Прыгоды Шэрлака Холмса (зборнік) - Конан-Дойль Артур 10 стр.


Ён махнуў мне рукой, павярнуўся і імкліва знік у натоўпе.

Даю слова, што я не дурнейшы за іншых, але маючы справу з Шэрлакам Холмсам, я часта пачуваўся прыгнечаным праз пачуццё ўласнай тупасці. Вось жа, я чуў тое самае, што і ён, назіраў тое самае, але з ягоных словаў вынікала, што ён ясна бачыў не толькі ўжо здзейсненае, але і тое, што яшчэ мае здзейсніцца, у той час як для мяне ўсё заставалася гэткім жа заблытаным і абсурдным. Едучы дахаты ў Кенсінгтан, я спрабаваў прыгадаць усе дэталі гэтай гісторыі, ад дзіўнага расказу рудавалосага капіявальніка энцыклапедыі да нашага візіту на СаксКобург-сквер і злавесных словаў, якія сказаў мне Холмс на развітанне. Што за начная вылазка нас чакала і чаму мне трэба было браць рэвальвер? Куды мы збіраліся ісці і што рабіць? Холмс даў зразумець, што той гладкашчокі памочнік у ламбардзе грозны супернік, чалавек, які, магчыма, вядзе гульню з высокімі стаўкамі. У маёй галаве ніяк не складалася агульная карціна, і я роспачна здаўся, спадзеючыся, што ўначы атрымаю ўсе тлумачэнні.

А палове дзясятай я выйшаў з дому і праз парк, а потым праз Оксфард-стрыт скіраваўся да Бэйкер-стрыт. Ля дзвярэй майго сябра стаялі два экіпажы, а калі я зайшоў у вітальню, то пачуў галасы зверху. Па лесвіцы я ўзняўся ў пакой Холмса і ўбачыў, што той ажыўлена гутарыць з двума наведнікамі агентам паліцыі Пітэрам Джонсам і незнаёмым мне цыбатым і сумным чалавекам у бліскучым цыліндры і гнятліва бездакорным сурдуце.

 Ха! Уся кампанія ў зборы,  сказаў Холмс, зашпільваючы верхні гузік марской курткі і здымаючы з паліцы цяжкае дзяржальна ад паляўніцкай пугі. Ўотсан, вы, мусіць, памятаеце містэра Джонса са Скотланд-Ярда? Дазвольце вас прадставіць містэру Мэрыўэзэру, які далучыцца да нашай сённяшняй вылазкі.

 Бачыце, доктар, мы зноў выходзім на паляванне разам,  сказаў Джонс з уласцівай яму фанабэрыяй.  Наш сябар выдатна ладзіць пагоні. Усё, што яму патрэбна,  гэта каб бывалы ганчак дапамог яму загнаць звера.

 Спадзяюся, у паляванні мы не абмяжуемся дзікай гуссю,  змрочна заўважыў містэр Мэрыўэзэр.

 Вы можаце цалкам давяраць містэру Холмсу, сэр,  фанабэрліва адказаў агент паліцыі. У яго свая хітрая метода, магчыма, ён трохі зашмат тэарэтызуе і фантазіруе, калі мне будзе дазволена так сказаць, але падае надзеі як дэтэктыў. Варта згадаць хаця б тое, што ў справе з забойствам Шолта і скарбамі Агры ён раз ці два ледзь не абскакаў афіцыйны вышук.

 О, калі вы так кажаце, містэр Джонс, то ўсё добра,  пачціва сказаў незнаёмец.  І ўсё ж мне так шкада прапускаць гульню ў робер-брыдж. Гэта мая першая субота без брыджу за дваццаць сем гадоў.

 Мяркую, вы разумееце, што вашая стаўка ў сённяшняй гульні нашмат вышэйшая за ўсе ранейшыя і што гульня больш захапляльная. Вы, містэр Мэрыўэзэр, згуляеце на трыццаць тысяч фунтаў, а вы, містэр Джонс,  на чалавека, да якога хочаце дабрацца.

 Джон Клэй, забойца, злодзей, махляр і фальшываманетчык. Гэта малады чалавек, містэр Мэрыўэзэр, але ў сваёй прафесіі ён пераўзышоў усіх. Сярод крымінальнікаў Лондана менавіта на яго я больш за ўсё хачу надзець кайданкі. Ён адметны чалавек, гэты маладзён Клэй. Яго дзед герцаг, а сам ён вучыўся ў Ітане і Оксфардзе. Яго розум такі ж вёрткі, як і пальцы, і нягледзячы на тое, што яго след сустракаецца нам тут і там, мы ніяк не можам знайсці яго самога. Вось ён абкрадае багаты дом у Шатландыі, а на наступным тыдні ўжо збірае грошы на будаўніцтва дзіцячага дома ў Корнуале. Я іду па ягоным следзе ўжо некалькі гадоў, але так і не пабачыў яго на свае вочы.

 Спадзяюся, сёння мне выпадзе магчымасць вас прадставіць. Раз ці два я таксама сутыкаўся з тым, што ўчыніў Джон Клэй, і пагаджуся, што ў сваёй прафесіі яму няма роўных. Між тым цяпер палова на адзінаццатую, час выходзіць. Прапаную вам двум сесці ў першы экіпаж, а мы з Ўотсанам паедзем следам у другім.

Падчас доўгай паездкі Шэрлак Холмс быў не асабліва гаваркі і, адкінуўшыся на спінку сядзення, вуркатаў мелодыі, пачутыя ўвечары. Колы кэба грукаталі па бясконцым лабірынце асветленых газавымі ліхтарамі вуліц, пакуль мы не прыбылі на Фарынгтан-стрыт.

 Адсюль ужо недалёка,  сказаў мой сябар.  Гэты Мэрыўэзэр дырэктар банка, ён асабіста зацікаўлены ў справе. Я падумаў, што добра будзе задзейнічаць і Джонса. Ён хлопец неблагі і, хоць у сваёй прафесіі абсалютны ідыёт, мае станоўчыя рысы. Ён бясстрашны, як бульдог, і ўчэпісты, як амар, калі ўжо нехта трапіцца яму ў клюшні. Дарэчы, мы прыехалі, вунь яны нас чакаюць.

Мы апынуліся на той самай люднай вуліцы, дзе былі раніцай. Адпусціўшы экіпажы, мы скіраваліся за містэрам Мэрыўэзэрам, які правёў нас праз вузкі праход і бакавыя дзверы, якія ён адчыніў. За імі быў кароткі калідор, які заканчваўся таўшчэзнай жалезнай брамай. Яе нам таксама адчынілі, і мы спусціліся па каменных прыступках пакручастай лесвіцы да другой вялізнай брамы. Містэр Мэрыўэзэр спыніўся, каб запаліць ліхтар, а потым павёў нас праз цёмны праход, дзе пахла зямлёй, і нарэшце, ужо пасля трэціх дзвярэй, мы ўвайшлі ў нейкае шырокае сховішча ці склеп з мноствам вялікіх скрыняў, пастаўленых адна на адну.

 Зверху да вас няпроста прабрацца,  заўважыў Холмс, прыўзняўшы ліхтар, каб агледзецца.

 Знізу таксама,  адказаў містэр Мэрыўэзэр і пагрукаў кіем па падлозе, выкладзенай плітамі. Хм, што такое? Падобна, там паражня!  здзіўлена выгукнуў ён.

 Калі ласка, трошкі цішэй!  сярдзіта шыкнуў Холмс.  Вы толькі што рызыкавалі поспехам усёй нашай аперацыі. Магу я папрасіць вас ласкава сесці вось на гэтыя скрыні і больш не ўмешвацца?

Паважны містэр Мэрыўэзэр узбіўся на скрыню з вельмі пакрыўджаным выглядам, а Холмс укленчыў на падлозе і, падсвечваючы сабе ліхтаром, уважліва агледзеў шчыліны паміж камянямі з дапамогай павелічальнага шкла. На гэта яму спатрэбілася некалькі секунд, пасля чаго ён зноў падхапіўся і сунуў лупу ў кішэню.

 У нас яшчэ прынамсі гадзіна,  сказаў ён.  Наўрад ці яны адважацца на нейкія крокі, пакуль наш добры гаспадар ламбарда не пакладзецца спаць. Але потым яны не будуць губляць ні хвіліны, бо чым хутчэй яны зробяць справу, тым больш часу ў іх застанецца на ўцёкі. Доктар, як вы, безумоўна, ужо здагадаліся, мы знаходзімся ў сховішчы гарадскога аддзялення аднаго з галоўных лонданскіх банкаў. Містэр Мэрыўэзэр старшыня рады дырэктараў, і ён можа патлумачыць вам, чаму самыя дзёрзкія крымінальнікі Лондана сёння маюць асаблівую цікавасць менавіта да гэтага сховішча.

 Гэта ўсё праз нашае французскае золата,  шапнуў дырэктар.  Нас неаднакроць папярэджвалі, што на яго могуць паквапіцца.

 Французскае золата?

 Менавіта. Некалькі месяцаў таму нам выпала магчымасць падмацаваць свае рэсурсы, і з гэтай мэтай мы пазычылі трыццаць тысячаў напалеандораў у Банка Францыі. Нейкім чынам вонкі прасачылася інфармацыя пра тое, што нам не давялося распакаваць грошы і што яны ўсё яшчэ ляжаць у сховішчы. У скрыні, на якой я сяджу,  дзве тысячы напалеандораў, перакладзеных свінцовай фольгай. Наш залаты запас нашмат большы за той, што звычайна захоўваецца ў асобным банкаўскім аддзяленні, гэтая акалічнасць вельмі непакоіла раду дырэктараў.

 І далёка не беспадстаўна,  заўважыў Холмс.  А зараз самы час падрыхтавацца. Мяркую, што праз гадзіну справа ўжо будзе зробленая. Але пакуль што, містэр Мэрыўэзэр, нам трэба прыкрыць ліхтар шторкай.

 І сядзець у цемры?

 На жаль. Я паклаў у кішэню калоду карт са спадзевам, што, паколькі нас акурат чацвёра, такая сабе partie carrée,[2] вы ўсё ж атрымаеце сваю партыю ў робер-брыдж. Але бачу, што вораг ужо блізка, таму мы не можам рызыкаваць, пакідаючы святло. Перш за ўсё нам трэба заняць пазіцыі. Гэта дзёрзкія людзі, і, хоць мы будзем для іх нечаканай нязручнасцю, яны могуць быць небяспечнымі, калі не засцерагчыся. Я стану за гэтай скрыняй, а вас папрашу схавацца за вунь тымі. Калі я запалю святло, неадкладна хапайце злодзеяў. Ўотсан, каля яны стрэляць, не вагайцеся і страляйце ў іх таксама.

Я ўзвёў курок і паклаў рэвальвер на драўляную скрыню, за якой мне давялося скурчыцца. Холмс спусціў шторку ў лямпы, і нас агарнула абсалютная цемра, з якой я ніколі раней не сутыкаўся. Толькі пах гарачага металу сведчыў, што святло ўсё яшчэ з намі, гатовае разліцца ў імгненне вока. Праз напружанае чаканне мае нервы былі напятыя як струны, таму раптоўны змрок і халоднае сырое паветра сутарэнняў прыгняталі.

 Шлях да адступлення ў іх толькі адзін,  шапнуў Холмс.  Назад праз дом на Сакс-Кобург-сквер.  Спадзяюся, вы зрабілі тое, аб чым я вас прасіў, Джонс?

 Ля галоўнага ўвахода чакаюць інспектар і два афіцэры.

 Значыць, мы перакрылі ўсе выхады. Цяпер нам трэба стаіцца і чакаць.

Як толькі мы ператрывалі гэты час Пазней, пераглядаючы свае запісы, я падлічыў, што прайшла ўсяго гадзіна з чвэрцю, але тады мне падалося, што прамінула амаль цэлая ноч і наверсе ўжо разгараўся світанак. Я стаміўся і здранцвеў, бо баяўся варушыцца, але ўсё ж быў напагатове, мой слых так абвастрыўся, што я не толькі чуў сцішанае дыханне маіх кампаньёнаў, але і мог адрозніць глыбейшае і цяжкае дыханне мажнога Джонса ад тонкіх гукаў, якія выдаваў дырэктар банка. Са свайго месца я меў магчымасць паглядаць паўзверх скрыні на падлогу. Раптоўна мой позірк ухапіў пробліск святла. Спярша гэта быў слабы бляск паміж каменнымі плітамі, які разросся ў жоўтую лінію, а потым знянацку бязгучна адкрылася нейкая адтуліна, адкуль паказалася рука, белая, падобная да жаночай, якая абмацала асветлены лапік падлогі. Хвіліну ці больш гэтая рука з рухавымі пальцамі вытыркалася з падлогі. Потым яна знікла гэтак жа нечакана, як і зявілася, усё ізноў ахутала цемра, і толькі тонкая палоска святла пазначала сабой расколіну паміж камянямі. Але цягнулася гэта нядоўга. Адзін з шырокіх белых камянёў цяжка пасунуўся ўгару і адваліўся ўбок. На яго месцы цяпер зеўрала квадратная дзіра, з якой струменілася святло ліхтара. Адтуль паказаўся гладкашчокі хлапечы твар і цікаўна агледзеўся, потым дзве рукі ўхапіліся за берагі праёма, паказаліся плечы і тулава, і нарэшце чалавек, абапёршыся на калена, вылез цалкам. У наступны момант ён ужо стаяў побач з праёмам і выцягваў свайго супольніка, такога ж спрытнага і невысокага, як і ён сам, з вельмі светлай скурай і кучмай надзвычай рудога валосся.

Назад Дальше