Голад (зборнік) - Кнут Гамсун 4 стр.


У гэтай хвілі ўся мая істота была запоўненая нясцерпнымі мукамі, нават рукі пакутліва нылі, і я не ведаў, куды мне іх падзець. Да таго ж я нядаўна так добра падеў, што мне было моташна: я пераеў і вось, не знаходзячы сабе месца, няўцямна таптаўся каля лаўкі, людзі праслізгвалі паўз мяне, зяўляліся і знікалі, нібы тыя здані. Нарэшце на маю лаўку селі двое мужчын, яны прыпалілі цыгары і сталі гучна размаўляць, я раззлаваўся і хацеў зрабіць ім заўвагу, але замест таго павярнуўся і пайшоў у другі канец парка, дзе знайшоў сабе пустую лаўку. Я зноўку сеў.

Думка пра Бога пачала зноў круціцца ў мяне ў галаве. Я быў перакананы, што з яго боку было ў найвышэйшай ступені недаравальна ўмешвацца кожнага разу, калі я спрабаваў знайсці працу, разбураць мае планы, хоць я прасіў адно толькі хлеба штодзённага. Я заўважыў, што варта мне пагаладаць некалькі дзён запар, як мой мозг пачынае нібы выцякаць з галавы, і яна пусцее. Галава робіцца лёгкаю і як бы адсутнаю, я ўжо не адчуваю яе на плячах, і мне здаецца, што, калі я на каго-небудзь гляджу, вочы мае расплюшчваюцца да неверагоднасці шырока.

Я сядзеў на лаўцы і думаў пра гэта, усё больш наракаючы на Госпада за такія няспынныя пакуты. Калі ён, выпрабоўваючы мяне і ставячы на маім шляху перашкоду за перашкодаю, хоча гэтак наблізіць мяне да сябе, ачысціць маю душу, то я прагнуў бы яго запэўніць, што ён памыляецца. Я падняў вочы да неба, ледзь не плачучы ад абурэння, і раз і назаўсёды выказаў яму ўсё, каб зрабіць палёгку сваёй душы!

Згадалася тое, чаму мяне вучылі ў дзяцінстве, у вушах загучаў ціхі голас, які чытае Біблію, і я пачаў размаўляць сам з сабою, насмешліва нахіліўшы галаву ўбок. Навошта мне турбавацца пра тое, што мне есці і піць і што пачапіць на гэты мяшок з вантробамі, які завецца тленным целам? Хіба Айцец Нябесны не сілкуе мяне, як сілкуе птушак, і не аказаў мне асаблівай міласці, абраўшы за нікчэмнага раба свайго? Божыя ксты крануліся маіх нерваў, ледзь прыкметна парушыўшы лад у іх вузлах. А потым Госпад выцяг ксты свае   і вось на іх засталіся абрыўкі нітак і камячкі маіх нерваў. І таксама засталася зеўраць дзірка ад кстоў яго, кстоў Божых, а яшчэ  рана ў маім мозгу. Але, крануўшыся мяне кстамі правай рукі сваёй, Госпад пакінуў мяне і не чапаў больш, і не было мне ніякага зла. Ён адпусціў мяне з мірам, адпусціў з адкрытаю ранай. І не было мне ніякага зла ад Бога, бо ён Госпад наш на векі вечныя

Вецер данёс да мяне музыку і спевы студэнтаў, значыць, ужо была трэцяя гадзіна. Я дастаў аловак і паперу, хацеў напісаць што-небудзь, і раптам з кішэні ў мяне выпала кніжачка з талонамі на галенне. Я палічыў талоны: іх заставалася шэсць.

 Дзякуй Богу! міжволі выгукнуў я. Яшчэ тыдзень-другі я магу галіцца ў цырульніка і мець прыстойны выгляд!

Гэтая маленькая знаходка адразу змусіла мяне акрыяць духам, я старанна разгладзіў талоны і схаваў кніжачку ў кішэню.

Але пісаць я не мог. Напісаў некалькі радкоў, а больш нічога не прыходзіла ў галаву, думкі мае былі недзе далёка, і я не мог засяродзіцца. Усё мяне адцягвала, даймала, з усіх бакоў падступалі новыя ўражанні. Мухі і маленькая заедзь садзіліся на паперу і перашкаджалі мне, я дзьмуў на іх, каб прагнаць, дзьмуў з усяе моцы, але дарэмна. Гэтая жамяра мітусілася, круцілася, тулілася да паперы, упіралася так, што тонкія лапкі гнуліся. Ад яе проста немагчыма было пазбавіцца. Яна заўсёды знойдзе, за што зачапіцца, яна шукае шурпатасці і няроўнасці на паперы і сядзіць да таго часу, аж пакуль ёй самой не захочацца паляцець прэч.

Пэўны час гэтыя маленькія крывасмокі займалі мяне, я закінуў нагу на нагу і даволі доўга назіраў за імі. А потым да мяне даляцелі гукі кларнета, і ад гэтага думкі мае скіраваліся ў іншы бок. Наракаючы на сябе, што ніяк не атрымліваецца напісаць артыкул, я сунуў паперу ў кішэню і адкінуўся на спінку лаўкі. У такія хвілі мая галава бывае гэткая ясная, што мяне наведваюць самыя цудоўныя думкі, і я, разважаючы, нізвання не стамляюся. Я сяджу, адкінуўшыся назад, пазіраю на свае грудзі, на ногі і бачу, як яны час ад часу кратаюцца суладна з ударамі майго пульсу. Я прыўзнімаю галаву, мяне ахоплівае нейкае дзівоснае, небывалае адчуванне, па маіх нервах прабягае нейкая дзіўная хваля, нібы трапяткі прамень святла раптоўна успыхнуў ува мне. Я гляджу на свае чаравікі і быццам сустракаюся са старым сябрам, быццам нейкая часцінка маёй істоты зноў вяртаецца да мяне, пачуццё яднання захліствае мне душу, вочы напаўняюцца слязьмі, і мае чаравікі нібы аддаюцца ўва мне ціхім звонам. «Гэта слабіна!   сурова кажу я сам сабе і, сціснуўшы кулакі, паўтараю: Слабіна».

І тут я пачаў смяяцца з гэтых недарэчных пачуццяў; я наўмысна здзекаваўся з сябе; я прамаўляў цвёрдыя і разумныя словы, моцна прыжмурваючыся, каб прагнаць слёзы. І нібыта ніколі раней не бачыўшы сваіх чаравікаў, я пачаў прыглядацца, якія яны на выгляд, як яны мяняюцца пры кожным руху маёй ногі і якая ў іх форма, як пацерлася іхняя скура, і тут я бачу, што складкі і белаватыя швы надаюць ім своеасаблівы выраз, што ў іх як бы ёсць твар. Нейкая часцінка маёй істоты перайшла ў гэтыя чаравікі, ад іх на мяне ішоў подых нечага блізкага, нібы тое было маё ўласнае дыханне

Я доўга аддаваўся гэтым адчуванням, пэўна, што не менш за гадзіну. А потым прыйшоў і прысеў на другі канец лаўкі маленькі дзядок; сядаючы, ён цяжка ўздыхнуў і сказаў:

 Але ж-ж-ж, вось як яно ёсць!

Ледзьве толькі я пачуў яго голас, як у галаве ў мяне нібы ўзняўся віхор, я пакінуў чаравікі ў спакоі, і мне нават здалося, што збянтэжаны настрой, якім я толькі што быў апанаваны, належаў да нечага даўняга, з тых часоў, мабыць, прайшоў год ці два, а цяпер ён памалу сцёрся ў маёй памяці. Я, зручна ўладкаваўшыся, глядзеў на старога.

Што мне было да гэтага маленькага чалавечка? Абсалютна нічога! Мяне турбавала толькі тое, што ў руцэ ён трымаў газету, стары нумар са старонкаю абвестак, і ў яе, відаць, было нешта загорнутае. Мною авалодала цікаўнасць, і я не мог адарваць вачэй ад газеты, у галаву мне прыйшла варяцкая думка, што гэта выдатная газета, абсалютна ўнікальная, мая цікаўнасць узрастала, і я пачаў соўгацца сюды-туды на лаўцы. Там маглі быць дакументы, небяспечныя паперы, выкрадзеныя з якога-небудзь архіва. І мне пачала мірсціцца патаемная задума, змова.

Дзядок сядзеў ціхенька і пра нешта думаў. Чаму ён не трымае газету як усе, а загарнуў яе так, што не відаць загалоўка? Што гэта за падкопы такія? Ён, відаць, нізавошта на свеце не хацеў выпусціць гэты скрутак з рук. Ён, мабыць, не наважваўся нават пакласці яго ў кішэню. Я гатовы быў даць адсячы сабе галаву, што гэта быў не просты скрутак.

Я глядзеў у паветра. Ужо само тое, што не было аніякае магчымасці пракрасціся ў гэтую таямніцу, да ачмурэння распальвала ўва мне цікаўнасць. Я шнарыў у кішэнях, хацеў прапанаваць што-небудзь гэтаму чалавеку, уступіць з ім у размову, намацаў кніжачку з талонамі, дастаў і тут жа зноў схаваў яе. Раптам я асмялеў, паляпаў сябе па пустой бакавой кішэні і сказаў:

 Ці не магу я прапанаваць вам цыгарэту?

Вядома, дзякуй, але ж ён не курыць: давялося кінуць праз хваробу вачэй, ён амаль аслеп. Зрэшты, вялікі дзякуй!

 А ці даўно ў вас хворыя вочы? Напэўна, вам зусім нельга чытаць? Нават газет?

 На жаль, нават газет!

Дзядок павярнуўся да мяне. На яго хворых вачах былі відны бельмы, з гэтае прычыны вочы, здавалася, ашклянелі, пагляд з-пад белай павалокі быў непрыемны да агіды.

 Вы не тутэйшы? спытаў ён.

 Але

Няўжо ж ён не можа прачытаць нават назву газеты, што ў яго руках?

 З цяжкасцю

Зрэшты, ён адразу зразумеў, што я не тутэйшы, здагадаўся з вымаўлення. Гэта так проста, бо ў яго вельмі тонкі слых. Начамі, калі ўсе спяць, ён нават дыханне ў суседнім пакоі чуе

 Але я вось што хацеў спытаць: вы дзе жывяце?

Мне адразу ж захацелася зманіць. Я схлусіў міжволі, сказаў без намеру і задняе думкі:

 На плошчы Святога Улафа, дом два.

 Праўда?

А ён жа ведае на плошчы Святога Улафа кожны камень. Там ёсць фантан, некалькі ліхтароў, дрэвы, ён усё памятае

 Каторы, вы сказалі, нумар?

Я, змучаны дакучлівай думкай пра газету, вырашыў пакласці гэтаму канец і ўстаў. Таямніца абавязкова павінна была раскрыцца.

 Раз вам няможна чытаць газеты, навошта ж

 Вы, здаецца, сказалі, што жывяце ў доме нумар два?   працягваў ён, не заўважаючы майго хвалявання. Свайго часу я ведаў усіх жыхароў у гэтым доме. Як завуць вашага гаспадара?

Каб адчапіцца ад яго, я сказаў першае, што прыйшло ў галаву: прозвішча прыдумаў тут жа, на месцы, каб гэты назола супакоіўся.

 Хапалаці, сказаў я.

 Ну так, Хапалаці, кіўнуў ён і дакладна паўтарыў гэтае цяжкое прозвішча.

Я са здзіўленнем глядзеў на яго: ён сядзеў з вельмі сурёзным выглядам, і твар у яго быў задуменны. Не паспеў я вымавіць гэтае дурнаватае прозвішча, якое раптоўна прыйшло мне ў галаву, як чалавек асвойтаўся з ім і зрабіў выгляд, што чуў яго раней. Між тым, ён паклаў свой скрутак на лаўку, і я адчуваў, як хваля цікаўнасці захліствае мяне. Я заўважыў, што на газеце былі дзве тлустыя плямы.

Назад Дальше