Голад (зборнік) - Кнут Гамсун 16 стр.


 А цяпер без глупстваў! сказаў я. Вазьмі сябе ў рукі! Такім чынам, схілі галаву да пляча, крыху яшчэ

Я пазваніў.

 Ці можна мне бачыць пастара? сказаў я пакаёўцы, але не мог дадаць «у імя Госпада Бога нашага».

 Ён выйшаў, адказала яна.

Выйшаў! Сышоў! Планы мае ў адно імгненне праваліліся, усе загадзя падрыхтаваныя словы аказаліся непатрэбнымі. Што была мне за карысць ісці гэтак далёка? Я не мог скрануцца з месца.

 У вас важная справа? спыталася пакаёўка.

 Ды не! адказаў я. Зусім драбяза! Проста сёння такая пагода, таму я вырашыў прагуляцца і засведчыць сваю пашану спадару пастару.

Я не рухаўся, яна таксама. Я знарок выпнуў грудзі, каб звярнуць яе ўвагу на шпільку, якой была закладзеная мая куртка, я маліў яе позіркам зразумець, навошта я прыйшоў, але небарака нічога не зразумела.

 І праўда, пагода стаіць з ласкі Божае.

 А шаноўнай спадарыні таксама няма дома?

 Спадарыня дома, але ў яе рэўматызм: яна ляжыць на канапе і не можа падняцца

Можа, я хацеў бы пакінуць цыдулку?

 Ах, не! Проста я часам выходжу прагуляцца, падыхаць свежым паветрам. А сёння такі цудоўны дзень.

І я пацягнуўся назад. Што было карысці балбатаць? Да таго ж у мяне пачало круціцца ў галаве гэта быў не жарт, я мог упасці. Прыём ад 12-й да 4-й, я спазніўся на цэлую гадзіну, час міласэрнасці скончыўся!

Дайшоўшы да Вялікага рынку, я прысеў каля царквы на лаўку. Божа, якою змрочнаю ўяўлялася мне мая будучыня! Я не плакаў: у мяне не было на гэта сілы; дарэшты зняможаны, я сядзеў без ніякае мэты, нерухома сядзеў, пакутуючы ад голаду. Усярэдзіне ў мяне нясцерпна пякло, можа, тое было нейкае запаленне. Я спрабаваў жаваць габлюшку, але гэта больш не дапамагала: сківіцы мае стаміліся ад марных намаганняў, і я ўжо не турбаваў іх. Я скарыўся лёсу. Да таго ж ад кавалка пачарнелай апельсінавай лупіны, які я падабраў на вуліцы і тут жа праглынуў, мяне цягнула на ваніты. Я быў хворы, на руках у мяне выпіналіся сінія жылы.

Чаго я, уласна кажучы, чакаў? Цэлы дзень я спрабаваў здабыць крону, якая магла б падтрымаць ува мне жыццё на некалькі лішніх гадзін. А ўрэшце, якая розніца, адбудзецца непазбежнае на дзень раней ці на дзень пазней? Прыстойны чалавек на маім месцы даўным-даўно пайшоў бы дадому, лёг і змірыўся. Мае думкі раптам праясніліся. Цяпер я павінен памерці. Стаяла восень, свет быў скаваны дрымотаю. Я паспрабаваў усе сродкі, звярнуўся да ўсіх крыніц, якія толькі ведаў. Я бегаў з гэтаю думкаю і шторазу, калі ўва мне яшчэ ажывала надзея, з сумам шаптаў: «Дурань, ты ўжо паміраеш!» Трэба было напісаць сякія-такія лісты, прывесці ўсё ў парадак, падрыхтавацца. Трэба было б добра вымыцца і прыбраць ложак. Пад галаву я пакладу два аркушы белай паперы гэта самае чыстае, што ў мяне заставалася. А зялёнай коўдраю я мог бы

Зялёная коўдра! Я раптам страпянуўся, кроў ударыла мне ў галаву, і сэрца маё моцна забілася. Я ўстаў з лаўкі і спяшаюся наперад, жыццё зноў прачнулася ўва мне, і я раз-пораз паўтараю адрывіста: «Зялёная коўдра! Зялёная коўдра!» Я іду ўсё хутчэй, дакладна імкнуся кагосьці дагнаць, і неўзабаве зноў апынаюся ў сваім жытле майстэрні бляхара.

Не марудзячы і не вагаючыся ў сваім рашэнні, я падыходжу да ложка і згортваю коўдру Ханса Паўлі. Якая выдатная думка прыйшла мне ў галаву; цяпер я ўратаваны! Я пераадолеў сваю ганебную нерашучасць, я махнуў на ўсё рукою. Бо я не святы, не які-небудзь дабрадзейны ідыёт. У мяне нармальны клёк

Узяўшы коўдру пад паху, я адпраўляюся на Стэнерсгатэн, у дом нумар пяць.

Я пастукаў і ўвайшоў у вялікі незнаёмы пакой. Дзвярны званок у мяне над галавою празвінеў гучна і трывожна. З суседняга пакоя выйшаў нейкі чалавек з напханым ротам і стаў за прылавак.

 Дайце мне паўкроны за гэтыя акуляры! сказаў я. Праз некалькі дзён я іх абавязкова выкуплю.

 Што? Аправа ж проста сталёвая?

 Сталёвая.

 Не, я не магу іх узяць.

 Зразумела. Бо я, папраўдзе, пажартаваў. Вось у мяне тут коўдра, якая, па сутнасці, мне больш не патрэбная, і я хацеў бы ад яе пазбавіцца.

 На жаль, у мяне цэлы склад коўдраў, адказаў ён, а калі я разгарнуў коўдру, толькі зірнуў на яе і ўсклікнуў: Прашу прабачэння, але гэта мне таксама без патрэбы.

 Я знарок адразу паказаў вам выварат, з другога боку яна нашмат лепшая.

 Усё роўна я яе не вазьму, бо ніхто не дасць за яе нават дзесяці эрэ.

 Зразумелая справа, яна асабліва нічога не вартая,   пагадзіўся я. Але мне здавалася, што разам з іншымі старымі коўдрамі яе можна прадаць.

 Не, не, то марная справа.

 Можа быць, дасце хоць дваццаць пяць эрэ? спытаў я.

 Не, напраўду, я не магу яе ўзяць, шаноўны, яна мне зусім ні да чаго.

Я зноў схапіў коўдру пад паху і пайшоў дадому.

Як нічога-ніякага, я разаслаў коўдру на ложку, старанна расправіў яе, быццам нікуды і не насіў. Наважыўшыся на гэтую авантуру, я, здаецца, быў не ў сабе, і чым больш я думаў пра гэта, тым больш недарэчным уяўляўся мне мой учынак. Відавочна, гэта быў прыступ слабасці, нейкае ўнутранае атупенне. Але я адчуў, што гэта пастка, зразумеў, што варяцею, і перш за ўсё прапанаваў ліхвяру акуляры. А цяпер я быў так рады, што не зрабіў злачынства, якое б атруціла апошнія гадзіны ў маім жыцці.

Я зноў пайшоў блукаць па горадзе.

Каля царквы Збаўцы я зноўку сеў на лаўку, апусціўшы галаву на грудзі, змардаваны нядаўнімі хваляваннямі, хворы і змучаны голадам. А час ішоў.

Я праседзеў гадзіну пад адкрытым небам; тут было святлей, чым дома, акрамя таго, мне здавалася, што на свежым паветры не так пакутліва ныла ў грудзях; я не спяшаўся вяртацца дадому.

Я драмаў, разважаў, і мне было вельмі цяжка. Я падабраў каменьчык, абцёр яго, сунуў у рот і пачаў смактаць; пры гэтым я амаль не варушыўся і нават не міргаў. Паўз мяне праходзілі людзі, чуўся грукат павозак, стук падкоў, галасы

Чаму б усё ж не паспрабаваць шчасця з гузікамі? Вядома, з гэтага нічога не выйдзе, і, акрамя таго, я па-сапраўднаму хворы. Але калі добра ўсё ўзважыць, то ўсё адно па дарозе дадому я прайду каля крамы ліхвяра, таго самага, да якога я так часта заходзіў.

Нарэшце я ўстаў і павольна, ледзьве перастаўляючы ногі, паклыпаў па вуліцы, па адной, другой Лоб у мяне гарэў, пачыналася ліхаманка, і я спяшаўся як мог. Я зноў прайшоў каля пякарні, дзе ў вітрыне быў выстаўлены хлеб.

 Ну вось, спынімся тут, сказаў я з ненатуральнай рашучасцю. А калі зайсці і папрасіць кавалак хлеба?  Гэтая думка была мімалётная, яна ўспыхнула, як іскрынка; у сапраўднасці я пра гэта як бы і не думаў.  Цьху!  прашаптаў я, патрос галавою і пайшоў далей, смеючыся з самога сябе. Я выдатна ведаў, наколькі марна было заходзіць у краму з гэткай просьбаю.

У завулку закаханыя шапталіся каля брамы; трохі далей высунулася ў акно дзяўчына. Я ішоў так павольна і асцярожна, што магло здацца, быццам я чагосьці хачу, і дзяўчына выйшла на вуліцу.

 Як жывеш, стары? Што такое, ты хворы? Божачкі, што ў цябе за твар!

І дзяўчына хуценька пабегла ў дом.

Я адразу ж спыніўся. Што гэта значыць пра мой твар? Няўжо я паміраю? Я дакрануўся рукою да сваіх шчок: ну, вядома, я вельмі худы. Шчокі запалі, яны былі не раўнуючы як два сподачкі. Ах ты Божа! І я пасунуўся далей.

Потым я зноў спыніўся. Відаць, мая худзізна проста жахлівая. І вочы зусім запалі. Цікава, да каго я падобны? Няшчасная мая доля: жывы чалавек ператварыўся ад голаду ў гэткую разваліну! Мяне зноў ахапіла шаленства, гэта была нібы апошняя ўспышка, сутарга. Дык што, твар ніякі? У мяне добрая галава, іншай такой не знайсці ва ўсёй краіне; зрэшты, маю я і пару кулакоў, якімі Божа барані! я мог бы збіць якога службоўца на горкі яблык, а я тут гіну ад голаду ў самым цэнтры Хрысціяніі! Хіба гэта мажліва? Я жыў у свінарніку і высільваўся з раніцы да ночы, як чорны вол. Ад чытання ў мяне пагоршаў зрок, мозг высах ад голаду, а што я атрымаў узамен? Нават вулічныя дзеўкі жахаюцца і крычаць «Божачкі!», убачыўшы мяне. Але цяпер гэтаму прыйдзе канец, зразумела табе? прыйдзе канец, чорт пабірай! Я калаціўся ад шаленства і скрыгатаў зубамі праз тую слабасць, што ўзяла мяне; уваччу стаялі слёзы, з вуснаў зляталі праклёны; і гэтак вось я павольна рухаўся наперад, не звяртаючы ўвагі на прахожых. Я зноў пачаў мучыць сябе, наўмысна біўся лбом аб ліхтарныя слупы, глыбока ўцінаўся пазногцямі ў далоні; прыкусваў, як варят, сабе язык, калі пачынаў казаць бязладна, і рагатаў кожнага разу, калі мне рабілася балюча.

 Ну, але што ж мне рабіць? кажу я нарэшце самому сабе. І некалькі разоў тупаю нагой, паўтараючы: Што ж рабіць?

Нейкі выпадковы прахожы кажа мне з усмешкаю:

 Папрасіце, каб вас арыштавалі.

Я паглядзеў яму ўслед. Гэта быў вядомы гінеколаг, які меў мянушку Герцаг. Нават ён не зразумеў майго стану, а мы ж былі знаёмыя і нават бывала, што рукаліся. Я прыціх. Папрасіць, каб мяне арыштавалі? Яго праўда: я зваряцеў. Я адчуваў варяцтва ў сваёй крыві, адчуваў яго іскры ў мазгах. Дык вось які мне падрыхтаваны канец! Ну, ну! І я паклыпаў далей павольнымі, нібы на хаўтурах, крокамі. Значыць, вось які лёс чакае мяне!

Назад Дальше