Пра каго яшчэ я пісаў на старонках «Маладосці», але не было аказіі адзначыць высокі юбілей? Пра Мечыслава Карловіча, вядомага польскага кампазітара, які лічыцца цяпер стваральнікам польскай сімфанічнай музыкі. На жаль, ён рана пайшоў з жыцця: быў альпіністам, катаўся ў Татрах і загінуў там пад лавінай у даволі маладым узросце. Род Карловічаў таксама беларускі. Яго прадстаўнікі дапамаглі Францішку Багушэвічу выдаць «Дудку беларускую» і «Тралялёначку». Акрамя таго, бацька Мечыслава, Ян Карловіч, займаўся даследаваннем беларускай мовы. І жылі яны на тэрыторыі цяперашняга Вішнева, што ў Смаргонскім раёне. У нас, трэба адзначыць, два Вішнева. А чаму мы ўвесь час яго адкідвалі? Па вельмі простай прычыне: ва ўсіх даведніках было сказана, што ён нарадзіўся ў маёнтку Вішнева Свянцянскага павета. Межы ж тыя і цяперашнія не супадаюць: Свянцянскі раён заходзіў клінам і на тэрыторыю маёй Астравеччыны, і на Смаргоншчыну.
Я не музыказнаўца, і гэта сцвярджэнне не маё, а вядомых даследчыкаў гісторыі музыкі: у многіх сімфанічных творах Мечыслава Карловіча гучаць беларускія жніўныя песні. Такая вось асоба.
Акрамя таго, вы ж пісалі ў «Маладосць» рэцэнзіі. Перш за ўсё, на кніжкі сяброў, такіх як Караткевіч.
Ну, калі ўжо гаварыць пра Караткевіча, дык лепш згадаць, што менавіта «Маладосць» мае самае непасрэднае дачыненне да таго, што чалавек гэты ўрэшце скончыў сваё халасцяцкае жыццё. Гэта апісана ўжо мною, але паўтарыць, думаю, варта.
Помню гэты дзень як сёння. 1967 год, час перад кастрычніцкімі святамі. Мы жылі тады побач: ён на Веры Харужай, я на Чарвякова, але гэта праз дом, паўсотні метраў. Вокны нашы, пакуль дрэвы не павырасталі, маглі праглядвацца, і, калі трэба было сустрэцца, мы сігналізавалі адзін аднаму лямпамі з падваконняў: тэлефонаў жа яшчэ не было.
Раніцай я збіраюся на работу і прыходзіць ён. Расстроены. «Ведаеш, стары, я, здаецца, жаніўся». «Стары» гэта яго любімае слова было. Я гавару: «Дык здаецца ці жаніўся?» А Марыя мая, нябожчыца, падае голас з кухні: «Ну, нарэшце і на цябе ўправа знайшлася». Бо ніхто не мог апантаць яго. Я пытаю: «Дык хто ды хто?» Гэта таксама яго любімае «хто ды хто», а я толькі пераймаю.
«Выкладчыца, кажа. Ты разумееш, стары, выкладае гісторыю КПСС, але сама археолаг». Я кажу: «Дык у чым справа? Чаго ты перажываеш?» «Ты разумееш, запрасіў яе да сябе ў госці». А ён тады з маці жыў. Я кажу: «Ну дык што?» «Ты ж памятаеш, што мы павінны заўтра ехаць у Ракаў на вяселле веку, да Рагойшаў». «Дык запрашай туды і яе табе даруюць».
Яна ж, Валянціна яго, тады па-беларуску гаварыць не ўмела, і хаця вучылася адначасова са мной на гістарычным факультэце, я яе, канешне, не памятаў. Ну, яна была разведзена, свабодная. А прычым тут «Маладосць», нехта папытае? Яна любіла чытаць дэтэктыўныя творы, польскую фантастыку і ўсё ў такім духу.
«Панажоўшчына» гэта для яе было найлепшае. І неяк, едучы ў цягніку, лежачы чытала ў «Маладосці» «Дзікае паляванне караля Стаха». На прозвішча аўтара ўвагі не звярнула.
І вось ва ўніверсітэце праходзіць канферэнцыя па «Каласах» з удзелам самога Караткевіча. А яна, як куратар курса, прывяла на гэту сустрэчу сваіх студэнтаў. Сама ж зноў чытала дэтэктыўны раман і на выступоўцу, як кажуць, нуль увагі. Караткевіч, канешне, тады пра «Дзікае паляванне» не гаварыў нічога. І вось па заканчэнні канферэнцыі Уладзімір Калеснік, ён быў загадчыкам кафедры, збірае куратараў у сябе ў кабінеце знаёміць з Караткевічам. Ёй трэба было нешта сказаць яна і кажа: «А чаму б вам не напісаць які-небудзь дэтэктыўны раман?» Ён глядзіць на яе з цікавасцю. «Ну, накшталт чаго?» пытаецца. «Накшталт, скажам, Дзікага палявання Караля Стаха, напрыклад». Калі ён, зарагатаўшы, сказаў: «Гэта ж я напісаў», ёй стала сорамна прыйшлося запрасіць да сябе ў госці.
Яму пашанцавала. Калі захочаш, то навучышся: яна пачала гаварыць па-беларуску і вельмі многа і плённа працавала пасля як гісторык. Валодзя ахвотна далучаўся да яе ў экспедыцыях. Яна была добрай гаспадыняй і разумнай жанчынай. І навяла парадак пазбавіла магчымасці бываць у кватэры ўсіх, хто прыходзіў па ранейшай звычцы, шукаючы тут прытулак, каб распіць пляшку.
Так што роля «Маладосці» ў жыцці Уладзіміра Сямёнавіча найвялікшая.
Буйным планам у год юбілею «Маладосці» глядзяцца Кастусь Каліноўскі і яго паўстанне. Пра гэта вамі таксама было знойдзена шмат матэрыялаў.
Так, пра ўдзельнікаў паўстання ў Беларусі у Мінску ды іншых гарадах. У тым ліку была выяўлена і такая асоба як Міхал Цюндзявіцкі, расстраляны ў Мінску на раздарожжы Койданаўскай вуліцы і Ігуменскага тракта, у раёне цяперашняга паштамта. На добры толк, трэба было б паставіць мемарыяльную дошку аднаму з першых паўстанцаў. Да таго ж, асоба гэта сама па сабе вельмі цікавая. Маці яго Ганна Цюндзявіцкая, аўтарка кніжкі «Гаспадыня літоўская», якой захапляўся Караткевіч і якую я потым дапамог выдаць.
Трэба сказаць, што свае архіўныя знаходкі я друкаваў таксама ў «Маладосці». Артыкул пра фонд 1135, напрыклад, упершыню абнародаваў творы беларускай паэзіі пачатку XVIII стагоддзя. Дамініка Рудніцкага, у прыватнасці, толькі знойдзеныя. Увогуле, самыя розныя творы. Заўсёды нешта пачыналася з «Маладосці»
З прынесенага вамі ў «Маладосць» апошнім часам стварылася інтрыга не горшая, чым у аповесцях Караткевіча: ваш рукапіс твора пра Адама Гурыновіча рэдакцыя проста згубіла.
Так-так. Мне павінна было спаўняцца 75 гадоў, і з гэтай нагоды Раіса Баравікова папрасіла прынесці «што-небудзь, але каб толькі з таямніцай, у дэтэктыўным плане» якраз як у Караткевіча. Я падумаў: «Што ж я магу прынесці ў рамантычна-ўзнёслым і адначасова прыгодніцкім плане?» І ўспомніў, што некалі ў Польшчы, у час першай сваёй замежнай навуковай камандзіроўкі мне ўдалося дабіцца таго, каб у беларускія рукі трапіў архіў Яніны Гурыновіч, пляменніцы Адама Гурыновіча. Аказалася, што сярод тых твораў былі вершы і на польскай мове, і на беларускай, і на рускай. Усё гэта ўжо апублікавана, але заставаліся недрукаваныя лісты. Не самога Гурыновіча, а дзяўчат, якія пісалі да яго. Ён жа быў студэнтам з Пецярбурга, ды такім, па здымках відаць, досыць прывабным. Так у маё распараджэнне трапілі лісты дзвюх вельмі розных жанчын. Першая Станіслава Пяткевіч, ідэйная асоба, марксістка, якая вырашыла ахвяраваць сваім юнацтвам дзеля вялікай мэты. Яна працавала дзесьці ў Вільні швачкай, лісты яе на польскай мове, сухія, скупыя. Другая Ружа (ці Роза?) Швайніцкая, жанчына-агонь. Яе выразы ў лістах вобразныя, квяцістыя. Гэта Швайніцкая захаплялася вершамі Гурыновіча ды і сама потым пачала пісаць.
Лісты Гурыновіча да гэтых асобаў не вядомыя. А вось тое, што прыходзіла на рукі яму, у пляменніцы захавалася. Я пачаў думаць: што, калі змясціць гэтыя лісты, а да іх дадумаць, што мог пісаць Гурыновіч у адказ, выкарыстоўваючы яго стыль? Гэта магла б быць драма. І я зрабіў сцэнарый для тэлефільма ці тэлеперадачы не памятаю ўжо. Гэта прайшло, адбылося і знікла: тады ж не было моды, каб аўтар атрымаў на памяць запіс праграмы. А ў мяне нават і тэксту не засталося. І калі Раіса Баравікова мне так сказала, я пачаў пісаць нанава. Трэба ж было менавіта ў гэты час звярнуцца да мяне Алесю Карлюкевічу з просьбай узнавіць працу над «Літаратурнымі мясцінамі Беларусі». Так я пераключыў увагу і песа выйшла з-пад майго кантролю.
Дзеючыя асобы ў ёй Адам Гурыновіч, маці яго, Станіслава Пяткевіч і Ружа Швайніцкая. У тых лістах і вершыкі нават былі: гэта ўсё дакументальнае Але сапраўды згублена ў рэдакцыі.
То будзе ж некалі нават і вельмі цікава! Вы толькі сабе ўявіце: роля «Маладосці» ў вяртанні твора Мальдзіса
Уладзімір Гніламёдаў. Актуальная размова пра мінулае
Паслухаеш успаміны старэйшых пісьменнікаў і тагачасная рэдакцыя пачынае ўяўляцца не офісам, у якім ствараецца часопіс, а клубам па інтарэсах. Працоўны дзень працягласцю ў дзве гадзіны і толькі для таго, каб рэдактару сустрэцца з аўтарамі. Фантастычны расклад!
Акадэмік Гніламёдаў, Уладзімір Васільевіч, далёка не першы, хто адказвае на гэта, можа быць, ужо і зацяганае, але усё яшчэ актуальнае пытанне.
Сапраўды, працавалі недзе з дванаццаці. Бо ранкам рэдактару добра папрацаваць самому: ён жа таксама пісьменнік, і планаў у яго, можа быць, больш, чым у каго іншага, ён бо зацікаўлены больш. Ён дома раніцай папрацуе, а потым ужо ідзе ў рэдакцыю сустрэцца з аўтарамі. Мне здаецца, што працаваць у рэдакцыі дзве гадзіны ў дзень гэта правільна. Калі сёння праца пачынаецца а палове дзявятай, то, мне здаецца, гэта непрадуктыўна. Хоць знешне выглядае, можа быць, і наадварот
* * *Асабліва любілі наведваць рэдакцыю пісьменнікі, так бы мовіць, на вольных хлябах. Так было заведзена: трэба пісьменніку пагаварыць ён ідзе ў рэдакцыю. Не скажа ж яму Вера Палтаран: «Іван Іванавіч, няма ўжо часу з вамі гутарыць». Гаворка доўжыцца. Потым яшчэ хто прыходзіць тады яны ўжо паміж сабою пачынаюць гаварыць, Іван Іванавіч і Пётр Пятровіч. Пісьменнік звычайна асоба цікавая, з арыгінальным досведам. Гэта заўсёды людзі, якія пабачылі жыццё. Вазьміце Піліпа Пестрака гэта ж арыгінальная глыба. Ці Івана Шамякіна. Ці прыходзіць, скажам, Ілья Гурскі са сваім багажом, і Андрэй Макаёнак са сваім. Ды каго ні возьмеш гэта ўсё людзі арыгінальныя. Яны і пісалі арыгінальна, па-свойму. Нават нягледзячы на жорсткія ідэалагічныя патрабаванні яны знаходзілі шляхі для творчага самавыяўлення, і тое, што яны рабілі, большай часткай вельмі цікава. Таму і друкавалася.