А скажы, Васільеўна, ці чытала ты часопіс? адказваю ёй пытаннем на пытанне, хаваючы ў вусах усмешку.
Ну а як жа не пакарыстацца тым, што задарма ў рукі прыйшло? І ведаеш, зацікавілася я, мову ўзгадала я ж таксама вясковая. Нават у вершах знайшла штосьці сугучнае для маёй душы. І прыемна, што пішуць маладыя, і так добра пішуць. Я ж думала, што беларуская літаратура толькі ў школьных падручніках і засталася
Тады я і прызнаўся сваёй суседцы, што гэта я ад яе імя аформіў ёй падпіску.
Чула мая душа, што без цябе ў гэтай справе не абышлося, засмяялася Людміла Васільеўна, а потым сурёзна дадала: Дзякую.
Адбывалася гэта размова даўно, недзе напачатку 1990-х. Тыя гады называюць ліхімі. І чаго ў іх больш было ліха ці зухаватасці? вызначыць цяжка. Хапала ўсяго. А вось для мяне асабіста гэты перыяд стаўся перыядам інтэлектуальнага і творчага росту. У 1990-м годзе я паступіў на завочнае аддзяленне факультэта журналістыкі БДУ. У той жа час пазнаёміўся і з творчым калектывам часопіса «Маладосць»: Генрыхам Далідовічам, Віктарам Гардзеем, Уладзімірам Саламахай, Анатолем Казловым, Казімірам Камейшай. Гэтыя людзі дапамаглі тады мне, таксісту з Магілёва, паверыць у свае сілы. І не толькі творчыя. А я ж сумняваўся, ці змагу адолець вучобу.
* * *Не толькі я сумняваўся. Трымаючы ў руках маю залікоўку, крытык Таццяна Арлова, якая выкладала нашаму курсу тэорыю літаратуры, пыталася ў мяне:
Што патрэбна табе, таксіст, на журфаку? Ты ж у слове «искусство» чатыры літары «с» напісаў.
Дык гэта лішняя літара, як лішні паварот руля, спрабаваў аджартавацца я, разумеючы, што лёс маёй вучобы вісіць на валаску.
Арлова ўсё нешта думала, гартаючы маю залікоўку. І я ўжо амаль трагічным голасам дадаў: вершы я пішу, хачу ўдасканаліцца вучобай
Вершы? А дзе друкаваўся?
У «Магілёўскай праўдзе», у калектыўным зборніку «Прыдняпроўе».
Ну, калі ёсць вялікае жаданне вучыся, і вывела ў залікоўцы такую жаданую для мяне тройку.
Вершы дапамаглі мне ўсталяваць амаль сяброўскія адносіны і з выкладчыкам беларускай мовы Мікалаем Каваленкам.
Ці піша з вас хто вершы? акінуў ён аўдыторыю зацікаўленым паглядам.
У адказ ані гуку.
Што, ніхто не піша вершы? Не можа гэтага быць! І зноў у зале цішыня.
Дзіўна, прамармытаў Каваленка.
Я пішу, падаў я свой голас.
Во! выгукнуў Мікалай Рыгоравіч. Чаго ж ты маўчаў? Чытай!
Усе студэнты, якіх, па праўдзе, цяжкавата было назваць студэнтамі, бо завочнікі людзі сталыя, ды я сам тады размяняў чацвёрты дзясятак, павярнулі галовы ў мой бок.
Тэма кахання была і ёсць адной з асноўных у маёй творчасці. Прадэкламаваў два вершы пра бессмяротнае пачуццё.
А гэты хлопец умее кахаць, заўважыў Каваленка і спытаўся: А ці пішаш гумарыстычнае?
І я выдаў:
Не чакаў тваіх прыветаў
Думкі нават не трымаў,
Ды, цяплом вачэй прыгрэты,
У сілкі твае папаў.
Валакуся цяпер чынна
За спадніцаю тваёй.
Слёзы лье сяброўка Ніна.
Сам маркочуся па ёй.
Корміш, поіш мяне сытна:
Як у хлеўчуку вяпрук
Прывязаны да карыта
Так прыбраны я да рук.
Дзень за днём
Клін жураўліны
Паляцеў за небасхіл.
І мая душа да Ніны
Мкнецца рвецца
З усіх сіл.
Грымнуў дружны рогат. А калі ён аціх, Каваленка сказаў:
Нясі свае вершы, што ў «Вожык», што ў «Маладосць». Вось пабачыш надрукуюць.
У рэдакцыі часопіса «Вожык» я патрапіў да Анэлі Тулупавай. Калі яна праглядвала мае вершы, маладая супрацоўніца, што сядзела за суседнім сталом, ціха, але даволі чутна прамовіла: «Ходзяць тут графаманы І адкуль яны толькі бяруцца?..»
Я паглядзеў на яе здзіўлена, потым азірнуўся і, вядома ж, нікога больш не ўбачыў. Урэшце дапяў, што гэта было сказана ў мой адрас. Адчуў, як твар успыхнуў агнём.
Як ты можаш! усхапілася Тулупава. Калі хочаш ведаць, ён прынёс добрыя вершы, а ты
Далейшых слоў я ўжо не чуў, бо хуценька развярнуўся, рвануў на сябе дзверы і літаральна вылецеў з кабінета.
Тады ў мяне ўжо была падрыхтавана нізка вершаў для часопіса «Маладосць», аднак пасля такога калючага прыёму ў «Вожыку» я засумняваўся: наўрад ці мае вершы адпавядаюць узроўню рэспубліканскага часопіса. Таму доўга выбіраў на сваю думку лепшыя, удасканальваў іх праўкамі. І ўжо на наступную сесію пагрукаўся ў дзверы з шыльдай «Маладосць».
У кабінеце сядзелі двое, і калі я патлумачыў мэту свайго візіту, то круглатвары мужчына, гэта быў Казімір Камейша, сказаў:
У кабінеце сядзелі двое, і калі я патлумачыў мэту свайго візіту, то круглатвары мужчына, гэта быў Казімір Камейша, сказаў:
Вам да Гардзея, ён на калідоры курыць каля акна. Можаце падысці.
Адкуль вы? спытаўся Віктар Канстанцінавіч.
Удумлівыя яго вочы глядзелі на мяне з цікавасцю.
Запрасіў у кабінет. Вершы чытаць не стаў запісаўшы мае дадзеныя, паклаў нізку ў стол. Стаў распытваць пра вучобу і працу. Мужчыны за суседнімі сталамі таксама ўключыліся ў гамонку.
З размовы я зразумеў, што ўсе яны прайшлі праз факультэт журналістыкі, і гэта надало мне ўпэўненасці: я ж іх паслядоўнік!
Час ішоў. Мяняліся тэмы размовы, і я, ужо добра знаёмы з тым, як працуюць журналісты ў газетах, дзівіўся: яны ж нічога не робяць на працы толькі размаўляюць між сабой ды па тэлефонах. Вось дзіва
Пазней Анатоль Казлоў мне патлумачыў:
Я нават і не спрабую штосьці рабіць за сталом на працы: не дадуць людзі і тэлефон. Усё даводзіцца перабіраць дома вечарамі і ноччу. А колькі трэба прачытаць? Паглядзі!
Ён паклаў руку на кіпу папак з творамі. Анатоль Сяргеевіч загадваў аддзелам прозы.
«Напэўна, тут абёмы паболей, чым мой студэнцкі курс рускай літаратуры ХІХ стагоддзя», падумаў я.
Першая мая нізка вершаў у часопісе «Маладосць» зявілася ў 1993 годзе. Безумоўна, Віктарам Гардзеем мне быў выдадзены пэўны творчы аванс, бо вершы яму давялося добра-такі падрэдагаваць. І я адзначыў, што ўсе праўкі ёмка карысныя. Тады і зразумеў, што гэта не што іншае, як урок паэтычнай творчасці, якога на факультэце журналістыкі не атрымаеш. Пра маскоўскі літаратурны інстытут у гады развалу ніхто з беларускіх студэнтаў ужо не марыў.
* * *Мой аповед пра стасункі з творчым калектывам часопіса «Маладосць» быў бы няпоўным, калі б я не ўзгадаў пра выезды на рыбалку, якія ініцыяваў Уладзімір Саламаха чалавек энергічны, актыўны, гаваркі. Па-шафёрску пра яго можна сказаць так: рухавік. Калі паведаміў яму, што эканамічныя ўмовы прымусілі мяне з легкавога таксі перасесці на мікрааўтобус, Уладзімір Пятровіч выгукнуў:
Гэта ж выдатна! Можна арганізаваць выезд на калектыўную рыбалку.
І мы паехалі. Апроч мяне і Саламахі налавіць па меху рыбы збіраліся Віктар Гардзей, Анатоль Казлоў і вайсковец сябра Уладзіміра Саламахі, прозвішча якога не памятаю. Па дарозе на Асіповіцкае вадасховішча Саламаха як самы вопытны, дасведчаны рыбак і падарожнік прапанаваў спыніцца каля лесу нарыхтаваць дроў з паваленых сухіх дрэў.
А што там, ля возера, дрэў няма? спытаўся Гардзей.
Ёсць. Але ўсё сухое там даўно павысякалі, адказаў Уладзімір Пятровіч.
Як мурашы, мы цягнулі з лесу ладныя лясіны і запіхвалі іх паміж сядзеннямі, а людзі, праязджаючы міма, пэўна, думалі: «Што ж гэта за нарыхтоўшчыкі такія?»
Ужо на падездзе да вадасховішча каля дарогі стаялі рыбакі, якія трымалі ў руках вязанкі з рыбай.
Спыняйся, закамандаваў мне Саламаха. Трэба прыкупіць рыбкі.
А што, яе ў возеры няма? Чаго ж мы едзем, як не лавіць? цяпер ужо пытаўся Казлоў.
Ёсць, спакойна адказаў Саламаха. Але ж пакуль мы яе наловім, пройдзе шмат часу, а юшку трэба варыць зараз, бо кішкі ўжо марш іграюць.
Мы выбралі прыгожае месца ля возера, балазе прыехалі надвячоркам, пачалі ставіць палаткі і раскладваць вогнішча.