Скрозь «Маладосць». Не самая сумная кніжка пра грошы, чорны шакалад, пісьменнікаў і літаратуру - Святлана Д. Дзянісава 11 стр.


Яны не ведаюць, што гэта такое. Гэтаксама, як не ведаюць, што ёсць сучасная (!) беларуская літаратура. Напрыклад, Адам Глобус і Юры Станкевіч. Іх сказы зачытваю, каб ведалі пра насоўку ды воцат. І нашы часопісныя старонкі, з асобным творам,  у падарунак дасціпным, тым, хто ўсё ж здолеў загадку насоўкі разгадаць. З замілаваннем разглядаю школьнікаў. Любуюся хударлявымі дзяўчынкамі-падлеткамі, часам у кароткіх спадніцах, з прыгожымі нагамі дзяўчынкі! І распачынаю свой выступ перад восьмым, дзясятым і адзінаццатым класамі: «Вы такія маладыя, крамяныя! Напэўна, і самі не ўсведамляеце, якія вы цудоўныя!» Мяне ўражвае, што васьмікласнікі нашмат больш юныя, чым дзесяцікласнікі. А вось пяты клас увогуле іншая планета! Харызма якая! 1011 гадкоў гэта проста неверагодна! А настаўнікі? Часам адчуваеш, што яны вельмі інтэлігентныя, разумныя людзі, а часам уражваешся іх глупствам і сістэмнасцю мыслення. І думаеш, якой непараўнальнай магла б быць прафесія педагога, калі б без глухой і непрабівальнай сурёзнасці. Калі б з глыбокай павагай да ўнікальнасці кожнага дзіцяці, з усведамленнем, што жыццё для радасці і свабоды, а не для страху і прымусу. І можна, цалкам дапушчальна (!) нават не чытаць нейкія нудотныя кніжкі, бо ўсё адно забудзеш. Цяжка сказаць, калі я абрала сваю працу ў часопісе «Маладосць». Можа, калі была дзесяцікласніцай? Тады я ненавідзела школу, фізіку і матэматыку. Рэальнасць была невыноснай, балючай, нецікавай І таму я збягала ў кніжкі, каб хоць нейкае апірышча і смак!.. Каб быць Кацяй-якаячытае-кніжкі, а не пасрэднай нікчэмнасцю. Я пакахала беларускую мову (але пагарджала аднакласнікамі!). І гулялася з мамай у родныя слоўкі вечарамі: насоўка, засень, воцат Купіла Дастаеўскага ў перакладзе на беларускую, выпрасіла ў бібліятэцы другі камлект падручнікаў на матчынай мове, гадзіну «вісела» ў кнігарні не Муракамі і Каэльё, а сучасная беларуская літаратура! Не вельмі шчаслівая дзяўчынка, часам дык зусім няшчасная. Сябе не любіць, аднакласнікаў не любіць. Затое цэлы нататнік з беларускімі слоўкамі.

Аднойчы я заўважыла ў газетным шапіку, на выбітным месцы, часопіс «Маладосць». («Маладосць» у газетным шапіку?!. «Маладосць» на выбітным месцы?!.) На дварэ ўладарыў 2003 год, і я, школьніца, закаханая ў беларушчыну і зразумелая толькі мамай у неардынарным памкненні сваім.

Неўзабаве я стала падпісчыцай «Маладосці», яе заўсёдным чытачом. Сама сабе ўражвалася: з якім імпэтам прагортвала кожны свежы нумар! І ўглядвалася ў незнаёмыя яшчэ твары беларускіх літаратараў, і вучыла з «Маладосцю» беларускія слоўкі.

Памятаю, як зачыталася «Садам замкнёных гор» Сержа Мінскевіча («Маладосць»  1 за 2004 год). Аказваецца, і ў сучаснай беларускай літаратуры ёсць фэнтэзі! З радасцю набыла яшчэ адзін нумар часопіса і падаравала прыяцельцы, вялікай аматарцы культавага Толкіена.

Сусвет як быццам падміргваў мне, даваў цікавыя знакі. У адным з нумароў прачытала прозу Адама Шостака. А ў хуткім часе да мяне завітаў знаёмы гродзенскі нефармал Кілаграм (заўважу, што Кіло зусім не літаратар). І разам з ім Адам Шостак!!! Я ж бачыла ягоную фотку ў «Маладосці», я ж зусім нядаўна чытала ягоную прозу!!! Што за чароўнае сцячэнне выпадковасцей!

А  9 за 2003 год? Распачынаецца вершамі майго цяперашняга калегі Рагнеда Малахоўскага. Вядома, у 2003 годзе і марыць не магла, што нашы пісьмовыя сталы будуць суседзямі. Дык вось! Гэты нумар з вершамі майго будучага калегі самы зацяганы, вокладка як насценны каляндар, чытала-перачытвала, аж запэцканы цяпер. Але, прызнацца па шчырасці, чытаўся-перачытваўся не спадар Малахоўскі, а ў першую чаргу артыкул паэткі Вікі Трэнас «Мінская маладая літаратура: пакаленне next». Але ж праз колькі гадоў і Віка будзе ў складзе «Маладосці», загадчыцай аддзела паэзіі. І падумаць не магла,  так, і падумаць у тыя часы не магла, не здагадалася!  што гэты нумар «Маладосці» намёк на маю будучыню, у якой Рагнед Малахоўскі і Віка Трэнас частка штодзённай працоўнай звычайнасці.

У студэнцкія гады ў маім нататніку было пазначана: «Надрукавацца ў Маладосці». Але ж захапілася ўсходнім трактатам «Дао дэ дзын», медытавала на «Жыццё для працэсу, а не для мэты» і прагнула жыць для сваёй асабістай бессэнсоўнай радасці, а не для прызнання кімсьці. І ўсё ж заносіла свае апавяданні ў «Маладосць» нашаму слаўнаму празаіку Андрэю Федарэнку, загадчыку аддзела прозы. «І навошта я гэта раблю?  думалася.  Я ж прагну пісаць выключна для сваёй радасці, а не для прызнання. І так ва ўніверы шмат абавязковых пар ды заданняў, а я яшчэ час на такое сумніўнае марную» Ды ўсё адно нейкая моц цягнула мяне ў рэдакцыю. А потым мяне заўважылі і запрасілі працаваць у часопіс для падлеткаў «Бярозка». Стаяў 2011 год Для мяне, ад нараджэння мінчанкі, было вялікай радасцю атрымаць размеркаванне ў Мінск, ды і літаратурна-мастацкі часопіс «Бярозка» выклікаў пашану. Я піла каву з маладосцеўцамі («Маладосць», «Маладосць»! Мая старая сяброўка!), але і «Бярозку» пакахала: сама друкавалася ў ёй у школьныя гады. «Бярозка» легендарны часопіс, з 1924 года па людзях падарожнічае! Але цяпер я значылася ў складзе рэдакцыі «Маладосці». І нашае падзабытае сяброўства аднавілася, увасобіўшыся ў новую, нечаканую для мяне форму.

Глыбока шаную сваю працу ў «Маладосці», і сваіх калег глыбока шаную, і свой працоўны пакой (на галоўным сталічным праспекце, на Незалежнасці, 39), які мы з паэтам Рагнедам Малахоўскім раздзяляем. У нашым пакоі ёсць дзве бес-каш-тоўныя (!) шафы архіў «Маладосці» ад самага пачатку, ад 1953 года. Падарожжа ў гісторыю выдання гэта захапляльна, гэта сакавіта! Люблю савецкія нумары «Маладосці», з прыгожай маральнасцю, грунтоўнасцю і якасцю. А яшчэ люблю родныя, прасякнутыя загадкавым водарам маіх школьных гадоў нумары першай паловы 2000-х: разам з імі я вучылася размаўляць па-беларуску, адкрывала для сябе сучасную беларускую літаратуру.

Аналізаваць сваю жыццёвую пуцявінку займальна. Я прыйшла ў часопіс «Маладосць» альбо ён сам прыйшоў да мяне? І ў які момант жыцця я абрала сваю працу з бескаштоўнымі шафамі ў пакойчыку? Тады, калі натрапіла на шапік з «Маладосцю»? А можа, гісторыя бярэ пачатак зусім не тут. Можа, увесь цымус у маёй маме, якой душа балела за мову і дэталь гэтая надала асаблівы смак майму дзяцінству. Бясконцая пуцявінка, дэталі і дробязі. І ўсе яны чароўныя. Як жывіца на лясным дрэве, як мёртвыя мятлікі на ўзбочыне бальшака ў летняе пекла. Дэталі і дробязі ствараюць непаўторнае палатно лёсу. Глядзіце, чорныя вароны на чорным студзеньскім дрэве за акном! Не было б без варон за акном гэтай раніцы і эсэ гэтага.

Жыццё бясконцая, бяздонная загадка. Штось творчае, адухоўленае. Да немажлівасці, да святочнай урачыстасці жывое. І разумнае.

Што ж, з Днём народзінаў, «Маладосць»! З Днём народзінаў, сяброўка!

Раздзел трэці. Успаміны

Віктар Кунцэвіч

Ранак на возеры гэта нешта фантастычнае: ціха пра штосьці мрояць дрэвы, а вада блішчыць чырвоным святлом, якое выліваецца ў яе з вялікага цэбра пад назвай сонца.

Вышукваю, дзе лодка Саламахі згледзеў яе каля разлапістага кустоўя. З палаткі выбраўся заспаны Гардзей. Закурыў. Сядзіць і ўдумліва глядзіць на возера. Я падсеў да яго. Пытаюся:

 Вуду будзеце закідваць?

 Не, Валодзя наловіць.

* * *

 Віктар, пачакай хвіліначку, хачу ў цябе штосьці спытацца,  прыпыніла мяне каля падезда суседка, Людміла Васільеўна, кватэра якой знаходзіцца акурат над маім жытлом.

Апошнім часам я чуў, як па столі маіх пакояў грукаюць хуткія і дробныя крокі яе маленькага ўнука, і гэта не раздражняла, а, наадварот, узрушала, прымушала ўяўляць: які ж ён, гэты маленькі бегунок? Таму я жартаўліва адгукнуўся суседцы:

 Слухаю вас, маладая прыгожая бабуля.

 Ой, гэта ж не дзіця, а завадная лялька, у якой замест батарэйкі атамны рэактар. Не назаляе табе ягоны тупат?

 Не, такая музыка мне даспадобы!

 Маніш,  усміхаецца Людміла Васільеўна.  Але ж я вось пра што хацела спытацца: у маёй паштовай скрыні зявіўся часопіс «Маладосць». Я ведаю, што яго ў нашым падездзе выпісваеш толькі ты, ну і падумала, што паштальёнка пераблытала паклала ў маю скрыню тваю карэспандэнцыю. А тут якраз і жонка твая падыходзіць, адчыняе сваю і бачу: гэткі ж часопіс дастае разам з газетамі. Угледзелася я на часопіс, які трымала ў руках,  а там нумар маёй кватэры напісаны. Прыйшла дамоў, патэлефанавала на пошту, пытаюся: што гэта за часопіс пачалі мне прыносіць? А там са смехам адказваюць: «А вы што, не памятаеце, на якія выданні падпісваліся?» «Не,  кажу,  з памяццю ў мяне пакуль што ўсё добра не падпісвался я на часопіс Маладосць».  «Ну, можа, сын ці муж падпісаліся,  адказваюць.  Калі хочаце, можам праверыць». І праз хвіліну паведамляюць, што падпіску аформіла Людміла Ваньковіч. Што я магла яшчэ сказаць? Ціха паклала трубку. Дык вось я і падумала, што, можа, ты што ведаеш пра такое дзіва?

 А скажы, Васільеўна, ці чытала ты часопіс?  адказваю ёй пытаннем на пытанне, хаваючы ў вусах усмешку.

 Ну а як жа не пакарыстацца тым, што задарма ў рукі прыйшло? І ведаеш, зацікавілася я, мову ўзгадала я ж таксама вясковая. Нават у вершах знайшла штосьці сугучнае для маёй душы. І прыемна, што пішуць маладыя, і так добра пішуць. Я ж думала, што беларуская літаратура толькі ў школьных падручніках і засталася

Тады я і прызнаўся сваёй суседцы, што гэта я ад яе імя аформіў ёй падпіску.

 Чула мая душа, што без цябе ў гэтай справе не абышлося,  засмяялася Людміла Васільеўна, а потым сурёзна дадала: Дзякую.

Адбывалася гэта размова даўно, недзе напачатку 1990-х. Тыя гады называюць ліхімі. І чаго ў іх больш было ліха ці зухаватасці?  вызначыць цяжка. Хапала ўсяго. А вось для мяне асабіста гэты перыяд стаўся перыядам інтэлектуальнага і творчага росту. У 1990-м годзе я паступіў на завочнае аддзяленне факультэта журналістыкі БДУ. У той жа час пазнаёміўся і з творчым калектывам часопіса «Маладосць»: Генрыхам Далідовічам, Віктарам Гардзеем, Уладзімірам Саламахай, Анатолем Казловым, Казімірам Камейшай. Гэтыя людзі дапамаглі тады мне, таксісту з Магілёва, паверыць у свае сілы. І не толькі творчыя. А я ж сумняваўся, ці змагу адолець вучобу.

Назад Дальше