Зноў чуецца грукат абцасаў па бруку, і паліцыянт ідзе далей па набярэжнай. Я сяджу са слязьмі ўваччу і задыхаюся ад ліхаманкавай весялосці. Потым я пачынаю размаўляць уголас, расказваю самому сабе пра скрутачак, перакрыўляючы беднага паліцыянта, я зазіраю сабе ў пустую жменю, зноў і зноў паўтараю сам сабе: «Ён кашлянуў, калі кінуў скрутачак! Кашлянуў, калі кінуў!» Крыху пазней я дадаю да гэтай фразы яшчэ некалькі вострых слоўцаў, перарабляю яе, і цяпер яна гучыць куды больш дасціпна: «Ён кашлянуў разок кха-ха!»
Гэтая слоўная гульня мяне знудзіла, яна доўжылася да позняга вечара, і ўрэшце мая весялосць сышла на нішто. Мною авалодаў санлівы спакой, надышла прыемная млосць, і я не супраціўляўся гэтаму. Змрок зрабіўся непраглядным, падзьмуў лёгкі ветрык, і перламутравая роўнядзь мора ўся пайшла рабізною; мачты караблёў выразна вымалёўваліся на фоне неба, а самі іх чорныя постаці былі падобныя на маўклівых натапыраных пачвараў, якія стаіліся і падпільноўвалі мяне. Скруха мая прайшла, яе заглушыў голад цяпер я адчуваў у сабе прыемную пустэчу, нішто мяне не трывожыла, і я цешыўся са сваёй адзіноты. Я залез на лаўку з нагамі і прылёг так мне зручней за ўсё было атрымліваць асалоду ад адзіноты. Аніводная хмарка не азмрочвала маю душу, у мяне не было цяжкіх прадчуванняў, і мне здавалася, што спраўдзіліся ўсе мае мары і жаданні. Я ляжаў з расплюшчанымі вачыма, нібы забыўшыся на самога сябе, у думках я знаходзіўся далёка-далёка, і тое было цудоўна.
Па-ранейшаму ніводзін гук не парушаў майго спакою, мяккі змрок хаваў ад маіх вачэй увесь свет, і я пагрузіўся ў глыбокую цішу адно неспакойны шоргат штылю сваёй аднастайнасцю пачынаў ціснуць мне на вушы. Калі надыдзе ноч, гэтыя цёмныя пачвары паглынуць мяне і панясуць далёка, за мора, у чужыя краіны, дзе ніхто не жыве. Яны прынясуць мяне да замка прынцэсы Юлаялі, дзе мне падрыхтаванае такое хараство, якога яшчэ не бачыў свет. І сама яна будзе сядзець у зіхатлівай зале, дзе ўсё зроблена з аметысту, на троне з залацістых ружаў, і, калі я ўвайду, яна падасць мне руку і гучна вымавіць прывітальныя словы, як толькі я падыду блізка і ўкленчу перад ёю: «Вітаю цябе, рыцар, у маім палацы і ў маіх уладаннях! Я чакала цябе дваццаць гадоў, я клікала цябе ўсе гэтыя светлыя ночы, і калі ты пакутаваў, я плакала, а калі ты спаў, я сваім подыхам насылала на цябе цудоўныя сны!..» І вось прыгажуня бярэ мяне за руку, паказвае дарогу, вядзе доўгімі калідорамі, дзе велізарныя натоўпы крычаць «віват!», цераз светлыя сады, дзе гуляюць і смяюцца тры сотні маладзенькіх дзяўчат, у іншую залу, дзе ўсё зроблена з прамяністага смарагду. Тут усё залітае сонцам, у галерэях і калідорах чуюцца салодкія спевы, на мяне аднекуль павявае пахкімі водарамі. Я трымаю яе руку ў сваёй і адчуваю, як мая кроў запальваецца варяцкімі, вядзьмарскімі чарамі, я абдымаю яе, і яна шэпча: «Не тут, хадзем далей!» І мы ўваходзім у пунсовую залу, дзе ўсё выштукавана з рубіну, я патанаю ў харастве, якое ахоплівае мяне ўсяго І я адчуваю, як яе рука абдымае мяне, яе дыханне сагравае мяне, і я чую шэпт: «Вітаю цябе, мой каханы! Цалуй мяне! Яшчэ яшчэ»
З лаўкі мне відаць зоркі, што ззяюць перад маімі вачыма, і мая думка імкліва нясецца прэч разам з віхураю святла
Я заснуў, лежачы на лаўцы; праз нейкі час прыйшоў паліцыянт і разбудзіў мяне. Мяне бязлітасна змусілі і далей гібець у жабрацкім жыцці. Першым маім пачуццём было тупаватае здзіўленне, што я апынуўся пад голым небам, але яно хутка змянілася горкай тугой: я гатовы быў плакаць ад прыкрасці, што я ўсё яшчэ жывы. Покуль я спаў, прайшоў дождж, вопратка мая прамокла да ніткі, і я адчуваў золкі холад ва ўсім целе. Змрок зрабіўся яшчэ гусцейшым, і мне з цяжкасцю ўдалося разгледзець твар паліцыянта.
Та-а-ак! прамовіў ён. А цяпер падымайцеся!
Я адразу ўстаў; калі б ён загадаў мне зноў легчы, я таксама б падпарадкаваўся. Я быў прыгнечаны і дашчэнту знясілены, а да таго ж мяне адразу пачаў зноўку мучыць голад.
Дурны чалавеча, пачакайце! выгукнуў паліцыянт. Вы забылі свой капялюш. Та-а-ак, цяпер ідзіце!
Мне таксама здалося, што я што я забыўся бязладна прашаптаў я. Дзякуй, дабранач!
І я паклыпаў далей.
Ах, калі б цяпер у мяне быў хоць кавалачак хлеба! Цудоўны кавалачак чорнага хлеба, які можна грызці, блукаючы па вуліцах! І я думаў, што бывае гэткі асабліва смачны чорны хлеб, і добра было б ім пачаставацца. Голад мучыў мяне, мне хацелася памерці, і я проста плакаў ад лішку пачуццяў. Гора маё было бязмежнае. Раптам я спыніўся пасярод вуліцы, затупаў нагамі і пачаў выкрыкваць праклёны. Як ён мяне абазваў? Дурным чалавекам? Ну, то я пакажу гэтаму паліцыянту, як называць мяне дурным! Тут я кінуўся назад. Я ўвесь кіпеў ад злосці. На вуліцы я спатыкнуўся і ўпаў, але не звярнуў на гэта ўвагі, падхапіўся і пабег зноўку. Дабраўшыся да Вакзальнай плошчы, я так стаміўся, што ў мяне ўжо не было сілы бегчы яшчэ і да прыстані, акрамя таго, злосць мая, пакуль я ляцеў, сунялася. Нарэшце я спыніўся і перавёў дух. Хіба мне не ўсё роўна, што там сказаў нейкі паліцыянт? Так, але я ж не збіраўся трываць усё гэта! Ну, вядома, перапыніў я сам сябе. Але што з яго возьмеш!.. І гэта прабачэнне здалося мне дастатковым, я паўтараў пра сябе, што з яго няма чаго ўзяць. І я зноў павярнуў назад.
«Божухна, вось пакаранне, з горыччу думаў я. І прыйдзе ж у галаву такое бегаць, высалапіўшы язык, па мокрых вуліцах у такую цёмную ноч!» Голад нясцерпна мучыў мяне, не даваў мне спакою. Я раз-пораз глытаў сліну, каб хоць трохі яго заглушыць, і гэта быццам дапамагала. Вось ужо шмат тыдняў я недаядаў, і цяпер мае сілы моцна падупалі я гэта адчуваў. Калі мне так або іначай удавалася здабыць пяць крон, іх хапала ненадоўга, і таму я не паспяваў акрыяць да новага галадавання. Горш за ўсё мне падпарадкоўваліся спіна і плечы; боль у грудзях быў не надта моцны, і я мог суняць яго, як след пракашляўшыся або падаўшыся ўсім целам наперад, а вось спіна і плечы былі для мяне сапраўднай карай Боскаю. Чаму ж гэта лёс такі суровы? Хіба я не маю такога самага права жыць, як той гандляр кнігамі Паша ці параходны агент Хэнехен? Хіба ў мяне не магутныя плечы, хіба я не маю пары дужых рабочых рук, хіба я не гатовы задаволіцца хоць бы месцам дрывасека на Мёлергатэн, каб зарабляць на хлеб штодзённы? Хіба я лайдак? Хіба я не шукаў працы, не слухаў лекцый, не пісаў артыкулаў, не чытаў, не працаваў дзень і ноч як апантаны? Хіба я не ашчаджаў, не сілкаваўся аднымі хлебам і малаком, калі справы мае ішлі ўгару, адным толькі хлебам калі яны ішлі горш, і не галадаў калі я заставаўся зусім без сродкаў? Хіба я жыў у гатэлі або ў вялікай кватэры на першым паверсе? Не, я жыў на гарышчы, а потым у майстэрні бляхара, якую тае зімы зусім закінулі, бо яе замятала снегам. І цяпер я папросту нічога не мог зразумець.
Я ішоў і думаў пра ўсё гэта, і ў душы маёй не было ані ценю крыўды ці нянавісці, зайздрасці або горычы.
Я спыніўся каля крамы, дзе гандлявалі фарбамі, і пачаў разглядаць вітрыну, паспрабаваў прачытаць забаўныя надпісы на зачыненых скрынках, але было занадта цёмна. Гэтае маё новае дзівацтва выклікала ўва мне пачуццё прыкрасці, я ўжо амаль узлаваўся, што не магу даведацца пра змесціва скрынак, стукнуў у вітрыну і пайшоў прэч. Далей на вуліцы я ўбачыў паліцыянта, паскорыў хаду, падышоў да яго блізка-блізка і сказаў ні з пушчы, ні з поля:
Цяпер роўна дзесяць.
Не, цяпер дзве гадзіны, са здзіўленнем запярэчыў ён.
Не, дзесяць, настойваў я. Цяпер роўна дзесяць. Я завыў ад злосці, зрабіў яшчэ некалькі крокаў наперад, сціснуў кулак і сказаў: Паслухайце, я кажу вам, што цяпер дзесяць.
Некалькі імгненняў ён спрабаваў нешта ўцяміць, узіраўся ў мяне доўга і пільна. Потым сказаў ціха:
У кожным выпадку, вам пара дадому. Можа быць, вас праводзіць?
Не, дзякую. Я крыху заседзеўся ў кавярні. Шчыры вам дзякуй.
Калі я сыходзіў, ён дакрануўся да свайго шлема. Яго паслужлівасць мяне зусім абяззброіла, і я заплакаў ад крыўды, што ў мяне не знайшлося для яго пяці крон. Я спыніўся і доўга праводзіў яго вачыма, я лупіў сябе ў лоб і заліваўся слязьмі, гледзячы яму ўслед. Я праклінаў сябе і сваю беднасць, лаяў сябе апошнімі словамі, выдумляў крыўдныя мянушкі, высільваўся ў пошуках самых грубых лаянкавых слоў і абзываў сябе як толькі мог. Так яно доўжылася мала што не да самага дому. Дайшоўшы да брамы, я ўбачыў, што згубіў ключы.
«Ну вядома ж! сказаў я сабе з горыччу. Як мне было не згубіць тых ключоў? Я жыву на двары, дзе ёсць стайня, а наверсе майстэрня бляхара, брама зачыняецца на ноч, і ніхто, ніхто не можа яе адамкнуць, як жа мне было не згубіць ключоў? Я прамок, як сабака, згаладаўся, крыху-крыху згаладаўся, я адчуваў дзіўную слабіну ў каленках як жа мне было не згубіць ключоў? Чаму ж і напраўду ўсім жыхарам не павыязджаць у Акер, акурат калі мне трэба ўвайсці?..» І я смяяўся, здратаваны голадам і сваёю слабасцю.
Я чуў, як коні на стайні білі капытамі, і бачыў сваё акенца наверсе, але не мог адчыніць браму і ўвайсці. Стомлены і раззлаваны, я вырашыў вярнуцца на прыстань і пашукаць свае ключы.
Зноў пайшоў дождж, і я ўжо адчуваў, як вада сцякае ў мяне па спіне паміж лапаткамі. У ратушы мне раптам прыйшла ў галаву цудоўная думка: я вырашыў звярнуцца да паліцыі з просьбай адчыніць мне браму. Падышоўшы да паліцыянта, я пераканаўча папрасіў яго пайсці са мною і, калі гэта магчыма, адамкнуць замок.
Калі б гэта было магчыма, тады вядома! Але гэта немагчыма: у яго няма адмычак. Адмычкі ёсць адно ў агентаў аддзела крымінальнага вышуку.
Як жа мне быць?
Што ж, давядзецца вам заначаваць ў гасцініцы.
Але я, папраўдзе, не магу начаваць у гасцініцы: у мяне няма грошай. Разумееце, я выйшаў з дому толькі ў кавярню
Колькі хвілін мы пастаялі на прыступках каля ратушы. Ён думаў пра сітуацыю, разважаў, пазіраючы на мяне. Дождж ліў, як з вядра.