Праз некалькі хвілін, калі дама падышла да кнігарні Пашы, я ўжо стаяў каля першай вітрыны. Я зрабіў крок ёй насустрач і паўтарыў:
Паненка, вы згубіце сваю кніжку!
Але якую кніжку? пытаецца яна спалохана. Пра якую кніжку ён кажа?
І яна спыняецца. Я злацешна пасміхаюся, бачачы яе збянтэжанасць; разгубленасць у яе вачах захапляе мяне. Ёй аніяк не зразумець той роспачы, што рухае мною, у яе няма абсалютна ніякай кніжкі, ніводнага аркуша якой-кольвечы кніжкі, але яна ўсё ж такі нешта шукае ў сваіх кішэнях, глядзіць сабе на рукі, круціць галавою, азіраецца, напружвае свае далікатныя мазгі, спрабуючы зразумець, пра якую гэта кнігу я кажу. Яна то чырванее, то палатнее, адзін выраз твару змяняецца на іншы, я чую, як цяжка яна дыхае, і нават гузікі з яе сукенкі глядзяць на мяне, нібы спалоханыя вочы.
Не зважай ты на яго, кажа яе спадарожніца і цягне яе за руку. Бо ён жа пяны! Хіба ты не бачыш, што гэты чалавек пяны?
Як ні быў я ў той хвілі далёкі ад самога сябе, цалкам падначалены дзіўным і нябачным сілам, аднак тое, што дзеялася навокал, не магло выслізнуць з-пад маёй увагі. Вось вялікі рыжы сабака пабег цераз вуліцу да бульвара, а адтуль далей уніз, у бок Тывалі; на ім быў вузкі мельхіёравы аброжак. Крыху далей, на гэтай самай вуліцы, адчынілася акно на другім паверсе, адтуль высунулася пакаёўка і, закасаўшы рукавы, пачала церці звонку шыбіну. Нічога не выпадала з-пад маёй увагі, я быў абсалютна прытомны, розум мой быў ясны, усе ўражанні адбіваліся ў маёй свядомасці дакладна і выразна, нібы яркія ўспышкі святла. У абедзвюх дам, што стаялі перада мною, былі сінія пёры на капелюшах і шатландскія шаўковыя шалікі на шыі. Мне падалося, што яны сёстры.
Яны адышлі прэч, спыніліся каля нотнай крамы Сіслера і пачалі міжсобку размаўляць. Я таксама спыніўся. Потым яны абедзве павярнулі назад, абмінуўшы мяне, завярнулі на Універсітэцкую, а пасля скіраваліся да плошчы Святога Улафа. Я ўвесь час імкнуўся ісці за імі ўслед, наколькі мне гэта ўдавалася. Адзін раз яны абярнуліся, паглядзелі на мяне спалохана і ў той жа час з цікаўнасцю, прытым я ж бачыў, што яны не хмурыліся і твары іх не былі злоснымі. Яны гэтак цярпліва трывалі маю назойлівасць, што я ўрэшце засаромеўся і апусціў вочы долу. Мне не хацелася больш дакучаць ім, і я ўжо адно з пачуццём удзячнасці глядзеў ім услед, чакаючы, што вось зараз яны куды-небудзь зойдуць і знікнуць з маіх вачэй.
Каля вялікага чатырохпавярховага дома пад нумарам два яны абярнуліся яшчэ раз, потым увайшлі туды. Я прытуліўся да газавага ліхтара побач з фантанам і пачаў прыслухоўвацца да іхніх крокаў на сходах: крокі сціхлі на другім паверсе. І вось я адыходжу ад ліхтара, гляджу ўгару на вокны. І тут здзяйсняецца цуд: там, наверсе, калышуцца фіранкі, потым акно на вуліцу адчыняецца, адтуль выглядае твар, і яе цудоўныя вочы спыняюцца на мне. «Юлаялі!» шапчу я і адчуваю, што пачынаю чырванець. Чаму яна не паклікала на дапамогу? Чаму не скінула мне на галаву нейкі вазон з кветкаю або не паслала каго-небудзь прагнаць мяне? Мы абое не рушым з месца і глядзім адно аднаму ў вочы, гэта доўжыцца з хвіліну, думкі мітусяцца на прасторы ад акна да ходніка, але мы не кажам ані слова. Яна адварочваецца, і гэта адгукаецца ў мяне ў душы штуршком, ледзь улоўнымі дрыжыкамі, я бачу яе плячо, потым спіну, і яна знікае ў пакоі. Знікае павольна, і рух яе пляча нібы знак мне, усёю сваёю істотай я адчуў гэтае цудоўнае вітанне, і мяне захліснула светлая радасць. Праз нейкую хвілю я павярнуўся і пайшоў уніз па вуліцы.
Я не наважваўся азірнуцца і не ведаў, падыходзіла яна яшчэ раз да акна ці не. Разважаючы пра гэта, я ўсё больш нерваваўся і не знаходзіў сабе месца. Магчыма, у гэты самы момант яна назірала за кожным маім рухам, і мне было невыносна ведаць, што за мною сочаць. Я трымаўся як мага больш выпрастаным і ішоў не спыняючыся, ногі мае дрыжалі, хада зрабілася няўпэўненай менавіта таму, што я хацеў ісці як мага больш зграбна. Імкнучыся здавацца спакойным і абыякавым, я недарэчна размахваў рукамі, сплёўваў і высока задзіраў нос, але дарэмна. Я ўвесь час адчуваў дапытлівы позірк у сябе за спінаю, і па целе маім прабягаў халадок. Нарэшце я схаваўся ў бакавой вулачцы, адкуль накіраваўся на Пілестрэдэт, каб забраць свой аловак.
Атрымаць яго назад я здолеў без усялякіх цяжкасцяў. Ліхвяр сам прынёс мне камізэльку і папрасіў мяне тут жа абшукаць яе; я знайшоў яшчэ некалькі закладных квітоў, сунуў іх у кішэню і падзякаваў ветліваму гаспадару за яго далікатнасць. Ён падабаўся мне ўсё больш і больш, і мне тут жа захацелася зрабіць на яго добрае ўражанне. Я падаўся да выхаду, але зноў вярнуўся да прылаўка, быццам забыўся на нешта, мне здавалася, што я абавязаны растлумачыць, паведаміць яму падрабязнасці, і я стаў ціхенька напяваць, каб забраць яго ўвагу. Потым я падняў аловак, які трымаў у руцэ.
Мне і ў галаву не прыйшло б цягнуцца ў такую далеч па гэты няшчасны аловак, сказаў я, але тут іншая рэч, зусім асаблівы выпадак. Хоць гэты агрызак алоўка і мае мізэрны выгляд, дзякуючы яму я стаў тым, чым я ёсць, знайшоў, так бы мовіць, сваё месца ў жыцці
Я змоўк. Гаспадар падышоў да самага прылаўка.
Праўда? сказаў ён і з цікаўнасцю паглядзеў на мяне.
Гэтым алоўкам, працягваў я спакойна, напісана маё трохтомнае сачыненне пра філасофскае пазнанне. Няўжо вы не чулі пра гэта?
І гаспадару падалося, што ён чуў імя, назву.
Сапраўды, сказаў я, гэта мой твор! Таму не дзіўна, што я захацеў атрымаць назад гэты агрызак алоўка: ён мае для мяне занадта вялікую цану, ён для мяне ўсё роўна што маленькі чалавечак. Я вельмі ўдзячны яму за добрае стаўленне да мяне і не забуду гэтага, так, так, напраўду, не забуду, даю слова, такі ўжо я чалавек, а ён гэтага цалкам заслужыў. Да пабачэння.
Я пайшоў да дзвярэй з такім выглядам, нібы я ў гэтай хвілі мог кіраваць чалавечымі лёсамі. Ліхвяр два разы ветліва пакланіўся мне ўслед, а я зноўку павярнуўся да яго і прамовіў: «Да пабачэння!»
На сходах мне напаткалася жанчына з валізкаю. Бачачы маю самазадаволеную фізіяномію, яна нясмела саступіла ўбок, я ж інстынктыўна стаў мацаць у кішэні, каб даць ёй што-небудзь: нічога не знайшоўшы, я апусціў галаву і прайшоў міма. Крыху пазней я пачуў, як яна стукаецца да ліхвяра: на ягоных дзвярах былі сталёвыя краты, і я адразу пазнаў гук так яны бразгочуць, калі па іх стукаюць сагнутымі пальцамі.
Сонца свяціла з паўднёвага боку, быў прыблізна поўдзень. Народу на вуліцах паболела, надышоў час праходак, і натоўпы людзей, раскланьваючыся, з усмешкамі на тварах, нібы тыя хвалі, каціліся па вуліцы Карла Юхана. Я расставіў локці ў бакі, увесь сцяўся ў камяк і праслізнуў паўз купку знаёмых, што стаялі непадалёк ад універсітэта і глядзелі на натоўп. Потым я пайшоў вуліцаю ўгару, у палацавы парк, дзе аддаўся глыбокаму роздуму.
Як жа весела і лёгка ўсе гэтыя прахожыя круцяць галовамі, якія светлыя іхнія думкі, як свабодна слізгаюць яны па жыцці, нібы па паркеце бальнай залы! Ні ў кога з іх я не бачу смутку ў вачах, на іх плячах не вісіць ніякага цяжару, у іх ціхамірных душах, здаецца, няма ані змрочнага клопату, ані ценю таемнай пакуты. А я блукаў сярод тых людзей, малады чалавек, які ледзьве пачаў жыць і які забыўся ўжо, што такое шчасце! Гэтая думка не пакідала мяне, і я адчуваў, што стаўся ахвяраю жахлівай несправядлівасці. Чаму ў апошнія месяцы мне жывецца гэтак невыносна цяжка? Маю неазмрочаную душу нібы падмянілі. Мяне ўсюды падпільноўвалі адно горкія расчараванні. Варта было мне прысесці на лаўку або зрабіць хоць крок, як на мяне адразу абвальваліся нейкія бязглуздыя і нікчэмныя недарэчнасці, яны ўрываліся ў мой унутраны свет, змушалі папросту марнаваць сілы. Сабака, які прабег побач, жоўтая ружа ў пятліцы якога-небудзь спадара маглі абудзіць ўва мне думкі і доўгі час займаць мяне. Што ж са мною здарылася? Няўжо ксты Боскія паказалі на мяне? Але чаму на мяне? Чаму не на якога-небудзь іншага чалавека, які жыве хай сабе ў Паўднёвай Амерыцы, калі ўжо на тое пайшло? Чым больш я думаў, тым больш неспасцігальным мне ўяўлялася, што менавіта я абраны Богам за абект ягоных выпрабаванняў! І як жа дзіўна выглядала, што ва ўсім свеце ён знайшоў менавіта мяне ёсць жа, прыкладам, гандляр кнігамі Паша альбо параходны агент Хэнехен.
Я ішоў далей, разважаючы пра гэта, і нічога не мог надумаць, я знаходзіў самыя важкія пярэчанні супраць такога самавольства з боку Госпада, які змушае мяне расплачвацца за грахі ўсіх. Калі я знайшоў свабодную лаўку і сеў, гэтае пытанне ўсё яшчэ займала мяне і перашкаджала мне думаць пра што-кольвечы іншае. З таго самага травеньскага дня, калі пачаліся мае ліхтугі, я адчуваў, як мною паступова авалодвае слабасць, я зрабіўся занадта млявым, страціў волю і мэтанакіраванасць, нібы зграя нейкіх дробных драпежнікаў ўсялілася ў маё цела і грызла яго знутры. А што, калі Бог папросту вырашыў мяне загубіць? Я ўстаў і пачаў хадзіць каля лаўкі.
У гэтай хвілі ўся мая істота была запоўненая нясцерпнымі мукамі, нават рукі пакутліва нылі, і я не ведаў, куды мне іх падзець. Да таго ж я нядаўна так добра падеў, што мне было моташна: я пераеў і вось, не знаходзячы сабе месца, няўцямна таптаўся каля лаўкі, людзі праслізгвалі паўз мяне, зяўляліся і знікалі, нібы тыя здані. Нарэшце на маю лаўку селі двое мужчын, яны прыпалілі цыгары і сталі гучна размаўляць, я раззлаваўся і хацеў зрабіць ім заўвагу, але замест таго павярнуўся і пайшоў у другі канец парка, дзе знайшоў сабе пустую лаўку. Я зноўку сеў.