Сутарэнні Ромула (зборнік) - Людміла Іванаўна Рублеўская 8 стр.


Студэнты, насупіўшыся, пачалі пакідаць пакой, незадаволеныя, як гледачы Калізея, якім абвясцілі, што гладыятары скончыліся і баёў сёння больш не адбудзецца. Алесь выскачыў адным з першых, расштурхаўшы таварышаў Ды што ж гэта! Кругавая парука буржуйскіх кадраў! Ясная рэч, на камісіі зноў скажуць, што дацэнт Корб-Варановіч «уладае як юрыдыцыяй, гэтак і мэтадалогіяй мовазнаўства», пачнуць згадваць ягоныя даследаванні па мове Скарынінскіх выданняў, працу над Гістарычным слоўнікам беларускай мовы, артыкулы па вывучэнні беларускіх гаворак, шматлікія экспедыцыі Але Хведар Пянкоў мае рацыю якое ўся гэтая лінгвістыка мае значэнне, калі робіцца чалавекам, што па прыродзе сваёй не можа раздзяліць гарачую любоў Алеся і ягоных таварышаў да Беларусі! Ён тут чужы! Ён мусіць зехаць! Але з гэнага гада ўсё як з воску вада

Алесю было б трохі лягчэй, калі б ён затрымаўся і пабачыў, як Хведар Пянкоў, выходзячы з аўдыторыі апошнім, павярнуўся да дацэнта і нягучна, але выразна прамовіў:

 І падумайце, Апанас Іванавіч, як вы будзеце тлумачыць Савецкай уладзе сваю сувязь з белабандытам Карыбутовічам. Ці далёка пагоны засунулі?

Так, відовішча спалатнелага твару Корб-Варановіча дакладна падняло б настрой Алесю.

Па шыбах павольна сцякалі халодныя слёзы травеньскага дажджу, абыякавыя, нібыта нехта плакаў проста таму, што звык сябе шкадаваць, хаця для шкадобы няма ніякіх відавочных падставаў.

Дэкан спачувальна і трохі трывожна глядзеў на калегу, які быў ягоным аднагодкам і нейкі час аднакурснікам па Піцерскаму ўніверсітэту.

 Апанас Іванавіч, прабачце, вядома, за недалікатнасць Словы як яго студэнта Пянкова маюць пад сабою хоць цень праўды? Не-не, я ні ў чым вас не абвінавачваю і не хачу нічога выпытаць. Але нехта ўпарта распускае чуткі, што вы ваявалі ў атрадзе Лаўрына Карыбутовіча.

Корб-Варановіч рэзка ўскінуў галаву:

 Я ведаю, хто распускае гэтыя чуткі! Нацыяналістычная хеўра, якая гатовая раздзерці за адно сцверджанне, што беларуская і руская мовы блізкія адна да адной!

 Супакойцеся, Апанас Іванавіч  дэкан стамлёна прысеў на венскае крэсла, што стаяла ля кафедры, парушаючы вензелем спінкі прастакутныя вымярэнні аўдыторыі. Я разумею, што вам цяжка. Тое самае перажываюць і іншыя старыя спецыялісты. Але зразумейце і вы вашых праціўнікаў. Мова цэлага народа абвяшчалася неіснуючай, мужыцкім «наречіем». Дасюль не пераадолена стаўленне да яе як да дыялекту, сапсаванай рускай альбо польскай. Яшчэ нядаўна за тэкст на ёй можна было трапіць на катаргу І людзі ішлі на катаргу. У такіх, як Лёсік ці Ластоўскі, няма бліскучай акадэмічнай адукацыі, як у вас, але ў іх ёсць іншае Гарачы энтузіязм, самаахвярнасць і любоў да беларушчыны, якія нельга не паважаць.

Корб-Варановіч нервова прыгладзіў цёмныя валасы.

 А тое, што ваш Лёсік сцвярджае, што рускай мовы не існуе, што яна прыдумка імперыялістаў гэта што? Цярпець? Яны настроілі студэнтаў супроць мяне яшчэ да таго, як тыя мяне пабачылі на вочы! Мне Леанід Калантай падрабязна распавядаў пра змову Ён у наркамаце замежных спраў працуе, знаёмы з усімі нашымі «дзеячамі», ведае ўсе інтрыгі Уяўляеце, учора на лекцыі пішу на дошцы формы дзеяслова «плесці» на балгарскай і на сербскай Раптам з «камчаткі» выкрыквае той самы Вяжэвіч: «А напачатку года вы давалі нам гэты дзеяслоў у іншым напісанні! Калі ж вы памыліліся?»

 А вы і праўда памыліліся?

Апанас Іванавіч упарта прыкусіў губу, памаўчаў, гледзячы ўбок

 Звычайная апіска. У іншых абставінах я б пажартаваў і пераправіў адну літару на другую. Але тут  ён нервова прыгладзіў валасы, нібыта змахваў з іх павуцінне.  Кроў кінулася мне ў галаву Усё, думаю, зараз гэтая хеўра накінецца Ім не лектар патрэбны, а артыст, як падвізаецца на тэатральных падмостках, блазан, якога можа асвістаць не толькі знаўца, але любы невук, які прыйшоў у храм мастацтва ад няма чаго рабіць

 Карацей, вы ізноў пасварыліся са сваімі студэнтамі, дакорліва прагаварыў дэкан.  Паслухайце, Апанас Іванавіч, я, як і ўся прафесура, высока цаню вас як спецыяліста. Вы ўжо шмат зрабілі для беларускай філалогіі. І шмат яшчэ здольныя зрабіць. Проста прашу вас не трэба быць такім зацятым. Асабліва не варта заядацца з моладдзю ёй спакон веку ўласцівы бунтарскі дух. А тэрміны, якімі вы кідаецеся ў бок іх аўтарытэтаў, «канібалы», «езуіты»! Я ведаю, крытыкуюць вашыя лекцыі. Але ж і вы гэтак накінуліся на «Граматыку» Лёсіка Паверце, і ягоная праца, і вашая патрэбныя аднолькава на гэтым цаліку.

 Вы яшчэ скажыце, што яны аднолькава каштоўныя! Гэты невук шчыра лічыць, што слова «белетрыстыка» паходзіць ад слова «балет»! Цяпер я разумею Яўхіма Іванавіча Карскага, які адсюль зехаў адразу ж. Ён і мне казаў: «На Беларусі цяжка працаваць!» Я ж нават сямю сюды перавезці не магу зноў жонку давядуць да нервовага зрыву  Корб-Варановіч кідаўся па аўдыторыі, як зацкаваны звер. Дэкан спачувальна ўздыхнуў.

 Зразумейце, калега, сёння лінгвістычная спрэчка ў «чыстым выглядзе» немагчымая. Пад усё падкладаецца палітычная «падбіўка». Адны «вялікадзяржаўныя шавіністы», другія «буржуазныя нацыяналісты» І нехта нацкоўвае нас адно на аднаго, каб знішчыць усіх разам. Падумайце над гэтым

Корб-Варановіч спыніўся і ганарыста ўскінуў галаву.

 Я не магу бяззуба ўсміхацца на абразы. Леанід Калантай мае рацыю я мушу абараняцца! Даводзіць сваю навуковую праўду! Вы проста не разумееце майго становішча

 Вы так лічыце?  сумна прамовіў дэкан.  Ну, так, ваш Калантай падкажа Прабачце, але гэта не той чалавек, парады якога варта слухаць. А памятаеце, як на нядаўнім банкеце, калі святкавалі юбілей Ігнатоўскага, да мяне падсеў гэты тып, былы падпольшчык з Наркамасветы? Вы яшчэ пыталіся, пра што мы з ім гаварылі?

 Н-ну Памятаю

 Дык вось, ён назваў мяне свіннёй, таму што я не падзяляю іх лінію, ваджуся з такімі, як Корб-Варановіч, і яны мяне «шыбануць».

Дацэнт збялеў.

 Я вас падстаўляю Навошта вы прыйшлі сюды? Суразмоўца супакаяльна працягнуў даланю.

 Ціха, ціха Я ведаю, што раблю. Усё роўна я сын святара. Паповіч. Гэты «грэх» мне не выкупіць нічым, таму ўсё астатняе не мае вялікага значэння. Калі мяне захочуць прыбраць, знойдуць за што. А вы так і не адказалі на маё пытанне пра Карыбутовіча. Як ваш непасрэдны начальнік, я павінен ведаць, што гаварыць у вашую абарону. Як вы самі тлумачыліся з чэкістамі?

Дзверы грукнулі нейкі студэнт сунуў у аўдыторыю віхрастую галаву, сустрэўся з сярдзітым позіркам дэкана і зараз жа схаваўся. На калідоры пачуліся хуткія крокі і вясёлы смех, яны аддаляліся, нібыта ў іншым свеце. Корб-Варановіч нават не павярнуўся, ён стамлёна абапёрся аб кафедру, нібыта збіраўся чытаць дзясятую за дзень лекцыю, і схіліў галаву з акуратнай цёмнай стрыжкай. Па шыбах цякла ўжо сапраўдная залева, скажаючы абрысы дрэваў за акном так, што яны здаваліся водарасцямі, якія павольна выгінаюцца ў глыбінных хвалях. Паглынулі мяне воды Твае

 Я адказваў так: у мяне быў цёзка. Штабс-капітан Корб-Варановіч. Але я бачыўся з ім толькі адзін раз, у Клецку, у 1918-м, на балі ў гімназіі, дзе служыў настаўнікам. Мяне пазнаёміў з ім стрыечны брат маёй жонкі Сяргей Паўлючыц. Сяргей быў зусім малады. Яго, відаць, ачмурылі гераічнымі расповедамі, усёй гэтай ваўкалацкай сімволікай, якую любіў Карыбутовіч, і ён уступіў у банду і ў тым жа годзе загінуў, падрабязнасцяў не ведаю. Пасля згаданага выпадку ні я, ні мая жонка ні з тым Корб-Варановічам, ні з Сяргеем Паўлючыцам не бачыліся. Пра лёс Корб-Варановіча нічога не ведаю.

Голас лінгвіста гучаў глуха, нежыццёва, нібыта кожную фразу перад гэтым ён ужо прагаварыў разоў сто.

Дэкан паківаў галавой, падышоў да дацэнта, які так і не скрануўся з месца і не падняў галавы, паклаў на імгненне руку яму на плячук і выйшаў з аўдыторыі. Мудры ідзе за сваім лёсам. Нямудрага лёс валачэ за сабой.

Што ж, гады рэвалюцыі кідалі людзей, як трэскі ў віры. Нават пралетарскі пісьменнік Максім Горкі тады жахнуўся і ў 1918-м запісаў у сваіх «Няўчасных думках»: «Грабят и продают церкви, военные музеи,  продают пушки и винтовки, разворовывают интендантские запасы,  грабят дворцы бывших великих князей, расхищают все, что можно расхитить, продается все, что можно продавать, в Феодосии солдаты даже людьми торгуют: привезли с Кавказа турчанок, армянок, курдок и продают их по 25 руб. за штуку. Это очень «самобытно», и мы можем гордиться ничего подобного не было даже в эпоху Великой Французской революции».

Дождж суцішваўся, хаваючыся ў маладой лістоце, як падлетак, які нашкодзіў, накрычаў, а тады крадма залез на гарышча роднай хаты, спалоханы сваім свавольствам і пакрыўджаны на свет, які за гэтае свавольства неадменна пакарае.

Алесь Вяжэвіч ад дажджу не бараніўся ніколі гэта быў ягоны сябар і брат, гэтак жа, як вецер ці снег. Паэт мусіць адчуваць роднасць з вольнымі стыхіямі! Таму і ішоў зараз у Татарскі канец Менска, дзе на кватэры ў Аўтуха Папара збіралася студэнцкая грамада, шчодра вымачаны «вольнай стыхіяй» хаця дождж ужо ператварыўся ў незаўважную імжу, з валасоў капала, а з чаравікаў пры кожным кроку вылівалася халодная вада. Алесь шыбаваў, горда закінуўшы галаву. І, вядома, і ценю думкі не ўзнікала, што выглядае ён смешнавата і нават жаласна пінжак, абвіслы ад вады, доўгі чуб прыліп да лба А побач шкандыбае, схаваны пад кяпуркаю з вялікім брылём, наставіўшы каўнер скуранкі так, што вушы схаваліся, жыўчык Пянкоў. Хведар, як заўсёды, размахваючы рукамі, не пераставаў бубнець:

Назад Дальше