Сутарэнні Ромула (зборнік) - Людміла Іванаўна Рублеўская 9 стр.


Дождж суцішваўся, хаваючыся ў маладой лістоце, як падлетак, які нашкодзіў, накрычаў, а тады крадма залез на гарышча роднай хаты, спалоханы сваім свавольствам і пакрыўджаны на свет, які за гэтае свавольства неадменна пакарае.

Алесь Вяжэвіч ад дажджу не бараніўся ніколі гэта быў ягоны сябар і брат, гэтак жа, як вецер ці снег. Паэт мусіць адчуваць роднасць з вольнымі стыхіямі! Таму і ішоў зараз у Татарскі канец Менска, дзе на кватэры ў Аўтуха Папара збіралася студэнцкая грамада, шчодра вымачаны «вольнай стыхіяй» хаця дождж ужо ператварыўся ў незаўважную імжу, з валасоў капала, а з чаравікаў пры кожным кроку вылівалася халодная вада. Алесь шыбаваў, горда закінуўшы галаву. І, вядома, і ценю думкі не ўзнікала, што выглядае ён смешнавата і нават жаласна пінжак, абвіслы ад вады, доўгі чуб прыліп да лба А побач шкандыбае, схаваны пад кяпуркаю з вялікім брылём, наставіўшы каўнер скуранкі так, што вушы схаваліся, жыўчык Пянкоў. Хведар, як заўсёды, размахваючы рукамі, не пераставаў бубнець:

 І нашто перціся было ў самую залеву? Перачакалі б ва ўніверсітэце Не хапала застуды ў самую сесію

 Не цукар, не размокнем!  адрэзаў Алесь.  Калі застудзімся дык у таты майго спірытусу мора, з бальнічных запасаў. Ляснуць па кубку і ўсё. А тырчэць ва ўніверсітэце, які спаганены прысутнасцю гэтага чарнасоценца

Пянкоў, шмаргануўшы носам, асцярожліва папытаўся:

 Слухай, Алесь, а чаго ты так Корб-Варановіча ненавідзіш? Не, я сам яго не выношу, і ўсе сумленныя беларусы Але ж цябе проста перасмыкае пры найменшай згадцы пра яго. А мы ж напачатку, між іншым, думалі, што ты ягоны сваяк. Ты ж да яго падобны, як два яблыкі з адной яблыні, толькі ў цябе валасы светлыя, а ў Варановіча цёмныя. А вось бацька твой з ім дык увогуле дзве кроплі вады Можа, нейкія рахункі ў вас з ім асабістыя?

Хведар прагна чакаў адказу, нават ягоны худы твар, здавалася, яшчэ больш выцягнуўся. Алесь злосна фыркнуў:

 Калі б я ведаў, што ў ва мне ёсць частка ягонае крыві, я б яе сам сабе выпусціў! Я яго як класавага ворага ненавіджу! Яго продкі, між іншым, панамі ў маіх прадзедаў былі. На стайню, як відаць, пасылалі. І багацця мелі нямерана, пасля, праўда, зусім згалелі. Але ж сутнасці сваёй гнілой не змянілі! Паглядзі, як ён часам трымаецца быццам роднага брата забіў, і цяпер сумленне заглушыць хоча.

 Я-асна  працягнуў сябрук.  А да Язэпа Лёсіка як ты ставішся?

 Спадар Язэп сапраўдны беларус!  прасвятлеў твар Алеся.  Паболей бы такіх!

 А Вацлаў Ластоўскі табе як? Кажуць, ён масонам быў Ты чуў штосьці пра гэта?

Вяжэвіч страсянуў з валасоў дождж.

 Можа, і быў У яго пярсцёнак такі дзіўны ёсць, на мезенцы носіць. Пры царскім рэжыме людзі блыталіся, кожны па-свойму да рэвалюцыі ішоў. Вось мой бацька, напрыклад, з эсэрамі калісьці звязаўся Толькі пра гэта, браце, вядома, нікому не расказвай. Бацьку і так цяжка. Праца ў яго цяпер не кожнаму па сілах, у турэмнай бальніцы. З арыштаванай контрай ён справу мае.

 І што, расказвае дома пра сваю працу?

Цяпер у голасе Хведара зявілася нейкая штучная абыякавасць, але Алесь нічога не заўважыў. Загаварыў здушана, як пра даўнюю хваробу.

 Ды нічога не распавядае. Ні слова. Прыйдзе дадому, усіх з пакоя выгане, спірт глохча. Ведаеш, зусім іншым чалавекам зрабіўся. Не памятаю, калі апошні раз ён смяяўся, ці на піяніна граў, ці маці кветкі дарыў А раней, калі ў чыгуначным шпіталі працаваў, кожны дзень цягаў ёй хоць рамоначак які! А ўзімку, уяўляеш, у сябе ў кабінеце ў слоік з вадой ставіў галінкі бярозы і вярбы, і як зазелянее галінка прыносіў маці замест кветак.

Твар Алеся зрабіўся зусім хлапечы, шэрыя вочы свяціліся вось такім ён быў, калі да яго прыходзілі тыя вершы, якія ён лічыў сваёй слабасцю ў адрозненне ад радкоў, што пакутліва выштукоўваў, услаўляючы камсамол, фабрыкі і трактары А ў гэтых, нязваных, серабрыўся туман над поплавам, пагойдваўся арэлямі месяц, і самая прыгожая ў свеце дзяўчына з рысамі Веранікі Манцэвіч расплятала косы над люстэркавай ціхай вадой

Ганьба для камсамольскага паэта. Правільна яго лаялі ва ўніверсітэцкай насценгазеце, і на пасяджэннях «Маладняка», і ў часопісе «Полымя». І незразумела, чаму і адкуль прыходзяць яны, такія няправільныя вершы, і ад іх гэтак салодка-пакутна, гэтак нясцерпна-ўзвышана, як ніколі не бывае ад патрэбных радкоў пра станкі, заводы і камсамол. І, калі ўдумацца, чым ён, падлеглы сентыментальным буржуазным уплывам паэт Алесь Вяжэвіч, лепшы за таго Корб-Варановіча?

Але ўспамін пра дацэнта, які, у прынцыпе, нічога кепскага яму, Вяжэвічу, не зрабіў, зноў пагнаў дрыготку нянавісці па целе

 Што, ужо ліхаманіць?  буркатліва заўважыў Пянкоў. Будзеш ведаць, браце, як цягацца пад «вольнай стыхіяй» Крочым хутчэй, а то без нас усё віно папюць.

Алесь нічога не адказаў, толькі прыспешыў крок. У небе між хмар паказалася маленькая сіняя лапінка, але да чыстага неба было яшчэ далёка.

За шыбамі кабінета на трэцім паверсе наркамата замежных спраў неба было зусім шэрым, і ніякіх дрэваў пад акном. Калі не ведаць, які сёння дзень, можна было падумаць, што гэта не травень, а кастрычнік ці нават лістапад. На стале з цёмнага дрэва, магутным, як пастамент для статуі Юпітэра, і шчодра пакрытым бліскучым лакам, стаялі два парцалянавыя кубкі, такія пяшчотна-блакітна-ружовыя, з танесенькімі пазалочанымі ручкамі, што страшна было браць у рукі, здавалася, заверашчаць ад жаху, што іх раздушаць грубыя пралетарскія пальцы.

Хведар асцярожна паставіў свой кубак на гэткі ж далікатны сподачак, нібыта ён быў да краёў поўны, хаця насамрэч Хведар ужо выхлебтаў усю гарбату, нязвыкла салодкую. Цукру ў гэтым кабінеце не шкадавалі. Напэўна, не скупіліся і на іншае Свецкую ідылію псавалі ледзь прыкметныя, але ўсё-ткі бачныя паралельныя драпіны на лакавай паверхні стала: нібыта нехта ў смяротным адчаі хапаўся пазногцямі за гладкую паверхню, яго цягнулі назад, а ён зноў вырываўся і ламаў пазногці аб цёмнае дрэва Пянкоў нібыта наяве пачуў крыкі

Вось дурныя фантазіі Гэта ж не турма, не следчы кабінет ДПУ наркамат замежных спраў. Пазногцямі добры мэблевы лак не падрапаеш. Хведар дакладна гэта ведаў у дзяцінстве давялося дапамагаць бацьку-цесляру. Пянкоў страсянуў галавой і, каб адагнаць морак, аддана ўтаропіўся ў мудрыя вочы намаляванага Леніна вялізны партрэт у цяжкой багетнай раме вісеў як мае быць, на сцяне за спінай гаспадара кабінета Добра, што таварыш Калантай не валодае здольнасцямі чытаць думкі. Хаця для важнай справы, якой яны абодва займаюцца, гэтая якасць вельмі прыдалася б.

Таварыш Леанід Пятровіч Калантай, акуратны да лялечнасці мужчына гадоў трыццаці, апрануты ў дыхтоўны гарнітурчык з дыяганалі, з прылізанай валасок да валаска доўгай грыўкай, што акуратным трохкутнікам закрывала палову гладкага лба, нарэшце адарваў вочы ад аркуша, спісанага дробным почыркам.

 Што, і праўда Ластоўскі носіць на мезенцы пярсцёнак? Хведар паціснуў плячыма.

 Сам не бачыў. Але, думаю, Вяжэвіч не стаў бы прыдумляць.

 Магчыма А вось інфармацыя пра тое, які вялікі ўплыў мае на студэнтаў Лёсік, нас даўно трывожыць. Гэта выразны нацыянал-буржуазны ўплыў. І шавініст Корб-Варановіч нам у нейтралізацыі гэтага ўплыву дапаможа.

 Як?  здзівіўся Пянкоў. Я ж думаў, дацэнт наш вораг!

 Вядома, вораг,  ласкава пацвердзіў гаспадар кабінета.  І вельмі зацяты. У маладой савецкай дзяржавы шмат ворагаў з усіх бакоў. Разумееш? З розных бакоў! Усе гэтыя закаханыя ў Лёсіка, Ластоўскага і Ігнатоўскага нападаюць на Корб-Варановіча? Але яны ж не таму на яго нападаюць, што за Савецкую ўладу ўсёй душою, а таму, што ён не згодны з іхняй пальшчызнай. Яны тым выяўляюць сваю гнілую сутнасць. З другога боку, змагаючыся з нацдэмамі, Корб-Варановіч ды іншыя вялікадзяржаўнікі таксама сваю гнілую сутнасць выяўляюць Вось няхай яны адзін аднаго і выкрыюць. Вось што, Хведар

Таварыш Калантай устаў з крэсла, прайшоўся па кабінеце, важна заклаўшы за спіну рукі, выглядала б гэта і зусім салідна, калі б не малы рост, не ратавалі нават высокія абцасы бліскучых ботаў, пашытых на замову.

 У хуткім часе Корб-Варановіч выступіць з дакладам на паседжанні Акадэміі навук.  Калантай па-змоўніцку пасміхнуўся.  Думаю, яго будзе не цяжка пераканаць, што абавязкова трэба публічна выказаць свае погляды, агучыць аргументы Ён, вядома, усё і выкажа А ты, Хведар, павінен паклапаціцца, каб у асяродку студэнтаў правільна ацанілі ягоныя шавіністычныя выказванні. Знайдзі некалькі чалавек магчыма, тых жа Вяжэвіча, Папара, гэтую прыгажуньку Манцэвіч Прапануй ім зездзіць у Ленінград, дзе вучыўся Корб-Варановіч, пагаварыць з ягонымі былымі аднакурснікамі, знаёмымі сабраць доказы, што ён добра замаскаваны вораг. Я падкажу, каго наведаць Запэўніваю звесткі будуць найцікавейшыя! Ад Корб-Варановіча застануцца рожкі ды ножкі. А потым настане чарга ягоных апанентаў. І мы ачысцім савецкую навуку ад буржуазнага шалупіння! Ясна?

Назад Дальше