Артур Конан Дойл
Нататкі пра Шэрлака Холмса
У афармленні вокладкі выкарыстаны фотаздымак Мэры Э. Батс (Mary A. Butts) са збораў «Tyne & Wear Archives & Museums».
© ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў, 2015
© Казлова А., Мартысевіч М., Маціеўская К., Мядзведзеў С., Пятровіч А., Янкута Г., пераклад з англ., 2015
© ПУП «Кнігазбор», 2015
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2017
Срэбны месяц
Баюся, Ўотсан, мне давядзецца зехаць, сказаў Холмс аднойчы раніцай за сняданкам.
Зехаць? Куды?
У Кінгс-Пайланд, што ў Дартмуры*.
Я не здзівіўся. Папраўдзе мяне дзівіла толькі тое, што Холмс дагэтуль яшчэ не быў у самым гушчары гэтай неверагоднай справы, пра якую толькі і гаварылі спрэс па ўсёй Англіі. Дагэтуль цэлы дзень мой кампаньён хадзіў туды-сюды па сваім пакоі, нізка схіліўшы галаву і звёўшы бровы, то набіваючы люльку наймацнейшым чорным тытунём, то выбіваючы яе, няўважлівы да ўсіх маіх пытанняў і заўваг. Свежыя выпускі штодзённых газет ад нашага прадаўца перыёдыкі толькі праглядаліся наўскос і адразу ж адпраўляліся ў стос у куце. І нягледзячы на маўклівасць Холмса, я цудоўна ведаў, пра што ён думае. Была толькі адна нашумелая загадка, якая магла так моцна заняць яго аналітычны розум, дзіўнае знікненне фаварыта Ўэсэкскага кубка* і трагічнае забойства ягонага трэнера. І калі ўрэшце Холмс абвясціў пра свой намер выправіцца на месца, дзе разыгралася драма, для мяне гэта было чаканай прыемнасцю.
Я б з радасцю паехаў з вамі, калі не буду замінаць, сказаў я.
Дарагі Ўотсан, вы зробіце вялікую ласку, калі складзяце мне кампанію. І, мяркую, вы прабавіце час з карысцю, бо ў справе ёсць дэталі, праз якія гэты выпадак абяцае быць абсалютна ўнікальным. Мы акурат паспяваем на цягнік з Падынгтана, а па дарозе я падрабязней раскажу пра справу. Буду вам абавязаны, калі прыхопіце свой цудоўны палявы бінокль.
Вось так ужо праз гадзіну ці каля таго я сядзеў у вагоне першага класа, які імчаў у Эксэтэр, тым часам як Шэрлак Холмс, чый худы твар аблямоўвала падарожная шапка з вісячымі вушамі*, прагна занурыўся ў пачак свежых газет, якіх накупляў на Падынгтанскім вакзале. Мы даўно прамінулі Рэдынг, калі ён сунуў апошнюю пад сядзенне і прапанаваў мне свой партсігар.
Едзем з добрай хуткасцю, сказаў ён, вызірнуўшы ў акно, а потым кінуўшы погляд на гадзіннік, пяцьдзясят тры з паловай мілі ў гадзіну.
Я не бачыў чвэрцьмільных слупоў, сказаў я.
Я таксама не бачыў. Але тэлеграфныя слупы ўздоўж гэтай лініі стаяць за шэсцьдзесят ярдаў адзін ад аднаго, так што падлічыць нескладана*. Мяркую, вы ведаеце пра гісторыю з забойствам Джона Стрэйкера і знікненнем Срэбнага Месяца?
Я толькі чытаў тое, што пісалі «Тэлеграф» і «Кронікл»*.
У такіх справах дэдукцыя служыць інструментам хутчэй для прасейвання інфармацыі, чым для пошуку новых доказаў. Гэтае злачынства настолькі незвычайнае, так дасканала правернутае і закранула такую колькасць людзей, што цяпер мы пакутуем ад незлічонай колькасці дапушчэнняў, здагадак і гіпотэзаў. Складанасць у тым, каб аддзяліць канву фактаў, абсалютна пэўных, бясспрэчных фактаў, ад таго, што наплялі выдумшчыкі і рэпарцёры. І толькі стаўшы на цвёрды грунт праўдзівай інфармацыі, мы можам глядзець, якія зрабіць высновы і якія моманты гэтай загадкі ключавыя. У аўторак вечарам я атрымаў дзве тэлеграмы, адну ад палкоўніка Роса, уладальніка каня, а другую ад інспектара Грэгары, які расследуе справу і запрашае мяне да супрацоўніцтва.
У аўторак вечарам? здзівіўся я. Сёння ж раніца чацвярга. Чаму вы не паехалі ўчора?
Я схібіў, дарагі Ўотсан, што, баюся, здараецца нашмат часцей, чым думаюць тыя, хто ведае мяне дзякуючы вашым нататкам. Я не мог даць веры таму, што самага знакамітага каня ў Англіі могуць надоўга схаваць, асабліва ў такіх маланаселеных мясцінах, як Дартмур. Учора ўвечары, гадзіна за гадзінай, я чакаў весткі пра тое, што яго знайшлі і што ягоны выкрадальнік і ёсць той, хто забіў Джона Стрэйкера. Але калі надышла яшчэ адна раніца і я пабачыў, што апроч арышту маладога Фіцроя Сімпсана нічога не было зроблена, я зразумеў, што трэба дзейнічаць. Зрэшты, у мяне няма адчування, што ўчорашні дзень змарнаваны.
У вас зявілася тэорыя?
Прынамсі, я атрымаў уяўленне пра галоўныя дэталі справы. Я пералічу вам іх усе, бо нішто так не праясняе гісторыю, як яе пераказ іншаму чалавеку, і наўрад ці я змагу разлічваць на вашую дапамогу, калі не пакажу, адкуль мы пачынаем.
Я адкінуўся на падушкі, папыхкваючы цыгарай, а Холмс, падаўшыся наперад і ўмоўна адзначаючы важныя пункты на левай далоні доўгім тонкім указальным пальцам правай, увёў мяне ў курс справы, дзеля якой распачалося нашае падарожжа.
Срэбны Месяц, сказаў ён, конь ад заводу Ісанаміі* і гэтак жа бліскуча перамагае ў скачках, як ягоны знакаміты продак. Яму ідзе пяты год, і за апошні час адзін за адным ён здабыў усе прызы на іпадроме для палкоўніка Роса, ягонага шчаслівага ўладальніка. Да трагічнага здарэння конь лічыўся першым фаварытам на Кубак Ўэсэкса, на яго ставілі тры да аднаго. Зрэшты, ён быў і галоўным фаварытам наведнікаў скачак і ніколі не расчароўваў іх, так што нават пры такіх нявыгадных каэфіцыентах на яго ставіліся велізарныя грошы. Адпаведна, не выклікае сумневаў тое, што многія людзі былі горача зацікаўленыя ў адсутнасці Срэбнага Месяца на спаборніцтвах у аўторак, калі махне стартавы сцяжок.
Натуральна, што ў Кінгс-Пайланд, дзе знаходзіцца трэніровачная стайня палкоўніка, гэта добра разумелі. Для аховы фаварыта былі зробленыя ўсе захады. Ягоны трэнер Джон Стрэйкер былы жакей, які выступаў пад колерамі палкоўніка Роса, пакуль не зрабіўся зацяжкім для ўзважвання з сядлом*. Пяць гадоў ён быў на службе ў палкоўніка ў якасці жакея і сем у якасці трэнера і лічыўся дбайным і сумленным слугой. У падпарадкаванні ён меў трох памочнікаў, бо стайня малая, усяго на чатыры кані. Штоночы адзін з хлопцаў спаў на стайні, а астатнія на гарышчы. Усе трое цудоўныя людзі. Джон Стрэйкер быў жанаты і жыў у невялічкай сядзібе за дзвесце ярдаў ад стайняў. Дзяцей не меў, трымаў адну пакаёўку і жыў у дастатку. Вясковая дарога зусім бязлюдная, але прыкладна праз паўмілі на поўнач стаіць група сядзіб, пабудаваных падрадчыкам з Тавістока для камісаваных вайскоўцаў і ўсіх, хто захоча атрымаць асалоду ад чыстага дартмурскага паветра. Сам Тавісток ляжыць за дзве мілі на захад, а на адлегласці таксама ў дзве мілі праз тарфянікі знаходзяцца большыя стайні Мэйплтан лорда Бэкуотэра, якімі распараджаецца Сайлас Браўн. Ва ўсіх астатніх кірунках тарфянікі абсалютна дзікія, там жыве ўсяго некалькі вандроўных цыган. Прыкладна такія былі справы на момант трагедыі.
Тым вечарам з коньмі пазаймаліся і напаілі іх гэтак жа, як звычайна, стайню замкнулі а дзявятай. Два хлопцы пайшлі ў трэнерскі дом, дзе павячэралі на кухні, а трэці, Нэд Хантэр, застаўся на варце. У некалькі хвілін пасля дзявятай гадзіны пакаёўка, Эдыт Бакстэр, панесла на стайні ягоную вячэру, кары з бараніны. Напояў яна не брала, бо на стайню вада праведзеная, а паводле правілаў вартаўнік не мусіць піць нічога іншага. Пакаёўка несла ліхтар, таму што было вельмі цёмна, а сцяжына ішла проста праз тарфянікі.
Эдыт Бакстэр была за трыццаць ярдаў ад стайні, калі з цемры выйшаў нейкі чалавек і папрасіў яе спыніцца. Калі яна падняла ліхтар уверх, то ў яго жоўтым святле ўбачыла, што гэта мужчына прыстойнага выгляду, апрануты ў шэры цвідавы гарнітур і кепку з казырком. На ім былі гамашы, у руцэ ён трымаў цяжкі кій з булдавешкай. Аднак найбольш ёй запомніліся жахлівая бледнасць ягонага твару і тое, як нервова ён трымаўся. Ягоны ўзрост яна ацэньвае як хутчэй да трыццаці, чым больш.
Скажыце, калі ласка, дзе я? спытаў ён. Я ўжо збіраўся легчы спаць на тарфяніках, калі ўбачыў святло вашага ліхтара.
Вы каля трэніровачнай стайні Кінгс-Пайланд, адказала яна.
Нічога сабе! Як пашанцавала! усклікнуў ён. Я так разумею, што памочнік конюха спіць тут адзін штоночы. І вы, мабыць, несяце яму вячэру. І празмерны гонар, пэўна ж, не перашкодзіць вам зарабіць на новую сукенку, праўда?
З кішэні камізэлькі ён выцягнуў складзены белы аркуш.
Проста перадайце хлопцу вось гэта, і зможаце купіць найпрыгажэйшы ўбор з тых, што прадаюцца за грошы.
Ягоная апантанасць напалохала яе, і дзяўчына прабегла да акна, праз якое звычайна перадавала стравы. Яно ўжо было адчыненае, і Хантэр сядзеў унутры за столікам. Дзяўчына пачала была расказваць яму пра здарэнне, але раптам незнаёмец падышоў ізноў.
Добры вечар, сказаў ён, зазірнуўшы ў акно, я хачу перамовіцца з вамі.
Дзяўчына дае слова, што ў гэты момант яна заўважыла куток белага папяровага пакеціка, які ён заціснуў у руцэ.
Што за справы? спытаў памочнік конюха.
Такія справы, якія могуць вам штосьці пакласці ў кішэню, адказаў незнаёмец. На Кубак Ўэсэкса ад вас выстаўляюцца два кані Срэбны Месяц і Баярд. Дайце мне падказку і не застаняцеся ў пройгрышы. Ці праўда, што нават пасля гандыкапавання* Баярд прайграе першаму на сто ярдаў пры дыстанцыі ў пяць фурлонгаў* і што стайня на гэта ставіць?