У мяне няма ніводнага эрэ, але я пра цябе хутка згадаю, быць можа, заўтра ж. Як цябе завуць? Якое прыгожае імя, я яго не забуду. Ну, то да заўтра
Але я выдатна разумеў, што яна не паверыла мне, хоць і прамаўчала, і я плакаў ад роспачы, што гэтая маленькая дзяўчынка з вуліцы мне не верыць. Я яшчэ раз паклікаў яе, хутка расшпіліў куртку і хацеў аддаць ёй сваю камізэльку.
Пачакай хвілінку, сказаў я. Вось табе ў заклад
Але камізэлькі на мне не было.
З чаго гэта я падумаў пра камізэльку? Бо вось ужо які тыдзень я хаджу без яе. Што са мною? Спалоханае дзяўчо паспешліва падалося назад ад мяне. Я не мог яе больш трымаць. Вакол збіраўся народ, усе гучна смяяліся, паліцыянт, рассоўваючы натоўп, ішоў даведацца, што здарылася.
Нічога, кажу я. Нічога не здарылася! Я проста хацеў аддаць сваю камізэльку вунь той дзяўчынцы ці, дакладней, яе бацьку Вы дарэмна смеяцеся. Дома ў мяне ёсць яшчэ адна.
Няможна непрыстойна паводзіць сябе на вуліцы! кажа паліцыянт. Марш адсюль! І ён штурхае мяне. А потым крычыць мне наўздагон: Пачакайце, гэта вашыя паперы?
Так, чорт пабірай, гэта мой артыкул у газету, надта важны рукапіс! Як я мог дапусціць такую нядбайнасць?..
Я бяру рукапіс, спраўджваю, ці ў парадку ён, і, не затрымліваючыся ні на хвіліну, нават не азіраючыся, іду ў рэдакцыю. Гадзіннік на царкве Збаўцы паказвае чацвёртую.
Рэдакцыя зачыненая. Я спускаюся па сходах, дрыжучы, як той злодзей, і ў нерашучасці спыняюся каля падезда. Што мне цяпер рабіць? Я прытульваюся да сцяны, гляджу сабе пад ногі, на камяні, і думаю. Каля маіх ног ляжыць бліскучая шпілька, я нахіляюся і падымаю яе. Што, калі зрэзаць гузікі з маёй курткі, ці шмат мне дадуць за іх? Але, можа, гэта марная справа? Ды ўсё-ткі гузікі застаюцца гузікамі: я ўважліва агледзеў іх і заўважыў, што яны амаль як новыя. У кожным выпадку, гэта шчаслівая думка: вазьму пазразаю іх сцізорыкам і занясу ў заклад. Спадзяванне атрымаць грошы за гэтыя пяць гузікаў адразу ажывіла мяне, і я сказаў: «Ну вось, усё наладжваецца!» Радасць ахапіла мяне, я адразу пачаў зразаць гузікі адзін за адным. Пры гэтым я сам сабе казаў:
«Што ж, бачыце, я крыху дайшоў да жабрацтва, у мяне часовыя цяжкасці Вы кажаце, яны пацёртыя? Вы недакладна фармулюеце. Запэўніваю вас, ніхто на свеце гэтак не беражэ гузікі, як я. Куртка ў мяне заўсёды расшпіленая, хачу вам паведаміць, гэткія ўжо ў мяне правілы, я звыкся Ну, калі вам не падыходзяць, што ж Але мне трэба атрымаць за іх хоць бы дзесяць эрэ Не, Божа, хто кажа пра вас? Адкасніцеся, зрабіце ласку, пакіньце мяне ў спакоі Што ж, выдатна, клічце паліцыю. Я пачакаю, пакуль вы паклічаце паліцыянта. І нічога ў вас не скраду Ну добра, да пабачэння, да пабачэння! Вось жа, маё прозвішча Танген, я трохі заседзеўся»
На сходах чуюцца крокі. Я адразу вяртаюся да рэчаіснасці: гэта чалавек-нажніцы, і, пазнаўшы яго, я хутка хаваю гузікі ў кішэню. Ён хоча прайсці паўз мяне, ён нават не адказвае на мой паклон і раптам пачынае дбайна разглядаць свае пазногці. Я спыняю яго і распытваю пра рэдактара.
Ён не прыходзіў.
Вы маніце! кажу я. І з нахабствам, якое ўразіла мяне самога, працягваю: Мне неабходна з ім перамовіцца. Неадкладная справа. Важныя звесткі наконт каралеўскай рэзідэнцыі Стыфсгордэн.
А ці не маглі б вы расказаць мне?
Не! адрэзаў я і абвёў яго позіркам.
Гэта падзейнічала. Ён адразу запрасіў мяне наверх і адчыніў дзверы. Хваляванне душыла мяне. Каб сабрацца з духам, я моцна сціснуў зубы, пастукаўся і ўвайшоў у кабінет рэдактара.
Добры дзень! Гэта вы? прывітаў ён мяне. Сядайце, калі ласка.
Калі б ён адразу паказаў мне на дзверы, мне было б нашмат лягчэй. Я адчуў, што слёзы засцілі мне вочы, і сказаў:
Прашу прабачэння
Сядайце, паўтарыў ён.
Я сеў і растлумачыў, што напісаў новы артыкул, які мне вельмі важна змясціць у ягонай газеце. Я шмат працаваў над ім, гэта каштавала мне вялікіх высілкаў.
Я яго прачытаю, сказаў ён і ўзяў артыкул. Усё, што вы пішаце, патрабуе ад вас вялікіх намаганняў, але вы занадта імпэтны чалавек. Калі б вы маглі быць трохі спакайнейшым! У вас занадта шмат запалу. А артыкул я абавязкова прачытаю.
І ён зноў нахіліўся над сваім сталом. А я ўсё сядзеў. Ці нельга папрасіць у яго крону? Патлумачыць, адкуль гэты мой заўсёдны запал? Ён, вядома, дапаможа мне, бо гэта ж не першы раз.
Я ўстаў. Гм! Але калі я быў у яго апошні раз, ён скардзіўся на фінансавыя цяжкасці, нават пасылаў некуды касіра па дробязь для мяне. Мабыць, і зараз будзе тое самае. Не, гэта недапушчальна! І хіба ж я не бачыў, што ён заняты працаю?
Вам будзе заўгодна яшчэ што-небудзь? спытаў ён.
Не! сказаў я, імкнучыся надаць свайму голасу цвёрдасць. Калі загадаеце зайсці?
Ну, як-небудзь пры нагодзе, адказаў ён. Скажам, дні праз два.
Я не мог вымавіць сваю просьбу. Здавалася, ветлівасць гэтага чалавека бязмежная, і я не мог яе не аддаць ёй належнага. Лепш ужо няхай я памру з голаду. І я пайшоў.
Я не пашкадаваў, што сышоў з рэдакцыі, так і не папрасіўшы крону, нават за дзвярыма, калі голад зноў пачаў нішчыць мяне. Я выцягнуў з кішэні другую габлюшку і сунуў яе ў рот. Мне зноўку стала лягчэй. Чаму я не рабіў гэтага раней?
Сорам і ганьба! гучна сказаў я. Няўжо табе магло прыйсці ў галаву прасіць у гэтага чалавека крону і ставіць яго ў няёмкае становішча? І я стаў сурова дакараць сябе за сваю бессаромнасць. Напраўду, я ў жыцці не чуў нічога больш гнюснага! сказаў я. Накідвацца на чалавека, ледзьве не выдрапаць яму вочы толькі таму, што табе, варты пагарды сабака, патрэбная нейкая там крона! Прэч адсюль. Жвавей! Жвавей, дурань! Вось я табе пакажу!
І каб пакараць сябе, я кінуўся бегма прэч: пралятаў вуліцу за вуліцаю, гнаў сябе наперад, у думках пакрыкваючы, шалёна пакрыкваючы на сябе, калі я запавольваў свой бег. Тым часам я апынуўся ўжо на Пілестрэдэт. Калі я нарэшце спыніўся, гатовы заплакаць ад лютасці, бо ўжо больш не мог бегчы, усё маё цела хадзіла ходырам, і я прысеў на нейкую прыступку.
Не, пачакай! сказаў я. І каб як след пакараць сябе, я зноў падняўся з месца і прымусіў сябе стаяць, і смяяўся з сябе, і цешыўся з уласнага бяссілля. Нарэшце праз некалькі хвілін я кіўнуў і дазволіў сабе прысесці, але пры гэтым абраў самае нязручнае месца на прыступцы.
Божа, які ж прыемны быў адпачынак! Я выцер пот з твару і глыбока ўдыхаў свежае паветра. Як я бег! Але жалю да сябе я зусім не адчуваў так мне і трэба. Навошта я надумаўся прасіць крону? Цяпер вось, атрымлівай! Потым я памякчэў, загаварыў з сабою больш ласкава, угаворваў сябе, не раўнуючы як маці ўгаворвае дзіця. Мяне гэта кранула, бо я так стаміўся, быў знясілены і ўрэшце заплакаў. Гэта быў ціхі, прытоены плач, унутранае галашэнне без слёз
Я праседзеў на адным месцы, можа, з чвэрць гадзіны ці нават болей. Людзі праходзілі побач, але ніхто не чапаў мяне. Вакол гулялі дзеці, на дрэве, на другім баку вуліцы, спяваў нейкі птах.
А потым да мяне падышоў паліцыянт.
Чаго вы тут седзіце? спытаў ён.
Навошта сяджу? паўтарыў я. Проста так, дзеля ўласнага задавальнення.
Я сачу за вамі цэлыя паўгадзіны, сказаў ён. Бо вы ж седзіце тут паўгадзіны, не менш?..
Ну, недзе каля таго, адказаў я. Ну і што?
Я ўскочыў і пайшоў прэч.
Выйшаўшы на плошчу, я спыніўся і стаў глядзець уздоўж вуліцы. Дзеля ўласнага задавальнення! Хіба гэта адказ? Трэба было сказаць як мага жаласлівей: я сяджу, бо стаміўся. Дурань ты дурань, ніколі не навучышся некага ўдаваць з сябе. Бо я стаміўся! І дыхаць трэба было цяжка, як дыхае загнаны конь.
Падышоўшы да пажарнай варты, я зноў спыніўся, бо ў галаву мне прыйшла новая фантазія. Я пстрыкнуў пальцамі, на здзіўленне прахожым гучна зарагатаў і сказаў:
Не, табе, відаць што, трэба схадзіць да пастара Левісана. Конча. Спроба не караецца. Губляць няма чаго. Ды і пагода стаіць.
Я зайшоў у кнігарню Пашы, даведаўся з адраснай кнігі, дзе жыве пастар Левісан, і пайшоў да яго.
Ну, цяпер трэба ўзяць сябе ў рукі, сказаў я. Досыць тых жартаў! Сумленне, кажаш? Глупства, ты занадта бедны, каб насіцца са сваім сумленнем. Ты галодны, ты ідзеш па важнай справе, прасіць самае неабходнае. Ты павінен схіліць галаву да пляча і казаць пранікнёным голасам. Не хочаш? У такім выпадку я табе больш не таварыш, так і ведай. Вось што: ты пашкуматаны трывогаю, змагаешся па начах з сіламі цемры і з велізарнымі, нямымі пачварамі, ты гінеш ад голаду, прагнеш віна і малака, але ж не маеш нічога. Справы твае дрэнныя. Вось ты стаіш, і нічагуткі няма ў цябе за душою. Але ты, дзякуй Богу, верыш у міласэрнасць, ты ўсё ж такі не страціў веры! І каб верыць у міласэрнасць, ты павінен скласці рукі і верыць у Боскую ласку не горш за самога сатану. А мамону ты ненавідзіш у кожнай іпастасі, іншая рэч атрымаць малітоўнік і дзве кроны на памяць
Я спыніўся каля пастаравых дзвярэй і прачытаў абвестку: «Прыём ад 12-й да 4-й».
А цяпер без глупстваў! сказаў я. Вазьмі сябе ў рукі! Такім чынам, схілі галаву да пляча, крыху яшчэ
Я пазваніў.
Ці можна мне бачыць пастара? сказаў я пакаёўцы, але не мог дадаць «у імя Госпада Бога нашага».