Відаць, вы ўбачылі ў ёй шмат таго, што прайшло міма мяне, заўважыў я.
Не прайшло, проста не ўсвядомілася, Ўотсан. Вы не ведаеце, куды глядзець, таму прапускаеце ўсё важнае. Мне ніяк не ўдаецца данесці да вас, як шмат могуць расказаць рукавы, пазногці вялікіх пальцаў і якія важныя сведчанні завязаныя на шнурках у абутку. Давайце падумаем, што можна зразумець, зірнуўшы на нашую кліентку. Апішыце яе.
Ну, на ёй быў шыракаполы травяніста-зялёны саламяны капялюш з нейкім чырвоным пяром «пад цэглу». Чорны жакет, расшыты чорным бісерам і з устаўкамі з чорнага гагату. Карычневая сукенка, цямнейшая за кафейную, абшытая пурпуровым плісам на каўняры і рукавах. Шэрыя пальчаткі, указальны палец правай працёрты. Абутку не разгледзеў. Яна носіць маленькія залатыя завушніцы ў форме колцаў і ўвогуле ўвасабляе сабою дабрабыт ва ўсёй яго пошласці, міралюбнасці і бесклапотнасці.
Холмс мякка пляснуў у далоні і засмяяўся.
Клянуся, Ўотсан, вы робіце немалыя поспехі, бо заўважылі вельмі шмат. Так, вы прапусцілі ўсё важнае, але злавілі прынцып. Да таго ж у вас учэпістае вока на колеры. Ніколі не давярайце агульнаму ўражанню, засяроджвайцеся на дэталях. У жанчын я заўсёды спярша гляджу на рукавы (пра мужчыну, магчыма, болей скажа стан нагавіцаў на каленях). Як вы і сказалі, у гэтай жанчыны рукавы абшытыя плісам, на якім лёгка застаюцца разнастайныя сляды. Двайная лінія над запясцем, у тым месцы, якім машыністкі звычайна абапіраюцца аб стол, пазнаецца адразу. Швейная машына ручнога тыпу пакідае падобныя сляды, але толькі на левым рукаве і ў месцы, самым далёкім ад вялікага пальца. У нашай жа кліенткі лінія ідзе па ўсім унутраным баку запясця. Ну і, заўважыўшы след ад пенснэ на яе носе, я насмеліўся выказаць здагадку пра блізарукасць і друкарку, што яе, здаецца, здзівіла.
Гэта і мяне здзівіла.
Але ж гэта відавочна. А вось калі я здзівіўся і зацікавіўся: паглядзеўшы ўніз, я ўбачыў, што яе боты, хоць і падобныя паміж сабой, але, тым не менш, не парныя у аднаго мысок аздоблены, у другога не. Адзін бот зашпілены на два ніжнія гузікі з пяці, а другі на першы, трэці і пяты. І калі бачыш лэдзі, у астатнім акуратна апранутую, якая выйшла з дому ў няпарным абутку, зашпіленым на палову гузікаў, выснова пра тое, што яна прыбегла сюды ў спешцы, не патрабуе вялікіх разумовых высілкаў.
А яшчэ што? спытаў я з гарачай цікаўнасцю, якую заўсёды выклікалі ў мяне вострыя развагі сябра.
Я мімаходзь адзначыў самому сабе, што яна напісала нейкую цыдулку перад тым як выйсці з дому, але ўжо пасля таго, як цалкам апранулася. Вы заўважылі, што ўказальны палец на яе правай пальчатцы працёрты, але, мабыць, не ўбачылі плямаў фіялетавага атраманту на абедзвюх пальчатках. Яна пісала, вельмі спяшаючыся, і абмакнула ручку ў чарніліцу занадта глыбока. Гэта хутчэй за ўсё адбылося сёння раніцай, іначай пляма на пальцы не была б такой выразнай. Карацей, усё гэта забаўна, хоць і вельмі проста, Ўотсан, але варта вярнуцца да справы. Не маглі б вы зачытаць мне апісанне містэра Хосмера Энджэла, змешчанае ў абвестцы пра знікненне?
Я паднёс да святла вузкую палоску паперы.
«ЗГУБІЎСЯ, гаварылася ў нататцы, раніцай 14-га джэнтльмен на імя Хосмер Энджэл. Рост прыкладна пяць футаў і сем цаляў, целасклад моцны, колер твару жаўтаваты, валасы чорныя, густыя, з невялікай пралысінай на макаўцы, чорныя вусы і бакенбарды. Цёмныя акуляры, лёгкая няправільнасць вымаўлення. Калі яго бачылі апошні раз, быў апрануты ў абшыты шоўкам чорны сурдут, чорную камізэльку з альбертаўскім ланцужком* і нагавіцы з харыскага цвіду* з карычневымі крагамі паўзверх «кангрэсаў»*. Вядома, што працаваў у канторы на Лідэнхал-стрыт. Калі хто-небудзь мае звесткі»
Дастаткова, перапыніў мяне Холмс і, слізгаючы позіркам па лістах, дадаў: А лісты вельмі банальныя, у іх няма нічога, што паведаміла б нам пра містэра Энджэла, апроч таго, што аднойчы ён працытаваў Бальзака. Зрэшты, ёсць адна асаблівасць, якая, несумненна, кінецца вам у вочы
Яны напісаныя на друкарцы, адзначыў я.
Не толькі самі лісты нават подпіс надрукаваны. Паглядзіце на гэтае акуратнае «Хосмер Энджэл» унізе. Яшчэ тут дата, але ніякага адрасу, апроч Лідэнхал-стрыт, а гэта даволі цьмяна. І вось гэтая дэталь выклікае вельмі пэўныя здагадкі, я б нават назваў яе вырашальнай.
У чым?
Дружа, толькі не кажыце мне, што вы не бачыце, як цесна гэта звязана з разгадкаю.
У чым?
Дружа, толькі не кажыце мне, што вы не бачыце, як цесна гэта звязана з разгадкаю.
Не ўпэўнены хіба што ён хацеў, каб у яго была магчымасць не прызнаць свой подпіс, калі будзе распачатая справа пра нявыкананыя абавязанні.
Не, рэч не ў тым. Карацей, зараз я напішу два лісты, якія ўсё вырашаць: першы ў адну кантору ў Сіці, а другі айчыму маладой лэдзі, містэру Віндыбэнку, з просьбай прыйсці да нас заўтра а шостай. Нам жа варта паразмаўляць са сваякамі-мужчынамі юнай лэдзі А пакуль адказы не прыйдуць, нам з вамі, доктар, рабіць няма чаго, таму на пэўны час мы можам адкласці нашую маленькую справу ў шуфляду.
Я так часта бачыў тонкую праніклівасць майго сябра, калі трэба было разважаць, і яго надзвычайную энергію, калі надыходзіў час дзейнічаць, што вырашыў: у Холмса важкія падставы для такой легкаважнай упэўненасці ў дачыненні да дзіўнай таямніцы, якую яго папрасілі раскрыць. Толькі аднойчы ён пацярпеў паразу у скандале з каралём Багеміі і фатаграфіяй Ірэн Адлер. Але ўспамінаючы таямнічыя падзеі «Знаку чатырох» і дзіўныя абставіны «Эцюду ў пунсовым», я разумею, што клубок таямніцаў павінен быць сапраўды надзвычайным, каб яго не змог разблытаць Холмс.
Ён усё яшчэ пыхкаў сваёй люлькай з чорнай гліны, калі я сыходзіў ад яго, упэўнены, што калі наступнага вечару прыйду зноў, у ягоных руках ужо будуць усе ніткі, якія прывядуць нас да асобы зніклага жаніха міс Мэры Сазэрлэнд.
Уласныя справы на час адцягнулі маю ўвагу, таму цэлы наступны дзень я прабавіў ля ложка цяжка хворага пацыента. Было ўжо амаль шэсць, калі я ўрэшце вызваліўся, ускочыў у двухколку і паехаў на Бэйкер-стрыт, крыху пабойваючыся, што спазніўся і не папрысутнічаю пры развязцы гэтай маленькай таямніцы. Але я заспеў Шэрлака Холмса ў адзіноце і напаўсоннага яго доўгае худое цела скурчылася ў глыбокім фатэлі. Грозны шыхт колбаў і шклянак і яскравы востры пах салянай кіслаты сведчыў пра тое, што ён цэлы дзень займаўся хімічнымі доследамі, якія так любіў.
Ну што, атрымалася? спытаў я, ледзь увайшоўшы.
Так. Гэта быў бісульфат едкага барыту.
Ды не, я пра загадку! усклікнуў я.
Ах, гэта! А я думаў пра соль, з якой цяпер працую. Ды не было ніякай загадкі ў гэтай справе, проста, як я вам учора казаў, пэўныя моманты мяне зацікавілі. Вось толькі няма, на жаль, такога закону, які мог бы пакараць нягодніка.
Дык хто ён такі і навошта збег ад міс Сазэрлэнд?
Не паспеў Холмс адказаць, як з перадпакоя пачуліся цяжкія крокі, і ў дзверы пастукалі.
Гэта айчым маладой лэдзі, містэр Джэймс Віндыбэнк, сказаў Холмс. Ён напісаў мне, што будзе а шостай. Прашу!
У пакой зайшоў моцна складзены, сярэдняга росту мужчына гадоў трыццаці, з чыста паголеным жаўтаватым тварам. Манеры яго былі мяккія і прыемныя, а шэрыя вочы глядзелі востра і пранікліва. Ён па чарзе запытальна паглядзеў на нас з Холмсам, паклаў свой бліскучы цыліндр на буфет і, злёгку пакланіўшыся, падышоў да найбліжэйшага крэсла.
Добры вечар, містэр Віндыбэнк, прамовіў Холмс. Думаю, гэты друкаваны ліст з прызначэннем сустрэчы на шостую гадзіну прыйшоў мне ад вас?
Так, сэр. Баюся, я трохі спазніўся, але вы ж разумееце, я не заўсёды належу сабе. Мне вельмі шкада, што міс Сазэрлэнд патурбавала вас гэтай недарэчнай справай: я ўпэўнены, што не варта сваё смецце на чужы сметнік выносіць. Я быў катэгарычна супраць таго, каб яна звярталася да вас, але, як вы, мабыць, паспелі заўважыць, яна вельмі імпульсіўная і нервовая дзяўчына, і яе цяжка ўтрымаць, калі яна на штосьці наважылася. Безумоўна, супраць вас я нямоцна пярэчыў, бо вы не звязаныя з афіцыйнай паліцыяй, але не вельмі прыемна, калі такое сямейнае гора робіцца вядомым усім. Да таго ж гэта марнаванне грошай, бо, думаю, вы не зможаце адшукаць гэтага Хосмера Энджэла.
Наадварот, спакойна адказаў Холмс. У мяне ёсць усе падставы думаць, што ў гэтым я дасягну поспеху.
Містэр Віндыбэнк моцна здрыгануўся і выпусціў пальчаткі з рук.
Рады гэта чуць, сказаў ён.
Цікавая штука, заўважыў Холмс. Шрыфт друкаркі настолькі ж індывідуальны, як чалавечы почырк. Калі выключыць выпадак, што машынкі цалкам новыя, вы не знойдзеце дзвюх, якія друкавалі б аднолькава. Адны літары зношваюцца болей за астатнія, другія толькі з аднаго боку. У вашым лісце, містэр Віндыбэнк, усе літары «е» расплываюцца, а ў літараў «р» кепска фарбуецца ніжняя частка. Ёсць яшчэ чатырнаццаць іншых прыкметаў, але гэтыя дзве найбольш відавочныя.