагаў у Бізантыю», або, як яшчэ кажуць, «з варагаў у грэкі».

 А прынц закахаўся ў нашу прыгажуню!  захоплена ўсклікнула Марылька.

 Наяўнасць пачуццяў я, як гісторык, засведчыць не магу,  з прыхаваным сарказмам сказаў Міхась.  А вось цікавы дакуменцік, складзены апошнім візантыйскім імператарам адразу па ўзыходжанні на прастол, знайшоў. Запрашэнне на службу ліцвінскаму шляхціцу Канстанціну Дарбуту, з наданнем княжацкае годнасці ды іншымі дабротамі. Антось пахітаў галавой.

 Здаецца, у нашым родзе князёў не было

 Таму, што Канстанцін Дарбут адмовіўся ад запрашэння. Паслаў імператару гарбуза. І, па сутнасці, правільна зрабіў праз чатыры гады імперыі не стала. Ну і тут яшчэ цэлы стос дакументаў выпіскі, даведкі ды іншая трасца. Твой продак, вядома, бастард, незаконнанароджаны. Але іншых нашчадкаў Канстанцін ХІ не меў. Дарэчы, яго пляменніца выйшла замуж за расійскага цара Івана ІІІ, так што ты маеш сваяцтва з расійскай каронай.

Міхась самазадаволена складаў паперы.

 Па-мойму, пераканаўча!  радаваўся Цыпрыян.  Гэта вам не рэспубліка, якую можна прыдушыць, і ніхто ў свеце не зварухнецца! Беларускі кароль з імператарскай крывёй у жылах! Такое нават цёмны вясковы дзед зразумее! І ў свеце прызнаюць як міленькія!

 А ці не дурні мы? Камсамольцы-манархісты  спахмурнеў Міхась.  Ставіць сёння на манархію? У той час, як па ўсім свеце яны разбураюцца. Толькі што пазбавіліся ад «памазанніка», які беларушчыну жыўцом у зямлю закопваў, ствараючы «Северо-Западный край»

 Пры чым тут сапраўдная манархія?  абурыўся Янук.  Беларускі кароль проста сімвал, штандар, каб аб'яднаць народ. Да каранацыі і не дойдзе. Мы ж адразу канстытуцыю І роўныя правы ўсім

Антось нарэшце адкінуў задуменнасць. Яго сінія вочы гарэзна бліснулі.

 Ну, дзякуй ад жывога штандара! Я не супраць быў бы застацца звычайным паэтам.

Змоўшчыкі загаманілі, у кожнага выявіліся бліскучыя стратэгічныя планы.

 Але, сябры, хоць можам цяпер смела брацца за справу, трэба памятаць пра непрыемную акалічнасць, звязаную з любой манархіяй,  сурова загаварыў Міхась.  Ідэя манархіі існуе, пакуль існуе манарх. Няма нікога хоць з кропляй крыві дынастыі усё скончана. І калі Антось загіне Яго няма кім замяніць.

Усе трывожна паглядзелі на Антося. Нібыта ўбачылі першы раз. Іх кароль, аказваецца,  высокі, гожы, з наіўнымі сінімі вачыма і суровым ротам Адна Марылька, сцямнеўшы тварам, глядзела на чорна-залатую зямлю.

Антось няёмка рассмяяўся:

 Світу да мяне прыстаўце Целаахоўнікаў. Глупства гэта! Нікуды я не падзенуся. Яго каралеўская вялікасць умее цыраваць адзежу, секчы дровы і можа пастаяць за сябе.

Міхась зноў дастаў з кішэні паперы, задумліва паглядзеў на іх.

 Вось што Я зраблю копіі, і мы іх дзе-небудзь схаваем. Бо калі даведаюцца тыя, з іх станецца знішчыць нават самі крыніцы. І беражы сябе, Антось. Залішне нагадваць, але Да апошняга ніхто больш не павінен ведаць сапраўднае імя беларускага караля. Ты, Антось, не павінен раскрывацца нават нашым аднадумцам.

З таполяў зноў з карканнем узляцелі вароны.

 Кыця-кыця-кыця!

У аддаленні, па дарожцы ад касцёла, рухалася цётка ў вялізным капелюшы. За ёй бегла з дзесятак бадзячых катоў.

 Статс-дама Пальміра Мрачкоўская з пажамі!  захіхікаў Рыгорка.

Яго смех падхапілі астатнія хлопцы, нехта дурасліва замяўкаў. Дзівакаватая жонка тутэйшага доктара была асобай вядомай.

 От разумнікі!  спыніла рогат Марылька.  Гэтая кабета не толькі сабак ды катоў прыкармлівае. Яна суседскіх дзетак за так маляваць вучыць. І мае вучні-беспрытульнікі многія ў яе карміліся, пакуль у інтэрнат не трапілі. А карціны вы ейныя бачылі?

Назад Дальше