Прыгоды Шэрлака Холмса (зборнік) - Конан-Дойль Артур 9 стр.


 І вельмі мудра зрабілі, сказаў Холмс.  Ваш выпадак неверагодна адметны, і я з радасцю займуся ім. Мяркуючы па вашым расказе, наступствы гэтай гісторыі могуць быць больш сурёзнымі, чым падаецца з першага погляду.

 Яшчэ б яны былі несурёзнымі!  абурыўся Явіс Ўілсан.  Я ж страчваю фунт на тыдзень.

 Што да вас асабіста, то не думаю, што вам варта скардзіцца на гэты дзіўны саюз,  зазначыў Холмс.  Наадварот, як я разумею, вы разбагацелі больш чым на трыццаць фунтаў, не кажучы ўжо пра грунтоўныя веды, якія набылі па ўсіх прадметах, што пачынаюцца на «А». Тут вы ніяк не пацярпелі.

 Не, сэр. Але я хачу даведацца пра той Саюз, хто яны такія і чаго хацелі дамагчыся сваімі хітрыкамі калі ўсё ж тут ёсць нейкія хітрыкі. Дарагаваты выйшаў у іх жарт, каштаваў ім трыццаць два фунты.

 Мы паспрабуем разабрацца з гэтым для вас. Для пачатку адкажыце мне на некалькі пытанняў, містэр Ўілсан. Гэты ваш памочнік, які прыцягнуў вашую ўвагу да абвесткі, на той момант даўно на вас працаваў?

 Дзесьці месяц.

 А як вы яго знайшлі?

 Па абяве.

 Ён быў адзіны, хто прыйшоў?

 Не, прэтэндэнтаў быў цэлы тузін.

 А чаму вы абралі менавіта яго?

 Бо ён меў досвед і прасіў мала.

 Паўзаробка, вы казалі.

 Так.

 Як выглядае гэты Вінсэнт Сполдынг?

 Нізкага росту, таўставаты, увішны такі, вусы ў яго не растуць, хоць яму ўжо пад трыццаць. На ілбе белы шнар ад кіслотнага апёку.

Холмс сядзеў на крэсле, заўважна ўзрушаны.

 Я так і думаў, сказаў ён.  А вы не заўважылі, ці праколатыя ў яго вушы?

 Праколатыя, сэр. Ён мне сказаў, што ў дзяцінстве іх пракалола цыганка.

 Хм!  Холмс задумаўся, адкінуўшыся на спінку крэсла.  Ён усё яшчэ з вамі?

 Вядома, сэр. Я толькі што яго пакінуў.

 А кліенты да вас хадзілі ў вашую адсутнасць?

 Тут можна не хвалявацца, сэр. Уранку працы збольшага не бывае.

 Што ж, фактаў дастаткова, містэр Ўілсан. Праз дзень-два я з задавальненнем паведамлю вам, да якіх высноваў прыйшоў. Сёння субота, і, спадзяюся, да панядзелка ў нас ужо будзе разгадка.

 Ну, што думаеце, Ўотсан?  спытаўся Холмс, калі госць нас пакінуў.

 Ніводнай думкі, шчыра адказаў я.  Вельмі дзіўны выпадак.

 Звычайна,  сказаў Холмс,  чым дзіўнейшай падаецца справа, тым менш дзівосаў яна ўтрымлівае. Найцяжэй разабрацца з тыповымі, нічым не адметнымі злачынствамі, гэтак жа як пазнаць чалавека з тыповым тварам. А тут, мяркую, я спраўлюся ў імгненне вока.

 З чаго ж вы пачняце?  запытаўся я.

 З курэння,  адказаў мне ён.  Гэта праблема на тры люлькі, і я папрашу вас не размаўляць са мной пяцьдзясят хвілін.

Ён згорбіўся на крэсле, узняўшы вострыя калені так, што ледзь не ўпіраўся ў іх сваім ястрабіным носам, заплюшчыў вочы і сцішыўся яго чорная гліняная люлька нагадвала дзюбу нейкай дзіўнай птушкі. Я прыйшоў да высновы, што ён заснуў, і ўжо сам пачынаў вадзіць носам, калі раптам Холмс сарваўся з крэсла з выглядам чалавека, які на нешта наважыўся, і адклаў люльку на камін.

 Сарасатэ* грае сёння ўвечары ў Сэнт-Джэймсхоле,  сказаў ён.  Ўотсан, як думаеце, вашыя пацыенты абыдуцца без вас некалькі гадзін?

 Я не заняты. Мая практыка не адбірае шмат часу.

 Тады надзявайце капялюш і складзіце мне кампанію. Спачатку мне трэба ў Сіці, а па дарозе можам дзе-небудзь паабедаць. Бачу, што ў праграме даволі шмат нямецкай музыкі, якая падабаецца мне больш за італьянскую ці французскую. У ёй больш рэфлексіі, а мне хочацца рэфлексаваць. Хадземце!

Мы дабраліся на метро да Олдэрсгейта, адтуль крыху прайшліся да Сакс-Кобург-сквер, дзе разыграліся падзеі, пра якія мы чулі ранкам. Раён выявіўся заняпалым і цесным, чатыры шэрагі старых будынкаў глядзелі на маленькі сквер, дзе за агароджай удзірванелы газон з некалькімі бляклымі кустамі лаўравішань змагаўся за жыццё ў неспрыяльных умовах атручанага чадам паветра. Тры пазалочаныя шары і карычневая шыльда з надпісам белай фарбай «ЯВІС ЎІЛСАН» на вуглавым доме паказвалі на тое, што менавіта тут вядзе справу наш рудавалосы кліент. Шэрлак Холмс спыніўся і, нахіліўшы галаву набок, уважліва агледзеў будынак, пры гэтым вочы яго ярка блішчэлі пад прымружанымі павекамі. Потым ён нетаропка прайшоўся далей па вуліцы, а затым назад да рога, усё гэтак жа дапытліва паглядаючы на дамы. Нарэшце ён вярнуўся да ламбарда і, папярэдне двойчы ці тройчы моцна стукнуўшы па ходніку кіем, падышоў да дзвярэй і пагрукаў. Іх імгненна адчыніў прыемны з твару чыста паголены хлопец, які запрасіў Холмса ўвайсці.

 Дзякуй, я проста хацеў спытацца, як прайсці адсюль да Стрэнда,  сказаў Холмс.

 Трэці паварот направа, чацвёрты налева,  хутка адказаў памочнік, зачыняючы дзверы.

 Кемлівы хлопец,  заўважыў Холмс, калі мы пайшлі адтуль.  Мяркую, чацвёрты па кемлівасці ў Лондане, а па дзёрзкасці можа прэтэндаваць і на трэцяе месца. Я ведаю пра яго тое-сёе.

 Відавочна, што памочнік містэра Ўілсана згуляў не апошнюю ролю ў таямнічай гісторыі з Саюзам рудых. Я ўпэўнены, што вы спыталіся пра дарогу толькі каб разгледзець яго.

 Не яго.

 А што тады?

 Яго штаны на каленях.

 І што вы ўбачылі?

 Тое, што і чакаў убачыць.

 А чаму вы стукалі па ходніку?

 Дарагі доктар, цяпер час для назіранняў, а не для гутарак. Мы выведнікі ў тыле ворага і ўжо штосьці ведаем пра Сакс-Кобург-сквер. А зараз давайце паглядзім, што месціцца па суседстве.

Вуліца, на якую мы выйшлі, павярнуўшы за рог закінутага раёна Сакс-Кобург-сквер, уяўляла сабой поўную яму супрацьлегласць гэтак жа карціна адрозніваецца ад свайго адваротнага боку.

Гэта была адна з галоўных магістраляў Сіці, па якой транспарт рухаўся на поўнач і захад. Па дарозе шчыльнымі шэрагамі ў процілеглых кірунках ішлі дзве плыні экіпажаў, на ходніку было не прапхнуцца ад працоўнага люду, які спяшаўся па сваіх справах. Калі мы глядзелі на шэраг дарагіх крамаў і велічных будынкаў, нават цяжка было ўявіць, што адваротным бокам яны выходзяць на непрыкметны і занядбаны сквер, які мы толькі што пакінулі.

 Дазвольце, я зраблю агляд,  сказаў Холмс, спыніўшыся на рагу і акідаючы вокам вуліцу.  Хачу запомніць парадак дамоў. Збіраць дакладныя веды пра Лондан маё хобі. Вось тытунёвая крама Мортымера, газетны кіёск, Кобургскае аддзяленне Гарадскога і прыгараднага банка, вегетарыянская рэстарацыя, карэтнае дэпо Макфарлена. Далей пачынаецца наступны квартал. А зараз, доктар, паколькі мы з вамі зрабілі справу, час адпачыць. Спачатку сэндвіч і філіжанка кавы, а потым у свет чароўнай скрыпкі, дзе ўсё слодыч, далікатнасць і гармонія і няма ніякіх рудых кліентаў, якія б назалялі нам сваімі загадкамі.

Мой сябра быў заўзятым музыкам і пры тым не толькі здольным выканаўцам, але і кампазітарам немалога таленту. Рэшту дня ён прабавіў у партэры з выразам найвышэйшага шчасця на твары, аддаючыся мелодыі і злёгку водзячы ў паветры доўгімі тонкімі пальцамі. У далікатнай усмешцы на твары, адсутным і летуценным позірку не было анічога ад учэпістага Холмса, нястомнага Холмса, кемлівага шпега, дапытлівага вышукальніка. Так выяўлялася дваістасць яго цэльнай натуры. Я часта думаў пра тое, што яго надзвычайная дакладнасць і востры розум сілкуюцца момантамі, калі паэтычна-сузіральны настрой цалкам валодае ім. Ён увесь час вагаўся паміж двума полюсамі: ад скрайняй млявасці да неўтаймаванай энергічнасці, і я добра ведаў пра тое, якая бура наспявае, калі днямі навылёт ён сядзіць у фатэлі, заглыблены ў свае музычныя імправізацыі ці старадрукі з гатычнымі літарамі. На змену гэтаму стану на яго раптам находзіла апантанасць пагоняй, і яго бліскучая логіка ўзрастала да ўзроўню інтуіцыі, калі людзі, не знаёмыя з метадамі Холмса, пачыналі глядзець на яго з недаверам, як на чалавека, чые веды пераўзыходзяць магчымасці простых смяротных. Калі я ўбачыў яго тым вечарам, настолькі аддадзенага музыцы ў Сент-Джэймс-холе, я зразумеў, што для тых, каго ён вырашыў упаляваць, надыходзяць змрочныя часіны.

 Вы, вядома, хочаце пайсці дахаты, доктар,  сказаў ён мне, калі мы выйшлі.

 Так, і туды таксама.

 А ў мяне ёсць справа на некалькі гадзін. Гісторыя на Кобург-сквер сурёзная.

 Чаму сурёзная?

 Тут плануецца буйное злачынства. Маю падставы думаць, што мы паспеем яго спыніць. Але тое, што сёння субота, усё ўскладняе. Увечары мне спатрэбіцца вашая дапамога.

 А якой гадзіне?

 А дзясятай будзе ў самы раз.

 Буду а дзясятай на Бэйкер-стрыт.

 Выдатна. І паслухайце, доктар, можа стацца, што там будзе небяспечна. Зрабіце ласку і пакладзіце ў кішэню рэвальвер, які застаўся ў вас са службы.

Ён махнуў мне рукой, павярнуўся і імкліва знік у натоўпе.

Даю слова, што я не дурнейшы за іншых, але маючы справу з Шэрлакам Холмсам, я часта пачуваўся прыгнечаным праз пачуццё ўласнай тупасці. Вось жа, я чуў тое самае, што і ён, назіраў тое самае, але з ягоных словаў вынікала, што ён ясна бачыў не толькі ўжо здзейсненае, але і тое, што яшчэ мае здзейсніцца, у той час як для мяне ўсё заставалася гэткім жа заблытаным і абсурдным. Едучы дахаты ў Кенсінгтан, я спрабаваў прыгадаць усе дэталі гэтай гісторыі, ад дзіўнага расказу рудавалосага капіявальніка энцыклапедыі да нашага візіту на СаксКобург-сквер і злавесных словаў, якія сказаў мне Холмс на развітанне. Што за начная вылазка нас чакала і чаму мне трэба было браць рэвальвер? Куды мы збіраліся ісці і што рабіць? Холмс даў зразумець, што той гладкашчокі памочнік у ламбардзе грозны супернік, чалавек, які, магчыма, вядзе гульню з высокімі стаўкамі. У маёй галаве ніяк не складалася агульная карціна, і я роспачна здаўся, спадзеючыся, што ўначы атрымаю ўсе тлумачэнні.

Назад Дальше