Калі ласка, стары сябра, дайце паўкроны! з нахабным выглядам сказаў я. А вось гэта вам у заклад. І я сунуў маленькі скрутак яму ў руку.
Не магу! сказаў ён. Бог сведка, у мяне нічога няма! І ён вывернуў увесь свой кашалёк проста перад маім носам. Учора ўвечары я крыху павесяліўся і цяпер сяджу без нічога. Паверце, у мяне нічога няма.
Ну, не бяда, даражэнькі, вядома ж, вядома ж! адказаў я, паверыўшы яму на слова.
Бо ён, вядома, не стаў бы хлусіць праз такую драбязу, мне нават падалося, што яго шэрыя вочы ледзьве не поўніліся слязьмі, калі ён корпаўся ў кішэнях і нічога не знаходзіў. Я адышоў.
У такім выпадку, прабачце! сказаў я. Проста я аказаўся ў цяжкаватай сітуацыі.
Я ўжо адышоў быў досыць далёка, калі ён паклікаў мяне, нагадваючы пра забыты мною скрутак.
Пакіньце, пакіньце яго сабе! адгукнуўся я. Зрабіце мне ласку! Там некалькі драбнюткіх рэчаў а і ледзьве не ўсё, што ў мяне ёсць на гэтым свеце.
Я быў расчулены сваімі словамі: яны прагучалі гэтак безнадзейна-роспачна ў вечаровым змроку, і тут я заплакаў
Вецер свяжэў, хмары шпарка несліся па небе, і з надыходам сутоння мне рабілася ўсё халадней. Я ішоў па вуліцы і плакаў, усё больш і больш шкадуючы сябе; раз-пораз у мяне вырывалася колькі слоў, воклічы, ад якіх быццам ужо ўтаймаваныя слёзы зноў пачыналі засціць вочы:
Божа, як жа мне цяжка! Божухна, як цяжка!
Прайшла гадзіна, яна цягнулася так павольна, што здавалася бясконцаю. Я бадзяўся на Торвгатэн, потым сядзеў на прыступках каля дзвярэй, хаваўся за брамамі, калі хто-небудзь праходзіў побач, бессэнсоўна глядзеў праз асветленыя вітрыны крамаў на пакупнікоў, што завіхаліся, маючы грошы і трымаючы ў руках тавары; нарэшце я знайшоў утульнае месца за штабелем дошак, паміж царквою і базарам.
У лес я ісці не мог нават пад страхам смерці у той вечар у мяне не было сілы, а дарога здавалася такой бясконца доўгаю. Я вырашыў, што як-небудзь пратрываю ноч тут, нікуды не пайду, калі ж мяне адолее холад, дык пахаджу сабе вакол царквы: саромецца тут асабліва няма чаго. Я прыхіліўся да дошак і задрамаў.
Навокал патроху рабілася цішэй, крамы зачыняліся, крокі прахожых чуліся ўсё радзей, нарэшце, у вокнах пагасла святло
Я расплюшчыў вочы і ўбачыў перад сабою нейкага чалавека: бліскучыя гузікі кінуліся мне ў вочы, і я зразумеў, што гэта паліцыянт; твару, аднак, відаць не было.
Добры вечар! сказаў ён.
Добры вечар! спалохана адказаў я. І тут жа ўстаў, адчуваючы няёмкасць.
Паліцыянт пастаяў крыху, не робячы аніякіх рухаў.
Дзе вы жывяце? спытаў ён.
Паводле старой звычкі я, не задумваючыся, назваў свой стары адрас, дзе жыў нядаўна ў каморцы на гарышчы.
Ён яшчэ трохі пастаяў моўчкі.
Я зрабіў што-небудзь кепскае? са страхам спытаў я.
Што вы, я пра гэта не казаў! запярэчыў ён. Але вам усё-ткі лепш пайсці дадому: тут вы замерзнеце.
І праўда, я адчуваю, што сёння халаднавата.
Я сказаў яму «дабранач» і міжволі накіраваўся да свайго ранейшага жытла. Калі ісці асцярожна, я мог бы прабрацца наверх, нікога не патрывожыўшы: сходы мелі восем прыступак, і толькі дзве верхнія маглі пагрозліва зарыпець.
Каля брамы я зняў чаравікі і пайшоў далей. У доме было ціха: на другім паверсе я пачуў прыглушанае ціканне гадзінніка і нягучны плач дзіцяці, больш не было чуваць ані гуку. Я знайшоў свае дзверы, крыху прыпадняў іх на завесах, адчыніўшы, як звычайна, без ключа, зайшоў у пакой і ціхенька зачыніў дзверы за сабою.
У каморцы нічога не памянялася, фіранкі на вокнах былі рассунутыя, ложак пусты. На стале я ўбачыў паперку, відавочна, гэта была мая цыдулка напэўна, гаспадыня нават не зазірнула сюды пасля майго адыходу. Я абмацваю рукою белы квадрацік і са здзіўленнем разумею, што гэта ліст. Але ад каго? Я нясу яго да акна, разбіраю ў прыцемках крамзолі і нарэшце знаходжу сваё імя. «Ага! думаю я. Напэўна, гэта ад гаспадыні: яна забараняе мне заходзіць у пакой, калі я надумаюся вярнуцца!»
І павольна, вельмі павольна я зноўку сыходжу, несучы чаравікі ў адной руцэ, ліст у другой і коўдру пад пахай. Я іду на дыбачках, сціскаю зубы, калі ступаю на рыплівыя прыступкі, шчасліва пераадольваю сходы і апынаюся ў падездзе.
Я зноў нацягваю чаравікі, доўга завязваю шнуркі, сяджу колькі хвілін, бессэнсоўна гледзячы перад сабою і трымаючы ліст у руцэ.
Потым я ўстаю і сыходжу.
На вуліцы мігціць газавы ліхтар, я іду бліжэй да святла, кладу скрутак каля слупа і павольна, вельмі павольна разрываю канверт.
Я зноў нацягваю чаравікі, доўга завязваю шнуркі, сяджу колькі хвілін, бессэнсоўна гледзячы перад сабою і трымаючы ліст у руцэ.
Потым я ўстаю і сыходжу.
На вуліцы мігціць газавы ліхтар, я іду бліжэй да святла, кладу скрутак каля слупа і павольна, вельмі павольна разрываю канверт.
Усярэдзіне ў мяне быццам успыхвае полымя, я чую свой слабы крык, бессэнсоўны, радасны вокліч. Ліст ад рэдактара: мой фельетон прыняты і ўжо адпраўлены ў друкарню! «Некалькі дробных паправак дзве-тры выпадковыя апіскі вельмі таленавіта будзе надрукавана заўтра ганарар дзесяць крон».
То смеючыся, то плачучы, я кінуўся бегчы па вуліцы, потым спыніўся, укленчыў і, уздымаючы позірк да неба, пачаў невядома на што і на каго лаяцца А час ішоў.
Усю ноч да раніцы я хадзіў па вуліцах, ашалеўшы ад радасці, і паўтараў:
Напісана таленавіта значыцца, маленькі шэдэўр, геніяльная рэч І дзесяць крон ганарару!
Сцэна другая
Прайшло тыдні два, і аднойчы ўвечары я пайшоў з дому.
Я зноў сядзеў на могілках і пісаў артыкул у адну з газет. Я прапрацаваў да дзесяці, надышла цемень, неўзабаве вартаўнік павінен быў зачыніць браму. Мяне даймаў голад, моцны голад. Тых дзесяці крон, на жаль, хапіла ненадоўга: я ўжо не еў два, амаль што тры дні і адчуваў слабасць, мне нават цяжка было вадзіць алоўкам па паперы. У кішэні ў мяне быў зламаны сцізорык і ключы, але не было аніводнай манеткі.
Калі браму могілак зачынілі на замок, мне, вядома, варта было пайсці дадому, але праз неўсвядомлены страх перад сваім жытлом, дзе было цёмна і пуста, перад закінутай майстэрняю бляхара, дзе мне ўрэшце дазволілі мець часовы прытулак, я пацягнуўся куды папала, паўз ратушу, да набярэжнай, і далей, да вакзала, дзе я нарэшце сеў на лаўку.
Чорныя думкі ў гэтай хвілі выветрыліся ў мяне з галавы, я забыўся на ўсе свае нягоды, супакоены відовішчам марской гавані, гэткай ціхамірнай і цудоўнай у вячэрнім прыцемку. Паводле завядзёнкі я хацеў перачытаць тое, што нядаўна напісаў: майму хвораму ўяўленню гэта здавалася найлепшым з маіх твораў. Я дастаў рукапіс з кішэні, паднёс яго да самых вачэй, каб лепш бачыць, і пачаў перачытваць старонку за старонкаю. Урэшце я стаміўся і зноў сунуў паперы ў кішэню. Усё было ціха, мора адлівала перламутравай сінечай, наўкола з месца на месца пераляталі малюпасенькія птушкі. Крыху ўбаку хадзіў паліцыянт, апроч яго не было відаць аніводнае душы, і над усёю гаванню панавала маўчанне.
І вось я зноў перабіраю свае багацці: зламаны сцізорык, ключы, але не знаходжу ніводнага эрэ. Раптам я хапаюся за кішэню і зноў выцягваю паперы. Гэта было неяк машынальна, несвядомы нервовы жэст. Я знаходжу чысты, не спісаны аркушык і Бог ведае, чаму мне ў галаву прыйшла гэтая думка, раблю скрутачак, акуратна загінаю краі, каб здавалася, быццам у ім нешта ёсць, і кідаю яго далёка на брук. Апісаўшы паўкола ў паветры, скрутачак падае на зямлю і застаецца нерухома ляжаць.
Голад зрабіўся невыносным. Я глядзеў на белы скрутачак, раздзьмуты, нібы поўны срэбных манет, і мне самому пачынала здавацца, што ён зусім не пусты. Я цешыўся і спрабаваў адгадаць, колькі ж там грошай, калі дакладна адгадаю, яны будуць мае! Я ўяўляў сабе маленькія, цудоўныя манеткі па дзесяць эрэ на самым дне скрутачка і самавітыя, чаканныя кроны зверху цэлы скрутак, набіты грашыма! Я ўтаропіўся ў яго, і мне карцела падысці і падняць скрутак.
Раптам я чую кашаль паліцыянта, і чаму гэта мне тут жа прыходзіць у галаву кашлянуць таксама? Я падымаюся з лаўкі і кашляю: раблю гэта тры разы, каб ён пачуў. Калі ж ён наблізіцца, ён абавязкова кінецца падымаць скрутачак! Я быў усцешаны гэтым прыдуманым жартам, паціраў рукі ад захаплення і лаяўся да самазабыцця. Як жа ён, сабака, ашалее ад здзіўлення! Няхай трапіць у самую апраметную праз сваю зладзейскую выхадку! Ад голаду я нібы захмялеў, нават ладна апянеў.
Праз колькі хвілін паліцыянт падыходзіць бліжэй, азіраючыся па баках; жалезныя падкоўкі на яго абцасах грукаюць па бруку. Ён не спяшаецца, у яго цэлая ноч наперадзе, ён заўважае скрутак, толькі падышоўшы зусім блізка. Але нарэшце ён спыняецца і глядзіць на паперку. А скрутак так панадліва бялее на бруку, мабыць, там кругленькая сума, га? Кругленькая сума срэбрам? І ён падымае папяровы скрутачак. Гм! Там нешта лёгкае, вельмі лёгкае. Можа быць, каштоўнае пяро для капелюша Сваімі вялікімі рукамі ён асцярожна разгортвае скрутак і зазірае ў яго. А я рагачу, рагачу як варят і пляскаю сабе па каленях. Але ніводнага гуку з майго горла не вырываецца: мой смех бязмоўны, ён падобны да прытоенага спазматычнага рыдання