Нататкі пра Шэрлака Холмса (зборнік) - Конан-Дойль Артур 2 стр.


 Ага, дык вы адзін з гэтых клятых спекулянтаў*!  крыкнуў хлопец.  Дык я пакажу вам, як цёпла мы іх прымаем у Кінгс-Пайландзе!

Ён ускочыў і пабег праз стайню, каб адчыніць дзверы. Дзяўчына ўцякла ў дом, але калі азірнулася, то ўбачыла, што незнаёмец засунуў галаву ў акно. Тым не менш ужо праз хвіліну, калі Хантэр выскачыў на двор разам з сабакам, незнаёмца ўжо нідзе не было, і нават абабегшы ўсе будынкі вакол, памочнік конюха не змог знайсці ні знаку яго.

 Чакайце,  сказаў я,  калі памочнік конюха выбег з сабакам, то дзверы пакінуў незамкнёнымі?

 Выдатна, Ўотсан, выдатна!  прамармытаў мой кампаньён.  Важнасць гэтага пытання так устурбавала мяне, што ўчора я даслаў тэлеграмай запыт у Дартмур, каб дазнацца праўды. Хлопец замкнуў дзверы, калі выйшаў. А акно, мушу дадаць, было недастаткова вялікае, каб туды змог пралезці чалавек.

Хантэр пачакаў, пакуль вернуцца два астатнія памочнікі конюха, а потым даслаў запіску трэнеру, дзе расказаў пра здарэнне. Стрэйкер быў узрушаны, калі даведаўся пра гэты выпадак, але, падаецца, не ацаніў ягонай важнасці. Тым не менш яго апанавала трывога: місіс Стрэйкер, прачнуўшыся да світання, убачыла, што муж апранаецца. На яе пытанне ён адказаў, што не мог заснуць, бо хвалюецца праз коней і збіраецца пайсці на стайню, каб паглядзець, ці ўсё добра. Яна прасіла яго застацца дома, бо чула, як па шыбах бе дождж, але нягледзячы на ўгаворы, ён нацягнуў свой вялікі макінтош* і пайшоў.

Місіс Стрэйкер зноў прачнулася а сёмай раніцы і ўбачыла, што муж дагэтуль не вярнуўся. Яна наспех апранулася, паклікала пакаёўку і выправілася на стайню. Дзверы былі адчыненыя, унутры, скруціўшыся на крэсле, ляжаў непрытомны Хантэр, стойла фаварыта было пустое і нідзе не было ягонага трэнера.

Вельмі хутка разбудзілі двух хлопцаў, якія спалі на гарышчы з саламянай сечкай над каморай, дзе захоўвалася збруя. Яны нічога не чулі ўночы, бо абодва спяць вельмі крэпка. Хантэр відавочна быў пад уздзеяннем нейкага моцнага прэпарату, ад яго не было ніякага толку, таму яго пакінулі адсыпацца, а два хлопцы і дзве жанчыны бегалі ўсюды ў пошуках зніклых. Яны ўсё яшчэ спадзяваліся, што трэнер з нейкай прычыны вывеў каня на раннія заняткі, але з узгорка каля дома, адкуль праглядаліся ўсе навакольныя тарфянікі, яны не толькі не ўбачылі зніклага фаварыта, але і заўважылі трывожны знак трагедыі.

На адлегласці дзесьці чвэрці мілі ад стайні на кусце жаўтазелю вісеў макінтош Джона Стрэйкера. Побач у тарфяніках ляжыць місападобная нізіна, вось там і знайшлі цела няшчаснага трэнера. Яго галава была разбітая страшным ударам нейкага цяжкага прадмета, таксама ён быў паранены ў сцягно, доўгі чысты парэз відавочна быў нанесены вельмі вострым інструментам. Пры гэтым было ясна, што Стрэйкер адчайна абараняўся, бо ягоная правая рука сціскала маленькі нож, лязо якога было цалкам у запечанай крыві, у левай жа ён трымаў чырвона-чорную шыйную хустку, якая, паводле сведчанняў пакаёўкі, была на незнаёмцы, які прыходзіў на стайні таго вечару. Хантэр, ачуняўшы, таксама пацвердзіў прыналежнасць шыйнай хусткі незнаёмцу. Гэтаксама ён быў перакананы, што той незнаёмец, стоячы ля акна, пасыпаў нечым ягонае кары з бараніны і такім чынам пазбавіў стайні вартаўніка. Што да зніклага каня, то ў гразі на дне жахлівага яра было багата доказаў таго, што падчас бойкі конь знаходзіўся тамсама. Але з той раніцы яго ніхто не бачыў, і, нягледзячы на абвешчанае вялікае ўзнагароджанне і на тое, што ўсе цыганскія насельнікі Дартмура былі ўцягнутыя ў росшук, ніякіх навінаў пра яго так і не зявілася. Аналіз жа рэшткаў вячэры вартаўніка стайні паказаў, што яна ўтрымлівала ладную дозу опію ў парашку, у той час як людзі ў доме елі тую ж страву без аніякіх шкодных наступстваў для сябе.

Вось галоўныя акалічнасці справы, калі ачысціць гісторыю ад усіх здагадак і выкласці як найясней. А зараз падсумуем усё, што зрабіла па справе паліцыя.

Інспектар Грэгары, якому даручылі гэтую справу,  надзвычай кампетэнтны супрацоўнік. Калі б ён быў надзелены ўяўленнем, то мог бы дасягнуць вышыняў у прафесіі. Па прыбыцці на месца здарэння ён адразу ж знайшоў і арыштаваў чалавека, на якога натуральна падала падазрэнне. Адшукаць яго было няцяжка, бо ён жыў у адной са згаданых мною сядзіб. Выявілася, што зваць яго Фіцрой Сімпсан. Добра адукаванага чалавека высокага паходжання, яго зацягнула ў багну іпадромных ставак, дзе ён прамантачыў усе свае грошы і жыў без размаху з букмекерскай дзейнасці ў спартыўных клубах Лондана, якая прыносіла сціплыя прыбыткі. Праверка паказала, што ён паставіў каля пяці тысячаў фунтаў супраць фаварыта. Пасля арышту ён сам прызнаўся, што сапраўды хадзіў у Дартмур з надзеяй болей даведацца пра коней Кінгс-Пайланда, а таксама пра каня Дэсбара, другога фаварыта са стайняў Мэйплтана, якога трэніраваў Сайлас Браўн. Ён не адмаўляў, што папярэдняга вечару рабіў усё, пра што кажуць сведкі, але заявіў, што не меў злых намераў і проста хацеў атрымаць інфармацыю з першых рук. Калі яму паказалі ягоную шыйную хустку, ён збляднеў і ніяк не змог патлумачыць, якім чынам яна аказалася ў руцэ забітага. Ягоная мокрая вопратка сведчыла, што ён трапіў пад дождж мінулае ночы, а кій, выраблены ў Пінангу* з пальмавага дрэва, з залітым усярэдзіну свінцом, акурат мог быць тым самым прадметам, якім трэнеру нанеслі жахлівыя пашкоджанні. З іншага боку, гэты чалавек не быў паранены, а кроў на нажы Стрэйкера паказвала, што як найменш адзін з нападнікаў пацярпеў ад яго. Вось такая, калі каротка, гісторыя, Ўотсан, і калі вы зможаце праліць для мяне святло на яе, я буду надзвычай вам удзячны.

Я з вялікай цікавасцю выслухаў усё, што з уласцівым яму ўменнем быць дарэшты зразумелым расказаў Шэрлак Холмс. Нягледзячы на тое, што пра большасць фактаў я ведаў і раней, дагэтуль мне было няясна, што з усяго гэтага найважнейшае і як адно звязанае з іншым.

 Ці магчыма такое, што рэзаную рану Стрэйкер нанёс сабе сам, калі біўся ў канвульсіях, якія наступнічаюць любому мазгавому пашкоджанню?  спытаў я.

 Гэта не толькі магчыма з вялікай імавернасцю так і здарылася,  адказаў Холмс.  І ў такім выпадку адпадае адзін з галоўных закідаў абвінавачанаму.

 Але я ўсё адно не разумею, якую версію можа высунуць паліцыя.

 Баюся, што якую б версію ні прапанавалі мы, у паліцыі будуць сурёзныя пярэчанні. Яны мяркуюць, што Фіцрой Сімпсан, падсыпаўшы вартаўніку наркотык і неяк займеўшы дублікат ключа, адамкнуў дзверы стайні і вывеў каня, каб яго выкрасці. Аброць адсутнічае, так што Сімпсан мусіў надзець яе на яго. Потым, пакінуўшы дзверы адчыненымі, ён павёў каня праз тарфянікі, дзе альбо выпадкова сустрэў трэнера, альбо той дагнаў яго. Далей зразумела. Сімпсан выбівае мазгі трэнеру сваім цяжкім кіем без аніякага пашкоджання ножыкам, якім абараняўся Стрэйкер, а потым заводзіць каня ў сакрэтную схованку, ці, можа быць, конь кінуўся прэч падчас бойкі і цяпер бадзяецца дзесьці на тарфяніках. Так уяўляе сабе карціну паліцыя, і, як бы неверагодна яна ні выглядала, усе астатнія тлумачэнні падаюцца яшчэ больш неверагоднымі. Тым не менш на месцы я збіраюся вельмі хутка спраўдзіць магчымасць такога развіцця падзей, а пакуль не бачу, як мы можам прасунуцца наперад у расследаванні.

Толькі ўвечары мы прыбылі ў мястэчка Тавісток, якое, быццам умбон* велізарнага круглага шчыта, ляжыць ў цэнтры Дартмура*. На станцыі нас чакалі два джэнтльмены. Адзін, высокі бландын з цікаўнымі і пранізлівымі блакітнымі вачыма, барадою і пышнай фрызурай нагадваў ільва. Другі маленькі нервозны чалавек, вельмі акуратны і франтаваты, у сурдуце, гамашах, з невялікімі дагледжанымі бакенбардамі і ў маноклі. Апошні быў палкоўнік Рос, добра вядомы спартсмен, першы інспектар Грэгары, дэтэктыў, імя якога хутка набывала вядомасць у Англіі.

 Я так усцешаны вашым прыездам, містэр Холмс,  сказаў палкоўнік.  Інспектар тут зрабіў усё, што можна, але мне хочацца, каб аніводзін камень не застаўся неперавернутым у спробах дашукацца праўды, пакараць забойцу беднага Стрэйкера і знайсці майго каня.

 Нічога новага не высветлілі?  запытаўся Холмс.

 Прыкра казаць, але вельмі мала,  адказаў інспектар.  Нас чакае адкрыты экіпаж, і, паколькі вы несумненна пажадаеце агледзець месца падзей да змяркання, я раскажу вам усё па дарозе.

Ужо праз хвіліну мы сядзелі ў камфартабельным ландо*, якое з тарахценнем імчала нас старасвецкімі вуліцамі дэваншырскага горада. Інспектар Грэгары, захоплены справай, з ахвотай дзяліўся сваімі развагамі, Холмс толькі зрэдку перарываў яго пытаннем ці заўвагай. Палкоўнік Рос адкінуўся на спінку сядзення, скрыжаваўшы рукі на жываце і насунуўшы капялюш на вочы, а я з цікавасцю слухаў размову двух дэтэктываў. Грэгары трымаўся дакладна той тэорыі, што агучыў Холмс у цягніку:

 Сіло зацягваецца вакол Фіцроя Сімпсана,  казаў ён,  і сам я перакананы ў вінаватасці гэтага хлопца. У той жа час прызнаю, што доказы супраць яго толькі ўскосныя і што далейшае расследаванне можа іх разбурыць.

 А што наконт нажа Стрэйкера?

 Мы схіляемся да высновы, што падчас падзення ён параніў сябе сам.

 Мой сябар доктар Ўотсан таксама прапанаваў такую гіпотэзу па дарозе сюды. Калі так, то гэта доказ супраць падазраванага Сімпсана.

 Несумненна. У яго не было ні нажа, ні ранаў. Безумоўна, факты супраць яго. Ён быў вельмі зацікаўлены ў знікненні фаварыта. Хлусіў пад прысягай, што не падсыпаў наркотыку памочніку конюха. Відавочна, што ён выходзіў з дому ў навальніцу; пры ім быў цяжкі кій, а ягоная шыйная хустка знойдзеная ў руцэ забітага. Думаю, мы маем дастаткова доказаў, каб аддаць яго пад суд.

Холмс адмоўна пакруціў галавой.

 Кемлівы адвакат не пакіне ад іх каменя на камені, сказаў ён.  Навошта Сімпсану выводзіць каня са стайняў, калі ён мог нанесці яму якія-небудзь пашкоджанні проста там? Ці знайшлі ў яго дублікат ключа? Які аптэкар прадаў яму опій у парашку? І яшчэ дзе ён, чужы для гэтых мясцінаў чалавек, змог схаваць каня, асабліва такога каня? Як, дарэчы, ён сам тлумачыць гісторыю з запіскай, якую хацеў перадаць памочніку конюха праз пакаёўку?

Назад Дальше