Сэрца мармуровага анёла (зборнік) - Людміла Іванаўна Рублеўская 6 стр.


Усе трывожна паглядзелі на Антося. Нібыта ўбачылі першы раз. Іх кароль, аказваецца,  высокі, гожы, з наіўнымі сінімі вачыма і суровым ротам Адна Марылька, сцямнеўшы тварам, глядзела на чорна-залатую зямлю.

Антось няёмка рассмяяўся:

 Світу да мяне прыстаўце Целаахоўнікаў. Глупства гэта! Нікуды я не падзенуся. Яго каралеўская вялікасць умее цыраваць адзежу, секчы дровы і можа пастаяць за сябе.

Міхась зноў дастаў з кішэні паперы, задумліва паглядзеў на іх.

 Вось што Я зраблю копіі, і мы іх дзе-небудзь схаваем. Бо калі даведаюцца тыя, з іх станецца знішчыць нават самі крыніцы. І беражы сябе, Антось. Залішне нагадваць, але Да апошняга ніхто больш не павінен ведаць сапраўднае імя беларускага караля. Ты, Антось, не павінен раскрывацца нават нашым аднадумцам.

З таполяў зноў з карканнем узляцелі вароны.

 Кыця-кыця-кыця!

У аддаленні, па дарожцы ад касцёла, рухалася цётка ў вялізным капелюшы. За ёй бегла з дзесятак бадзячых катоў.

 Статс-дама Пальміра Мрачкоўская з пажамі!  захіхікаў Рыгорка.

Яго смех падхапілі астатнія хлопцы, нехта дурасліва замяўкаў. Дзівакаватая жонка тутэйшага доктара была асобай вядомай.

 От разумнікі!  спыніла рогат Марылька.  Гэтая кабета не толькі сабак ды катоў прыкармлівае. Яна суседскіх дзетак за так маляваць вучыць. І мае вучні-беспрытульнікі многія ў яе карміліся, пакуль у інтэрнат не трапілі. А карціны вы ейныя бачылі?

 Добра, добра, Марылька, пераканала.  Янук уладна пагладзіў дзяўчыну па плечуку, але сустрэў насмешлівы позірк і сумеўся: Давайце па хатах, пакуль дабрадзейная Пальміра сюды сабак не прывяла.

Лісце з шоргатам ападала на зямлю, на помнікі, прыліпала да граніту, быццам безнадзейныя лісты да нябожчыкаў. Маладыя таполі ўмольна цягнуліся галінкамі да ўжо астылага сонца, нібы спадзяваліся дастаць яшчэ крыху летняга цяпла

Ад брамы ўсе разыходзіліся ў розныя бакі. Янук памкнуўся быў пайсці з Марылькай, але яна подбегам дагнала Антося.

 Можна з табой?

Гэта было так неверагодна, што Антось не змог нічога адпаведнага сказаць. Яны моўчкі ішлі па ціхай Кальварыйскай вуліцы, і ён усё ніяк не мог прыдумаць, пра што пачаць размову у яго толькі замірала сэрца кожны раз, як лёгкая хустка Марылі, завязаная на шыі, па волі гарэзнага ветрыку датыкалася да яго рукава доўгімі кутасамі. Не куртуазны нашчадак у імператара

 Я таксама хацела б, каб ты заставаўся «звычайным» паэтам,  раптам суха прамовіла Марылька, так пільна гледзячы наперад, быццам адтуль вось-вось мусіла з'явіцца варожае войска.  Ты мог бы быць вялікім паэтам, Антоська.

 «Мог бы» Гаворыш, як хаваеш. Я ж яшчэ жывы!

 Вазьмі мяне замуж, Антось!

Ён аж спатыкнуўся. Пачулася, відаць? Марылька ішла, усё гэтак жа гледзячы перад сабой, са спакойным тварам, схаваўшы рукі ў кішэні пацёртага плюшавага пінжачка.

Вядома, пачулася Але ён раптам усвядоміў, якая дзяўчына ўся напятая быццам струна

 Ну дык як? Згодны?

 Паслухай Я не разумею

 А што тут не разумець?!  яна рэзка спынілася, пазіраючы на яго злымі зялёнымі вачыма.

Якія ў яе вочы, калі яна злуецца! Напэўна, так ззяюць смарагды, калі глядзець праз іх на сонца. Ён усё яшчэ не ўцяміў. А яна гаварыла аж перахоплівала голас:

 Няўжо трэба тлумачыць? Мы загінем! Праз тыдзень, заўтра, пазаўтраму! І першага пацягнуць цябе! І ты ніколі Мы з табой ніколі Гэта ж горай за смерць! Два гады знаёмыя. Няўжо ты такі сляпы?

Ён верыў і не верыў. Варухнулася страшнае, здрадлівае хоча пабыць каралевай! Але Марылька, як пачуўшы ягоныя думкі, тупнула нагой:

 Ды не абыходзіць мне тваё каралеўскае паходжанне!

І раптам заплакала. Закалаціліся худзенькія плечы. Ён ні разу не бачыў, каб незалежная Марылька, якая папросту спраўлялася са сваімі выхаванцамі былымі беспрытульнікамі, плакала. Ён нясмела пагладзіў яе даланёй па мокрай шчацэ І адчуў, як па яе целе прайшлі дрыжыкі Такія ж, як у яго ад дотыку да яе

 Дурненькі прашаптала яна і так зірнула ў яго сінія вочы, што ўсе ягоныя сумневы расталі бясследна.

Іх узялі ўсё-ткі не праз тыдзень праз тры месяцы.

Следчыя шчыра рагаталі над спробай пяці студэнтаў стварыць Каралеўства Беларусь. Справу, аднак, засакрэцілі да неверагоднага. Усе, хто меў да яе дачыненне, мусілі быць знішчанымі. Асабліва здзекаваліся над патэнцыяльным каралём. Ён выявіўся надзіва ўпартым. Нават схітрыўся збегчы падчас перасылкі. Ратуючыся ад пагоні, загінуў.

Пальміра Мрачкоўская ў бамбёжку 1941 года згарэла разам са сваім дамком ля Кальварыі не хацела пакідаць карціны.

На папялішчы доўга збіраліся бадзяжныя сабакі і каты.

Сібірскія крумкачы

Зэк  1-756 у калоне гэткіх жа, як сам, дахадзягаў цягнуўся ў свой барак.

Адзінае, што вылучала гэтага зняволенага,  вялікая птушка, што сядзела ў яго на плячы, як чорны анёл-ахоўнік.

Гэта, вядома, быў непарадак, і гады тры таму птушка зрабілася б мішэнню для канвойных, а зэк «загрымеў» бы ў БУР страшную лагерную турму.

Але за апошнія тры гады, пасля смерці «галоўнага кормчага», тут усё змянілася. Ахова ўжо не ведала, як трымацца са сваімі вязнямі. Амаль кожны дзень кагосьці з іх даводзілася выпускаць на волю. А пры пераходзе з катэгорыі быдла ў катэгорыю чалавека былы зэк мог пераўтварыцца ў кагосьці вельмі ўплывовага і паважанага, напрыклад, генерала і Героя Савецкага Саюза, як гэта адбылося ў мінулым месяцы. І ахоўнікі моўчкі цярпелі крумкача.

Вязень падабраў яго паўмёртвым птушанём. Тады найбольш абурыліся іншыя зняволеныя дадаваўся новы ядок. Але калі крумкач падрос, самі пачалі яго падкормліваць.

А ўладальніка крумкача ўсё не вызвалялі. Зэк  1-756 не скардзіўся. Яму і так пашанцавала. Ён пражыў ужо дваццаць пяць лішніх гадоў на гэтым свеце. Тады, пасля ягонага адчайнага ўчынку, пра які не хочацца ўспамінаць, яго на нейкі час вызвалілі. Потым вайна. Войска Польскае. Ваяваў добра, бо ўжо не шкадаваў жыцця, купленага занадта дарагой цаной. Потым цэлых два гады, калі здавалася, усё самае благое за спінай і можна пачынаць нармальнае жыццё. Ён нават зноў пачаў пісаць вершы. І з горыччу разумеў, што ім ніколі не ўзляцець да вышыні вершаў таго, сінявокага, які загінуў. І зноў савецкі лагер

У зоне яго паважалі. Ён ніколі не «шасцярыў». Калі здзекі перавышалі нармальную чалавечую трываласць і кожная клетачка спакутаванага цела маліла здацца перад вязнем паўставалі сінія-сінія вочы Сінейшыя, чым у яго самогаЯны глядзелі з маўклівым дакорам, і вязень выплёўваў разам з крывёй упартае «не»

Цяпер у яго ёсць надзея падоўжыць свой зямны шлях. Хаця б дзеля гэтага крумкача вось хто сапраўды адданы! А крумкачы жывуць, кажуць, гадоў па трыста Ды яшчэ ёсць адна справа на зямлі Той скрутачак папер, спісаных цвёрдым круглым юначым почыркам, пра які ён адзін цяпер і ведае.

Марылька таксама ведала пра той скрутачак. Але Марылькі больш няма Перажыла вайну і памерла ад запалення лёгкіх. Застудзілася, цягаючы маразамі паламаныя шпалы на дровы ў дзіцячы дом. Калісьці ён, безнадзейна закаханы, выратаваў ёй жыццё. Тым адзіным спосабам, які быў яму даступны. За гэта яна пракляла яго.

Але не варта варушыць мінулае. А то зноў пачне балець сэрца і сінія вочы зірнуць проста вунь з тае аблачынкі.

Крумкач узляцеў ён, напэўна, разумеў, што ягоны цяжар стамляе саслабелага чалавека, і кружляў невысока над калонай людзей у ватоўках.

 Кррум-кррум!

Вязню ж пачулася: «Кароль! Кароль!»

І з аблачынкі над высокімі сібірскімі соснамі зірнулі сінія-сінія вочы

Яшчэ праз трыццаць гадоў, у хуткасным цягніку Масква Мінск, дзесьці на перагоне між Ярцавам і Смаленскам, на верхняй паліцы спальнага купэ плакала ў прапахлую хлоркай, злямцаваную казённую падушку няўдалая студэнтка Магдаліна Дарбут. Плакала, стараючыся, каб ніхто не пачуў ейнага плачу, сама не разумеючы, аб чым яе туга Можа, па сваіх ніколі не бачаных дзеду і бабцы раней ведала толькі іхнія імёны: Антоній і Марыя. Па хлопцу і дзяўчыне, што сустрэліся пяцьсот год таму ў маленькім ліцвінскім мястэчку, каб спазнаць самае салодкае і самае горкае на зямлі каханне Плакала па сабе Па бацьку Па Марку Па ўсім свеце такім несправядлівым і такім прыўкрасным

А ў галаве круціліся апошнія радкі пісьма, напісанага на старонках старой кніжкі:

«Для чаго я выжыў?

Я так даражыўся сабой. Але аднойчы зразумеў з усіх сваіх сяброў я быў самы бяздарны. Цяпер ахвотна б аддаў сваё жыццё кожнаму з іх якую карысць прынеслі б яны Беларусі! Як збяднеў без іх свет!

Але запозна. Цяпер я думаю, што пражыў гэтулькі для таго, каб сустрэць цябе. Я зноў раблю эгаістычна перавальваю на твае худзенькія плечы свой цяжар. Я зразумею, калі ты адмовішся. Мая спадчына не прынясе табе ні грошай, ні славы. Тым больш, ведаючы ўсё пра што я тут распавёў і пра што змаўчаў, ты, можа, не пераступіла б парог маёй хаты. Але я ўсё-ткі прашу цябе вельмі прашу: знайдзі той рукапіс Дзеля аднаўлення справядлівасці. Цяпер можаш лічыць прачытанае страшнай казкай, закрыць кніжку, і я шчыра жадаю табе шчасця. Калі ж табе мала непрыемнасцяў прачытай наступныя радкі вельмі ўважліва, пятнаццаць, лепш дваццаць разоў запар. Гэта вельмі важна. Добра? І не праклінай мяне, як даведаешся ўсё.

Назад Дальше