Ды не можа быць!
Магчыма, ваш язык гэтага не сказаў, дарагі мой Ўотсан, але дакладна сказалі вашыя бровы. Таму калі я ўбачыў, як вы адкінулі газету і занурыліся ў думкі, то ўзрадаваўся магчымасці счытаць іх і потым у іх уварвацца, каб даказаць, што добра вас разумею.
Але я ўсё яшчэ сумняваўся.
Ва ўрыўку, які вы мне зачытвалі, загаварыў я, герой робіць высновы, грунтуючыся на дзеяннях чалавека, за якім назірае. Калі я правільна памятаю, той спатыкнуўся аб кучу камянёў, зірнуў на зоркі і ўсё такое.
Але я спакойна сядзеў на крэсле, якія ж падказкі я мог вам даць?
Вы да сябе несправядлівыя. Твар дадзены чалавеку, каб той мог паказваць, што адчувае, і ваш у гэтым плане аддана вам служыць.
Хочаце сказаць, вы прачыталі мае думкі па твары?
Па твары і асабліва па вачах. Вы ж цяпер не ўспомніце, з чаго пачалі задумвацца?
Не ўспомню.
Тады я вам скажу. Вось вы адкінулі газету, што перавяло маю ўвагу на вас, і паўхвіліны сядзелі з безуважным выразам твару. Потым вашыя вочы спыніліся на партрэце генерала Гордана* ў новай рамцы, і па тым, як ваш твар змяніўся, я зразумеў, што механізм разважанняў запушчаны. Але доўга гэта не цягнулася: ваш позірк слізгануў па выяве Генры Ўорда Бічэра* зусім без рамкі і спыніўся на версе вашых кніг. Потым вы паглядзелі на сцяну, і ход вашых думак стаў відавочны. Вы думалі, што калі б Бічэр быў у рамцы, ім можна было б закрыць пустое месца на сцяне і ён добра спалучыўся б з Горданам.
Як дакладна вы ўсё прасачылі! усклікнуў я.
Тут заблукаць было б цяжка. Але вось вашыя думкі вяртаюцца да Бічэра, і вы пільна гледзіце на яго партрэт, нібыта спрабуеце па рысах зразумець характар. Потым перастаяце жмурыцца, але ўсё яшчэ пазіраеце туды, а ваш твар робіцца задуменным. Вы згадваеце эпізоды кареры Бічэра. Я цудоўна разумеў, што пры гэтым вы не маглі не думаць пра місію ад імені паўночных штатаў, з якою ён прыязджаў сюды падчас Грамадзянскай вайны, бо памятаю вашае палкае абурэнне тым, як прынялі яго асабліва буйныя галовы. Вы так цвёрда стаялі тады на сваім, што я ведаў: думаючы пра Бічэра, вы не маглі не згадаць пра гэта. Праз імгненне я ўбачыў, што вы адвялі вочы ад партрэта і, відавочна, задумаліся пра Грамадзянскую вайну. А потым вашыя вусны застылі, вочы заблішчалі, вы сціснулі кулакі, і я ўпэўніўся, што вы думаеце пра мужнасць, якую паказалі абодва бакі ў той адчайнай барацьбе. Ваш твар пасумнеў, галава апусцілася: вы разважалі пра скруху, вусціш і пустую марнасць жыцця. Рука пацягнулася да старой раны, па твары праслізнула ўсмешка, якая сказала мне, што думка пра бязглуздасць такога спосабу вырашаць міжнародныя непаразуменні завалодала вамі. Тут я ўголас пагадзіўся з вамі ў гэтым і рады быў упэўніцца, што мае высновы былі слушнымі.
Цалкам слушнымі! адказаў я. І цяпер, калі вы ўсё растлумачылі, вымушаны прызнацца, што гэтак жа ўражаны, як і раней.
Завяраю вас, дарагі Ўотсан, усё гэта даволі павярхоўна, і я б не прыцягваў да гэтага вашай увагі, калі б аднойчы вы не выказалі пэўны недавер. Але ў мяне тут ёсць нешта, што можа выявіцца цяжэйшым, чым маё сціплае практыкаванне ў чытанні думак. Вы не бачылі ў газетах кароткай нататкі пра надзвычайную пасылку, што прыйшла поштаю да міс Кушынг на Крос-стрыт у Кройдане*?
Не заўважыў нічога такога.
Значыць, прапусцілі. Дайце мне газету вось яно, пад фінансавай калонкай. Ці не будзеце ласкавыя зачытаць уголас?
Я злавіў газету, якую ён мне кінуў, і пачаў чытаць згаданую нататку. Яна называлася «Жахлівая пасылка».
«Міс Сьюзан Кушынг, што жыве на Крос-стрыт у Кройдане, зрабілася ахвярай таго, што можна было б палічыць агідным розыгрышам, калі б не акалічнасць, якая надала выпадку злавесны сэнс. Учора а другой гадзіне дня паштальён прынёс жанчыне невялікі пакет у карычневай паперы. Унутры была кардонная скрынка, запоўненая буйной соллю. Высыпаўшы яе, міс Кушынг з жахам убачыла, што там ляжаць чалавечыя вушы, відавочна зусім нядаўна адрэзаныя. Скрынка была дасланая з пошты ў Белфасце папярэдняе раніцы. Адпраўнік пазначаны не быў, а тое, што міс Кушынг пяцідзесяцігадовая незамужняя лэдзі, якая вядзе ў найвышэйшай ступені адасоблены лад жыцця і мае так мала знаёмых і карэспандэнтаў, што атрымлівае пошту выключна рэдка, робіць справу яшчэ больш таямнічай. Зрэшты, некалькі гадоў таму яна жыла ў Пэнджы* і здавала пакоі ў сваім доме тром маладым студэнтам-медыкам, якім была вымушаная пазней адмовіць праз шум і непрыемныя звычкі. Паліцыя трымаецца меркавання, што гэтую агідную эскападу ў дачыненні да міс Кушынг маглі здзейсніць тыя трое, пакрыўджаныя і захопленыя жаданнем напалохаць яе, даслаўшы парэшткі з анатамічкі. Праўдападобнасці гіпотэзе надае тое, што адзін з тых студэнтаў прыехаў з поўначы Ірландыі, а менавіта, наколькі ведае міс Кушынг, з Белфаста. На дадзены момант справа актыўна расследуецца, да працэсу далучыўся містэр Лестрад*, адзін з найразумнейшых нашых дэтэктываў».
Гэта ўсё, што ведае «Дэйлі Кронікл», заўважыў Холмс, калі я скончыў. А цяпер пра нашага сябра Лестрада. Раніцай я атрымаў ад яго запіску, дзе гаварылася: «Мне здаецца, гэта вашая дзялянка. Мы ўпэўненыя, што справу разблытаем, толькі вось невялічкая замінка: мы, безумоўна, тэлеграфавалі на пошту ў Белфасце, але ў той дзень у іх было столькі пасылак, што яны не могуць ні ідэнтыфікаваць адну канкрэтную, ні ўспомніць адпраўніка. Скрынка важыць паўфунта, звычайная жоўта-аранжавая і нічым не можа нам дапамагчы. Гіпотэза пра студэнта-медыка па-ранейшаму падаецца мне найбольш верагоднай, але калі ў вас ёсць парачка вольных гадзін, я б з радасцю з вамі сустрэўся. Я цэлы дзень буду ці ў тым доме, ці ў паліцэйскім участку». Што скажаце, Ўотсан? Ці здолееце вы падняцца над гарачынёй і выправіцца са мною ў Кройдан? Раптам справа прыдасца для вашых хронік.
Я даўно хацеў чым-небудзь заняцца.
Вось і зоймецеся. Пазваніце, каб прынеслі абутак, і скажыце выклікаць кэб. Я вярнуся праз хвіліну, толькі пераапрануся і набю партсігар.
Пакуль мы ехалі ў цягніку, усчалася залева, і Кройдан сустрэў нас нашмат менш гнятлівай спёкай, чым праводзіў Лондан. Холмс папярэдне даслаў тэлеграму, таму на станцыі нас чакаў Лестрад, такі ж жылісты, такі ж вяртлявы і гэтак жа падобны да тхара, як заўсёды. За пяць хвілінаў мы дайшлі да Крос-стрыт, дзе жыла міс Кушынг.
Гэта была вельмі доўгая вуліца з двухпавярховымі цаглянымі дамамі паабапал, акуратнымі і строгімі, з выбеленымі каменнымі сходамі, з якіх, перашэптваючыся, за намі сачылі групкі жанчын у фартухах. Напаўдарозе ўніз Лестрад спыніўся і пастукаў у дзверы, якія адчыніла дзяўчынка-служка. Нас правялі ў гасцёўню, дзе сядзела міс Кушынг жанчына са спакойным тварам, мяккім позіркам і пасівелымі валасамі, што віліся па скронях. На каленях у яе ляжала абшытая сурвэтка, а побач на зэдліку стаяў кошык з каляровымі шаўковымі ніткамі.
Яны ў паветцы, гэты жах, сказала яна, убачыўшы Лестрада. Вы б не маглі іх забраць, каб і следу не засталося?
Так і зраблю, міс Кушынг. Я проста хацеў, каб яны пабылі тут, пакуль мой сябар, містэр Шэрлак Холмс, не зірне на іх у вашай прысутнасці.
Навошта ж мая прысутнасць, сэр?
На выпадак, калі ён пажадае задаць колькі пытанняў.
Якая карысць распытваць мяне, калі я ўжо сказала вам, што не ведаю пра гэта анічога?
Безумоўна, мадам, мякка прамовіў Холмс у сваёй заўсёднай манеры. Вы, без сумневу, ужо больш чым дастаткова панерваваліся.
Так, сэр. Я чалавек ціхі і жыву вельмі адасоблена. Мне нязвыкла бачыць сваё імя ў газетах, а паліцыю у сваім доме. Тут гэтага страхоцця няма, містэр Лестрад, калі хочаце на іх зірнуць, ідзіце ў паветку.
Гэта быў маленькі навес у невялічкім садзе, што рассцілаўся за домам. Лестрад зайшоў туды і вынес жоўтую кардонную скрынку з кавалкам карычневай паперы і абрыўкамі вяроўкі. У канцы сцяжынкі стаяла лаўка, на якую мы ўселіся, і Холмс пачаў старанна вывучаць рэчы, перададзеныя яму Лестрадам.
Вяроўка надзвычай цікавая, заўважыў ён, падымаючы яе да святла і абнюхваючы. Што вы пра яе думаеце, Лестрад?
Яна прасмоленая.
Менавіта. Гэта кавалак прасмоленага шпагату. Без сумневу, вы таксама заўважылі, што міс Кушынг перарэзала яго нажніцамі, пра што сведчыць двайны след на канцах. Гэта важна.
Не бачу ніякай важнасці, адказаў Лестрад.
Важнасць у тым, што вузел застаўся цэлы, а вузел гэты вельмі асаблівы.
Ён завязаны вельмі акуратна, я ўжо адзначыў гэта, робячы нататкі, самазадаволена прамовіў паліцэйскі.
Вось і ўсё пра шпагат, усміхнуўся Холмс. Цяпер пра ўпакоўку. Карычневая папера з выразным пахам кавы. Як, вы гэтага не заўважылі? Гэта ж так відавочна. Адрас напісаны друкаванымі літарамі, даволі неахайна: «Міс С. Кушынг, Крос-стрыт, Кройдан». Асадка з пляскатым вастрыём, імаверна «джэй»*, атрамант найгоршай якасці. «Кройдан» спачатку напісалі праз «э», потым выправілі на «а». Такім чынам, пасылку адправіў мужчына (почырк выразна мужчынскі), які не можа пахваліцца адукаванасцю і не ведае горада Кройдан. Пакуль усё добра! Скрынка паўфунтавая, жоўта-аранжавая, нічым не асаблівая, акрамя адбіткаў вялікіх пальцаў у левым ніжнім куце. Запоўненая буйной соллю, прызначанай для захоўвання скураной сыравіны і рознай нізкагатунковай прадукцыі. І ўнутры вось такое своеасаблівае ўкладанне.
Гаворачы так, ён дастаў вушы і, паклаўшы на калені дошку, уважліва іх агледзеў, а мы з Лестрадам нахіліліся над ім і пазіралі то на жахлівыя парэшткі, то на засяроджаны і напружаны твар нашага кампаньёна. Урэшце ён вярнуў вушы ў скрынку і пэўны час сядзеў, глыбока задумаўшыся.