Джульета і экстрасэнс (зборнік) - Таццяна М. Мушынская


Таццяна Мушынская

Джульета і экстрасэнс

Аповесці, апавяданні, абразкі, мініяцюры

© Мушынская Т. М., 2013

© УП «Мастацкая літаратура», 2013

© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016

Аповесці

Доўгае развітанне

Аповесць у маналогах і дыялогах

Частка першая

Дом

На сцяне Надзінага пакоя вісіць афіша. З партрэтам і назвай праграмы па-французску. Афіша яе сольных канцэртаў на поўдні Францыі. Божа, колькі казачных, незвычайных успамінаў звязана з той, даўняй ужо вандроўкай!

У адной з шуфлядаў Надзінага пісьмовага стала ў канвертах захоўваюцца стосы фотаздымкаў, прывезеных з тых гастроляў. На іх засталіся назаўжды адлюстраванымі і буянне восеньскіх фарбаў, і цудоўныя, маляўнічыя краявіды невялікіх гарадоў Міжземнаморя, дзе ў лабірынтах старых вузкіх вулачак, у сілуэтах старадаўніх храмаў і свецкіх будынкаў, здаецца, затаіўшыся, жыве сама гісторыя. Тут, як нідзе, адчуваеш хаду часу, подых стагоддзяў. Адчуваеш сябе ўзнесенай над светам і далучанай да вечнасці.

Вядома, ад горада да горада шлях немалы, і штораз дарога адбірае сілы. Тыя, якіх заўсёды крыху нестае на канцэрце. Вядома, перад выступленнем заўсёды хвалюешся: новая пляцоўка, незнаёмая зала, нязвыклая акустыка, новы глядач і слухач. Як ён цябе ўспрымае?.. Толькі паспееш да яго прывыкнуць, адчуць яго і зрабіць сваім, як трэба зязджаць. А ў канцы гастроляў ты наогул як марафонец, які бяжыць апошнія кіламетры і думае: а нашто мне ўсё гэта трэба?

Але як лёгка дыхаецца ў Еўропе! Мо таму, што акадэмічная, оперная ці камерная манера спеваў тут заўсёды высока цанілася.

Класічны вакал мастацтва еўрапейскае, і артысту патрэбен падрыхтаваны, а не выпадковы слухач. Мо таму Надзею так прымалі і ў Ніцы, і ў Тулоне, і ў Перпіньяне, што ўзнёслы і вытанчаны стыль музычных сачыненняў, якія яна выконвала, і непаўторнае аблічча гарадоў, кожны з якіх твор мастацтва, аказаліся таемным, няўлоўным чынам звязаныя паміж сабой.

А потым, эмоцыі патрэбны ўсім! І ў Францыі, і ў Іспаніі, і ў Расіі, і ў Беларусі. Зала абавязкова адгукаецца на імклівую плынь эмоцый, увасобленых у музыцы і спевах. І чым яны больш яркія, светлыя або экспрэсіўна-драматычныя, тым больш захопленая рэакцыя публікі.

На фотаздымках адлюстраваны вялікія і малыя канцэртныя залы, дзе Надзя спявала. Якая акустыка! Спяваеш і адначасова ў час выканання слухаеш сябе нібыта збоку. Не можаш паверыць, што так гучыць менавіта твой, а не чый-небудзь іншы голас. І думаеш: «Няўжо гэта я?!»

А вось і яна сама на здымках: пасля выступленняў, у шыкоўнай канцэртнай сукенцы, расшытай бліскучымі паеткамі, каменнямі і стразамі, яшчэ ў грыме, з упрыгожаннямі на шыі і руках. З букетамі, а дакладней, абярэмкам кветак у руках. Шчасліва-ўзбуджаная, акрыленая поспехам і слухацкім прыёмам. А побач з ёй такія ж шчасліва-ўзбуджаныя музыканты камернага аркестра, дырыжор, імпрэсарыа. З той вандроўкі Надзя прывезла стос выданняў, з якіх даведалася шмат цікавага і нечаканага пра свой голас. Няўжо калі-небудзь тая казка і той сон вернуцца?

* * *

З тым падарожжам звязаны ў Надзі і не надта вясёлыя ўспаміны. Пасля гастроляў у Францыі яна пачала думаць: а ці трэба так надоўга зязджаць? Калі ёй прапанавалі гэты прэстыжны, а ў дадатак фінансава выгадны кантракт, адмовіцца ад якога Надзя не магла, яе сыну, Алесіку, цёмнагаловаму, як мама, ласкаваму, як каток, хлопчыку, споўнілася толькі тры гады. Сына Надзя пакінула на месяц з бабуляй.

I вось яна вярнулася дадому, бязмежна стомленая аўтобусным падарожжам, узбуджаная новымі ўражаннямі.

У вялікай дарожнай сумцы месціліся шматлікія сувеніры і падарункі, праспекты, шыкоўныя буклеты.

Калі, апусціўшы каля парога сумкі, пакеты, скруткі, яна зрабіла крок наперад, каб нарэшце ўзяць на рукі і прытуліць да сябе любімае дзіця, яе Алесік, які за гэты час прыкметна падрос і змяніўся не пазнаў маму і спуджана схаваўся за бабуліну спадніцу. Праз некалькі імгненняў ён насцярожана зірнуў адтуль, не разумеючы, што хоча ад яго незнаёмая цётка. Бабулю ён цяпер называў мамай і ўсе свае маленькія і вялікія дзіцячыя клопаты вырашаў з ёю.

Сын забыў яе за месяц. Усяго за месяц! Яна была для яго ніхто Ніхто! Надзя ледзь не заплакала. Перапоўненыя канцэртныя пляцоўкі, гарачы прыём публікі, перспектывы новых гастроляў усё раптам паблякла, зменшылася ў маштабе, зрабілася малазначным і нецікавым. Некалькі дзён яна хадзіла сама не свая.

 Ды не хвалюйся ты  супакойвала яе маці. Ён цябе забыў. Але ўспомніць. Дзіцячая памяць не такая трывалая, як у дарослага. Мама гэта той чалавек, які штодзень побач. Той, хто варыць кашу, корміць, спаць кладзе, казку на ноч расказвае

«Як мудра яна сказала: мама гэта той чалавек, хто кожны дзень побач»,  думала Надзя. І вырашыла, што пакуль Алесік не падрасце, далёка адязджаць не будзе. Іначай сын зробіцца чужы. Навошта тады долары і еўра? Мала, што мужа няма, дык і сына можна згубіць.

Праўда, Надзіна маці ўспрымала сітуацыю не так востра. Алесік паціху падрастаў, і Надзя пачала ездзіць ізноў. Спачатку недалёка ды ненадоўга, а потым усё часцей і далей. Бясконцыя гастролі і работа дапамагалі забыць усе непрыемнасці: матчыныя хваробы, якіх пад старасць збіралася ўсё больш, не дужа моцнае сынава здароўе, заўсёдную нястачу грошай, невялікую зарплату і неўладкаванае асабістае жыццё.

* * *

Сёння Надзя мусіла ўстаць раней, чым звычайна. Трэба было сабраць сына ў школу. Амаль заўсёды гэтым займалася бабуля. Тая шкадавала дачку, якая позна вярталася дадому то з рэпетыцый, то з канцэртаў, і вызваляла ад многіх хатніх турбот. Як тая пані, Надзя часам магла зранку ўволю паспаць. Калі толькі ў музычнай вучэльні, дзе выкладала вакал, ёй не ставілі ў расклад ранішнія заняткі.

Але цяпер маці паехала да Соні, роднай сястры. Надзіна цётка жыла ў абласным цэнтры, цяжка хварэла і цяпер ляжала ў бальніцы. Калі ў адзін бок дзвесце кіламетраў і столькі у другі, які сэнс выпраўляцца на два дні? Гаспадыню адпусцілі на тыдзень. Яна вернецца паслязаўтра, напярэдадні Надзінага канцэрта.

На вуліцы яшчэ прыцемак, у лістападзе днее позна. Ранішнія зборы ў школу нібыта рытуал, калі з дня ў дзень усё ідзе па адным і тым жа сцэнарыі. Мяняецца толькі змесціва талеркі ды змест Алесікавых аповедаў пра тое, што ўчора здарылася ў школе. Цырымонія развітання ў іх нязменная. Напаследак абняўшы сына, Надзя зачыняе за ім дзверы.

Цяпер, калі ў кватэры ўсталявалася цішыня, Надзя можа заняцца сабой. Заняткі ў вучэльні сёння толькі пасля абеду. Значыць, гадзіны тры-чатыры ў яе вольныя. Гэта цудоўна! Яна сёе-тое паўторыць са сваёй апошняй праграмы.

Але спачатку гімнастыка, душ і кава. Зранку махаць рукамі і нагамі няма ніякай ахвоты. Зрабіць першыя практыкаванні пакута, цела супраціўляецца. Яно проста хоча спакою. Але Надзя артыстка, яна вымушана сачыць за знешнасцю і фігурай, хоча ці не хоча. Яшчэ дзесяць, нават пяць гадоў таму можна было цудоўна абысціся без усялякай гімнастыкі. А цяпер, на жаль, не.

Пасля душа Надзя ўважліва зірнула на сябе ў люстэрка. Цёмныя выразныя вочы добра пасавалі да колеру валасоў, такіх жа цёмных і густых. З імі столькі клопатаў! Мілавідныя рысы ўласнага твару Надзя звыкла не заўважае. Жанчына, якую яна бачыць у люстэрку, крыху псуе настрой. Без грыму твар здаецца будзённым і не надта выразным. Вочы зранку не ззяюць і ўсмешкі няма. А дробныя, здрадніцкія маршчынкі вакол вачэй?.. Яны выдаюць узрост. Цікава, што будзе яшчэ праз дзесяць гадоў? Напэўна, настрой будзе псавацца часцей. А-а, што загадзя перажываць! Пакуль касметыка дапаможа, а там што-небудзь прыдумаем Цяпер засталася толькі кава і хутчэй за інструмент!

Надзя любіла ўласную кватэру і свой пакой, дзе ўсё зроблена па яе гусце, так, як яна хацела. Фартэпіяна, сапраўдная нотная бібліятэка, стосы новых і старых нот, вялікая калекцыя дыскаў з запісамі класікі, музычны цэнтр. На сценах карціны, падараваныя або набытыя, мноства адметных рэчаў, прывезеных з замежных вандровак. Каменьчыкі з пляжаў Адрыятыкі, сапраўдныя венецыянскія маскі і веер, марская зорка з глыбінь Чорнага мора. Яны сагравалі цяплом успамінаў. Надзін пакой быў для яе рэпетыцыйным класам, рабочым кабінетам, бібліятэкай, месцам адпачынку усім адначасова.

* * *

Другі пакой належаў Алесіку і Надзінай маці, Вользе Аляксандраўне, яшчэ маладжавай, рухавай жанчыне. Яна заўсёды крыху недалюблівала зяця. Калі Надзя канчаткова разышлася з мужам, а бацька яе памёр, Вольга Аляксандраўна, як толькі сышоў зяць, перабралася да дачкі, пакінуўшы сваю кватэру меншаму, ужо жанатаму сыну.

Вольга Аляксандраўна вяла гаспадарку: хадзіла ў магазін, гатавала сняданкі, абеды і вячэры, у вольную хвіліну шыла і вязала сваякам у падарунак, суседзям за грошы, каб дадаць нешта, апрача пенсіі, у сямейны бюджэт. Забірала любімага ўнука Алесіка спачатку з дзіцячага садка, а потым са школы, рабіла з ім урокі, вадзіла ў бліжэйшую музычную школу, дзе ўнук вучыўся іграць на скрыпцы. I ведала ўсе ягоныя тайны. Надзя ў рэшце рэшт змірылася з тым, што бабуля бліжэй да ўнука, чым яна, родная маці.

Дальше